Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1928)/Часы кампаніі 1812 году

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Асьвета на Беларусі Часы кампаніі 1812 году
Лекцыя
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1928 год
Сялянскае пытаньне

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Часы кампаніі 1812 году.

Кампанія 12 году і падзеі, зьвязаныя з ёю, моцна адбіліся на жыцьці Беларусі. Беларусь, як і заўсёды пры імпэрыялістычных войнах Захаду і Ўсходу, зрабілася арэнаю барацьбы. Беларусь і Літва адразу зрабіліся тым месцам, дзе Расійская імпэрыя сканцэнтравала свае ўзброеныя сілы. 11 чэрвеня армія Наполеона, пераправіўшыся праз Нёман, уступіла на тэрыторыю Расіі. Яе тут чакала руская збройная сіла.

Рускае войска было разьдзелена на чатыры арміі з агульным лікам людзей у 243.000. Дзьве арміі былі за межамі Беларусі: адна на Украіне з галоўнаю кватэраю ў Луцку Валынскім, другая ў Малдавіі, на Дунаі. Дзьве арміі разьмясьціліся на тэрыторыі Беларусі. Першая армія складалася з 120.000 чалавек. Яна знаходзілася пад кіраўніцтвам Барклая-дэ-Толі і была раскватаравана паміж Расіёнамі і Лідаю. Галоўная кватэра арміі была ў Вільні. Пры гэтай арміі ў самым пачатку кампаніі знаходзіўся цар з сваім вялікім штабам. Другая армія складалася з 37.000 чалавек. Яна знаходзілася пад кіраўніцтвам Баграціёна і была раскватаравана паміж Нёмнам і Заходнім Бугам. Галоўная кватэра арміі была ў Ваўкавыску. Такім спосабам, мы бачым, што большасьць усёй узброенай рускай сілы была разьмешчана на Беларусі. З агульнага ліку рускага войска, каторае дахадзіла да 243.000, Беларусь зьмясьціла на сваёй небагатай тэрыторыі 157.000, што складала каля ⅔ усёй збройнай рускай сілы.

Гэты факт лёг вялікім экономічным цяжарам на працоўныя масы Беларусі. Рускае інтэнданцтва, як і заўсёды, больш апекавалася аб самым сабе, аб царскім прагавітым штабе і галоўных кватэрах армій. Салдаты галадавалі. Ратуючыся ад голаду, яны павінны былі самі думаць аб сабе—рабаваць мясцовае сялянства. Рабункі не перарываліся на працягу ўсёй кампаніі. Апроч таго, значная частка харчовага ўтрыманьня арміі была ўзвалена на мясцовыя сродкі і законнымі пастановамі. Аб гэтым былі выданы вайсковымі ўладамі загады. На аснове цэлага шэрагу загадаў кожны селянін павінен быў загатаваць вядомую колькасьць продуктаў для арміі. Дзякуючы ўсяму гэтаму беларускае сялянства апынулася ў вельмі цяжкім палажэньні. Вядома, напрыклад, што ў паўднёвых паветах Віленшчыны сялянства засталося зусім бяз хлеба і дашло да таго, што кармілася ўсялякімі сурогатамі, што выклікала хваробы і высокую сьмяротнасьць сярод жыхарства.

Кампанія, як вядома, адбывалася на Беларусі летам і ўвосень, у самы рабочы час. Апроч таго, што край руйнаваўся, рабочыя сілы адцягваліся ад штодзённай вяскова-гаспадарчай працы, перарывалася работа селяніна, што давала хлеб на цэлы год. На падставе вайсковых прыказаў "усе дарослыя мужчыны, што маюць аселасьць каля граніцы, павінны быць узброены пікамі і трымаць грамадзкія варты". З другіх дакумэнтаў мы бачым, што такія грамадзкія варты былі ўтвораны па ўсей Беларусі.

