Перайсці да зместу

Гісторыя Беларусі (Пічэта)/Беларускія землі ў эпоху самастойнасьці

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Беларускія землі ў ХІ-ХІІІ в. Беларускія землі ў эпоху самастойнасьці
Аўтар: Уладзімір Пічэта
Беларусь у складзе Вялікага Княства Літоўскага

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ІІІ.

Беларускія землі ў эпоху самастойнасьці.

І. Гісторыя Смаленскае, Тураўскае і Полацкае зямель.

Заняпад Кіеўскае дзяржавы. К пачатку XII ст. Кіеўская дзяржава была аслаблена як унутры, князёўскімі спрэчкамі, гэтак і знадворку, асабліва барацьбою з полаўцамі. Пачынаўся заняпад Кіеўскае дзяржавы. Ратаваць Кіеў прабавала Кіеўскае народнае веча, якое спачатку выбрала на кіеўскі пасад Ўладзіміра Манамаха, а потым яго сына Мсьціслава. Бацька і сын прытрымліваліся эднэй політыкі. Яны імкнуліся адбудаваць палітычную еднасьць Кіеўскае дзяржавы і зьвярнулі асаблівую ўвагу на барацьбу са стэпамі. Ўладзімір Манамах, злучыўшы ў сваіх руках айчыну (Пераяслаў, Смаленск, Тураў) і насьледзьдзе Святаполка Ізяславіча (Кіеў, Ноўгарад), меў даволі сілы, каб абараніць Кіеўскую дзяржаву ад унутранага і знадворнага распаду. Пры Ўладзіміру Манамаху спыніліся спрэчкі паміж князямі. Упартая барацьба полацкіх князёў закончылася поўнай няўдачай. Валынскія князі, дзякуючы крэўным сувязям з Уладзімірам Манамахам, знаходзіліся пад яго протэкторатам. а пасьля таго, як валынскі князь Яраслаў Сьвятаполкавіч, які адважыўся падняць паўстаньне супроць Манамаха, загінуў, Валынь і Кіеў злучыліся ў адных руках. Мсьціслаў у далейшым цягу праводзіў палітыку свайго бацькі. Ён дабіў полацкіх князёў і паслаў у Полацк свайго сына Ізяслава. З чарнігаўскімі князьмі бацька і сын жылі згодна і трымалі іх у пэўнай ад сябе політычнай залежнасьці. Еднасьць Кіеўскае дзяржавы была адбудована дзякуючы тэй ваеннай політыцы, якой прытрымліваліся Ўладзімір і Мсьціслаў, і якая, дзякуючы перавазе рэальных сіл, дала гэткія дадатнія вынікі. Але эпоха ранейшае тэрытарыяльнае еднасьці ўжо мінула. Сам Мсьціслаў павінен быў палічыцца з краіннымі настроямі. Адбіткам уплыву гэтых краінных настрояў было тое, што сын Расьціслаў быў пасланы ў Смаленск, а брат Вячаслаў у Тураў. Полацкім князем удалося вызваліцца з-пад уплыву Яраполка Мсьціславіча (1132—1139). Унутры самай сям‘і Манамаха пачаліся спрэчкі. Змагаліся дзядзькі Яраполк і Юры з пляменьнікамі Мсьціславічамі. Барацьбу Юрыя Ўладзіміравіча з пляменьнікам Ізяславам Мсьціславічам выкарысталі чарнігаўскія князі. Усеваладу Ольгавічу ўдалося захапіць Кіеўскі пасад (1139—1146). Але брат яго Ігар ня меў сілы ўтрымаць за сабою Кіеў. Кіяўляне перайшлі на бок Ізяслава Мсьціславіча. Ігар быў забіты. Але Ізяслава Мсьціславіча не хацеў прызнаць Юры Даўгарукі, якому ўдалося прагнаць пляменьніка з Кіева і самому сесьці на бацькаўскі пасад (1154—1159). Барацьба за Кіеў дасягнула нязвычайнага напружаньня, калі сын яго Андрэй пашоў папаходам на Кіеў і, зруйнаваўшы яго, вярнуўся назад ў Ростава-Суздальскую краіну (1169). Кіеў утраціў сваю панаднасьць. На яго пасадзе паяўляюцца смаленскія, валынскія і чарнігаўскія князі. Кіеўская дзяржава развалілася. Захват Канстантынопалю крыжакамі (1202) спыніў кіеўскі гандаль, а разам з гэтым скасаваў політычны ўплыў Кіева. Але канчатковы ўдар Кіеву задалі татары (1240).

Барацьба з полаўцамі. Уладзімір Манамах і яго сын энэргічна абаранялі Кіеўскую зямлю ад полаўцаў. Звычайна князі рыхтаваліся ў паход узімку і стараліся напасьць на палавецкія землі ўвесну. Барацьба ў XII ст. была няўдачна. Левы бераг Дняпра бязупынку падлягаў нападам. У 1223 г. полаўцы былі ўшчэнт разьбіты татарамі на р. Калцы і ўцяклі на Каўказ, часткай у Вэнгрыю і за Дунай у Візантыю. Чарнігаўская, Кіеўская і Пераяслаўская землі найбольш цярпелі ад палавецкіх набегаў. Кіеўскія князі ўмацоўвалі левы і правы берагі Дняпра, будавалі гарады па Суле: Белая Вежа, Усевалаж, Бахмач, Гарадок, Прылук, Перавалока, Пірацін. Па Псёлу і Ворскле аселае насяленьне спатыкалася рэдка. На правым беразе Дняпра ўмацаваньні будаваліся па р. Росі, на якой зусім ня было паселішчаў к часом Яраслава Першага. Барацьба са стэпамі напружыла страшэнна фізычныя сілы насяленьня, аслабляючы яго вытворчую энэргію; але адваяваць ад вандроўнікаў стэпы гэтак і не ўдалося.

Энономічныя вынікі. Захват стэпаў праз вандроўнікаў меў нязьмерна важнае значэньне як для экономічнага жыцьця Кіева, гэтак і для яго політычнае вагі. Політычныя ўдачы Кіева залежалі ад становішча замежнага гандлю, усе канцы якога перапляталіся ў Кіеве. Калі вандроўнікі занялі стэпы, то паўсталі значныя перашкоды для гандлёвых зносін з Візантыяй. Кіеўская зямля апынулася адрэзанай ад Тмутаракані—важнага цэнтру чарнаморскага гандлю. З прычыны скарачэньня апошняга, разрываліся экономічныя сувязі краін з Кіевам. Экономічная выасабненьне пацягнула за сабой політычнае выдзяленьне. Смаленск, Полацк, Тураў, дзякуючы экономічнаму аслабленьню Кіева, здабывалі сабе політычную незалежнасьць. Татарскае найсьце на Кіеў у 1240 г., якое зруйнавала Кіеўскую зямлю, канчаткова пахіснула чарнаморскі гандаль. Кіеў утраціў усялякае экономічнае і політычнае значэньне.

Гістарычныя лёсы Смаленскае зямлі. Смаленская зямля, выдзяліўшыся з Кіеўскае дзяржавы, экономічна разьвівалася і політычна ўзмацнялася ў меру таго, як слабела апошняя. Высоўваючы політычнае існаваньне Смаленскае зямлі, князь Расьціслаў Мсьціславіч (1127— 1159) меў на ўвазе гандлёвую сувязь з Ноўгарадам і Кіевам і стараўся падтрымліваць самыя блізкія зносіны з гэтымі буйнымі політычнымі і экономічнымі асяродкамі. Шчасьлівае географічнае палажэньне і разьвіты гандаль далі князю Расьціславу значныя сродкі. Прыплыў насяленьня з сярэдняга Прыдняпроўя калянізаваў паўднёвую частку Смаленскай зямлі, дзякуючы чаму яе залюдненасьць значна павялічылася. Каб умацаваць самастойнасьць Смаленскае зямлі, князь Расьціслаў стараўся падтрымліваць дабрасуседзкія адносіны з сваімі сваякамі. Дзякуючы свайму географічнаму палажэньню і разумнай політыцы князя Расьціслава, Смаленская зямля амаль-што зусім не падлягала варожым нападам. Яе экономічнае разьвіцьцё нічым не прыпынялася. Расьціслаў слухаў свайго бацькі і сваіх старэйшых братоў, што сядзелі на кіеўскім пасадзе. Калі апошні перайшоў да Ўсевалада Ольгава, князь Расьціслаў прызнаў і яго вялікім князем. У барацьбе Юр’я Уладзіміравіча з Ізяславам Мсьціславічам Расьціслаў стаў на бок апошняга, па колькі ён бараніў правы свайго дзядзькі Вячаслава. Уплыў смаленскага князя нагэтулькі быў значны, што без яго згоды ніхто з князёў ня мог утрымацца ў Кіеве. Калі Юры Даўгарукі (1154) пасьля сьмерці брата Вячаслава стаў кіеўскім князем, то ен пасьпяшыў наладзіць зносіны з Расьціславам і здабыць яго давер’е. Нарэшце, пасьпасьля сьмерці Юр'я, Расьціслаў сам апынуўся на кіеўскім пасадзе (1159). Умешваючыся ў кіеўскія адносіны і паступова падгатаўляючы самому сабе шлях на кіеўскі пасад, князь Расьціслаў стараўся пашырыць свой уплыў на Полацк і Ноўгарад. Калі полацкія князі вярнуліся на бацькаўшчыну з высылкі ў Грэцыю, тут політычна ўмацоўваецца сям'я Глеба Усяславіча, які гэтак многа змагаўся за самастойнасьць Полацкае зямлі. Гэткая політыка не магла ня выклікаць неспакою ў князя Расьціслава. Ён пачаў падтрымліваць Рагвалода Барысавіча. Пачалася барацьба паміж дзьвюма сем’ямі пры чынным удзеле князя Расьціслава. Політычныя замыслы яго ўдаліся. Полацкая зямля разьдзялілася на два буйныя ўдзелы: Полацкі і Менскі. Абодва князі адчувалі на сабе руку Расьціслава. У канцы княжаньня Расьціслава, Віцебск адыйшоў да Смаленску. У XII ст. Ноўгарад залежаў ад Смаленску ў экономічных адносінах. Ноўгарад атрымліваў патрэбнае для сябе збожжа з Смаленску. Расьціславу ўдалося асталяваць у Ноўгарадзе свой уплыў, пасадзіўшы там сваіх сыноў: Сьвятаслава і Давіда. Політыка князя Расьціслава дала дадатныя вынікі. Ні адзін з суседзяў не зьяўляўся небясьпечным для Смаленскае зямлі. Захват Віцебску, ставячы Полацкую зямлю ў залежнасьць ад Смаленскай зямлі, аддаваў у распараджэньне ацошняй гандлёвы шлях з захаду на ўсход. Расьціслаў, пакінуўшы Смаленск дзеля Кіева, пасадзіў у Смаленску свайго сына Рамана (1159—1181). Політычная еднасьць Смаленскае зямлі захавалася і па сьмерці Расьціслава (1168). Яго сыны не атрымалі надзелаў у Смаленскай зямлі. Князь Раман стараўся трымаць Кіеў у політычнай ад сябе залежнасьці. Калі кіеўскі пасад захапіў Мсьціслаў Ізяславіч, то князь Раман прыняў удзел у экспэдыцыі Андрэя Багалюбскага супроць Кіева (1169). Стаўшы вялікім князем, князь Раман пачуў сваю залежнасьць ад Андрэя Суздальскага. Пад уплывам пагроз з боку суздальскага князя, князь Раман быў прымушаны пакінуць кіеўскі пасад. Іншыя Расьціславічы перасталі слухацца князя Андрэя. Барацьба поўначы з поўднем рабілася няўхільнай. У ёй быў прымушаны прыняць удзел і Раман Смаленскі. У Расьціславічаў ня было сіл змагацца з такой моцнай коаліцыяй, і яны пакінулі Кіеў. Калі Андрэй быў забіты ва Ўладзіміры, то Раман ізноў забраў Кіеў і пасьпяшыў захапіць кіеўскі пасад, але ўтрымацца на ім не патрапіў. Раман быў прымушаны вярнуцца ў свой Смаленск, адкуль насяленьне выгнала яго сына Яраполка і запрасіла яго дзядзьку Мсьціслава Ізяславіча. Цікавячыся больш Кіевам, чымся Смаленскам, князь Раман сваёй політыкай дапамагаў умацаваньню народнага веча, ад якога і Раман і яго сын выносілі шмат „прыкрасьцей". Князь Давід Расьціславіч (1180—1197) усю ўвагу зьвярнуў на Кіеў, дзе сядзеў вялікі князь Сьвятаслаў Усеваладавіч Чарнігаўскі. Спачатку барацьба за Кіеў закончылася для Давіда няўдачна. Толькі тады, калі князь Давід завязаў блізкія зносіны з Усеваладам Юравічам, ён мог распачаць барацьбу з чарнігаўскімі князьмі, захапіўшымі кіеўскі пасад, і ўмацавацца ў Кіеве, аддаўшы апошні свайму брату Рурыку. Барацьба з чарнігаўскімі князьмі за Кіеў прымушала смаленскіх князёў трымацца збоку ад барацьбы з полаўцамі. Апошнія беспасярэдна не пагражалі Смаленску. Тымчасам іх напады на Чарнігаўскую зямлю аслаблялі яе князёў і гэтым самым былі на руку смаленскім Расьціславічам. У 1185 годзе смаленскае войска адмовілася йсьці на полаўцаў і вярнулася назад дамоў разам з сваім князем. Смаленская зямля, падпаўшы пад уплыў Ростава-Суздальскіх князёў, утраціла свой уплыў і ў Ноўгарадзкай зямлі, на якую рабіў моцны націск Усевалад Юр’евіч. Дынастычная політыка Давіда Расьціславіча прывяла да таго, што смаленскі князь утраціў уплыў і ў Полацкай зямлі. Сьвятаслаў Усеваладавіч Чарнігаўскі завязаў зносіны з групай полацкіх удзельных князёў. На баку Давіда застаўся толькі друцкі князь—(1186). Пры такіх суадносінах сіл Полацкая зямля была утрачана для Давіда. Але ў 1196 годзе ўплыў Смаленску ў Полацкай зямлі часткай аднавіўся. Віцебск зноў адыйшоў да Смаленскае зямлі. Трымаючы ў сваіх руках вышнявіны З. Дзьвіны, смаленскі князь меў поўную магчымасьць выяўляць свой уплыў і на сярэдні бег З. Дзьвіны.

