Перайсці да зместу

Гісторыя Беларусі (Пічэта)/Беларускія землі ў ХІ-ХІІІ в.

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Тэрыторыя і яе мінулае Беларускія землі ў ХІ-ХІІІ в.
Аўтар: Уладзімір Пічэта
Беларускія землі ў эпоху самастойнасьці

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ІІ.

Беларускія землі ў XI—XIII в.

І. Утварэньне самастойных зямель-краін.

Тэрыторыя зямель. Полацкая зямля займала значную тэрыторыю, раскінутую ў вадазборы верхняй і сярэдняй З. Дзьвіны і часткай у вадазборы р. Дняпра. Большай часткай тэрыторыя Полацкай зямлі зьяўляецца раўнінай, толькі ў паўднёвай і паўночнай частках перарэзанаю вялікімі ўзгор'ямі. Раўніннасьць тэрыторыі і вялікая колькасьць рэчак спрыялі шырокаму разьвіцьцю калянізацыі ўнутры самой зямлі. З ІХ ст. на тэрыторыі вырасьлі буйныя гарадзкія асяродкі, як-то: Полацк, Віцебск, Рша, Лукомль, Менск, Заслаў’е, Друцк, Копысь, Барысаў, Няміга, Лагожск, Гарадзец. Разам з гэтым калянізацыя накіроўвалася і ў зямлю латышоў па ніжняму берагу З. Дзьвіны, дзе вырас шэраг гарадоў: Гэрцыка, Рэчыца, Куконойс. Уся тэрыторыя краіны была пакрыта лясамі і балотамі. З экономічнага боку, дзякуючы географічнаму палажэньню на гандлёвых шляхох да Бальтыцкага мора, Полацкая зямля складала адно цэлае разам з Смаленскай зямлёй, тэрыторыя якой была раскінута на вышнявінах Волгі, З. Дзьвіны і Дняпра. Географічнае палажэньня тэрыторыі Смаленскай зямлі было вельмі выгодным, бо тут знаходзіўся цэнтр скрыжаваньня гандлёвых шляхаў з поўначы на поўдзень „з вараг у грэкі" і з усходу на захад ад Камскай Баўгарыі да вусьця З. Дзьвіны. Забясьпечаная з усходу Чарнігава-Северскай і Ростава-Суздальскай землямі, Смаленская зямля не падлягала тым нападам, ад якіх так шмат цярпела Кіеўская краіна. Лясы, вазёры, балоты, рэкі і рэчкі ў вялікай колькасьці пакрывалі тэрыторыю Смаленшчыны. Па вялікіх рэках цягнуліся галоўныя гандлёвыя шляхі на поўдзень да Кіева па Дняпры і на захад да вусьця З. Дзьвіны. Глеба ў Смаленскім княстве была няўродліва. У лясох знаходзілася шмат розных зьвяроў: ласёў, вяпрукоў, лісоў, курэй, барсукоў, баброў. З прычыны свайго геогра- фічнага палажэньня Смаленску прыходзілася падтрымліваць самыя цесныя зносіны з Кіевам. Апрача г. Смаленску старажытнага цэнтру, крыху пазьней вырасьлі гарады—Дарагабуж, Тарапец, Белы, Мажайск, Клін, Вязьма. Ужо ў XII ст. у Смаленскай зямлі налічвалася да 25 гарадоў і З0 сёл. К палове XIII ст. іх стала значна болей. Смаленская зямля ў палове XII ст. мела ў сваім складзе ўсю сучасную Смаленскую губэрню, часьці Пскоўскай, Віцебскай, Калускай і Цьвярской. Турава-Пінская краіна займала Прыпяць з яе левымі і правымі прытокамі, і ў вялікай колькасьці была пакрыта лясамі, рэкамі і балотамі. Тураўская зямля знахадзілася на водным гандлёвым шляху па Прыпяці ў Польшчу. Апрача Турава, вядомага з канца Х ст., у працягу ХІ – ХІІІ ст. паявіліся гарады: Пінск, Мозыр, Рагачоў, Небль, Зьдзітаў, Случаск, Чартарыск, Рэчыца, Клечаск, якія сьведчылі аб гаспадарчай культуры краю.