Пастаяўшы некалькі месяцаў і значна спустошыўшы край, руская армія пачала адыходзіць на ўсход, адступаючы перад францускай арміяй. З палавіны чэрвеня на Беларусі зьявіліся першыя авангарды францускай арміі. Да сярэдзіны ліпеня амаль што ўся налолеонаўская армія, у каторай налічвалася каля 500.000 салдат, увайшла на Беларусь. Потым часткамі яна пасунулася на ўсход за рускай арміяй. Даволі вялікі кавалак яе застаўся на абшарах Беларусі, як запасны рэзэрв. Зноў ідзе рабаваньне і спусташэньне тэрыторыі. Продукцыйная творчая праца зноў перарываецца. Рабункі амаль што ня ўсходзяць у сыстэму. Перад намі цэлы рад запісак сучасьнікаў. Запіскі запоўнены дакладнымі апісаньнямі гэтых рабункаў. Мы возьмем тут для прыкладу найбольш тыповыя з апісаньняў. Вось перад намі ліст віленскага памешчыка Эйсмонта. «Войскі (францускія), заняўшы ваколіцы гораду (Вільні), адразу зьнішчылі ваколічныя з горадам абыватальскія дачы, а ў ліку іх і маю дачу, што была каля гораду, пад назваю Маркоцьце. Яны забіралі ўсю, што была там, провізыю, быдла, коні, усялякую рухомую маёмасьць, разьбівалі дзьверы, вокны і мэблі ў будынках. Каб давяршыць канчаткова руйнаваньне, кавалерыя скасіла ўсё дваровае і сялянскае збожжа на корм коням. Такім спосабам, на працягу аднэй гадзіны згубіў я ўсё, а сяляне мае, разагнаныя з хат, ратаваліся тым, што ўцякалі ў горад; іх я пры вялікай дарагоўлі і недахватах прымушан быў харчаваць у горадзе. Свае ўбыткі я тады вылічаў на 4.000 р. срэбрам (К. Военский. Акты, документы и материалы для истории 1812 года, т. І, стр. 416). Мы ня верым, што пан Эйсмонт харчаваў мужыкоў у горадзе, але трэба згадзіцца, што страты, каторыя панёс ён і яго сяляне ад рабунку францускай арміі, былі не малыя. А вось яшчэ перад намі: «Записки помещика Виленской губернии». Там (стар. 21), паміж іншым, апавядаецца такі факт: «Памешчык К. Дзісьненскага павету, каторы схаваў сям’ю ў бясьпечным месцы, а сам асабіста спаткаў французаў, хацеў пачаставаць іх, але яны абабралі яго ды пакінулі ў аднэй бялізьне. У такой вопратцы памешчык быў прадстаўлен нэапольскаму каралю, які зьявіўся праз некалькі гадзін пасьля гэтага няпрыемнага здарэньня». Вывад ясны: калі так рабавалі паноў, то аб «мужыкох» і гаварыць ня прыходзіцца; калі пан мог яшчэ знайсьці абарону, то селяніну заставалася толькі цярпець.

Разам з францускай арміяй зьявіліся на Беларусі і мародзёры. Вельмі трудна падлічыць, колькі іх было. Паводле некаторых францускіх зьвестках лік мародзёраў на тэрыторыі Літвы і Беларусі даходзіў да 25.000. Гэтая цыфра вельмі і вельмі прыблізная, бо само сабою зразумела, што мародзёр ёсьць тып, каторы не падлягае зусім цьвёрдаму падліку. Сяляне ўцякалі часткаю ў гарады, як гэта відно з вышэйпаданага, найчасьцей яны хаваліся з сваёю рухомаю і нярухомаю маёмасьцю ў лясы і балоты, куды ня мог дайсьці ні францускі жаўнер, ні мародзёр. Асабліва скардзілася беларускае сялянства на баварцаў і вэстфальцаў, каторых яно называла «паварцамі» і «бяспальцамі». Успамінак аб іх доўга аставаўся ў беларускай вёсцы. Трэба сказаць, што рабункі не прыпыняліся на ўсім працягу кампаніі 12-га году.