Аднаўленьне політычнага аўторытэту Смаленскае зямлі. З канца XII веку Смаленская зямля паволі аднаўляе утрачанае політычнае становішча. Князём Мсьціславу Раманавічу (1197—1214) і Ўсеваладу Рурыкавічу (1214—1219) удалося перамагчы суздальскую партыю і падняць свой уплыў. Мсьціславу Раманавічу ўдалося падчыніць сабе Кіеў, дзе ён і застаўся. Дамовая вайна ў князёўскай сям'і, якая распачалася пасьля сьмерці Ўсевалада Юравіча (1216), дазволіла вызваліць Ноўгарад і Смаленскую зямлю з-пад уплыву суздальскіх князёў. Смаленскія князі становяцца галоўнымі абаронцамі Ноўгараду ў яго барацьбе з немцамі і фінамі. Політычнае пяршынства перайшло да Смаленску. Нарэшце Мсьціслаў Давідавіч (1219—1230) зрабіў пачатак новай політыцы смаленскіх князёў. Яго цікавілі толькі справы Смаленскай зямлі. Умацаваўшаяся Літва робіць напады на Смаленск, разьбівае купцоў і парушае правіловы гандаль. Літоўскаму націску падлягала і Полацкая зямля, тэрыторыя якой зьменшылася пад уплывам немцаў, што аселі ля вусьця Заходняй Дзьвіны. У 1215 г. сам Мсьціслаў Давідавіч наведаўся ў Полацкую зямлю і выратаваў яе ад нямецкіх нападаў. Канечнасьць абароны гандлёвых шляхаў прымушала смаленскіх князёў прыняць чынны ўдзел у барацьбе з немцамі і гэтым самым аблегчыць цяжкае становішча Полацкае зямлі. Смаленскія князі энэргічна падтрымліваюць гэтак сама Пскоў і Ноўгарад у іх барацьбе з немцамі. Літоўска-нямецкія напады аслабілі Полацкую зямлю. З стратэгічнага боку аслабленьне апошняй было вельмі небясьпечным і для Ноўгараду і для Смаленску. Гэта прымусіла Мсьціслава Давідавіча прыняць самыя рашучыя крокі. Смальняне ў 1229 годзе ўзялі Полацк, дзе быў пасаджан князем Сьвятаслаў Мсьціславіч. З гэтага моманту політыка полацкіх і смаленскіх князёў, пакірованая супроць немцаў, становіцца супольнай. Уся гандлёвая політыка дыктуецца выключна адным смаленскім князем. Яго загады абавязковы і для Полацку і для Віцебску.

Заняпад Смаленскае зямлі. Унутраныя няладзіцы, якія пачаліся пасьля сьмерці Мсьціслава Давідавіча, прычыніліся да політычнага аслабленьня Смаленскае зямлі. Святаславу Мсьціславічу, што княжыў у Полацку, удалося супроць жаданьня народнага веча заняць Смаленск. Апіраючыся на прышоўшых з ім палачан, Сьвятаслаў гаспадарыў у Смаленску, як хацеў. Полацк пасьпеў выкарыстаць такое становішча і выдзеліцца. Літва ў далейшым цягу рабіла набегі. Нейкаму літоўскаму князю ўдалося нават захапіць Смаленск, які быў вызвалены ў 1239 г. Яраславам Усеваладавічам. Умяшаньне апошняга ў смаленскія справы прывяло да таго, што партыі, якія змагаліся ў Смаленску, пагадзіліся. На княжы пасад быў пасаджаны брат Сьвятаслава Ўсевалад, а затым вялікакняскі пасад перайшоў да Расьціслава Мсьціславіча, у сям'і якога ён захаваўся аж да самага канца смаленскае незалежнасьці. Няладзіцы ў Смаленску прывялі да таго, што Расьціславічы ўтрацілі Ноўгарад. Пасьля сьмерці Расціслава Мсьціславіча Смаленская зямля дзеліцца паміж яго трыма сынамі: Глебам, Міхайлам і Тодарам. Пачынаецца ў Смаленску ўдзельная сыстэма: Глеб і Міхайла выдзялілі Тодару Мажайскі ўдзел, рэшту тэрыторыі падзялілі між сабою.

Смаленск і татары. Смаленск ухіліўся ад татарскага пагрому, хаця ў 1242 годзе татары і зрабілі спробу захапіць Смаленск. У 1274 г. смаленскі князь падлягае загадам татарскага хана і разам з іншымі князямі адпраўляецца на Літву. У Смаленску жывуць татарскія чыноўчыноўнікі, якія грабяць і зьдзекваюцца над насяленьнем. Але нямецкія купцы былі свабодны ад усякіх пастояў, якія адводзіліся для прыежджых у дамох купцоў. Захват Ростава-Суздальскае Русі татарамі і экономічнае зруйнаваньне апошняй цяжка адгукнуліся на загранічным гандлі. Гандлёвыя сувязі з усходам павінны былі спыніцца. Набегі ліцьвінаў перашкаджалі прыяжджаць у Смаленск загранічным купцом. Гандаль скараціўся. Выдзелены Мажайскі ўдзел па свайму географічнаму палажэньню выразна цягнуўся да Паваложжа і быў далучан да Маскоўскага княства пры Юр’ім Данілавічу. У канцы XIII ст. выдзяляецца асобны Вяземскі ўдзел. Дарагабуж і Бранск, які адыйшоў ад Чарнігава-Северскай зямлі, імкнецца да свабоды ў сваім унутраным кіраўніцтве. Літва робіць на Смаленск лютыя набегі. У Смаленску ўтварыліся партыі—маскоўская і літоўская, якія змагаліся паміж сабой. Гэтая барацьба аслабляла Смаленск і паступова падрыхтоўвала грунт да заняпаду яго політычнае незалежнасьці і да пераходу пад уладу Літвы 1404), калі Полацка-Віцебская зямля ўжо ўвайшла ў склад новае Літоўскае дзяржавы.

Смаленск. Цэнтральным пунктам усёй зямлі быў Смаленск, які у XIII ст. дасягнуў поўнага росквіту. Смаленск быў цэнтрам для прыяжджаўшых сюды баўгарскіх, хазарскіх, пэрсідзкіх а затым і нямецкіх купцоў. Ён быў абгароджаны даволі высокім земляным валам з частаколам на версе. Непраходныя густыя лясы акружалі Смаленск. Горад дзяліўся на чатыры канцы, з якіх вядомы толькі два: Пятніцкі і Клірашанскі. Канцы дзяліліся на вуліцы і ў адміністрацыйных адносінах складалі паасобныя самастойныя грамады з сваімі старастамі і соцкімі, з канчанскім і вулічанскім вечам. У горадзе было некалькі прыгожых цэркваў, хараство якіх задзіўляла чужаземцаў: Івана Багослава і Архангела Міхала, аздобленых золатам і срэбрам і рознымі каштоўнасьцямі. У царкве Ўсьпеньня перахоўваліся ўзоравыя вагі і гіры. Насяленьне гораду выступала на вайну пад кіраўніцтвам выбранага зямлёй тысяцкага. Вядомы і імёны іх: Унуць пры Расьціславе, Радзіла — пры Давідзе і Міхалка (1195 г.). На р. Сьмядыні, прытоцы Дняпра, была пабудована гандлёвая прыстань, дзе спыняліся тутэйшыя і загранічныя купцы. У XII ст. ў горадзе налічвалася да 35.000 насяленьня. Вялікая колькасьць цэркваў і князёўскіх палацаў, мноства гасьцінных двароў, крам і магазынаў, як тутэйшых, так і загранічных, плаваючыя ўзад і уперад судны, фруктовыя сады і гароды па ўскрайках гораду—зьяўляліся ня толькі паказчыкамі жыцьця вялікага гораду, але й прыдавалі Смаленску надзвычай прыгожы выгляд.

Гісторыя Тураўскай зямлі. Вячаслаў Уладзіміравіч сядзеў у Тураве ў працягу ўсяго княжаньня брата Мсьціслава. Калі-ж на кіеўскі пасад сеў Яраполк, у Тураў быў пасланы Ізяслаў Мсьціславіч, выведзены з Полацку, а Вячаслаў быў пераведзены ў Пераяслаў, дзе прыходзілася праяўляць нямала энэргіі ў барацьбе з полаўцамі. Вячаслаў пакінуў Пераяслаў і апынуўся ў больш спакойным Тураве, адкуль яму ўдалося прагнаць свайго пляменьніка. Калі памёр Яраполк, Вячаслаў зрабіў спробу заняць кіеўскі пасад, але гэта яму не ўдалося. Усевалад Ольгавіч запрапанаваў яму вярнуцца ў свой Тураў. Але, стараючыся заакругліць свае ўладаньні, Усевалад прагнаў Вячаслава з Турава ў Пераяслаў. У 1142 годзе Вячаслаў зноў апынуўся ў Тураве, а Ізяслаў Мсьціславіч атрымаў Пераяслаў. Пасьля загубы Ігара Ольгавіча. у Кіеве часова асталяваўся Ізяслаў Мсьціславіч. Тады Вячаслаў за нарадай баяр і біскупа пачаў далучаць да свайго Турава адабраныя ў яго гарады: Рагачоў, Бярэсьце, Клечаск. Быў захоплены нават Уладзіміра-Валынск. Тады Ізяслаў Мсьціславіч, у саюзе з Расьціславам Смаленскім, пайшоў на Тураў і, забраўшы яго, пасадзіў там свайго сына Яраслава. Калі-ж Вячаслаў, пры дапамозе Ізяслава Мсьціславічз, заняў кіеўскі пасад, то Тураў зноў папаў пад яго ўладу. Калі кіеўскі пасад быў захоплен Юр’ем Даўгарукім, то ў Тураў быў пасланы яго сын Барыс; а калі пасьля сьмерці Юр'я кіеўскім князем стаў Ізяслаў Давідавіч Чарнігаўскі (1158), то Тураў быў захоплены Юр'ем Яраславічам, унукам Сьвятаполка Другога, які раней валадаў вышнявінамі Прыпяці і Бярэсьцем. Гэткім чынам да паловы ХІІ веку ў Тураўскай зямлі не ўтварылася асобнае княжае дынастыі. Тураўскія землі праз увесь час знаходзяцца ў сфэры ўплыву кіеўскіх князёў. Калі Юры Яраславіч захапіў Тураў, то ён меў намер замацаваць яго за сабою, у чым яму йшло насустрэч і насяленьне зямлі. Яму ўдалося вытрымаць аблогу Ізяслава Давідавіча. Расьціслаў Мсьціславец, заняўшы кіеўскі пасад, у саюзе з уладзіміра-валынскімі князьмі, гэтак сама напаў на Тураў, але забраць яго не ўдалося. Расьціславу прышлося пагадзіцца з Юр‘ем Тураўскім (1162). Гэткім чынам у ўпартай барацьбе Тураўская зямля здабыла сабе поўную незалежнасьць. Бязупынная зьмена князёў Тураўскай зямлі сьведчыць аб слабасьці зямлі, аб адсутнасьці энэргіі і сілы бараніць сваю політычную незалежнасьць. Па сьмерці Юр‘я Тураўскага зямля дзеліцца на ўдзелы паміж сынамі: Святаполкам, Глебам, Іванам, Яраславам і Яраполкам. Вялікім князем быў Святаполк. З-паміж удзелаў найбольш значнымі былі: Пінскі, Тураўскі, Дуброўніцкі. Зьяўляючыся прадстаўнікамі самастойнай краіны, турава-пінскія князі імкнуліся падтрымліваць добрыя адносіны з тымі, хто ў даны момант іграў першую політычную роль. Пад уплывам літоўскіх нападаў, турава-пінскія князі збліжаюцца з Галіцка-Валынскімі і паступова падпадаюць іх уладзе. У 1248 годзе ліцьвіны заваявалі ўсю Пінскую зямлю і ня раз давалі адчуваць ёй сваю сілу. У саюзе з Галіцка-Валынскімі князьмі турава-пінскія князі адказвалі гэткімі-ж нападамі на Літву. Падлегласьць Турава-Пінскай зямлі, у выпадку політычнага ўмацаваньня Літвы, была няўнікнёнай.