Кіеўская дзяржава. Полацкая зямля не ўвайшла ў склад Кіеўскае дзяржавы. Яраславу Першаму прышлося пайсьці на пэўныя ўступкі князю Брачаславу (1029), і тым самым прызнаць самастойнасьць Полацкае зямлі. Ад географічнага палажэньня залежалі далейшыя ўзаемныя адносіны паміж полацкімі і кіеўскімі князямі, якія ніяк не маглі дапусьціць існаваньне незалежнай ад Кіева краіны, раскінутай на важным гандлёвым шляху з поўначы на поўдзень. Барацьба за гандлёвыя шлахі вызначала ўсе ўзаемныя адносіны паміж Полацкай зямлёй і Кіеўскай дзяржавай. Абедзьве старонкі карысталіся ўсімі політычнымі сродкамі, якія маглі прывесьці даўную барацьбу Полацку з Кіевам да памысных рэзультатаў для аднае з ваюючых старон. Барацьба становіцца асабліва напружнай пры Ўсяславе Брачаславічы (1044—1100), які зьяўляўся ўвасабленьнем ідэі незалежнасьці Полацкае зямлі ад Кіева і політычнага яе ўмацаваньня.

Усяслаў Брачаславіч. Аб асобе князя Ўсяслава захавалася ня шмат летапісных і літаратурных вестак. Адзначаючыся вялікім розумам, энэргіяй і працаздольнасьцю, княз Усяслаў рабіў вялікае ўражаньне на сучасьнікаў. Яго праціўнікі ў асобе аўтара „Начальнага летапісу" папракалі полацкага князя крыважэрнасьцю і лютасьцю. Народная фантазыя атуліла асобу князя Ўсяслава элемэнтамі поэтычнага вымыслу. Захаваўшаеся ў летапісе поэтычнае паданьне акружае пахаджэньне князя Ўсяслава цудоўнымі акалічнасьцямі. Паданьне кажа, што ён радзіўся ад чараўніцтва і што ў яго на галаве была пляма, якая за нарадай чараўнікоў была пакрыта павязкай. Сама пляма на галаве мела нейкую чароўную моц. Аўтар „Слова а палку Ігаравым" дае дасканалую характарыстыку полацкага чарадзея: „князь Ўсяслаў людзям суд даваў, князем гарады парадкаваў а сам воўкам бегаў. З Кіева да пятухоў ён дабягаў да Тмутаракані, воўкам перасякаючы шлях Вялікаму Хорсу. У Полацку звоняць завутраню ў сьвятой Софіі, а ён ў Кіеве звон чуе. Хаця і вешчая душа ў целе, але часта беды пераносіць". Князь Усяслаў прадстаўляецца аўтару „Слова" у такім выглядзе, што можа быць узорам для насьледаваньня іншым. Насяленьне Полацкай зямлі глядзела на князя Ўсяслава, як на свайго абаронцу. Вось менчане, абложаныя Яраславічаў, доўга бараніліся, не жадаючы здавацца, і чакалі дапамогі ад полацкага князя. Энэргія і спрытнасьць князя Ўсяслава знайшла сабе адбітак у працяжнай гэроічнай барацьбе з Яраславічамі. Гэтая барацьба высока падняла аўторытэт полацкага князя і Полацкай зямлі і ў той-жа час яна не адпавядала тым рэальным сродкам, якія былі ў насяленьня. З гэтае прычыны тая працяжная барацьба, якую ўвесь час падтрымліваў князь Усяслаў, павінна была закончыцца поўнай няўдачай і прывясьці Полацкую зямлю да экономічнага і політычнага заняпаду, ставячы яе на палажэньне ўтаразначнай краіны. Політычным замыслам Усяслава адпавядалі і політычныя адносіны да Кіеўскае дзяржавы.