У часы наполеонаўскай кампаніі разьвіваюцца мясцовыя політычныя падзеі, зьвязаныя з адраджэньнем вялікай Польшчы «ад мора да мора». Шляхта ў Польшчы і на Беларусі, не здавальняючыся Варшаўскім гэрцогствам, чакае, што Налолеон пашырыць тэрыторыю гэрцогства, да «належных» разьмераў. Расьце вера ў зару Наполеона. „Wszyscy pewni zwycięstwa, wołają ze łzami: Bóg jest z Napoleonem, Napoleon z nami“. («Пан Тадэуш», Міцкевіча). Пасьля таго, як францускія войскі занялі Польшчу і Беларусь, кароль саксонскі і гэрцог варшаўскі склікае ў Варшаве конфэдэрацыйны сойм, каторы ставіць пытаньні, зьвязаныя з новым палажэньнем Польшчы. Першаю пастановаю скліканага сойму быў «Акт аб аднаўленьні і незалежнасьці старажытнага каралеўства Польскага», каралеўства ў тых граніцах, у каторых яно існавала да падзелаў.

Пераправа праз Бярэзіну.

Праз нейкі час, 1 ліпеня, зусім неспадзявана для Варшавы, якая марыла аб прылучэньні літоўска-беларускіх зямель да Польскага каралеўства, Наполеон выдаў дэкрэт аб утварэньні Вялікага Княства Літоўскага. На аснове дэкрэту быў утворан часовы урад княства пад назваю—Галоўны Комітэт кіраўніцтва княствам, каторы формальна лічыцца незалежным ад Варшавы, але па настроі сваіх сяброў зусім не зьяўляецца незалежніцкім. Комітэт складаўся з 7 сяброў; на чале асьветы быў пастаўлен рэктар унівэрсытэту Сьнядэцкі. У склад княства ўваходзілі губэрні—Віленская, Горадзенская, Менская і вобласьць Беластоцкая. Урад як Польшчы, так і Літоўскага княства вельмі баіцца лібэральнага, вызваленчаскага настрою Наполеона ў адносінах да сялянскага пытаньня, бо ён складаецца з магнацтва і панства, катораму яшчэ патрэбна прыгонная праца селяніна. Што датычыць да самога сялянства, то яно, карыстаючы з моманту, вельмі часта выяўляе нездаваленьне сваім палажэньнем. Сялянскае пытаньне становіцца вастрэйшым.

Адразу-ж пасьля дэкрэту аб утварэньні Вялікага Княства Літоўскага, польскія патрыёты на Беларусі пачынаюць падгатаўляць «добравольнае» прылучэньне княства да Кароны. У розных мясцовасьцях Літвы і Беларусі організуюцца і адбываюцца акты прылучэньня да Польшчы, пачынаючы з 14 ліпеня. Урачыстасьці, зьвязаныя з актамі прылучэньня, носяць шляхецка-клерыкальны характар і прыстасоўваюцца да галоўнейшых гарадоў Беларусі, як, напрыклад, Вільня, Менск, Горадня, Пінск і г. д. У Менску акт прылучэньня адбываецца 19-га ліпеня, у катэдральным касьцёле. Раней адпраўляецца імша, потым — малебен, гавораць ксяндзоўскія прамовы, і падпісваецца акт канфэдэрацыі. Зьмест акту такі: «Мы, абываталі польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага, што жывем у яго вобласьці, каторая за часы няволі была названа Менскай губэрняй,—шляхта, духавенства, мяшчане, сяляне і ўсякага стану людзі перад богам і ўсім грамадзянствам сьведчым, што, вызваленыя з ярма маскоўскай няволі і вернутыя да нашай бацькаўшчыны, мы, як толькі даведаліся аб утварэньні канфэдэрацыі ўсяго польскага каралеўства, жадаючы як наймацней зьвязацца сэрцам і зброяю з нашымі братамі, злучаемся добраахвотна, аднамысна і неразрыўна праз сягонешні ўрачысты акт з конфэдэрацыяю польскага каралеўства».

