Перайсці да зместу

Гісторыя беларускае літэратуры (1921)/I/Залатая пара (16 век)/Ф. Скарына

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Залатая пара (16 век) Ф. Скарына
Падручнік
Аўтар: Максім Гарэцкі
1921 год
В. Цяпінскі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Францыск Скарына.
(Арадзіўся блізка 1490 г.).

Ф. Скарына.


Ф. Скарына.

Яго жыцьцё. Францыск-Георгій Скарына быў родам з Полацку; сын заможных купцоў, каторыя мелі гандаль p Рыгаю і Вільняю. Научыўшыся пачаткаў граматы ў доме бацькоў, трынаццацëх-гадовы здольны хлапец нейкім спосабам папаў у Вільню. Адгэтуль у 1504 ці ў 1505 годзе, калі Скарыне было 14-15 гадоў, беларускія магнаты паслалі яго вучыцца ў унівэрсітэт у Кракаў. Там выкладаліся гэткія навукі: граматыка, лёгіка, рыторыка, фізыка з арытмэтыкай і геомэтрыяй, музыка, астраномія і навука выкладаць календары і вылічаць гараскопы. З кракаўскага універсітэту Скарына выйшаў бакалярам. Потым ён паехаў у Італію і ў 1512 годзе, пасьля экзамена пры падуанскім унівэрсітэце, дастаў вучоную ступень доктара медыцыны („вызваленых і лекарскіх навук доктар“). Пазьней Скарына падарожнічаў па Нямеччыне, пазнаёміўся з Марцінам Лютэрам, каторы быў да яго няпрыхілен, бо думаў, што Скарына—нячыстая сіла. Заехаўшы ў Прагу, Скарына застанавіўся там на даўжэйшы час і з 1517 года пачаў друкаваць беларускія кніжкі. У гэтай працы яму памаглі заможныя беларусы, прыхільнікі асьветы, а ў першы чарод памагло, кладучы кошт, Віленскае Панскае Брацтва, у каторым згуртаваліся ўсе выдатнейшыя беларускія магнаты. Памаглі яму і беларускія мяшчане, прыкладам—сын віленскага радцы Багдан Онькоў, віленскі бурмістар Якуб Бабіч і іншыя. Яны давалі яму грошы і здабывалі і прысылалі патрэбныя матар‘ялы. Забраўшы з Прагі літэры і ўсе друкарскія прылады, Скарына перабраўся к 1525 году ў Вільню і ў доме глаўнага віленскага бурмістра Бабіча залажыў першую на Беларусі друкарню, гдзе таксама друкаваў кніжкі. Аб далейшым яго жыцьці вестак захавалася мала. Жаніўся, жыў бедна, меў даўгі, быў засуджан на конфіскацыю ўсяе маемасьці, жаліўся на розныя крыўды каралю. Астатні раз успамінаецца ў актах у 1535 годзе, а калі памёр—то невядома. Скарына меў два іменьні: Францыск і Георгій. Есьць здогад, што быў ён праваслаўны, а каб паступіць у кракаўскі унівэрсітэт, прыняў каталіцтва.

Кнігі Скарыны. У 1517, 1518 і 1519 гадох у Празе Скарына прыблізіў да беларускай мовы і надрукаваў 22 кнігі старога закону. Гэта была: „Біблія руська, доктарам Францыскам Скарынаю із слаўнага града Полацка, богу ко чці і людзем паспалітым к добраму наўчэньню“. Кожная кніга была выдрукавана паасобку. У 1525 годзе ў Вільні Скарына надрукаваў „Малую падарожную кніжыцу“, у каторай зьмесьціў Псалтыр з пражскай Бібліі і, апрача таго, часасловец, акафісты, шастаднёў і саборнік (сьвятцы). У тым-жа годзе выйшаў у Вільні яго Апостал. Асаблівае значаньне для гісторыі літэратуры маюць яго орыгінальныя прадмовы да кніг.