Кіеўская дзяржава пасьля сьмерці Яраслава Першага. Дынастычная дзяржава Яраслава Першага пасьля яго сьмерці (1054) падлягае ўнутранаму раскладу. Кіеўская дзяржава, зложаная з паасобных зямель-краін, зьвязаных з Кіевам толькі экономічнымі адносінамі, была ўнутры вельмі слабай. Землі-краіны маглі вызваліцца з-пад уплыву Кіева, як толькі спыніцца, ці аслабее экономічны пацяг да Кіева. Гэтае зьявішча рэзка праявілася крыху пазьней, але пачатак тут быў зроблен тады, калі сам Яраслаў падзяліў Кіеўскую Дзяржаву. Гэты падзел меў такі характар: старшы сын Ізяслаў атрымаў Кіеў, Сьвятаславу быў адданы Чарнігаў і Ўсеваладу—Пераяслаў, Вячаслаў атрымаў Смаленск і Ігар—Уладзімір-Валынск. Старэйшы ўнук Расьціслаў Уладзіміравіч атрымаў Ростаў. Апрача гэтага ў руках Ізяслава знаходзіўся Ноўгарад. Сьвятаславу была дабаўлена Мурама-Разанская зямля. А ўладаньне Усевалада павялічылася Суздалем і Белавозерам. Паводле Яраслаўскага тэстамэнту, Ізяслаў, як старэйшы член княжай сям'і быў пастаўлены на „отца место", што павінна было забясьпечыць Кіеўскую дзяржаву ад распаду. Тэстамэнт Яраслава сьведчыць аб адасобненасьці краін адна ад другой і аб самастойнасьці іх унутранага жыцьця. Паяўленьне ў краінах мясцовых дынастый павінна бділо спрыяць яшчэ большаму замацаваньню адасобненасьці. Сама ідэя падзелу дзяржавы бярэ пачатак у нормах агульна-славянскага сямейнага права. Апошняму добра вядома непадзельная колектыўная ўласнасьць, якая ў выпадку падзелу паміж суўласьнікамі дзеліцца на роўныя долі. Кіеўская дзяржава разглядалася, як супольная ўласнасьць усёй княжай сям'і, на чале якой стаяў Яраслаў. Раз кожны член княжай сям'і мае права на долю ў спадчыне, то ўсе долі павінны быць роўныя, бо правы ўсіх членаў аднакія. Парушэньне правоў аднаго з сунасьледнікаў выклікае канечнасьць узнаўленьня парушанага права. Адгэтуль бяруць свой пачатак непаразуменьні ў княжай сям'і, якія прыходзіцца развязваць аружжам. Агульныя нормы славянскага права ня выконваліся старшымі Яраславічамі. Ідэя адзінства княжай сям'і выявілася няжыцьцёвай. Пасьля сьмерці братоў Вячаслава і Ігара Яраславічы далучылі іх часьці да сябе. Кіеўская дзяржава апынулася у ўладаньні брацкага трыюмвірату: Ізяслава, Сьвятаслава і Ўсевалада. Коаліцыя Сьвятаслава і Усевалада прымусіла Ізяслава пакінуць Кіеў. Кіеўскай дзяржавай кіравалі два браты. У 1075 годзе Сьвятаслаў памёр. На чале Кіеўскай дзяржавы апынуўся Усевалад. Але часы самаўладзтва прамінулі. Усеваладу прышлося пагадзіцца з паяўленьнем у Кіеве Ізяслава. Насьледзьдзе Яраслава апынулася ў руках двох братоў—Ізяслава і Ўсевалада. Кіеўская дзяржава была падзелена наступным чынам: Ізяслаў атрымаў Кіеў, Ноўгарад, Валынь і Тураў—тэрыторыю якая прылягае да вадазбору правага берагу Дняпра, за включэньнем Ноўгараду, як ключа ад шляху з „вараг у грэкі"; Усевалад атрымаў: Пераяслаў, Чарнігаў, Смаленск, Ростаў, Суздаль. Калі памёр Ізяслаў (1077), то Усевалад сеў „на столе отца своего і брата". Уся Кіеўская дзяржава была аб'яднана пад уладаю Ўсевалада (1079). Такая політыка Яраславічаў, у паасобку Усевалада, парушала агульныя нормы славянскага права. Князі, пазбаўленыя сваіх айчын, не маглі з гэтым пагадзіцца і пачалі са зброяй у руках дабівацца, каб парушанае права было ўзноўлена. Алег Сьвятаславіч у коаліцыі з полаўцамі і стрыечным братам, Барысам Усяславічам, пачалі барацьбу супроць Усевалада. Першы пэрыод барацьбы быў няўдачны для кааліцыі (1079), але пляменьнікі Ўсевалада не апускалі рук. Яны ў далейшым цягу вялі барацьбу з дзядзькам, і Усеваладу прышлося пайсьці на значныя ўступкі—аддаць сваім пляменьнікам тыя воласьці, у якіх сядзелі іх бацькі. Смаленская зямля засталася у ўладаньні Усевалада, а Сьвятаполк Ізяславіч атрымаў Тураў і Пінск. Пасьля сьмерці Ўсевалада Сьвятаполк Ізяславіч, Уладзімір Усеваладавіч, Алег і Давід Сьвятаславічы, Давід Ігаравіч, Васілько Расьціславіч, сабраліся на зьезд у Любечы (1097), на якім прынялі пастанову, каб кожны князь трымаў сваю айчыну. Падзел Кіеўскай дзяржавы фактычна закончыўся. Краіны пачалі жыць сваім паасобным жыцьцём. Шэраг зьяваў экономічнага характару ў выглядзе скарачэньня дняпроўска-візантыйскага гандлю прысьпяшылі процэс распаду.