Усе гэтыя ўрачыстасьці для шырокіх працоўных мас былі пустым гукам. Наполеонаўскі імпэрыялізм, пацешыўшы польскае і беларуска-літоўскае шляхецтва політычнымі бразготкамі, вымагаў ад шырокіх мас новых гаспадарстваў матар'яльнай для сябе карысьці. Усе невялікія сілы новаўтворанага літоўска-беларускага Часовага ўраду пакірованы не на палепшаньне экономічнага стану Літвы і Беларусі, а на вышукваньне матар’яльных сродкаў вялікай арміі Наполеона і на папаўненьне яе ліку. Край павінен быў напружыць свае падарваныя сілы, каб здаволіць ваяўнічыя інтарэсы Наполеона. Увесь час ідуць сыстэматычныя харчовыя паборы з насельніцтва Беларусі. Вядома, напрыклад, што з аднаго толькі Віленскага дэпартамэнту было выдана для наполеонаўскай арміі 200.000 пудоў жыта, 200.000 пудоў аўса, 18.000 пудоў сена і 18.000 пудоў саломы. Разам з тым на ўтрыманьне Францускай арміі ў сялян бралі шмат быдла: Віленскі дэпартамэнт, на прыклад, павінен быў даставіць у інтэнданства 10.000 валоў. А тут падашла і рэкрутчына: на Віленскі дэпартамэнт быў вызначаны лік у 3.000 рэкрутаў. Крыху пазьней мы бачым, што па запатрабаваньню францускага камандваньня, што прышло з Масквы, Літва і Беларусь да верасьня павінны былі даставіць 150.000 злотых і 1.000 коняй.

Усе гэтыя паборы ляглі вялікім цяжарам на зруйнованы край. Сярод жыхарства пачынаецца голад, за голадам ідуць яго верныя хаўрусьніцы— хваробы. Найраней зьяўляецца крываўка, за ёю йдзе халера. Сьледам за імі пачынае касіць жыхароў тыфус, каторы ў тыя часы быў вядом пад назваю гнілой гарачкі. Пазьней пачынае хадзіць па вынішчаным зьбяднелым краі цынга. Адным словам, наполеонаўская незалежнасьць і «добрахвотнае» злучэньне з Варшаўскім гэрцогствам вельмі дорага абышліся для Літвы і Беларусі.

Паміж тым, агульныя падзеі кампаніі 12 году йдуць сваёю чаргою. Наполеонаўская армія, зрабіўшы слаўны паход, уваходзіць у безабаронную Маскву. Тут яна дэморалізуецца, губіць сувязь з сваёю заходняй базай і вельмі хутка нястройным натаўпам адходзіць назад па тым шляху, каторы сама яна спустошыла. У сярэдзіне лістапада адбываецца на Беларусі добра вядомая Бярэзінская катастрофа, якая зруйнавала дашчэнту францускую армію. Організованай арміі засталося толькі каля 10.000 чалавек, пры 24 гарматах. Рэшта, у некалькі сот тысяч чалавек, неорганізованым, галодным, разьдзетым і разутым натаўпам, як шаранча, пакрывае Беларусь. Беларусь перажывае ўсе жахі неорганізованага, масавага адступленьня шматтысячнай арміі. Раней каля Ашмян, потым каля Вільні пачынаюць сваю дзейнасьць партызаны Сеславіна. Лічачы ўсё мясцовае жыхарства хаўрусьнікамі французаў, яны вядуць сябе на Беларусі, як у забраным краі.

У канцы лістапада і пачатку сьнежня 1812 году на тэрыторыю Беларусі зноў увашла руская армія на чале з Кутузавым. Праўда, армія увашла ў меншым ліку, чым яна была тут першы раз. Яна налічвала ў сваім складзе каля 28.000 людзей, пры 200 гарматах. Матар'яльны стан рускай арміі быў кепскі, хоць яна і атрымала перамогу над Наполеонам. Што гэта так, відно з пісьма афіцэра таго часу: «Апроч двух-трох салдацкіх кашуль, ужо старых і нягодных, другой бялізны ў мяне амаль што няма. Пэнсія ўжо за цэлы год не атрымана. Дый што можна зрабіць з нашай пэнсіяй, калі за ўсю пэнсію, г. зн. за 280 рублёў, давалі ў Вільні 11 чырвонцаў, каторых ледзьве на два тыдні хапала, каб купіць на іх харчоў. (Бартенев. Бумаги, относящиеся к войне 1812 года, ч. І, стр. 85). Калі так жылі афіцэры, то аб салдатах і гаварыць ня прыходзіцца—ім жылося куды горш. Ясна, што армія у такім стане павінна была здабываць дадатковыя сродкі на сваё існаваньне на месцы і лягла вялікім цяжарам на зруйнаваны край.

