Перайсці да зместу

Гісторыя беларускае літэратуры (1921)/I/Залатая пара (16 век)/«Прамова» Мялешкі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Т. Еўлашэўскі „Прамова“ Мялешкі
Падручнік
Аўтар: Максім Гарэцкі
1921 год
А. Рымша

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




„Прамову“, зьвязаную з імям кашталяна смаленскага Івана Мялешкі, знайшлі ў бібліатэцы Храбтовічаў у Шчорсах. Яе быццам-то казаў Мялешка перад адчыненьнем сойму ў Варшаве ў 1589 годзе пры каралі Жыгімонту Трэцім. Крытыкі „Прамовы“ уважаюць, аднак, што ня мог яе казаць кашталян перад каралём і соймам, што калі ён і казаў, дык што-небудзь іншае, а гэткую «Прамову» злажыў нейкі беларускі гумарыста. Каб дапнуць сваіх літэратурна-грамадзянскіх цэляў, аўтор „Прамовы“ зьвязаў яе з імям вядомага кашталяна. Аднак, значаньне „Прамовы“ ад гэтага ня меншыцца.

Па думках, якія выказаны ў „Прамове“, яе можна падзяліць на дзьве часткі. У першай глаўным чынам разглядаюцца болей важныя палітычныя пытаньні, а ў другой мяркуецца аб тых шкодах для бацькаўшчыны, якія робяцца Ў штодзенным жыцьці ад благой разьвязкі тых пытаньняў. Ува ўступе прамоўца кажа, што ён ня ведаець, як тут яму радзіцца, бо ніразу пры каралёх не засядаў і на гэткіх зьездах ня бываў, а прызвычаіўся рабіць толькі так, як вялося пры нябожчыках даўнейшых вялікіх князёх, калі палітыкі ня зналі, а „ў рот праўдаю, як солей у вочы, кідывалі“. У першай частцы ён надта ганіць тых радных баламутаў, каторыя пры каралю сядзяць ды круцяць. Ен кажа, што „многа тутака такіх ёсьць, што хоць нашая костка, аднак сабачым мясам абрасла і ваняе“. У першай і асабліва ў другой частцы „Прамовы“ аўтор праводзіць яскравае параўнаваньне старыны з тымі шкоднымі на яго пагляд зьменамі ў штодзенным побыце, якія заводзяцца на Беларусі чужынцамі і сваімі баламутамі. Ен хваліць старыну і ганіць навіну, занесеную з чужога, ляшскага і нямецкага, боку. З наўмыснай наіўнасьцю, у якой хаваецца абурэньне гарачага патрыота і колкая іронія разумнага сатырыка, ён хваліць даўнейшыя вопраткі, стравы, мёд і гарэлку, і ўсё. „Тож я радзіў бы,—кажа прамоўца:—няхай белажонкі нашыя ў запінаныя даўныя убіраліся-бы казакіны“… „Я сам калі падамоваму ўбіраюся, то еймосьць паня Мсьціслаўская, малжонка мая нацешыціся і наглядзеціся на мяне ня можаць“. А цяпер,—раўнуець ён,—зусім ня тое, што было, усё пайшло на заморскі спосаб. Затое цяпер ня ўмеюць мураваць такіх муроў, як раней, і вайну слаўную дзяржаць ня ўмеюць…

Прыкладам прамоў гэтая памятка 16-га сталецьця быць ня можа: думкі скомканы, галоўнае перабунтована з драбнейшым, разьвіцьце ідэі ідзець нявыразна або скачкамі. Прыгожай творчасьці тут помала, а ёсьць абразы, звароты мовы і асобныя словы ня толькі не поэтычныя, але і для тых часоў грубаватыя. Аўтор „Прамовы“, як відаць, і ня вельмі клапаціўся аб літаратурным харастве,—на першым пляне для яго стаялі заданьні палітычныя і грамадзкія. „Прамова“ Мялешкі—адна звычайная, шчасна захаваная памятка з лічбы многіх загубленых прыкладаў літэратуры залатой пары. Яна добра характарызуець жыцьцё ў канцы 16-га сталецьця, а яшчэ лепей паказуець жывую нацыянальна-літэратурную беларускую мову таго часу.