Барацьба з полаўцамі. Знадворнае становішча Кіеўскае дзяржавы пасьля сьмерці Яраслава было ня надта добрым. Пры в. князю Ізяславе Кіеў стыкнуўся з сталовымі драпежнікамі—полаўцамі, напады якіх станавіліся вельмі частымі. Уладзімір Усеваладавіч Манамах у сваім „Навучэньні" паведамляе, што полаўцы робяць набегі і забіраюць палонных „На всяко лето у веже своя".

Барацьба Полацку з Кіевам. Склаўшыяся ў Кіеўскай дзяржаве ўнутраныя і знадворныя акалічнасьці былі прыняты пад увагу УсяУсяславам. Спачатку Ўсяслаў і Кіеўскія князі жылі згодна. Але гэтая згода была кароткачасовая. Старэйшыя Яраславічы: Ізяслаў, Святаслаў і Ўсевалад, стараючыся захапіць у свае рукі ўладу над усёй Кіеўскай дзяржавай, не маглі пакінуць бяз увагі і Полацку, самастойнае палажэньне якога пагражала гандлёвым шляхам з „вараг у грэкі". Стычка Полацку і Кіева была абсолютна няўхільнай з прычыны політычных і экономічных супярэчнасьцей паміж імі. Напады полаўцаў прымусілі Усяслава пачаць барацьбу з Яраславічамі. Каб задаць Кіеву хутчэйшы ўдар, Усевалад пачаў вайну супроць Пскова, але гэты паход закончыўся няўдачна (1065). У наступным годзе Усяслаў ідзе на Ноўгарад. На гэты раз паход быў удачны. Ноўгарад быў узяты. Было забрана шмат палонных, жанчын і дзяцей, аграблен Сафійскі сабор. Гэты факт ня мог прайці бяскарна для Усяслава: Яраславічы не маглі дапусьціць умацаваньня Усяслава і паўтарэньня набегаў на Ноўгарад, якія былі гэтак небясьпечны для кіеўскага гандлю. Яраславічы ўтрох узімку (1067). калі палавецкія набегі фактычна былі немагчымы, напалі на Полацкую землю. Яраславічы накіравалі свае сілы на Менск і аблажылі яго. Усяслаў ня мог падаць у свой час дапамогі менчанам. Горад быў узяты, а насяленьне было або перабіта, або забрана ў палон. Усяслаў, які сьпяшыў на дапамогу, сустрэўся з саюзьнікамі братамі на рэчцы Нямізе. У бойцы 3-га сакавіка Ўсяслаў быў разьбіты. Аўтар „Слова а палку Ігараве“ гэтак апісвае гэтую крывавую бойку: „На Немізе снопы стелют галовамі, молотят хоролужнымі цепами, на току жізнь кладут, веют душу от тела“. „Крывавыя берагі Нямігі былі ўсеяны ня жытам, але касцьмі рускіх сыноў". Пасьля гэтай бойкі на рэчцы Нямізе, разьбіты Ўсяслаў, падобліва, папрабаваў сабраць новае войска. У чэрвені ён быў у Воршы. Яраславічы запрапанавалі Ўсяславу прыехаць да іх у стан дзеля перагавораў і цалавалі крыж у той знак, што яны яму ня прычыняць ніякае шкоды. Аднак Яраславічы ня стрымалі свайго слова—яны задумалі пазбавіцца свайго небясьпечнага праціўніка. Калі Ўсяслаў прыехаў у іх стан, Яраславічы яго зьвязалі і ў кайданох адаслалі ў Кіеўскую турму.

Кіеўская рэволюцыя. У той час, калі Ўсяслаў сядзеў у Кіеўскай турме, Кіеў перажываў цяжкі момант. Полаўцы напалі на Кіеўскую дзяржаву. Яраславічы былі разьбіты і кінуліся наўцекі. Полаўцы перайшлі на правы бераг Дняпра і ўсё спусташалі агнём і мячом. Ізяслаў не рабіў нічога дзеля абароны і нават ня выдаў кіеўлянам зброі. Тады ўзбураны натоўп сабраўся каля турмы Усяслава, вызваліў яго і апавясьціў яго сваім князем. Ізяслаў уцёк у Польшчу да караля Баляслава. Сьвятаслаў і Ўсевалад ня прымалі ніякіх крокаў супроць новага кіеўскага князя (1068). Аднак Ізяслаў, атрымаўшы дапамогу ад караля Баляслава, пайшоў паходам на Ўсяслава, які гэтак сама выгнаў з войскам і затрымаўся ў Белгарадзе. Ізяслаў меў у Кіеве даволі значны лік саюзьнікаў. Усяслаў ня мог спадзявацца, што яго становішча ў Кіеве ўзмоцніцца. З гэтае прычыны ён пакінуў кіяўлян і ўцёк у Полацк. Кіяўляне вярнуліся дамоў. Ізяслаў падступіў да Кіева і прымусіў насяленьне здацца на яго волю. Прагнаўшы Ўсяслава з Кіева, Ізяслаў пастанавіў прасьледаваць яго ў самой Полацкай зямлі. У рэзультаце гэтага, Усяслаў быў выгнаны з Полацку, а яго месца занялі сыны Ізяслава, спачатку Мсьціслаў, а пасьля Сьвятаполк.