Полацкая зямля. Агульныя політычныя ўмовы моцна зьмяніліся к таму часу, калі полацкія князі вярнуліся з грэцкага палону. Аслабленыя патомкі Ўсяслава не маглі цяпер весьці ніякай агрэсыўнай політыкі. Яны стараліся падтрымліваць прыязныя адносіны з тымі дынастычнымі партыямі—манамахавічамі і ольгавічамі, паміж якімі вялася бязупынная барацьба за Кіеў спрэс да таго моманту, калі Кіеў утраціў ранейшае экономічнае і політычнае значэньне. Калі полацкія князі адмовіліся ад сваіх агрэсыўных намераў у стасунку да Кіева, з прычыны склаўшыхся новых умоў і адносін, то ўсё-ткі гэта ніколькі не палепшыла тае політычнае знадворнае сытуацыі, у якой прыходзілася жыць Полацкай зямлі. Заняпад Кіева пацягнуў за сабою экономічны і політычны ўзрост Смаленскай зямлі. Князі апошняй, пільнуючы гандлёвых шляхоў, з аднаго боку ўважна сачаць за тым, што адбываецца пасуседзтву ў Кіеве, з другога боку—яны стараюцца падчыніць свайму ўплыву ўсю Полацкую зямлю, праз якую па р. З. Дзьвіне праходзіў рачны гандлёвы шлях да Бальтыцкага мора. Пераход да Смаленску Воршы і Копыся сьведчыў аб тым, што Смаленская зямля ўзмацняецца, а Полацкая хіліцца да політычнага заняпаду. І пасьля таго, як полацкія князі вярнуліся, політычнае аб’яднаньне зямлі не адбылося. Полацкая зямля разьдзялілася на ўдзелы, з-паміж якіх найбольшае значэньне маюць: Полацкі і Менскі. Паміж уладарамі ўдзелаў пачалася барацьба, у якой чынны ўдзел прымала і насяленьне зямлі. У гэтай грамадзянскай барацьбе князі шукалі саюзьнікаў на баку. Рагвалод Барысавіч Полацкі, выгнаны палачанамі ў Менск (1151), якія заклікалі Расьціслава Глебавіча Менскага, шукаў падтрыманьня ў смаленскага князя Расьціслава і Сьвятаслава Ольгавіча Чарнігаўскага. Рагвалоду ўдалося зорганізаваць у Полацку спрыяючую яму партыю. Палачане зноў запрасілі яго на пасад. Пры гэтым было дадзена абяцаньне забыцца аб усім мінулым. Рагвалод пачаў сваё княжаньне з таго, што аднавіў барацьбу супроць Расьціслава Глебавіча і яго братоў. Аднак захапіць Менск і аб’яднаць пад сваёй уладаю князю Рагвалоду не
Радаводная табліца смаленскіх князёў.

_________________________________________

Ізяслаў Яраславіч⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀Усевалад Яраславіч⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀Вячаслаў Яраславіч

|

Уладзімір Манамах—в. кн. Кіеўскі

(1113—1125)

|

Мсьціслаў Уладзіміравіч—в. кн. Кіеўскі

(1125—1132)

|

Расьціслаў Мсьціславіч—в. кн. Смаленскі⠀

(1128—1160)

|

________________________________________________________________________________________

Раман Расьціславіч⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀Рурык Расьціславіч⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀Давід Расьціславіч

(1160—1174)⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀(1177—1180)⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀(1180—1197)

| ⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀|⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀|

_______________________ ⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀|⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀|⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀


Мсьціслаў ⠀⠀⠀⠀⠀⠀Яраполк⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀ Уладзімір⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀Мсьціслаў Давідавіч

(1197—1214) ⠀⠀⠀⠀⠀(1174-1175) ⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀(1214—1219)⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀(1219—1230)⠀⠀⠀

|⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀|⠀⠀

Сьвятаслаў-Усевалад-Расьціслаў⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀Расьціслаў Мсьціславіч⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀

(1232—1238)⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀✝ 1270⠀⠀⠀⠀⠀⠀

⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀|

⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀_____________________________________

⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀Глеб⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀Міхаіл⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀Хведар

⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀(1270—1277) ⠀⠀⠀⠀(1277—1279)⠀⠀⠀⠀ (1280-1297)

ўдалося. Сілы абодвых змагаючыхся бакоў былі аднолькавы. Саюзьнікі Рагвалода мала дапамагалі яму. Ваенныя ўмовы прычыніліся да таго, што была ўтворана варожая Рагвалоду партыя, якая і прагнала яго з Полацку. Палачане, жадаючы спыненьня грамадзянскай вайны, выбралі князем Усяслава Васільковіча Віцебскага, які знаходзіўся пад протэкторатам смаленскіх князёў. З прыходам Усяслава ў Полацк, Віцебск адышоў да Смаленскае зямлі (1165) і быў аддадзены Давіду Расьціславічу. Політычнае бясьсільле Ўсяслава, які трымаўся толькі на Смаленску, заахвоціла Валадара Глебавіча падняць супроць яго рух. Барацьба закончылася ўдачна. Усяслаў павінен быў уцякаць да Давіда, але не надоўга. Давід хутка пасадзіў назад у Полацк свайго пасадніка. Саюз з смаленскімі князьмі ўцягвае Полацкую зямлю ў сфэру смаленскае замежнае політыкі. Полацку прыходзілася прымаць удзел у барацьбе Рамана Расьціславіча за Ноўгарад. Полацкай зямлі прышлося вытрымаць наступленьне Ноўгараду на чале з Раманам Мсьціславічам, якому Полацк ня мог даць ніякага адпору. Аднак удзел Полацку ў коаліцыях супроць Ноўгараду прыпыняў Ноўгарадзе гандаль. Гэткая політыка не магла быць падаровапай Полацку. Толькі энэргічная абарона з боку Рамана Смаленскага выратавала Полацк ад загубы (1178). Полацкая зямля вызваляецца з-пад уплыву Смаленскае зямлі, дзякуючы зацікаўленасьці Давіда Расьціславіча кіеўскімі справамі. Полацкія князі кіруюцца на прыхільнікаў смаленскіх князёў Ольгавічаў Чарнігаўскіх. Орыентацыя на Чарнігаў дала нікчэмныя практычныя вынікі. Аднак Давіду ўдалося хутка аднавіць свой уплыў у Полацкай зямлі, захапіўшы Віцебск і вышнявіны З. Дзьвіны. З канца XII ст. становішча Полацкае зямлі робіцца вельмі цяжкім з прычыны націску, які прыходзіцца пераносіць з боку немцаў і ліцьвінаў. Поўная немагчымасьць весьці барацьбу ўласнымі сіламі і супольныя гандлёвыя інтарэсы з Смаленскай зямлёй прычыніліся да таго, што Полацк быў захоплен Мсьціславам Давідавічам (1222). Полацкая зямля падпала пад поўны протэкторат Смаленску і толькі політычны заняпад апошняга даў магчымасьць Полацкай зямлі вызваліцца ад Смаленску. Аднак узнаўленьне незалежнасьці ня ўзмоцніла становішча Полацку. Націскі немцаў і Літвы, няладзіца паміж князьмі падрывалі самастойнае існаваньне Полацкае зямлі.

Чужаземцы і палачане. Ніжні бег З. Дзьвіны, які быў заняты літоўскімі і латыскімі пляменьнямі—летголай по правым беразе З. Дзьвіны, курпамі—на паўвостраве паміж Бальтыцкім морам і Рыскаю затокай і фінскімі пляменьнямі—лівамі на захад і эстамі на поўнач ад летголы,—знаходзіўся ў сфэры ўплыву полацкіх князёў. Насяленьне плаціла дань і дастарчала князем дапаможнае войска. Полацкія князі пабудавалі ў зямлі латышоў і ліваў крэпасьці: Куконойс і Гэрцыку, у якіх знаходзіліся полацкія залогі. Адносіны з тубыльцамі былі добрыя. Полацкі ўплыў не сустракаў актыўнага адпору. Гэтак цягнулася да канца XII ст., калі ў палачан зьявіўся новы вораг—немцы.

Немцы. Вусьце З. Дзьвіны было гандлёвым шляхам для палачан, падзьвінскіх латышоў і купцоў з гораду Вісбі на Готляндзе. У 1158 г. любецкія купцы вынайшлі вусьце З. Дзьвіны. Крыху пазьней (1186) манах Аўгустынскага закону—канонік Мэйнгард накіраваўся ў новую краіну, каб пашыраць хрысьціянства паміж тубыльцамі-паганцамі. Місіянэрства закончылася няўдачай, але сам Мэйнгард атрымаў годнасьць біскупа Лівоніі. Яго заступнік аббат Гэртольд. стаўшы біскупам, пачаў шырока ўжываць збройнае сілы, але ў аднэй з боек з тубыльцамі быў забіты (1197). Яго месца было занята Альбэртам, канонікам брэмэнскім, які гэтак сама атрымаў біскупскую годнасьць. Ён сабраў на востраве Готляндзе каля 500 ваяк і на 30-х караблёх прыбыў у красавіку 1200 году да берагоў З. Дзьвіны. У 1201 г. на р. Рызе, рукаве З. Дзьвіны, быў заложаны г. Рыга. які разросься з месца, празначанага для рынку. Рознымі прывілеямі біскуп прыцягваў сюды новых каляністых, якія шукалі гандлёвых выгоднасьцей у гандлю з мясцовым насяленьнем. У 1202 годзе быў заснованы закон братоў войска хрыстусовага, тае пастаяннае вайсковае сілы, на якую біскуп мог аперціся ў сваёй чыннасьці. Закон падлягаў беспасярэдна біскупу. Азнакай прыналежнасьці да новага закону быў белы плашч з чырвоным крыжам і чырвоным мячом на левым плячы. Гэтак заснаваўся Лівонскі закон. Біскупскія казальнікі пранікалі ў глыб краіны ліваў і латышоў і пры дапамозе рыцараў наварочвалі апошніх да хрысьціянства, не ганьбуючы ніякімі сродкамі. Але яны спатыкалі моцны адпор з боку латышоў і саюзных з імі полацкіх князёў. Крыху пазьней паміж Нёманам і Віслай асталяваўся Тэўтонскі закон, які быў утвораны па ініцыятыве Конрада—князя Мазавецкага для барацьбы з прусакамі, з якімі ён сам справіцца ня меў магчымасьці. Гэта дазволіла Тэўтонскаму закону думаць аб заваяваньнях для сябе. Суседзтва з тэўтонамі мела вялікае значэньне для мечаносцаў. Політычнае ўмацаваньне мечаносцаў выклікала няпрыязныя адносіны паміж Лівонскім касьцёлам і Законам. Магістар стараўся падчыніць сабе Лівонскі касьцёл. Не адчуваючы сябе даволі сільным, магістар распачаў перагаворы з гэтае прычыны з Тэўтонскім законам, просячы ў яго дапамогі, але гэта не дало пажаданых вынікаў. Толькі ў 1237 годзе, калі мечаносцы на зваротным шляху, пасьля свайго пераможнага паходу на Літву, былі разьбіты ліцьвінамі і земіголамі, а адначасна з гэтым выбухла паўстаньне жмудзінаў і куронаў,—адбылося аб’яднаньне двох законаў у адзін. Паўстаньне літоўскіх пляменьняў пагражала Закону поўным зьніштажэньнем. Каталіцкія біскупы—рыскі, дэрпцкі і эзэльскі зьвярнуліся да папы з просьбай даць згоду на аб’яднаньне абодвух законаў. Пад уплывам небясьпекі папа даў на гэта сваю згоду.

Палачане і немцы. Захват вусьця З. Дзьвіны немцамі ўтварыў для Полацкае зямлі паважныя экономічныя перашкоды. Далейшая агрэсыўная політыка з боку Закону мечаносцаў прывяла да стычкі яго з полацкімі князьмі. Пачалася ўпартая і працяжная барацьба, але рэзультат яе быў няўдачны для палачан. Яны ўтрацілі свае калёніі ў краіне латышоў. Нават протэкторат Смаленску ня даў ніякае карысьці. Полацкая і Смаленская землі, утраціўшыя сваю політычную еднасьць, ня мелі сілы справіцца з тэхнічна лепш узброенымі і політычна аб’яднанымі рыцарамі. Але саюз Полацку і Смаленску спыніў націск немцаў, аслабіў іх ваенную сілу і гэтым самым захаваў беларускія землі ад пагражаўшай гэрманізацыі.

ПОЛАЦКІЯ КНЯЗІ.

______________

Ізяслаў у 1001.

__________________

Усяслаў⠀ —⠀ Брачаслаў

⠀ ✝ 1003⠀⠀ ⠀ (1003 — 1044)

⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀⠀|

⠀⠀ ⠀ ⠀ ⠀⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀⠀⠀⠀⠀Усяслаў (1044 — 1101).

__________________________________________________________________________________________

Барыс⠀ ⠀ — ⠀ ⠀ Давід — Глеб — Раман — Расьціслаў — Рагвалод — Сьвятаслаў.

|⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀______________|______________⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀| ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀|

Рагвалод ⠀ ⠀ Расьціслаў — Усевалад—Валадар. ⠀ ⠀ ⠀ ⠀⠀ ⠀⠀Васіль. ⠀ ⠀ ⠀ ⠀Прадслава -

⠀ ⠀ ⠀| ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀|⠀ ⠀⠀ ⠀ ⠀ ⠀ Ефрасіньня

Глеб - Усяслаў. ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀⠀⠀⠀ ⠀⠀ Усяслаў.⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀⠀ ⠀ ⠀ ⠀ ⠀

2. Народная гаспадарка.

Агульны характар гаспадаркі. Прыродныя ўмовы беларускіх зямель спрыялі разьвіцьцю працоўнае энэргіі ў насяленьня, хаця гэтае спрыяньне было неаднолькавым у Полацкай і Тураўскай землях з аднаго боку і ў Смаленскай—з другога. Выгоднае географічнае палажэньне мела вялікае значэньне.для разьвіцьця гандлю, які ў свой чарод рабіў вялікі ўплыў на разьвіцьцё народнае гаспадаркі наогул. Гандаль у XI—XIII ст. зьяўляўся галоўным нэрвам у народнай гаспадарцы Беларусі. Яго становішча рабіла вялікі ўплыў на політычнае палажэньне тае або іншае з беларускіх краін.