Пачатак беларускага друку. Першы пачаў друкаваць кніжкі кірылаўскімі буквамі Швайпольт Феоль, каторы ў 1491 годзе ў сваёй кракаўскай друкарні, на кошты беларускіх вяльможаў Кішкі, Гаштольда і Скуміна-Тышкевіча, адціснуў пяць царкоўных кніжак у царкоўна-славянскай мове. феоль быў абвінавачан у гэрэзі і ўцёк у Вэнгрыю. Мова яго выданьня маець беларускія асаблівасьці, але іх помала, каб кніжкі тыя лічыць за беларускія. Першая друкаваная беларуская кніжка—Псалтыр Скарыны, першая кніжка з яго Бібліі. Псалтыр гэты выйшаў з друку ў Празе 6-га жніўня (аўгуста) 1517-га года. У 1917 годзе, 6 жніўня, беларусы сьвяткавалі 400-лецьце свайго друку.

Пачатак беларускага друку на Беларусі прыпадае на 1525 год.

Агульны характар скарынінскіх выданьняў. Друкарская тэхніка ў пачатку 16-га сталецьця стаяла яшчэ дужа нізка: друкаваньне было сакрэтам колькіх чалавек; друкар сам выразаў на дручкох літэры, сам укладаў словы і адбіваў аркушы на ручным варштаце. І доктару Скарыне, апроч яго чыста навуковай працы па выкладаньню выпраўленьню кніг, трэба было і рабіць карэкту, і пільнаваць за работай складальнікаў, а можа і самому складаць. Ня гледзячы на гэта, кнігі, друкаваныя Скарынаю, выглядаюць і з друкарскага боку надта хораша. Літэры рознай вялічыні, прыгожа зробленыя. Шмат заставак, як вялікіх (з людзьмі), так і малых, віньетак, завіточкаў, канчаткаў і розных іншых прыкрас. Дужа часта трапляецца бычыная галава з крыжам між рагоў. Пры аднэй кнізе ёсьць і партрэт самаго Скарыны. Па хараству друка выданьні Скарыны стаяць вышэй за ранейшыя славянскія (чэшскія) і сучасныя ім венецыянскія, лепей і за нямецкія. Рысункі і шрыфт для кніг рысаваў сам доктар Скарына.

Апостал Ф. Скарыны.


Апостал Ф. Скарыны.

Пашырэньне кніг Скарыны. Кнігі Скарыны спачатку былі прыняты добра, а калі загарэлася рэлігійнае змаганьне, праваслаўнае духавенства пачало глядзець на іх дужа няпрыхільна — з тае прычыны, што яны быццам мелі на сабе ўплыў і адбітак каталіцызму. Дык ня дзіва, што ў нас і асабліва ў Маскоўшчыне, у часе расколу, многа было зьнішчана даражэнных памятак пісьменства, маглі быць зьнішчаны і кнігі Скарыны. Яго Біблію зналі далёка пазамежжу Беларусі, а ў 1575 годзе ў Галіцыі яе пераклалі на ўкраінскую мову. Цяпер кнігі Скарыны лічацца вялікай бібліаграфічнай рэдкасьцю. У вадным толькі Лёндане, у Брытанскім Музэю, ёсьць комплект яго Бібліі. Адзіны ўва усім сьвеце экзэмпляр Псалтыра 1517 г. знаходзіцца ў бібліятэцы Мікольскага адзінаверчага манастыра ў Маскве. У Віленскай публічнай бібліатэцы ёсьць Апостал 1525 г.