Барацьба за Полацк. Энэргічны Ўсяслаў ня мог пагадзіцца ні з сваім становішчам, ні з тым, што яго айчына папала ў залежнасьць ад Кіеўскае дзяржавы. Усяслаў пачаў рыхтавацца да новае барацьбы. Сабраўшы войска, Усяслаў намерыўся ўдарыць Ізяслава па самым балючым месцы Кіеўскае дзяржавы—па Ноўгараду. Але паход на Ноўгарад закончыўся для Ўсяслава няўдачна (1069). Новая няўдача не паменшыла энэргіі Ўсяслава. Яму зноў удалося сабраць войска, і на гэты раз ен прагнаў з Полацку пасаднікаў Ізяслава. Седзячы ў ПоПолацку, Усяслаў сачыў за адносінамі паміж братамі. Няпэўнае становішча Ізяслава прымусіла Усяслава распачаць нейкія перагаворы з Ізяславам, якія дорага каштавалі апошняму. Сьвятаслаў і Усевалад выгналі свайго брата з Кіева. Усё княжаньне Сьвятаслава Усяслав правёў спакойна ў Полацку. Аб'яднаньне ўсёй Кіеўскай дзяржавы пад уладаю Усевалада было вялікай пагрозай для політычнага існаваньня Полацкай зямлі. Канечна трэ’ было аслабіць кіеўскага князя. Унутранае і знадворнае становішча спрыяла гэтаму. Усяслаў зноў ухапіўся за свой выпрабаваны стратэгічны плян—паход на Ноўгарад (1076). Усевалад адказаў двума паходамі на Полацк. Уладзімір-Манамах разам з Полаўцамі зрабіў летні паход супроць Полацку. А Сьвятаполк Ізяславіч напаў на Полацк з Ноўгараду ўзімку, ў гэтым-жа годзе. Уся Полацкая зямля была спустошана. Тады Усяслаў накіраваўся на землі Манамаха ў Смаленск. Уладзімір Манамах з сваёй чарнігаўскаю дружынаю, не адкладваючы, пайшоў на выручку Смаленску. Але Ўсяслаў пасьпеў у час адыйсьці. Тады Ўладзімір Манамах пайшоў сьледам за ім, спустошыў Полацкую зямлю і спаліў гарады: Лукомль, Лагойск і Друцк. Відавочна, Усяслаў на гэта адказаў нейкім зваротным манэўрам, бо Уладзімір Манамах падступіў да Менску з вялікім войскам з чарнігаўцаў і полаўцаў. Уладзімір Манамах узяў горад Менск і паступіў надзвычай люта: „не пакінулі ні чалядзінца, ні скаціны, усё разграбілі, папалілі",—гэтак паведамляе аб гэтым сам Манамах у сваім „Навучэньні” (1083). Спустошыўшы Полацкую зямлю і пабіўшы менчан, Уладзімір Манамах вярнуўся ў Кіеў. Далейшая барацьба паміж Полацкам і Кіевам была немагчымай. Усевалад і Ўладзімер Манамах былі заняты сваімі сваркамі са сваякамі і барацьбой з полаўцамі. Усяслаў быў занадта слабы, каб у далейшым цягу весьці барацьбу. Абодва бакі змарылі сябе і не дасягнулі пажаданых мэтаў. Але перамога ўсё-ткі была на баку Усяслава, бо Полацкая зямля захавала сваю незалежнасьць; але і Усяслаў ня мог прычыніць істотнай шкоды Кіеўскай дзяржаве. Эпоха Ўсяслава—гэта вельмі выдатны момант у гісторыі Полацкай зямлі, калі яе магутнасьць дасягнула вялізнага значэньня. Зразумела, што барацьба Ўсяслава з кіеўскімі князямі вялася пры няўхільным падтрыманьні з боку насяленьня Полацкай зямлі, бо ў праціўным выпадку Усяслаў ня меў-бы ні людзей, ні сродкаў на працяг вайны, у якой побач з удачамі былі і значныя няўдачы. Эпоха Ўсяслава—гэроічны пэрыод у гісторыі Полацкае зямлі. Пасьля сьмерці Ўсяслава пачынаецца політычны заняпад Полацкае зямлі (1101).