Сельская гаспадарка. Ральніцтва зьяўляецца старадаўным заняткам усіх славян у эпоху да расьсяленьня. Яно захавала сваё важнае значэньне і пасьля калянізацыі, хаця атрымала далёка неаднолькавае распаўсюджаньне. Прыродныя ўмовы Полацкае зямлі мала спрыялі разьвіцьцю ральніцтва. Магчымасьць даставаць збожжа з Рыгі гэтак сама прыпыняла якасны і колькасны ўзрост ральніцтва. Попыт на хмель, як на прадмет вывазу, спрыяў разьвіцьцю хмеляводзтва. Выгаднейшымі для разьвіцьця сельскае гаспадаркі былі ўмовы ў Смаленскай зямлі. Тут з даўных-давён сеялася жыта, пшаніца, ячмень, гарох, разводзілася капуста, хмель, лён, каноплі. Капуста, гуркі і буракі былі запазычаны з Візантыі, культура якіх распаўсюдзілася ў Полацкай зямлі з Смаленску. Гандлёвыя зносіны з волжскімі баўгарамі далі магчымасьць адтрымліваць і разводзіць грыку. У Смаленскай зямлі было значна пашырана садоўніцтва і гародніцтва. Сам Смаленск быў вельмі батат садамі і гародамі. Полацкая зямля была бедна рагатай жывёлай і коньмі. Смаленская зямля пры адсутнасьці рагатае жывёлы была багата авечкамі і коньмі, якія набываліся ў вандроўнікаў. Віцебляне куплялі іх у смальнян. Каніна ўжывалася і дзеля яды. Тэхніка сельскае гаспадаркі была нізкая: панавала падсеяная сыстэма, але расчыстка лесу і мэліорацыя балот пасоўвалася гэтак пасьпешна што Смаленск вывозіў збожжа ў Рыгу, Ноўгарад і Полацкую зямлю. З прычыны нізкай тэхнікі і кліматычных умоў, у Смаленскую зямлю часта наведваўся голад. Гэтак быў голад паміж 1215—1220 г.г., калі з прычыны засушша сады і нівы пазасыхалі. Але самым цяжкім часам быў двох-летні голад пасьля Калкскага разгрому. У Смаленску памерла ад голаду да 30-х тысяч чалавек. Паводле слоў летапісца насяленьне ўжывала чалавечае мяса, карысталася трупамі, ела каніну, сабачыну і кацячьшу, а гэтак сама мох, сасну, крэйду, лісьце. У гэты цяжкі момант „прыбыша немцы з-за морья с жытам і с мукою многа добра сотворіша". Адначасна з голадам пашыралася пошасьць. Падобліва, голад і мор ня раз наведваліся і ў Полацкую зямлю.

Здабывальная прамысловасьць. Беларусь, багатая лясамі, давала шырокую магчымасьць для заняткаў пчалярствам, продукты якога паступалі на замежны рынак. У Смаленску было пашырана смалярства. Дзякуючы багацьцю ў лясох розных зьвяроў, насяленьне займалася зьвералоўствам, продукты якога паступалі гэтак сама на замежны рынак. У Смаленскай зямлі быў вялікі попыт на бабровыя хутры, якія адсылаліся за граніцу. Для ўнутранай продукцыі ў Беларусі было разьвіта рыбацтва і лоўля птушак, асабліва цецярукоў.

Апрацоўчая прамысловасьць. Аб тым, ці мела месца у Полацкай зямлі апрацоўчая прамысловасьць, няма ніякіх даных. Апрацоўка продуктаў прызначалася для ўнутранага спажыцьця, калі ня лічыць апрацоўкі фініфці ў Полацку. У смаленскіх курганох знаходзіцца многа рэчаў чужаземнага пахаджэньня. Але і ўласная прамысловасьць дала значныя рэзультаты. У XII веку быў распаўсюджаны выраб жалезных і медных рэчаў: вагаў, гір, званоў — які пашырыўся пад уплывам загранічных майстроў. Катляры і кавалі выраблялі пікі, мячы, шчыты, кальчугі, шоламы, наканечнікі стрэл. Значна быў пашыраны саматужны выраб абрусоў, карунак, а гэтак сама палатняных тканін. Гэтым займаліся пераважна жанчыны. У XIII ст. смальняне ўмелі плавіць золата і серабро.

Візантыйскі гандаль. Разьвіцьцё гандлю з Візантыяй у XI—ХІІІ-ст. спатыкала сур'ёзныя перашкоды з тае прычыны, што стэпы былі заняты вандроўнікамі. З моманту татарскага найсьця і пасьля захвату Канстантынопалю крыжакамі адпраўленьне гандлёвых караванаў на поўдзень па Дняпры стала зусім немагчымым. Распачаўся заняпад гандлю. Кіеў утраціў сваё экономічнае і політычнае значэньне, але на Смаленску заняпад Візантыйскага гандлю адгукнуўся карысна. Распачаў разьвівацца гандаль з Захадам, рэзультатам чаго зьяўляецца экономічны і політычны росквіт Смаленску. Прадметы вывазу і ўвозу былі тыя самыя, што і ў папярэднія эпохі, далучаючы сюды прадметы царкоўныя: царкоўнае начыньне, сьвяшчэнныя вопраткі, абразы, ладан, грэцкія кубкі, мармур, хварбы, фініфць. На апошнюю быў асаблівы попыт, бо ёю аздабляліся абразы ў Смаленску і іншых гарадох. З Грэцыі прыяжджалі гэтак сама майстры і архітэктары дзеля будаваньня мураваных цэркваў.

Гандаль з усходам. Гандаль Смаленску з Паваложжам па гандлёвых шляхох праз Сож і Дзясну дасягнуў значнага пашырэньня. Гандаль меў караванны характар. Удзельнікі організоўвалі таварыствы з супольным капіталам. Караваны ахоўваліся ўзброенымі людзьмі. Смальняне прывозілі на продаж хутры: сабольлі, вавёрчыны, кунічыны, гарнастаевы, лісічыны, бабровыя, заяччы, козьзі скуры, рыб’і зубы, бабровую струю, юхць, авец, рагатую жывёлу, бурштын, кальчугі, арэхі, бярозавы лес, мёд, воск, нявольніц. Зброя перакуплялася ў скандынаваў, а бурштын у ліцьвінаў. Баўгары ў неўраджайныя для Полацкае і Смаленскае зямель гады прадавалі ў вялікай колькасьці збожжа, а гэтак сама мускус, а звычайна камфору, карыцу, паўднёвыя фрукты, ваўняныя тканіны, жаночыя ўбёры і каштоўныя каменьні: шмарагд, рубін, туркус і жомчуг. Таварнай менавой монэтай зьяўлялася арабская дыргэма. Пасярэднікамі ўва ўсходнім гандлі былі жыды, якія жылі ў XII ст. у Смаленску. Дзякуючы гандлю яны патрапілі сабраць вялікую колькасьць залатых і срэбных монэт. Беспасярэдні гандаль з арабска-мусульманскім сьветам спыніўся ў XI ст. Баўгары зьяўляліся пасярэднікамі паміж Эўропай і Азіяй. Паходы Кіеўскіх князёў на „булгар" у XI—XII ст. прычынілі вялікую шкоду ўсходняму гандлю, але зусім яго не прыпынілі. Гандаль Смаленску з баўгарамі фактычна спыніўся толькі ў палове XIII ст. з часоў найсьця татар.

Гандаль з захадам. Заходні гандаль для Полацку і Смаленску заўсёды меў нязьмерна-важнае значэньне. Але ён стаў пераважным з таго моманту, калі распачаўся заняпад днепра-візантыйскага гандлю. Грашовыя скарбы, якія спатыкаюцца на тэрыторыі Полацкае зямлі, сьведчаць зб разьвіцьці гандлю з Скандынавіяй і Готляндам. Калі немцы захапілі вусьце З. Дзьвіны, гандлёвыя зносіны часова прыпыніліся, але энэргічныя немцы пасьпяшылі іх зноў наладзіць. Ужо ў канцы XII ст. нямецкія купцы паяўляюцца ў Полацку і Смаленску. Барацьба палачан з немцамі не магла не перашкаджаць гандлю па З. Дзьвіне. З гэтае прычыны немцы стараліся завязаць з палачанамі гандлёвыя ўмовы. Ужо ў 1210 годзе была завязана гандлёвая ўмова паміж Рыгай і Полацкам, быць можа пры ўдзеле Віцебску і Смаленску. Калі Полацк папаў пад протэкторат Смаленску, то пры ўдзеле смальнян, псковічаў і ноўгарадцаў зноў была зроблена спроба прагнаць засеўшых ля вусьця З. Дзьвіны немцаў. Пачатак вайны быў вельмі ўдачны, але Калкскі пагром прымусіў як найхутчэй распачаць мірныя перагаворы. У 1229 годзе Мсьціслаў Давідавіч Смаленскі паслаў у Рыгу і на Готлянд „умна мужа Пантелея і своего лучшего попа ЕреЕремея” для завязаньня гандлёвае ўмовы з немцамі. Умова была завязана ад імя Мсьціслава і ад імя Полацкага і Віцебскага князёў. Гандлёвая ўмова пералічае пункты, з якімі Полацк, Віцебск і Смаленск мелі гандлёвыя сувязі: Рыга, востраў Готлянд, Любек, Сест, Мюнстар, Грунінген, Дортмунд і Брэмен. Падобліва, тут у ўмове пералічаны ня ўсе пункты, з якімі прыдзьвінская гарады мелі гандлёвыя сувязі. „Тарговая праўда“ ў 1229 годзе зьмяшчае ў сабе пастанову адносна гандлю, грамадзянскага і крымінальнага права. Гандлёвыя адносіны грунтуюцца на прынцыпе ўзаемнасьці і роўнапраў’я старон а гэтак сама бязмытнасьці. Немцы атрымліваюць права вольнага праезду па Дзьвіне ў Смаленск, а гэтак сама і па тэрыторыі Смаленскае зямлі. У XIII ст. нямецкія купцы паяўляюцца ў Суздалі, але татарскі пагром ў 1237 годзе спыніў гандлёвыя наезды немцаў у Суздаль. Галоўным цэнтрам гандлю для смальнян быў горад Рыга. У канцы XIII веку тут жыло да 80 рускіх сямей, якія займалі асобную вуліцу, і мелі ўласную царкву і вольніцу. Рускія карысталіся ў Рызе ўсімі грамадзянскімі правамі. Аналёгічным было становішча немцаў у Смаленску. Рускія мелі права карыстацца берагамі З. Дзьвіны і Бальтыцкага і Нямецкага мора для гандлю сваім таварам. Немцы карысталіся такімі-ж правамі па Дзьвіне і Дняпры. Немцы і смальняне карысталіся правам вырубаць будаўляны лес для напраўкі суднаў, а калі ад вышнявін З. Дзьвіны немцы пераяжджалі на конях, то карысталіся выганамі для іх. Немцы спыняліся ля вусьця рэчкі Сьмядыні, каля Барыса-Глебскага манастыра, а адгэтуль тавары перавозіліся на нямецкі двор, дзе знаходзілася нямецкая кірха. Немцы прывозілі продукты апрацоўчай прамысловасьці: серабро і золата ў зьлітках, начыньне, рукавіцы, палатно, сукно: іпрскае, трырскае, шкарлат, панчохі, імбір, мігдал, вандзоную семгу, трэску, салодкія віны, соль, а часамі і збожжа. З Скандынавіі смальняне атрымлівалі простыя мэталі і зброю. Полацка-Смаленская зямля вывозіла: лес, жывёлу, скуру, смалу, каноплі, збожжа, мёд, воск, коняў, сала, дзёгаць, хмель, абрусы і палотны саматужнага вырабу. Гандлёвыя зносіны Полацку і Смаленску па Дзьвіне цягнуліся да пачатку XIV веку, калі яны зрабіліся моцна-варожымі; але ўжо ў другой палове XIII ст. гандаль адбываўся з перашкодамі. Немцы рабавалі па дарозе полацкіх і смаленскіх купцоў. Гэтае самае рабілі, зразумела, палачане і смальняне ў адносінах да немцаў. Гандаль з немцамі меў вялікае культурнае значэньне, бо нямецкія купцы зьяўляліся праваднікамі заходня-эўропэйскае цывілізацыі.

Унутраны гандаль. У зьвязку з замежным гандлем значна пашырыўся і ўнутраны гандаль. Выдатнае месца ў Смаленскай зямлі займала Вязьма і Дарагабуж. Цьвер і Смаленск падтрымлівалі паміж сабой гандлёвыя зносіны. Цьвер пасылаў усходныя тавары і коні, а Смаленск—заходнія тавары. Гандлёвыя зносіны з Ноўгарадам так сама былі пашыраны. Смаленск зьяўляўся галоўным дастарчальнікам збожжа, у якім заўсёды адчуваў патрэбу Ноўгарад. На тэрыторыі Смаленскай зямлі было многа паселішчаў і пагостаў, пабудованых па рэчных шляхох прамысловага і гандлёвага характару, якія мелі значныя гандлёвыя звароты.

З. Грамадзянскі ўклад.

Склад насяленьня. Насяленьне беларускіх краін складалася з элемэнтаў: вольных, напоўвольных, нявольных і чужаземцаў. Вольныя людзі дзяліліся на некалькі груп. Кожная з іх адрозьнівалася адна ад другой не правамі і абавязкамі, а спэцыяльнымі заняткамі і маёмасным станам. Але паміж вольнымі і нявольнымі, вольнымі і чужаземцамі заўважвалася істотная розьніца ў правох.