Мова скарынінскіх перакладаў. Доктар Скарына, робячы беларускія пераклады, ня меў магчымасьці карыстаць з гэбрайскага ці грэцкага тэксту і здавальняўся матар’ялам толькі з царкоўна-славянскіх кніжак, чэшскай Бібліі 1506 года і комэнтарыямі Міколы Лірана. Стары закон ён перакладаў з чэшскай Бібліі, з дапамогаю царкоўна-славянскага пераклада, а новы закон і таксама Псалтыр, як відаць, ён толькі выпраўляў па старых славянскіх рукапісах на беларускі лад. Дзеля таго мова Скарыны знаходзіцца пад значным уплывам царкоўна-славяншчыны; часам яна выглядае навет жывой царкоўна-славяншчынай. З тых прычын, што вучыўся Скарына ў польскім унівэрсітэце, працаваў сярод чэхаў, а падарожнічаў па нямецкай зямлі, наагул жа меў разуменьні, для якіх наўчыўся ужываць словы чужыя, — на мове яго ёсьць адбітак моў: чэшскай, польскай, літоўскай; ёсьць і нямецкія словы (майстар, тахта і інш.). Есьць у яго кнігах словы, якія цяпер шмат-дзе на Беларусі выйшлі з ужытку: вонках (на дварэ), жужэлка (яшчарка), зараніца, волат (асілак), братанічна (пляменьніца) і інш. Есьць і такія словы, што за чатыры вякі ані каліўца не зьмяніліся і ўжываюцца навет на перавернутых на чужыншчыну ўзьмежках Беларусі: борзда, бараніць, вінаваціць, вір, жыта, забрахаць, заручыць, карагод, пражыцца на скаўрадзе, пуга, скрыня, цяміць, узгорак, віхор і да т. п. Дужа многа, як зазвычай у нас, слоў агульных беларуска-ўкраінскіх.

Пагляды Скарыны выказуюць у ім гуманіста, патрыота і чалавека пабожнага, лепшага інтэлігента свайго часу. Вось, да прыкладу, некалькі яго думак:

«Ня толькі самі сабе нарадіхамся на сьвет, но болей во службе божыяй і паспалітага добрага».

«Понежа ад прыражэньня зьверы, хадзяшчыя у пустыні, знаюць ямы свая, пціцы, лятаюшчыя па воздуху, ведаюць гнезда свая; рыбы, плываюшчыя па мору і у рэках, чуюць віры свая; пчолы і тым падобная бароняць вульлеу сваіх, така-ж і людзі, ікдзе зрадзіліся і ускормлены суць па бозе, к таму месту вялікую ласку імаюць.»

За сваю пісьменную працу Скарына ўзяўся, каб зрабіць добрую грамадзкую справу, „паспалітае добрае“. Аб прычынах гэтай працы ён пішаць так: „Наболей з тое прычыны, іжа мя міласьцівы Бог з таго языка на сьвет пусьціў“. Цэлі былі такія: 1) „Абы брацья мая, русь, людзі паспалітыя, чтучы, маглі лепей разумеці;“ 2) „Дзецем малым—пачатак усякае добрае навукі, граматы, ежа добра чэсьці і мовіці вучыць“,—значыцца, каб беларускія дзеці мелі падручнік для навукі роднай мовы; 3) каб беларусы-падарожнікі, у становішчы якіх быў і сам доктар, мелі па чым маліцца на чужой старане, ведалі-б, калі сьвяткаваць якія дні („Мал. падар. кніжыца“).

Значаньне Скарыны. Доктар Скарына сваім войстрым навучным розумам пераверыўся, што трэба завесьці ў кнізе родную мову, бо царкоўна-славяншчына ці латынь, як рэч незразумелая народу, ня можа і не павінна замяняць яе пры запраўдным культурным разьвіцьці. Ен цьвёрда адкінуў шкодную думку, быццам звычайная, штодзенная, свая „простая“ мова ня годна дзеля малітвы; гэтаю моваю Скарына зьвязаў пісьменства з народам.

Скарына стаіць у нас на вялікім гістарычна-літэратурным і культурным рубяжы, як першы беларускі друкар. Друкарня яго ў Вільні, першая на Беларусі, адбыла вялікую культурную місыю для ўсяго славянскага Усходу; толькі ў Скарыны маглі наўчыцца друкаваць дыякан Іван Фёдараў з Маскоўшчыны і беларус Пётра Мсьціславец, каторыя ў 1564 годзе паспрабавалі залажыць першую друкарню і ў Маскве. Беларуская Біблія Скарыны займаець трэцяе места ў гісторыі друкаванага пісьменства (першая друкаваная Біблія была нямецкая, другая чэшская.)