Распад Полацкай дзяржавы. Пасьля сьмерці Ўсяслава Полацкая дынастычная дзяржава была падзелена паміж яго сынамі, якія мелі роўнае права на пэўную долю ў бацькаўскай спадчыне. Дзякуючы падзелу Полацкай зямлі паміж шасьцёх сыноў (Рогвалад, Давід, Барыс, Расьціслаў, Глеб і Раман), яна дзеліцца на ўдзелы, паміж якіх Полацк і Менск займалі першае месца. Еднасьць замежнай політыкі полацкіх князёў зьнікла. Полацкі Давід кіруецца на Кіеў, прымае ўдзел ня толькі ў паходзе супроць полаўцаў (1103), але і выступае ў саюзе з кіеўскімі князьмі супроць свайго брата Глеба менскага (1104). А апошні рабіў напады на смальнян і Тураўскую зямлю. Войска, якое паслаў Сьвятаполк Ізяславіч, спачатку нічога не дабілася. Глеб у далейшым цягу праводзіў політыку свайго бацькі. Ня гледзячы на тое, што Кіеўскі пасад дастаўся Уладзіміру Манамаху, які быў заінтарасованы у незачэпнасьці кіеўскіх і смаленскіх сваіх уладаньняў, і што полацкія князі былі выкінуты з Вялікага Воднага Шляху, — Глеб не пакідаў сваіх агрэсіўных намераў. У 1116 годзе Глеб напаў на Тураўскую і Смаленскую землі, захапіў Смаленск і спаліў Слуцк. Тады Уладзімір Манамах організаваў коаліцыю князёў супроць Глеба. Вячаслаў Уладзіміравіч Смаленскі заняў Воршу і Копысь. Брат яго Яраполк разграбіў Друцк; сам Уладзімір, асвабадзіўшы Смаленск, пакіраваўся на Менск, дзе засеў Глеб. Ня маючы сілы абараніць Менск, Глеб распачаў перагаворы з Уладзімірам Манамахам. Глеб згадзіўся быць „паслушным" Уладзіміру Манамаху і йзноў атрымаў сабе на княжаньне Менск, але Ворша і Копысь засталіся за Смаленскам. Менск быў пазбаўлены магчымасьці рабіць уплыў на кіеўскі гандаль. З такімі ўмовамі Глеб ня мог пагадзіцца. У 1119 г. пачынаецца новая вайна. Уладзімір Манамах зноў пашоў на Менск і забраў горад. Сам Глеб, папаўшы ў палон, быў прывезен у Кіеў. Менск падчыніўся Манамаху, які аддаў яго аднаму з сваіх сыноў. Падчыніўшы сабе Менск, Уладзімір Манамах не дабіўся згоды ў Полацкай зямлі. Давід Полацкі, трымаючыся кіеўскай орыентацыі, перастаў слухацца князя Мсьціслава Уладзіміравіча, які ў жніўні 1127 г. організаваў карную княжую экспэдыцыю супроць Давіда. Князі з войскам пакіраваліся ў розныя пункты Полацкае зямлі. На Заслаў’е пашло чатыры князі на чале з Вячаславам Уладзіміравічам Тураўскім. Ізяслаў Мсьціславіч пашоў на Лагожск. Расьціслаў Мсьціславіч Смаленскі пакіраваўся на Друцк. Апрача гэтага на Полацкую землю напаў Усевалад Мсьціславіч Ноўгарадзкі. Полацкая зямля з усіх бакоў была акружана ворагам. Капітуляцыя была няўхільна. Полацкае веча пастанавіла прынесьці ў ахвяру Давіда і прагнала яго з Полацку, пасадзіўшы на яго месца Рагвалода. Мсьціслаў згадзіўся з гэткай пастановай і завязаў з палачанамі мір. Але й новы князь Рагвалод ня лічыў барацьбу закончанай. Полацкія князі ў 1129 г. адмовіліся йсьці на полаўцаў, як_гэтага вымагаў ад іх Мсьціслаў. Калі закончылася барацьба з полаўцамі, Мсьціслаў пакіраваўся супроць полацкіх князёў. Князі Давід, Расьціслаў, Сьвятаслаў Усяславічы, Іван і Васіль Рагвалодавічы з жонкамі і з дзяцьмі былі захоплены і высланы ў ссылку ў Канстантынопаль. Полацкая зямля была аддадзена Ізяславу Мсьціславічу. Кіеўскі князь Мсьціслаў сьвяткаваў на сваім баку поўную перамогу. Зруйнованая і спустошаная працяжнымі войнамі Полацкая зямля не магла даць ніякага адпору. Політыка Ўладзіміра Манамаха і яго сына Мсьціслава, якія імкнуліся да таго. каб захапіць у свае рукі ўсю Кіеўскую дзяржаву, часова дала дадатныя вынікі. Пасьля сьмерці Мсьціслава, калі ўнутры Кіеўскай дзяржавы пачаліся няладзіцы, Ізяслаў Мсьціславіч пакінуў свой Полацкі ўдзел і пакіраваўся на поўдзень. У Полацкую зямлю пачынаюць варочацца з Грэцыі ранейшыя князі. У рэзультаце гэтага ўся Полацкая зямля, апрача Воршы і Копыся, была вызвалена з-пад кіеўскіх князёў. Прыбыўшыя князі падтрымлівалі прыяцельскія адносіны, як з Манамахавічамі, гэтак і з Ольгавічамі Чарнігаўскімі, галоўнымі княскімі фаміліямі, паміж якімі ўвесь час вялася бязупынная вайна навокал Кіева за ўладу і ўплыў. Барацьба Полацку і Кіева траціла сваё значэньне, бо Кіеўская дзяржава з прычыны заняпаду кіеўскага гандлю, пачала паступова схіляцца да заняпаду. Памяншэньне аўторытэту княжкай улады прычынілася да ўмацаваньня народнага веча.