Вольнае насяленьне. Вольнае насяленьне называлася „людіе”, „мужы” і дзялілася на некалькі катэгорый. Да вышэйшае катэгорыі прыналежалі людзі блізкія да князя,—яго дружына. Яна дзялілася на старэйшую і малодшую. Княжыя мужы і баяры складалі старэйшую дружыну князя. Малодшыя дружыньнікі называліся „грід’ю", „отрокамі”, „детскімі”. Дружына служыла князю і была зьвязана толькі з ім. Калі ў 1151 годзе палачане былі нездаволены сваім князем Рагвалодам Барысавічам і паслалі яго ў Менск, то яны зрабавалі маёмасьць, як князя, гэтак і яго дружыны. Калі ў 1158 годзе Расьціслаў Глебавіч пакінуў Полацкую зямлю, то разам з ім пайшла і яго дружына. Адпраўляючыся прынесьці пакорнасьць Уладзіміру Манамаху, які аблажыў Менск, князь Глеб ідзе „с детьмі і с дружыной". У такіх самых адносінах да князя знаходзіліся баяры і ў Смаленску. Яны прымаюць удзел у княжай думе, пацьвярджаюць дагаворы, адпраўляюцца пасламі, назначаюцца прадстаўнікамі княжай улады па гарадох. Доступ у княжую дружыну быў адчынены для ўсіх жадаючых. Дзякуючы цесным сувязям Смаленску з Заходняй Эўропай, у складзе княжай дружыны было шмат чужаземцаў. Малодшыя дружыньнікі жылі пры княжым двары і звычайна выпаўнялі розныя дробныя даручэньні. У меру таго, як князі асядалі на адным месцы, дружыньнікі станавіліся земляўласьнікамі і рабаўласьнікамі. Земскія баяры, не ўваходзіўшыя ў склад княжай дружыны, называліся „огнішчапамі". Да сярэдняе катэгорыі адносіліся госьці, купцы, гандляры. Дзякуючы гандлёвым сувязям з Заходняй Эўропай і багацьцю, смаленскія госьці былі найбольш адукаванай групай смаленскага насяленьня. Смаленская „Тарговая праўда” 1229 году падрабязна вызначыла ўмовы дзеля гандлю і праўнае палажэньне чужаземцаў у Смаленскай, Полацкай і Віцебскай землях і купцоў гэтых-жа зямель за граніцай. Займацца гандлем меў права кожны вольны чалавек. Ніжэйшую катэгорыю насяленьня складалі сьмерды і людзі. Першыя сядзелі на княжай зямлі, плацілі князю дань і былі абавязаны адбываць вайсковую павіннасьць. Рэшта насяленьня называлася топографічнымі іменьнямі: палачане, дручане, смальняне і г. д. Гэтыя людзі і складалі асаблівае гарадзкое і сельскае насяленьне, якое карысталася правам унутранага самасправаваньня, але было зьвязана кругавою парукаю і адказнасьцю за праступленьні. Жыхары гарадоў займаліся рамёсламі і дробным гандлем. Жыхары сёл— займаліся рознымі промысламі і ральніцтвам.

Напоўвольныя. Вольны чалавек, які зрабіў пазыку і прымушаны з гэтае прычыны жыць на дварэ свайго крэдытора аж да выплаты гэтае пазыкі—называўся „закупом”. Апошнімі маглі стаць і рабочыя— рольнікі, атрымаўшыя наперад сваю заработную плату, якую яны былі абавязаны адрабіць. Калі ўтвораныя абавязальныя адносіны канчаліся, канчаўся і стан закупніцтва.

Нявольнае насяленьне. Яно азначаецца тэрмінамі: чэлядзь, халоп, раб. Крыніцы рабства былі наступныя: палон, самапродаж у рабства, шлюб з рабою бяз умовы, паступленьне ў цівуны „без ряду“, пахаджэньне ад нявольных бацькоў, уцёкі закупа ад свайго пана, праступленьні і неаплачаны доўг, злоснае банкроцтва, шлюб вольных з халопамі. Гэтыя крыніцы рабства мелі месца на тэрыторыі ўсёй Кіеўскай дзяржавы. Крыніцы рабства ў Полацкай зямлі нявыразны, за выключэньнем палонных. На існаваньне рабства ў Смаленскай зямлі паказвае смаленская „Тарговая праўда”. У якасьці аднэй з крыніц рабства яна адзначае „гнев князя на своего человека”, злучаны з конфіскацыяй маёмасьці і адданьнем яго самога, жонкі і дзяцей у халопства. Рабы спачатку выпаўнялі розныя хатнія работы, а ў меру разьвіцьця прыватнага ральніцтва—складалі галоўную рабочую сілу земляўласьнікаў.

Праўнае палажэньне вольных. Усе вольныя людзі карысталіся ўсёй паўнатою грамадзянскай праваздольнасьці і ўласнавольнасьці. Яны мелі права прад'яўляць іскі і адказваць па іх, выступаць на судзе ў якасьці сьведак, завязваць розныя грамадзянскія ўгоды, як-то: дагавор, куплю і продаж, пазычкі, перадачу маёмасьці на захаваньне, права пакідаць тэстамэнт і права насьледваньня па закону. Але права насьледваньня баяр і людзей крыху адрозьніваецца ад гэткага права сьмердаў, маёмасьць якіх у выпадку бязьдзетнасьці сьмерда пераходзіць да князя, а незамужнія дочкі атрымліваюць толькі пасаг з маёмасьці сьмерда.

Праўнае палажэньне закупаў. Закуп — вольны чалавек, які часова апынуўся ў залежных адносінах да крэдытора. Яго грамадзянская праваздольнасьць і ўласнавольнасьць крыху абмяжованы. Закупы могуць выступаць сьведкамі толькі „по нуже“, але закупы маглі прад'яўляць іск супроць свайго крэдытора. Асоба закупа была абаронена ад адвольных пакараньняў. Крэдытор ня мог перапрадаць закупа трэцяй асобе. У такім выпадку закуп звальняўся> ад усялякіх абавязальных адносін у стасунку да свайго крэдытора. Закуп мог мець сваю маёмасьць. За патайныя ўцёкі ад свайго крэдытора закуп перадаваўся ў поўнае халопства.

Праўнае палажэньне халопаў. Рабы ня мелі ніякай грамадзянскай праваздольнасьці і ўласнавольнасьці. Яны зьяўляюцца толькі об'ектам права. Забойства раба сваім панам не падлягае ніякаму пакараньню. Але за забойства раба або рабыні пабочны чалавек выплачвае ўласьніку адшкадаваньне за правапарушэньне маёмасьці. Беглы раб падлягае звароту да свайго ранейшага пана. Смаленская „Тарговая праўда” (1229) крыху падымае асобу раба. Княжыя рабы могуць рабіць пазычковыя ўгоды з чужаземцамі. Гвалт, учынены чужаземцам над рабыняй, падлягае пакараньню. Вінаваты плаціць штраф у ліку „грівны серебра”.

Чужаземцы. Полацк і Смаленск былі ажыўленымі гандлёвымі цэнтрамі. у якіх было шмат чужаземцаў, прышлых людзей з іншых мясцовасьцяў і з-за граніцы. Смаленская „Тарговая праўда” 1229 году азначае правы чужаземцаў у простым значэньні гэтага слова. Чужаземцы-купцы ў Полацку і Смаленску складалі асобную корпорацыю, карысталіся свабодай веравызнаньня і мелі сваю ўласную царкву. Крымінальныя ўчынкі, зробленыя чужаземцам у Полацку, перадаваліся для разгляду на месца замяшканьня праступіла. У Смаленску і ў Віцебску падобныя справы разглядаліся самым князем. Смаленская Праўда 1229 г. азначае ўзаемныя адносіны жыхароў беларускіх гарадоў і чужаземцаў, як у справах грашова-гандлёвых, гэтак і ў жыцьцёва-бытавых адносінах, якія будуюцца на грунце поўнае роўнасьці. Чужаземцы карыстаюцца правам ад‘езду дамоў і правам гандлю па ўсёй тэрыторыі Смаленску, звальняюцца ад вайсковае павіннасьці, ад выплаты мытных збораў да прыезду ў Смаленск, выплачваюць мытныя зборы паводле вызначанай расцэнкі, ня могуць быць пазваны на судовы паядынак вонках сваёй тэрыторыі. Выпыты жалезам, як спосаб судовага дазнаньня, дапушчальна толькі са згоды чужаземцаў.

4. Політычны ўклад.

Агульны характар. Політычны ўклад у беларускіх землях быў пабудованы на прынцыпе суладзьдзя трох элемэнтаў улады: народнага веча, князя і княжай думы; адносіны паміж імі будаваліся не на аснове якіх-колечы юрыдычных норм, а на моцы звычаю і жыцьцёвай практыкі, з перавагай аднак у гэтай сыстэме дзяржаўнага будаўніцтва народнага веча.

Народнае веча. Народнае веча — фактар выяўленьня волі ўсяго насяленьня зямлі, выступае ва ўсіх гарадзкіх цэнтрах. Летапісы паведамляюць а народных вечах у Полацку і Смаленску, быўшых старажытнімі агульнаславянскімі політычнымі організацыямі. Летапісец падае паасобныя факты з жыцьця народных веч Полацку і Смаленску. Права ўдзелу ў вечах прыналежала вольнаму насяленьню ня толькі стольнага гораду, але і прыгарадаў. Да паловы XIII ст. на вечавых сходах у Полацку быў прысутны князь. У XIII—XIV ст. на вечах у Полацку быў прысутны гэтак сама і біскуп. Вечавыя сходы ня былі пэрыодычныя. Яны склікаліся пад уплывам тых ці іншых чарговых дзяржаўных патрэб. Веча магло быць склікана князем, паасобнай асобай і цэлай партыяй. Пэўнага месца для сходу веча ня было. Веча ў Полацку зьбіралася і пад голым небам, і каля Сафійскага сабору, і цэрквы багародзіцы. Усе паднятыя на вечы пытаньні вырашаліся галасамі большасьці, якая прымушала маўчаць усіх нязгодных з пастановаю веча. З надворнага выгляду вечавая пастанова была аднагалоснай. Самыя пастановы выконваліся або самім народам, або тымі асобамі, якім веча давала даручэньне выканаць вечавую пастанову. Прадметы, падлягаючыя вырашэньню веча, былі рознастайны: веча мела законадаўчую ўладу. Смаленская “Тарговая праўда" 1229 году была зацьверджана вечам. Устаўная Грамата князя Расьціслава Мсьціславіча 1150 году была прынята вечам. Веча выбірала князя. Абраньне князя народным вечам аднолькава было ўласьцівым і Полацку і Смаленску. Князі, якім не ўдавалася наладзіць сваіх адносін з вечам, павінны былі дабрахоць пакінуць свае пасады. У праціўным выпадку нездаволенае веча гэткага князя выганяла з гораду. Веча завязвала шэраг умоваў з князем. Веча мела права судзіць сваіх гаражан, але ці ўмешвалася веча ў Полацку і Смаленску у ўнутраныя справы кіраўніцтва, як гэта было ў Ноўгарадзе, аб гэтым крыніцы нічога ня кажуць. Веча ў Полацку і Смаленску мела права завязваць мір, вяло дыплёматычныя зносіны, уваходзіла ў рознастайныя політычныя дагаворныя і саюзныя адносіны. Веча зьбіралася на водгалас вечавога звону. Прынамсі ўстаноўлена, што ў палове XV веку ў Смаленску быў вечавы звон. Політычная сытуацыя ўтварала партыі. Гэткія мелі месца і ў Полацку і ў Смаленску. Утварэньне клясавага падзелу на лепшых і чорных людзей спрыяла ўзьнікненьню і абвастрэньню політычнае барацьбы, прадметам якой часамі бывала кандыдатура таго ці іншага прэтэндэнта на княжы пасад у Полацку і ў Смаленску. Умацаваньне народнага веча ў Смаленску можа быць аднесеным да эпохі Расьціславічаў.

Князь. Значэньне князя і яго адносіны да веча ў значнай меры залежалі ад стопню яго ўплыву і заслуг перад краінай. І ў Полацку і ў Смаленску княжая ўлада была істотна абмяжована вечам. Князь зьяўляецца знадворным прадстаўніком зямлі. Ён пасылае і прымае пасольствы, прыкладвае пячаці да завязаных дагавораў, вядзе ваенныя справы, суд і ўнутранае кіраўніцтва, назначае ўрадовых асоб: пасаднікаў, якія ў Смаленскай зямлі дзяліліся на гарадзкіх і сельскіх, „детскіх" чыноўнікаў для збору гандлёвых і іншых падаткаў, „купоемцев" у Смаленску. Органы ўнутранага кіраваньня былі прылазьдзем княжай політыкі з тэй мэтай, каб падтрымліваць парадак і супакой на тэй ці іншай падуладнай князю тэрыторыі. На карысьць князю паступалі судовыя зборы: віра і продаж, агульныя натуральныя і грашовыя подаці з усёй зямлі, гандлёвыя падаткі, палюдзьдзе і пагародзьдзе ў Смаленску. Грамата Расьціслава 1150 году падрабязна пералічвае, што І ў якой колькасьці павінен быў кожны горад аддаваць князю натураю, грашмі; апрача гэтага на карысьць князю паступала конфіскованая маёмасьць праступнікаў, пастаўленых па-за законам, падарункі чужаземных купцоў і паслоў, даходы з прыватнае гаспадаркі князя.

