Перайсці да зместу

Гісторыя беларускае літэратуры (1920)/I/Залатая пара (16 век)/Ай Кітаб

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Друкары, друкарні, кнігі Ай Кітаб
Падручнік
Аўтар: Максім Гарэцкі
1920 год
Верш Пашкевіча

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ай Кітаб.

У 1915 годзе Я. Луцкевіч знайшоў У Сорак-Татарах, ваколіцы пад Вільняй, рукапісную кнігу „Ай Кітаб“, аб каторай пісаў вось што: „Літоўскія татары-магамэтане, якія дагэтуль жывуць у Меншчыне і Віленшчыне, пасяліліся ў

Ай Кітаб з беларускага музэю Я. Луцкевіча. Пятая частка страніцы. Чытаецца так: «Цэмна было, очы сьветласьці не відзелі. Куры не пелі, сабакі не брэхалі. Дошч ішоу, цемна было, вецер веяу. Разумеу, што судны дзень настау».


Ай Кітаб з беларускага музэю Я. Луцкевіча.
Пятая частка страніцы. Чытаецца так: «Цэмна было, очы сьветласьці не відзелі. Куры не пелі, сабакі не брэхалі. Дошч ішоу, цемна было, вецер веяу. Разумеу, што судны дзень настау».

нашым краі ў пачатку ХV веку. Яны былі выпісаны, як ўспамагаўчае войска проці крыжакоў, вялікім князем Вітаўтам. Пасьля вайны яны асталіся ў нашым краі, дасталі права жаніцца з дачкамі тутэйшых баяр-шляхты і прынялі ад іх фаміліі, звычаі, мову беларускую; толькі вера асталася магамэтанская. Вось, для духоўнае патрэбы татарскія муллы („молна“) арабскімі літэрамі пабеларуску перапісалі і пераклалі сьвятую кнігу „Ай Кітаб“, зьбеларушчаную ў „Кіцёп“, — „Ай Кітаб“, сьвятая кніга, гэта ёсьць тлумачаньне Корану, яго прыповесьці важнейшыя. Знаньне арабскае мовы хутка загінула, асталося толькі знаўства пісаць арабскімі літэрамі і чытаць напісанае паарабску. Мы бачым яшчэ шмат дакумэнтаў судовых, падпісаных мясцовымі татарамі паарабску, але словамі беларускімі. Гэта йдзе праз увесь ХVІ і ХVII век“.

Знойдзены Я. Луцкевічам „Ай Кітаб“ — вялікая рукапісная кніга, зложанвая з колькісот страніц, у вокладцы, без пачатку і канца, пісаная характарам 16-га або пачатку 17-га веку. На некаторых страніцах радок беларускага тэксту йдзець пад радком арабскім (гэтак на нашым зьнімку). Але найчасьцей тэкст толькі беларускі, сярод якога стаіць часам адно ці некалькі сьпецыяльных слоў магамэтанскай рэлігіі.

Апрача літэратурна-паказаўчага характару, беларускі „Ай Кітаб“ маець для нас вельмі важнае і гістарычна-філёлёгічнае значаньне, як цэнная памятка нашай жывой старадаўнай мовы. Яна маець у сваім правапісе дзьве характэрных асаблівасьці, якіх у кірылічным тэксьце беларускіх старых грамат у такім пеўным выглядзе ня маем: 1) ясна азначаны гук „дз“ (напрыклад, у словах дзень, відзелі і інш.); 2) асобным знакам паказаны гук „ць“ (напрыклад, у словах цемна, сьветласці, якія па кірылічнай транскрыпцыі былі-б напісаны „темна“, „сьветласьті“). Адгэтуль відаць, што гукі „дз“ і „ць“ выгаварываліся ў нашай жывой мове ад найдаўнейшых часоў. Беларускі „Ай Кітаб“ пакуль што мала быў на воку вучоных мовазнаўцаў, дык магчыма, што калі-небудзь з яго даведаемся і аб іншых важных асаблівасьцях старадаўнае мовы.