Выдзяленьне Смаленскае зямлі. Смаленская зямля, дзякуючы свайму географічнаму палажэньню, была зьвязана з сярэднім Прыдняпроўем бліжэй, чымся Полацкая зямля, якая знаходзілася крыху далей. Уяўляючы сабой адасобленую тэрыторыю, Смаленская зямля знаходзілася ў залежнасьці ад кіеўскіх князёў, для якіх Смаленск, як гандлёвы і стратэгічны пункт, меў вельмі важнае значэньне. Пры жыцьці Яраслава Уладзіміравіча Смаленск атрымаў у князі яго сына Вячаслава, які фактычна быў пасаднікам кіеўскага князя. Вячаслаў застаецца ў Смаленску і пасьля сьмерці бацькі на правох краіннага князя. Пасьля яго сьмерці старшыя браты перадалі Смаленск Ігару Уладзіміру—Валынскаму, а пасьля сьмерці апошняга Смаленскае княства апынулася ў руках старэйшых трох братоў, якія падзялілі паміж сабой даходы з багатае краіны. Пасьля таго, як Ізяслаў быў выгнаны з КіКіева, і кіеўскі пасад перайшоў да Сьвятаслава, Усевалад атрымаў у компэнсацыю Смаленск, куды паслаў у якасьці пасадніка свайго сына Ўладзіміра Манамаха. У часе барацьбы Сьвятаполка Ізяславіча і Ўладзімера Манамаха з Алегам Сьвятаславічам, Смаленск пазбавіўся ўплыву Ўладзіміра Манамаха і заклікаў да сябе князем брата Алега—Давіда, які быў да апошняга часу князем у Ноўгарадзе. Аднак Смаленск ня доўга жыў самастойным жыцьцём. Любецкі зьезд вярнуў Смаленск Уладзіміру Манамаху, куды быў пасланы на княжаньне Сьвятаслаў Уладзіміравіч. Калі кіеўскі пасад быў заняты Ўладзімірам Манамаха.м (1113—1125), Сьвятаслаў быў пераведзены ў Пераяслаў, а на яго месца быў пасланы Вячаслаў Уладзіміравіч. Аднак апошні княжыў нядоўга. Уладзімір Усеваладавіч лічыў за лепшае трымаць у Смаленску пасаднікаў, але насьледнік Манамаха на кіеўскім стале, Мсьціслаў Уладзіміравіч, быў прымушаны адправіць на княжаньне аднаго з сваіх князёў—Расьціслава (1127), які зьявіўся пачынальнікам роду паасобнай галіны смаленскіх князёў.