Княжая дума. Княжая дума — рада пры князі. У яе склад уваходзілі старэйшыя княжыя дружыньнікі—баяры. І ў Полацку і ў Смаленску ў складзе дружыны былі чужаземцы. Баяры складаюць галоўную ваенную сілу князя. З іх асяродзьдзя назначаліся пасаднікі. БаБаяры яры былі прысутнымі, калі князь асабіста разглядаў судовыя справы, падпісвалі з князем дагаворы з суседнімі дзяржавамі, адпраўляліся ў пасольствы па даручэньню князёў. Князь павінен быў лічыцца з думкай баяр-дружыньнікаў і бяз іх рады ня мог нічога рабіць. З выдзяленьнем Полацкай, Смаленскай і Турава-Пінскай зямель са складу Кіеўскай дзяржавы і ўзьнікненьнем у кожнай зямлі паасобных княжых фамілій—баярства-дружына асела на зямлю, пачало займацца ральніцтвам пры дапамозе рабскае працы, і гэтым самым займала палажэньне пануючае клясы, якая з прычыны свайго экономічнага становішча мела вялікае політычнае значэньне і вагу.

5. Царква і дзяржава.

Організацыя Полацкай царквы. Хрысьціянізацыя Полацкай зямлі пачала адбывацца больш прысьпешаным тэмпам пачынаючы з XI ст. Хрысьціянізацыя вышла за межы ўласна Полацкай зямлі. Пашырэньне політычнага ўплыву полацкіх князёў на краіны латышоў і ліваў пацягнула за сабою паяўленьне хрысьціянства паміж апошніх. Хрысьціянізацыя чужаземцаў і палачан адбывалася мірным шляхам. Першапачатковыя межы Полацкае епархіі агранічваліся тэрыторыяй аднаго Полацку. У пэрыод з XI—XIII ст. межы епархіі значна пашырыліся. Хрысьціянства распаўсюдзілася па прыгарадох і пачало пранікаць на вёску. Апрача гэтага ў XIV ст. праваслаўнае насяленьне Рыгі знаходзілася ў сфэры ўплыву полацкага біскупа. Апошні сам прабываў у Полацку. Зацьвярджаў біскупаў кіеўскі мітрапаліт. Абраньне кандыдатаў на біскупскую катэдру прыналежала Полацкай зямлі, а ня кіеўскаму мітрапаліту. Полацкае біскупства было ў істоце аўтокефальным, і толькі ў царкоўна-юрыдычных адносінах залежала ад кіеўскага мітрапаліта. Залежнасьць ад апошняга не магла быць значнай з прычыны політычнага аслабленьня Кіеўскай дзяржавы, географічнай аддаленасьці Полацку ад Кіева і ўмацаваньня ў політычных адносінах полацкіх князёў. Біскупы, як асобы падлеглыя кіеўскаму мітрапаліту, прымалі ўдзел у мясцовых саборах, якія склікаліся мітрапалітам, як для вырашэньня розных царкоўных пытаньняў, гэтак і для назначэньня біскупаў для іншых цэркваў. Унутры сваёй епархіі полацкі біскуп карыстаўся поўнай незалежнасьцю, кіруючыся пры гэтым царкоўнымі законамі і мясцовымі звычаямі. Першым вядомым біскупам быў Міна (1105 — 1116) з Кіева-Пячэрскага манастыра: затым успамінаецца ў летапісах Ільля каля 1129 году, Косьма—1143 г., Дыонісы, памёршы ў 1183 г., Мікалай з 1183 г., Аляксей каля 1231 г., Сімеон каля 1274 г., паходзіўшы з князёў полацкіх. Агульна-політычны ўклад жыцьця ў Полацкай зямлі адбіваўся на парахфіяльнай організацыі. Парахфіяне організоўваліся ў брацтвы, якія, падобліва, карысталіся значным уплывам. Гэтак, у 1159 г. палачане нездаволеныя з князя Расьціслава Глебавіча, заклікалі яго на братчыну пры сьвятыні багародзіцы, каб аб‘явіць яму там сваю пастанову.

Пабудаваньне цэркваў. Полацкія князі падтрымлівалі хрысьціянскую царкву і сваім політычным аўтарытэтам і матар'яльна. Гандлёвыя зносіны далі ў рукі Полацкім князём значныя матар’яльныя сродкі, дзякуючы якім зьявілася магчымасьць будаваць цэрквы. Брачыслаў Ізяслааіч пабудаваў царкву багародзіцы і мураваны Сафійскі сабор. Адначасна з хрысьціянствам паяўляюцца манастыры, закладчыкамі якіх зьяўляюцца прадстаўнікі княжай фаміліі, і жо ў XII веку быў у Полацку жаночы манастыр, куды паступіла Ефрасіньня, унучка князя Усяслава. У прыгараднай мясцовасьці „Сельце" Ефрасіньня залажыла два манастыры: мужчынскі і жаночы, у якіх былі пабудованы мураваныя цэрквы. У XIII веку ўжо існаваў мужчынскі манастыр Віцебску, а ў XIV веку жонка Ольгэрда, вялікага князя літоўскага, залажыла манастыр Сьвятога Духа. Манастыры, як і ў Кіеўскай зямлі, былі цэнтрамі тагочаснай асьветы і духоўнае культуры.

Царкоўныя прыбыткі. Царкоўны скарб складаўся з ахвяр і спэцыяльных падаткаў. Князі давалі ў ахвяру на цэрквы і манастыры грошы, землі. Па прыкладу князёў ішлі багатыя прыватныя асобы. Апрача гэтага, як чорнае так і белае духавенства, было абложана спэцыяльнымі падаткамі на карысьць біскупскай катэдры.

Вынікі хрысьціянізацыі. Да прыняцьця хрысьціянства у Полацкай зямлі было моцна паганства. Прадстаўнікі апошняга нават у XI ст. карысталіся павагай у княжай сям’і, ужо фармальна стаўшай хрысьціянскай. У XII ст. паганства яшчэ моцна трымаецца ў Полацкай зямлі. Хрысьціянства прышчапляецца толькі павярхоўна. Для аўтара “Слова а палку Ігараве” Полацкая зямля прадстаўляецца краінай чараўнікоў. Народныя гушчы заставаліся вернымі рэлігіі дзядоў — паганству. Гэтая вернасьць прыпыняла ўнутраную і знадворную хрысьціянізацыю насяленьня Полацкае зямлі.

Організацыя Смаленскае царквы. Смаленская зямля доўгі час ня мела асобнага біскупа. Яна складала тэрыторыю, падлеглую Пераяслаўскаму біскупу. Гэткая залежнасьць цягнулася да паловы XII веку. Толькі пры сыне Ўладзіміра Манамаха—Мсьціславе — Смаленск атрымаў асобнага біскупа ў асобе грэка Мануіла, які шмат клапаціўся аб знадворным будаўніцтве свайго біскупства. Узьнікненьне Смаленскага біскупства зьвязана з выдзяленьнем Смаленскае зямлі са складу Кіеўскае дзяржавы. Смаленская царква прыняла трывалую організацыю пры Расьціславе Мсьціславічы, які выдаў асобную Ўстаўную Грамату (1150). Грамата Расьціслава вызначыла як матар'яльнае гэтак і праў'нае палажэньне Смаленскага біскупства. Біскупы ў Смаленскай епархіі большай часткай былі грэкі па нацыянальнасьці.

Пабудаваньне цэркваў. З утварэньнем асобнай Смаленскай епархіі, шпаркім тэмпам будуюцца сьвятыні і закладваюцца манастыры. Пры Расьціславе і яго сынох былі пабудованы цэрквы імя сьвятых апосталаў Пятра і Паўла, апостала Іоанна Багаслова, архістратыга Міхаіла. Самым старажытным манастыром можна лічыць Барысаглебскі на Сьмядыні (1138). Каля Смаленску быў пабудаван Усьпенскі манастыр і Крэставазьдзьвіжанскі, якія мелі вялікае значэньне ў духоўным жыцьці Смаленску. Сьледам за князямі, цэрквы будавалі і біскупы, якія распараджаліся даволі значнымі сродкамі. Смаленскія сьвятыні вызначаліся вялікай аздаблёнасьцю. У царквох чулася царкоўнае казаньне, якое датычыла недахватаў грамадзянскага жыцьця. Знакамітым прамоўцай быў Аўраам, іераманах Усьпенскага манастыра, які меў вялікі ўплыў на духоўнае разьвіцьцё смаленскага грамадзянства. У часе набажэнства прыгожа пяялі царкоўныя хоры. Смаленская царква высунула шэраг адукаваных дзеячоў: біскупа Мануіла, іераманаха Аўраама, “кніжніка" і філёзофа Клімэнта, які быў чалавек вельмі асьвечаны ва ўсіх галінах даступнага пазнаньня.

Становішча духавенства. Духавенства ў Смаленску карысталася вялікім уплывам. Біскупы прымаюць удзел у політычным жыцьці зямлі, адпраўляюцца ў пасольствы, прымаюць удзел у княжай думе. Духавенства мела вялікі ўплыў на грамадзянскую думу, але ў масах было мала адукаваным, не наўчала народ і ня ўмела пасьвіць свой статак, адносячыся з зайздрасьцю да прадстаўнікоў запраўднае асьветы (Клімэнт Смаляціч, Аўраам). Звычаёвае (моральнае) жыцьцё духавенства і манахаў знаходзілася ў стане заняпаду. Чорнае і белае духавенства вельмі было прывязана да свайго грамадзянскага становішча, да матар’яльных выгод, вызначалася пагардлівасьцю, зайздрасьцю, пышлівасыію, хцівасьцю, бывала пастаяннымі ўдзельнікамі баляў і банкетаў, наладжваных князьмі і багатымі баярамі.

Юрыдычнае становішча царквы. Правы і прывілеі Смаленскага біскупа былі азначаны Ўстаўной Граматай князя Расьціслава Мсьціславіча (1150). Паводле гэтай імунітэтнай граматы біскуп атрымліваў права чыніць суд у справах: 1) а разводзе, 2) а двужонстве, 3) а шлюбе паміж сваякамі, 4) а зладзействе 5) а паядынку паміж жанчынамі, б) а праступленьнях духоўных асоб, 7) аб „умыканьні" жанчын. Што датычыць спраў а спадчыне, а спрэчках паміж сваякамі, а гэтак сама суду над царкоўнымі людзьмі, — то гэта не падлягала біскупскаму суду. Гэтак сама Грамата вызначала царкве дзесяціну ад усіх „даней смоленскіх“ і рад зямельных уладаньняў з насяленьнем на іх „седяшчім, сеножаті, огороды, бобровые гоны". У выпадку далучэньня Смаленскае зямлі да Пераяслаўскае епархіі, усе царкоўныя прывілеі трацяць сілу. Значэньне біскупа ў Смаленскай зямлі было надта вялікім. Біскупская пячаць была прыложана да дагавору 1229 г.

Організацыя Тураўскай царквы. Тураўская царква стала самастойнай епархіяй яшчэ пры Ўладзіміру Першым. Ня гледзячы на блізкасьць да Кіева і залежнасьць ад апошняга, асобная епархія ўтрымалася і пасьля сьмерці Ўладзіміра Першага. Месцам прабываньня Тураўскага біскупа быў Тураў. Як глыбока пранікла хрысьціянізацыя ўнутр Тураўскае зямлі за адсутнасьцю даных няма магчымасьці ўстанавіць.

Вынікі хрысьціянізацыі. Народныя гушчы, прымаючы хрысьціянства павярхоўна, заставаліся вернымі традыцыям паганства. Яно жыве ў глыбіне народнае сьвядомасьці. Само хрысьціянства апаганьваецца, прыстасоўваецца да прымітыўнага сьветаразуменьня. Царква з надворнага боку перамагла народную масу, але сьветаразуменьне гэтае масы засталося незачэпленым. Царква, нават апіраючыся на сьвецкую ўладу, ня мела магчымасьці зрабіць штоколечы ў гэтым кірунку, за выключэньнем царкоўных пракляцьцяў і павярхоўна формальных забарон. Дваістасьць веры складала істоту народнай рэлігіі. Хрысьціянства стала рэлігіяй толькі пануючых клясаў. Не дарма царква атрымлівае права разглядаць справы а двужонстве, хапаньні жанчын, шлюбе паміж сваякамі і інш. Усё гэта былі рэшткі паганства, якое жыло ў сьвядомасьці народнае масы. Вера ў чараўніцтва, паганскія сьвяты, „бубны", „сопелі" і „плясанія" былі шырока распаўсюджаны ў тагочасным двохрэлігійным грамадзянстве.

6. Законадаўства.

Руская праўда. Да пачатку XI ст. славянскія праваадносіны вызначаліся звычаёвым вусным правам. З разьвіцьцём княжай улады побач з звычаёвым правам маюць месца судовыя пастановы князёў, паасобныя княжыя ўставы. З разьвіцьцём гандлёвых і культурных сувязей з Візантыяй пачало пранікаць у Кіеўскую зямлю і візантынскае права. Грамадзянскія адносіны сталі больш складанымі. Паўстала канечнасьць прывесьці ў пэўны парадак і сыстэму чыннае права. У XI ст. яно было запісана. Гэтак паявіўся „Устаў вялікага князя Яраслава Ўладзіміравіча а судох". Руская Праўда – помнік неофіцыяльнага пахаджэньня, уложаны ў пэрыод XI XIII ст. для патрэб бягучага судоўніцтва. Руская Праўда захавалася у дзьвёх рэдакцыях: кароткай і поўнай. Кароткая адносіцца да першай паловы ХІ ст. Поўная ўложана ў наступныя сталецьці. Крыніцамі Праўды былі: звычаёвае права, уставы князёў, судовыя прыгаворы, візантынскае права, пранікшае сьледам за хрысьціянствам. Можна лічыць, што Руская Праўда была ўложана ў Кіеўскай зямлі.

Зьмена правасьвядомасьці. Панаваўшая крывавая помста, як зьявішча самасуду к XI ст. абярнулася ў крымінальнае пакараньне, якое вызначалася судом. Пакрыўджаны або яго крэўныя выконвалі судовую пастанову. Крывавая помста ўжывалася пры забойстве, цяжкіх пабоях і параненьнях. Ужо ў першай палове ХІ ст. крывавая помста магла быць заменена грашовым штрафам. Пры сынох Яраслава крывавая помста была адменена і заменена грашовым штрафам, які складаўся з дзьвёх частак: грашовае ўзнагароды „віры” на карысьць князя і „головнічества" на карысьць пакрыўджанага, або яго сваякоў. „Віра” выплачвалася ў тым выпадку, калі не наумысьне быў забіты вольны чалавек. „Віра” была простая і падвойная. Апошняя, у ліку 80 грыўняў, выплачвалася за забойства баярына і княжага цівуна. У выпадку, калі на тэрыторыі „верві" было знойдзена цела забітага чалавека і праступнік ня быў знойдзеным, то члены „верві” супольна выплачвай “дзікую віру". Апрача гэтага насяленьне „верві” магло прыняць удзел у выплаце “віры” і ў тым выпадку, калі праступак быў знойдзены але калі ён зьяўляўся членам грамады і не адмаўляўся ад выплаты „дзікай віры". Кругавая парука не пашыраецца на выплату „галоўніцтва". Па ўсіх іншых крымінальных праступках у карысьць князя паступала „прадажа", і „урок" у распараджэньне пакрыўджанага, вялікасьць якіх залежала ад характару крымінальнага пралупленьня. Прыватныя адшкадаваньні былі значна меншымі, чымся княжыя. Аднак за наўмыснае забойства, падпал і канакрадзтва вінаватая асоба выдавалася з жонкаю і дзяцьмі на „поток” і разграбленьне, гэта значыць, абвяшчалася пазбаўленай праў, а маёмасьць падлягала конфіскацыі. Асноўны погляд на праступленьне, як на прычыненьне матар’яльнага ўшчэрбку аднэй стараной другой, і на пакараньне, як на адшкадаваньне каштоўнасьці панесенае страты, захаваўся І ў дагаворы з немцамі 1229 году.

Судоўніцтва. Суд адбываўся на княжым двары. Князь чыніў суд асабіста, ці даручаў у часе сваёй адсутнасьці гэту справу цівуну. У краінах судзілі прадстаўнікі княжай улады-пасаднікі, якія часта надужывалі свайго права. На судзе князя былі прысутны розныя службовыя асобы для выкананьня распараджэньняў судзьдзі, як напрыклад: “отрокі", або “детскіе", „метальнік", і для запісу чыста судовых пастаноў. На карысьць княжых ураднік паступала часьць з княжых судовых штрафаў – “вір” і “продаж”.

Судаводзтва. Зварот да княжага суду і яго органаў меў для прыватных асоб факультатыўны характар. Княжы суд быў як-бы трэтэйскім судом, да якога пакрыўджаная старана зьвярталася толькі тады, калі пакрыўджаны і адказчык самі не маглі прыйсьці да тэй ці іншай згоды. Пакрыўджаная асоба-ісьцец звычайна сам праводзіў судовае сьледзтва, якое адбывалася такім чынам, што ісьцец або “заклікаў на таргу“, або зьбіраў гэтак званы „свод”. У першым выпадку, калі праз тры дні пасьля „закліча", абвешчаная рэч знаходзілася у ўласнасьці пабочнае асобы, то гэтая асоба прызнавалася адказчыкам. У другім выпадку, гэта зн. Пры дапамозе “свода” асоба, у ўладаньні якой знойдзен шуканы прадмет, і якая не давяла законнае крыніцы яго пахаджэньня, - прызнавался злодзеем, і ёй трэ’ было адпаведным формальным спосабам адкінуць ад сябе абвінавачаньне ў зладзействе. У выпадку калі прыватная асоба шукала беглага халопа, то княжая адміністрацыя была абавязана прыйсьці на дапамогу гэтай асобе тым, што празначала ісцу “отрока” з тэй умовай, каб плаціць апошняму пэўнае вынагараджэньне. Пры разглядзе справы, судзьдзя кіраваўся формальнымі меркаваньнямі — данасьцю праступленьня і яго відавочнасьцю. У такім выпадку сьведак не дапытвалі. Але калі справа датычыла праступленьняў супроць здароўя і чэсьці, або забойства, калі праступнік быў схоплены на месцы, тады канечна трэ’ было дапытваць сьведак, але паказаньні сьведак і ісца павінны былі быць зусім падобны. У выпадку, калі адказчык прыцягваўся да адказу на падставе пабочных даных, то вінавачаны павінен быў адкінуць ад сябе абвінавачаньне ў праступленьні, выставіўшы сем сьведак „добрага павядзеньня". Калі адказчык ня мог выставіць гэтае колькасьці сьведак, то ён падлягаў выпытам жалезам і вадой, або прыносіў прысягу, у залежнасьці ад праступленьня. Нарэшце, меў месца судовы паядынак. Існаваньне апошняга ў XI і XII ст. не падлягае сумненьню, хаця ў Рускай Праўдзе няма а ім успамінаў. Судовы разгляд даваў формальныя даныя для вынясеньня прыгавору, які прыводзіўся ў выкананьне або стараной, якая выйграла справу, або прадстаўнікамі ўлады – князем і яго пасаднікам, якія тут-жа зысківалі з адказчыка належныя ў іх карысьць грашовыя штрафы.

7. Духоўная культура.

Гістарычныя творы. Самым старажытным гістарычным творам зьяўляецца гэтак званы „Начальны летапіс", які захаваўся не ў першапачатковым выглядзе, а ў сьпісках пазьнейшага часу. Гэткімі зьяўляюцца сьпіскі Лаўрэнцеўскі і Іпацеўскі, абодвы з канца XIV веку. Першы атрымаў сваё найменьне ад імя яго пісца Лаўрэнта, які перапісаў свой сьпісак у 1377 годзе для Суздальскага князя Дзьмітрыя Канстанцінавіча. Другі названы па месцы свайго пахаджэньня ў Іпацеўскім манастыры ў Кастраме. Абодва сьпіскі ў пачатковай часьці падобны паміж сабою, але затым істотна разрозьніваюцца: Лаўрэнцеўскі летапіс складаецца з дзьвёх частак: гэтак званай „Повесті временных лет", якая заканчваецца 1110 годам. Другая часьць заканчвацца 1308 годам і галоўным чынам зьмяшчае ў сабе апісаньне падзеяў Ростава-Суздальскае зямлі; а Іпацеўскі летапіс складаецца з 3-х частак: „Повесті временных лет", „Кіеўскага летапісу" да 1260 г. "Галіцка-валынскага летапісу з 1201—1292 год уключна. Першая часьць абодвух сьпіскаў „Се повесті временных лет, откуда есть пошла Русская земля, хто в Кіеве нача первее княжіті і откуда Русская земля стала есть"—прадстаўляе сабою складаны гісторыка-літаратурны твор. Спачатку былі пашыраны вусныя расказы аб мінулым. З паяўленьнем пісьменства павінны былі паявіцца першыя пісьмоўныя запісы. Разам з гэтым у царкоўна-дружынных станах былі ў модзе і апавяданьні царкоўнага характару, як напрыклад, „Похвала благоверной княгіне Ольге“, „Сказане об убіеніі Боріса і Глеба“, якія адбівалі на сабе самастойнасьць літаратурнае творчасьці старажытнарускага княства. Гэта былі матар'ялы для пазьнейшага летапіснага апавяданьня. З прыняцьцем хрысьціянства паўднёвыя славяне мелі магчымасьць пазнаёміцца з гістарычнымі хронікамі Візантыйскага пахаджэньня, якія былі пераложаны спачатку на баўгарскую мову. Дзякуючы гэтаму хроніка Іоанна Малалы даволі рана зрабіла сабе доступ у кіеўскія царкоўна-дружыныя станы. З XI ст. творы грэцкіх пісьменьнікаў ужо самастойна перакладаюцца на царкоўна-славянскую мову. З гістарычных хронік былі пераложаны дзьве хронікі: Георгія Сінкела і Георгія Амартала. На падставе апошняй была ўложана новая гістарычная праца — гэтак званы „Хронограф по велікому ізложенію", у якую былі ўстаўлены гэтак сама падзеі, якія мелі адносіны да гісторыі Русі. Існаваньне ў эпоху Ўладзіміра Першага і Яраслава, адукаваных кніжнікаў, агульныя політычпыя культурныя посьпехі Кіеўскай дзяржавы спрыялі ўзьнікненьню „Повесті временных лет" і першай рэдакцыі, у якой галоўнае месца было адведзена рускай гісторыі. Паяўленьне гэткага летапіснага збору адносіцца да часоў Ізяслава Яраславіча, к пачатку другой паловы XI веку. Нацыянальнае летапісаньне, якое зьявілася працягам першага летапіснага збору, зьвязана з імем Нестара— манаха Кіева-Пячэрскага манастыра, аўтара „двух жітій": „Жітія Боріса і Глеба" і „Жітія Феодосія". Нестар-жа ўкладаў новую рэдакцыю “Повесті временных лет”, з якой ігумен Выдубіцкага манастыра Сільвэстар у 1116 годзе сьпісаў копію. „Повесть“ у новай рэдакцыі зьмяшчае ў сабе матар'ялы размаітага характару: вусныя і пісоўныя апавяданьні, запазычаныя з грэцкіх хронік, жыцьцё Ўладзіміра, жыцьцё Кірылы і Мэтодага, аповесьць а Барысе і Глебе, навучаньне Феадоса, дагаворы кіеўскіх князёў з грэкамі і інш. Апавяданьне ў летапісе вядзецца па гадох; спатыкаюцца гады пустыя. Падходзіць аўтар да здарэньняў, якія ён апісвае, з рэлігійна-моральнага пункту пагляду. На гэтых здарэньнях адбіваецца то благаслаўляючая, то караючая рука бога. Аўтар апісвае гістарычныя падзеі з тэй мэтай, каб даць рэлігійнае моральнае навучэньне і перасьцярогу грамадзянству. Начальны летапіс выяўляе сабою матар'ял першазначнай важнасьці для дасьледваньня гістарычных лёсаў беларускага народу ў эпоху існаваньня зямель, як самастойных політычных адзінак. Мясцовыя беларускія летапісы гэтай-жа эпохі не захаваліся, хаця няма ніякага сумненьня ў тым, што яны існавалі. Цэлы шэраг даных а падзеях у Полацкай і Смаленскай землях чыста мясцовага характару, і пры гэтым вылажаных з вялікай дакладнасьцю, мог папасьці ў перша-пачатковы збор і яго працяг—„кіеўскі летапіс" толькі з мясцовых летапісных крыніц.

Новая культура. Хрысьціянізацыя Кіеўскай дзяржавы і ўваходзячых у яе склад беларускіх зямель, палажыла пачатак новай культуры, адбіцьцём якой зьявілася пісьменства, шпарка разьвітае ў XI ст. Новая культура была рэлігійнай у сваёй істоце. Прадстаўнікамі яе былі асобы галоўным чынам з паміж чорнага духавенства, якія мелі магчымасьць, дзякуючы матар'яльнай забясьпечанасьці, цікавіцца літаратурнымі працамі. Адначасна з хрысьціянствам паяўляецца ў вялікай колькасьці перакладная візантыйская гістарычная і царкоўна-навучальная літаратура, паводле ўзораў якой пачалі ўзьнікаць і орыгінальныя рускія царкоўна-літаратурныя творы.

Кн. Ефрасіньня Полацкая. Прадстаўніцай новае культуры ў Полацку была ўнучка князя Ўсяслава—княжна Прадслава, якая радзілася каля 1110 году і пры хрышчэньні прыняла імя Еўфрасіньні. Рана стаўшы манашкаю, княжна Еўфрасіньня Полацкая пасялілася пры саборнай царкве, дзе займалася перапісваньнем кніг. З прычыны вялікага попыту на царкоўныя кнігі, княжна Еўфрасіньня залажыла жаночы манастыр Сьв. Спаса, у якім сама была ігуменьняй. Манашкі манастыра займаліся перапісваньнем кніг і навучаньнем дзетак. Разам з гэтым, дзеля падтасоўкі духавенства, Еўфрасіньня залажыла і мужчынскі манастыр, які быў пабудованы крыху раней, чымся жаночы манастыр. Пад канец свайго жыцьця княжна Еўфрасіньня адбыла вандроўку ў Ерусалем, дзе яна і памерла (ў 1173 г.).

Смаленская асьвета. Галоўным асяродкам беларускай асьветы быў Смаленск. Яго культурнае значэньне трэба паставіць у цесную сувязь з яго географічным налажэньнем і выплываючымі адгэтуль экономічнымі перавагамі. Візантыя і Захад з сваімі культурамі былі грунтам для смаленскае асьветы. Ініцыятыва пашырэньня апошняе выходзіла ад княжай улады. Смаленскі князь Расьціслаў Ізяславіч і яго наступнікі прыкладалі шмат стараньняў у кірунку пашырэньня школьнае асьветы. Асьвета распаўсюджвалася ня толькі паміж пануючага стану (баяр, духавенства і купецтва), але часткова і у народных гушчах. Пры пабудованых Расьціславам царквох і манастырох, зьбіраліся рукапісы, перакладаліся і перапісваліся скарбы грэцкае і баўгарскае мудрасьці. Сам Расьціслаў быў вельмі „учен всякіх наук, і к ученію своіх братьев і многіх людей понуждал", будуючы на гэта школы і ўтрымліваючы на свае княжыя сродкі грэцкіх і лацінскіх настаўнікаў, не жадаючы мець нявучонага духавенства. Раман Расьціславіч патраціў на школы ўсе свае сродкі. Давід Расьціславіч гэтаксама „любіў кнігі чытаць і памяць вострую меў”. Асяродкамі асьветы былі манастыры, багатыя сваімі кнігазборамі. Гэтак у Смаленскім маманастыры была багатая і рознастайная па свайму складу бібліотэка. Гэткія-ж кніжныя багацьці знаходзіліся ў манастырох „Чэснага Крэста і Смаленскім Багародзіцкім". У бібліотэках Смаленску знаходзіліся ўсе кнігі сьв. пісьма, лічныя тлумачэньні на сьвятое пісьмо, у паасобку Яна Златавуста, творы сьвятых айцоў: Васіля вялікага, Яфрэма Сірына, Златавуста і інш., а гэтак сама рознастайная жыцьцёўная літаратура.