Смаленск меў важнае значэньне ў барацьбе з Кіевам Усяслава Полацкага, які імкнуўся захапіць гэтак важны з экономічнага і стратэгічнага боку горад. У 1073 г. Ўсяславу ўдалося захапіць Смаленск, але паход Уладзіміра Ўсеваладавіча з Чарнігава на Смаленск прымусіў Усяслава пакінуць горад, спаліўшы яго перад тым. І ў барацьбе Глеба Ўсяславіча цэнтрам яго стратэгічнае ўвагі быў Смаленск, які яму ўдалося захапіць. Але Глеб быў прымушаны пакінуць горад з тае прычыны, што Ўладзімір Манамах аблажыў яго. Вызваліўшы Смаленск з-пад улады менскага князя, Уладзімір Манамах адыйшоў да самога Менску. Ня маючы сіл абараніць Менску, Глеб быў прымушаны прыняць усе ўмовы Манамаха. Дзякуючы гэтаму, Смаленская зямля пашырылася праз далучэньне Воршы і Копыся, якія мелі вялікае стратэгічнае значэньне на заходняй граніцы Смаленскае зямлі (1112). Спроба полацкіх князёў далучыць Смаленск да сваіх земляў закончылася няўдачай. Але гандаль, які разьвіваўся з Захадам па З. Дзьвіне, у значным стопню спрыяў цеснаму экономічнаму і політычнаму збліжэньню з суседняй Полацкай зямлёй. Політычнае выдзяленьне Смаленскае зямлі з складу Кіеўскае дзяржавы было фактарам, які зьмяншаў ранейшы антагонізм паміж Смаленскай і Полацкай землямі.

Выдзяленьне Турава-Пінснай зямлі. Тураўская зямля спачатку знаходзілася ў беспзсярэдняй залежнасьці ад Кіева. Географічнае палажэньне Тураўскай зямлі прымушала тураўскіх князёў не выпушчаць з сфэры свайго ўплыву гэтак важную ў экономічных і стратэгічных адносінах тэрыторыю. З гэтае прычыны Ўладзімір Першы пасадзіў тут на правох пасадніка свайго старшага сына Сьвятаполка. Гэтак сама паступіў і Яраслаў Уладзіміравіч, паслаўшы ў Тураў свайго старшага сына Ізяслава. Сам Ізяслаў кіраваў Тураўскай зямлёй праз сваіх пасаднікаў. Для Ізяслава Тураўская зямля мела вялізнае значэньне, як простая дарога ў Польшчу, па якой ён мог падтрымліваць ажыўленыя зносіны з апошняй і ў важны момант атрымліваць ваенную дапамогу ад польскага караля. Усевалад ня цікавіўся Туравам і аддаў горад на княжэньне Яраславу Ізяславічу, пасьля сьмерці якога там асеў яго брат Сьвятаполк, бліжэйшы кандыдат на кіеўскі пасад. Стаўшы вялікім князем. Сьвятаполк пакінуў за сабою Гураў. Але значэньне Турава зьмяншаецца з тае прычыны, што аслабелі культурныя і дыпляматычныя сувязі з Польшчай. Барацьба з вандроўнікамі, прыцягваючы да сябе ўвагу кіеўскіх князёў, якія гэроічнымі стараньнямі хацелі абараніць найважнейшыя інтарэсы Кіеўскае зямлі, адцягнула ўвагу кіеўскіх князёў ад Турава. Аднак Уладзімір Манамах трымаў Тураў у поўнай ад сябе залежнасьці. Але на пачатку княжэньня Мсьціслава Уладзіміравіча на тураўскім пасадзе паяўляецца малодшы яго брат Вячаслаў на правох самастойнага тураўскага князя, які зрабіўся зусім ненезалежным ад Кіева. Новае становішча Тураўскае зямлі ўмацавалася ў часе княжаньня Мсьціслава, замежная політыка якога была пакірована ў бок полаўцаў і Полацкае зямлі. Тураўская зямля знаходзілася воддаль ад пляцу барацьбы з палавецкімі і полацкімі фронтамі, магла ўмацаваць сваё становішча, але страціла сваё даўнейшае экономічнае і політычнае значэньне.

Вынікі. У палове XII ст. ўсе тры беларускія землі канчаткова выдзеліліся з складу Кіеўскае дзяржавы. Кожная з іх пачала жыць сваім уласным політычным жыцьцём. Гэта выдзяленьне ўжо было вызначана географічным палажэньнем кожнае краіны, але экономічны і політычны крызіс, які ў XII ст. перажывала Кіеўская дзяржава, прымусіў кіраўнікоў кіеўскага пасаду лічыцца з краіннымі організмамі і тым выдзяленьнем, якое фактычна адбылося. Агульны ўклад экономічнага і політычнага жыцьця ў Кіеўскай зямлі гэтак балючы для яе ў другой палове XII і першай чвэрці XIII ст., утвараў цяжкія ўмовы жыцьця для насяленьня Кіеўскай зямлі. Гэтая акалічнасьць прымушала насяленьне падацца ўгору па Дняпры ў Смаленскую землю. Гэты прыплыў насяленьня быў аднэй з крыніц таго экономічнага і політычнага росквіту, які гэтак характэрны для Смаленскае зямлі ў другой палове XII і ХІІ ст.