Школа. Манастыры з іх багатымі кніжнымі скарбніцамі былі рассаднікамі асьветы. Яны зьяўляліся вышэйшымі школамі, дзе навучаюся грэцкае мовы і тлумачэньня сьвятога пісьма. Аб адным з вучыцялёў—Грыгорым—успамінаецца ў лісьце Клімэнта Смаляціча прасьвітару Фаме. Былі гэтак сама і ніжэйшыя школы, куды бацькі прыводзілі сваіх дзяцей „кнігам учіці". Школьная асьвета разьвівалася пад грэцкім уплывам. Гандлёвыя сувязі з немцамі і сужыцьцё з імі ў Смаленску, дыплёматычная зносіны з Рыгай, выклікалі канечную патрэбу выкладаць у школах лацінскую мову. Дагавор 1229 году быў пераложаны на смаленска-полацкую гутарку з лацінскага чарнавіка і нямецкага перакладу.

Прадстаўнікі смаленскае асьветы. Асьветны рух XII—XIV ст. даў значныя рэзультаты. Ён высунуў з царкоўна-дружыннага асяродзьдзя шэраг выдатных дзеячоў, якія вызначаліся самастойнасьцю і адвагаю думкі ў сваіх творах і выклікалі вялікае абурэньне паміж паасобных прадстаўнікоў царкоўна-дружыннага грамадзянства. Да больш раньніх прадстаўнікоў смаленскай асьветы трэба аднесьці Клімэнта Смаляціча, які ў і 1147 годзе быў выбраны саборам рускіх біскупаў на катэдру Кіеўскага мітрапаліта без зацьвярджэньня яго Канстантынопальскім патрыярхам. На мітрапаліцкі пасад Клімэнта абрала нацыянальная партыя, нездаволеная з грэцкае іерархіі і жадаючая вызваліцца з-пад яе ўплыву. Вялікі князь кіеўскі Ізяслаў Мсьціславіч падтрымліваў кандыдатуру Клімэнта. Політычныя ўмовы прымушалі князя Ізяслава ня раз пакідаць Кіеў. Разам з Ізяславам пакідаў мітрапаліцкую катэдру і Клімэнт, якая ўрэшце была зацята прадстаўніком грэцкае партыі—кандыдатам патрыярха—Іоннам. Летапісец называе Клімэнта „кніжнікам і філёзофам“. Ліст Клімэнта да прасьвітара Фамы малюе перад намі і асобу самога аўтара і характар смаленскае асьветы ў царкоўна-дружынных станах. Ліст Клімэнта быў напісан у адказ на ліст Фамы, які адносіўся адмоўна да таго, што Клімэнт заняў мітрапаліцкую катэдру, і абвінавачваў новага мітрапаліта ў хцівасьці да славы. Клімэнт дапускаў магчымасьць іншасказнага тлумачэньня сьвятога пісьма, тады як Фама ўпіраўся выключна на літаральным тлумачэньні тэксту. Клімэнт быў знаёмы з візантыйскай славеснасьцю і не баяўся адсылацца на Гомэра, Арыстотэля і Платона, хаця ў гэты час яшчэ самыя творы грэцкіх філёзофаў ня былі вядомы. Клімэнт мог пазнаёміцца з імі толькі з твораў айцоў цэрквы.

Аўраам Смаленскі. Выдатным прадстаўніком смаленскай асьветы зьяўляецца Аўраам—манах смаленскага Багародзіцкага, а затым і Крэставазьдзьвіжанскага манастыроў. Ён вышаў з тэй-жа царкоўна-філёзофскай школы, што і Клімэнт. Стаўшы духоўнікам, Аўраам прыцягаў сваімі казаньнямі і тлумачэньнямі сьвятога пісьма вялікую колькасьць слухачоў. Нездаволеныя з яго поглядаў, прыходзілі да Аўраама, Каб весьці спрэчкі, але апошнія канчаліся заўсёды няўдачна для яго праціўнікаў. Тлумачэньне сьвятога пісьма, якое дазваляў сабе Аўраам, для часткі духавенства паказалася гэрэтычным. Аўраам быў прыцягнуты да суду на двары ўладыкі ў прысутнасьці князёў, баяр, ігуменаў, папоў, царкоўнікаў. Сьвецкая партыя стаяла за Аўраама. Царкоўнікі былі супроць, і Аўрааму прышлося часова прыпыніць сваю наўчальную дзейнасьць. Аўраам быў добра знаёмы з творамі айцоў цэрквы, як-то: Яфрэма Сірына, Яна Златавустага, жыцьцём Феадоса ПячэрПячэрскага. Ён быў знаёмы і з апокрыфічнай літаратурай—гэтак званымі галубінымі кнігамі. Калі Аўраам быў пастаўлен ігуменам гэтага-ж Багародзіцкага манастыра, то тут шырока было наладжана перапісваньне кніг.

Кірыла Тураўскі. Ураджэнец Турава, сын багатых бацькоў, Кірыла рана пастрыгся ў манахі ў тым самым Зарубскім манастыры, які быў ў гэты час цэнтрам смаленскай асьветы. Па свайму веку Кірыла зьяўляецца малодшым сучасьнікам (радз. 1131—1134) Клімэнта Смаляціча. Кірыла прытрымліваецца генэтычнага погляду на жыцьцё. Прызнае сымболіко-алегорычнае тлумачэньне сьвятога пісьма, выяўляе дасканалую знаёмасьць з візантыйскаю літаратурай, якая ў пэрыод XI—XII ст. перажывала эпоху свайго росквіту. Пры ўкладаньні сваіх казаньняў і наўчэньняў Кірыла Тураўскі карыстаецца правіламі візантыйскае рыторыкі. Кірылу былі вядомы і ўзоры візантыйскае сьвецкае літаратуры. Ён быў дасканала знаёмы з творамі Яна Златавуста, Кірылы Александрыйскага, Грыгора Багаслова, Епіфанія Кіпрскага. Добрая знаёмасьць з царкоўнай літаратурай не перашкаджае аднак Кірылу заставацца талентным самабытным царкоўным казальнікам. Уся асьветная дзейнасьць Кірылы адбылася ў Тураве, дзе ён займаў біскупскую катэдру. Мова Кірылы вобразная і поэтычная.

Вынікі. Беларуская духоўная культура ад XI—XIV ст. мела царкоўны характар, але яна была далёкай ад царкоўнае ортодоксальнасьці ў справе тлумачэньня сьвятога пісьма. Культурныя зносіны з Захадам, асабліва ў Смаленску, дзякуючы яго гандлёвым сувязам, зьяўляліся праваднікамі сьвежае крытычнае мысьлі, якая гэтак выразна выступае ў дзейнасьці галоўных вучоных прадстаўнікаў беларускае асьветы. Беларускія царкоўна-дружынныя станы, распараджаючыся вялікімі матар’яльнымі сродкамі, маглі цалком аддаваць сябе культурнай працы і гэтым самым выяўляць свае багатыя духоўныя сілы і магчымасьці.

8. Політычныя тэорыі.

Візантыя і політычныя ідэі. Адначасна з прыняцьцем хрысьціянства, з Візантыі пачалі пранікаць на Русь і політычныя ідэі. Галоўным правадніком політычных ідэй было духавенства, якое прывязло з сабой кнігі старога і новага завету, а гэтак сама і працы айцоў цэрквы. Царкоўная літаратура навучала аб тым. што княжая ўлада ўстаноўлена богам, і што трэба слухацца зямное ўлады. З другога боку з Візантыі пранікалі на Русь і творы візантыйскае політычнае літаратуры, у якіх выкладаліся розныя погляды на характар улады візантыйскага імпэратара і на межы гэтае ўлады.

Найбольш старажытныя політычныя помнікі. Першым помнікам політычнае літаратуры зьяўляецца „Царкоўны ўстаў князя Уладзіміра”. Азначаючы юрыдычнае палажэньне царквы, устаў абмяжоўвае граніцы княжай улады неўмяшаньнем апошняй у судовую юрысдыкцыю царквы, бо „сіх судов не подобает судіті князю, ні боярам. ні судіям іх“. Адмаўленьне ўмешвацца ў царкоўныя суды даецца ад імя самога князя, яго дзяцей, унукаў і ўсяго княжага роду.

Начальны летапіс. Аўтар летапісу дае два ўзоры князёў: справядлівага і несправядлівага. Першы любіць праўду, рупіцца а правасудзьдзі і аб кіраўніцтве. Справядлівы князь пасылаецца богам на зямлю, як довад прыхільнасьці бога да зямлі, „ашче бо кая земля управітся пред богом". Несправядлівы князь пасылаецца богам як пакараньне за грахі народу, калі людзі „злі і лукаві бывают”. Гэткі князь знаходзіцца ў атачэньні дурных дарадчыкаў „несмысленых“, або „младых". Дарадчыкі захапляюць уладу ў свае рукі і карыстаюцца ёю ў сваіх уласных інтарэсах. Скуткам такога кіраўніцтва зьяўляецца крыўда народу, для якога зачынены шлях да княжае праўды. Справядлівы і несправядлівы князі аднолькава адказны перад богам за “погубленныі душі крестьянскі". Залічэньне князёў да тае ці іншае групы залежала гэтак сама і ад кіеўскага патрыятызму, які заўважаецца ў летапісца. Гэта перашкаджала аўтару быць адносна аб‘ектыўным. Аўтар летапіса вельмі адмоўна адносіцца да Ўсяслава Полацкага, як да ўпартага і мнагалетняга ворага Кіеўскае дзяржавы. Тым часам аўтар „Слова а палку Ігараве" прызнае яго разумным і энэргічным „людам судяша, князем угоды рядяша“, годным узорам для насьледваньня сучасьнікаў аўтара. Але смаленскія князі — Расьціслаў і яго патомства — справядлівыя князі. Кіеўскі летапіс выхваляе іх за рознастайныя моральныя якасьці і цноты. Усе яны “ніщелюбівы, хрістолюбівы", любілі будаваць сьвятыні, дапамагаць цэрквам і манастыром, шанавалі духавенства і манахаў.

9. Культурныя ўплывы.

Смаленскі царкоўна-дружынны стан разьвіваўся пад уплывам двох фактараў: культурнага ўплыву Візантыі і Захаду. Візантыя перадала разам з хрысьціянствам увесь свой запас царкоўна-наўчальнай літаратуры, якая зрабіла вялікі ўплыў на сьветагляд, склад мысьлі і духоўныя настроі прадстаўнікоў смаленскае інтэлігенцыі. Візантыйская царкоўная культура не магла пранікнуць у гушчы народу. Яна зачапляла толькі вярхі грамадзянства. Захад меў больш шырокі ўплыў. Зносіны з чужаземцамі мелі надта дадатны ўплыў на характар і звычаі смальнян, на разьвіцьцё культуры наогул. Існаваньне ў Смаленску неправаслаўнае царквы сьведчыць аб рэлігійнай веразноснасьці. У дагаворы Мсьціслава Давідавіча мы заўважваем больш гуманнасьці ў параўнаньні 3 “Рускай Праўдай". Напрыклад, абраза жанчыны вольнай, ці нявольнай караецца штрафам. У першым выпадку накладваецца штраф у 5 грывен серабра, а ў другім—толькі адна грыўня серабра. Чужаземцы карысталіся ў Смаленску вялікім аўторытэтам. Калі разглядалася справа Аўраама, то яго абаронцай выступіў нехта Лука Прусін, падобна, выходца з заходняй Эўропы. Чужаземным уплывам агорнута легэнда а сьвятым Мэркур'і, ваяку-багатыру, які выратаваў Смаленск у 1239 годзе ад татар. Для смальнян Захад зьяўляецца сымболем культуры і асьветы. Усход-жа—сымболь гвалту і барбарства. Заходні ўплыў ішоў гэтак сама з Скандынавіі. Сагі паўночных народаў знаходзілі сабе пашырэньне ў смаленскім насяленьні. Быліны-ж былі пашыраны на поўначы. Устаўная грамата 1150 году была знойдзена ў адзіным экзэмпляры ў Швэцыі. Заходні ўплыў праявіўся значна ў малярстве і рысаваньні. Псалтыр Анескага Крэснага манастыра, сьпісаны ў 1395 годзе рукою нейкага Лукі Смаляніна, аздоблены ўласнаручнымі ўстаўкамі і міньятурамі, размалёванымі фарбамі і золатам ініцыяламі. Усе малюнкі вызначаюцца нязвычайнай рознастайнасьцю. Аўтару добра вядома як візантыйскае мастацтва, гэтак і заходня-эўрапэйскія орнамэнты, як келецкі, англё-саксонскі, скандынаўскі і лёмбардзкі. Рысункі псалтыра надта выразна сьведчаць аб тым, як высака стаяла ў Смаленску ў XIV ст. мастацтва сьпісваньня кніг і рысаваньня, а гэтак сама маляваньне абразоў.