Беларусь узімку 1812-13 году і вясною 1813 году яўляла з сябе смутны малюнак. Яна ўся была пакрыта трупамі, што засталіся ад вялікай імпэрыялістычнай вайны. Трупамі найчасьцей працоўнай масы ўсялякіх краёў і народаў, не выключаючы і самых беларусаў, былі ўсыпаны шляхі, лясы і палі краю. «Пачынаючы ад Вязьмы, а найбольш ад Смаленску да Вільні шлях быў пакрыт трупамі. Выпадкова я палічыў трупы на 1 вярсьце: іх было 101». (Записки о 1812 г. Н. Муравьев). «На працягу аднэй вярсты я налічыў 148 чалавечых трупаў і 76 конскіх». (Записки о 12 годе. Левенштерн). Перад вясною 1813 году, баючыся заразы, менскі губарнатар у мясцох бітваў і пераправы праз Бярэзіну спаліў 24.000 трупаў. У гэты-ж самы час у Вільні і яе бліжэйшых ваколіцах было спалена 80.000 трупаў. А вось перад намі малюнак Віленскага базыліянскага траецкага манастыру ў канцы кампаніі 12 году. «Усе дзіркі разьбітых вакон былі заткнуты рукамі, нагамі, тулавамі й галовамі мерцьвякоў, каб уратаваць жывых ад прытоку халоднага паветра. І ў гэтых памяшканьнях, напоўненых цяжкім духам, ляжалі гаротныя і хворыя раненыя, асуджаныя на гібель». (Шильдер. Александр І, т. ІІІ. стр. 136). Так канчала жыцьцё наполеонаўскае «гарматнае мяса» на Беларусі, каторая апынулася ў палажэньні трупярні для аднаго з эпізодаў тагочаснай сусьветнай бойні.

На гэтым падзеі, зьвязаныя з 1812 годам, ня скончыліся, Руская армія супроць волі Кутузава, па загаду імпэратара, была пакірована ў Заходнюю Эўропу, каб «вызваляць» яе ад уціску Налолеона. Гэтае «вызваленьне» гучэла горкаю насьмешкаю: рускі запрыгонены селянін ішоў «вызваляць» Эўропу, каторая як-ніяк перажыла Вялікую Францускую рэволюцыю. Зноў ставіцца на парадак дзённы польскае, з разам з ім і беларускае пытаньне. На гэтую тэму пачынае вясьціся перапіска паміж Аляксандрам І і А. Чартарыскім. Плян Чартарыскага прапануе ўтварыць польскае каралеўства, уключыўшы ў яго склад Беларусь і Літву і зьвязаўшы яго дынастычна з Расіяй праз абраньне польскім каралём наймалодшага брата Аляксандра І, Міхаіла Паўлавіча. Плян Чартарыскага быў адкінут імпэратарам. Былі вызначаны дзьве прычыны, каторыя перашкаджалі гэтаму. З аднаго боку, проці палякаў утварыўся сярод камандных кругоў імпэрыі варожы настрой: палякі падтрымлівалі Наполеона і разам з ім прыходзілі нават руйнаваць «сэрца Расіі» Маскву,—у вадносінах да іх трэба прыняць рэпрэсіі, а не памагаць зьберагчы ўласнае гаспадарства. З другога боку, падтрыманьне польскага гаспадарства выклікае непаразуменьне ў чужаземнай політыцы: гэтым будуць нездаволены Аўстрыя і Прусія, якія трымалі ў сваіх руках другія часткі былой Рэчы Паспалітай, а Аўстрыя і Прусія якраз у бягучы момант зьяўляліся хаўрусьнікамі Расіі ў змаганьні з Наполеонам. Тым ня менш рускі урад ня хоча выкараняць сярод польскіх політычных дзеячоў думку аб польскай дзяржаўнасьці, бо яму яшчэ Польшча патрэбна, як буфэр, пры магчымай барацьбе з Наполеонам. Аляксандар І дае параду польскім патрыотам, каб яны пастараліся «заслужыць давер’е рускага грамадзянства і самі мелі давер’е да расійскага ураду ў яго асобе».

Тую самую думку выказвае Аляксандар І і ў 1814 годзе польскім дэлегатам, каторыя зьявіліся віншаваць цара з перамогаю над Наполеонам. Цар кажа, што рускі урад даруе і забывае здраду польскага шляхецтва, што ён хоча бачыць край, каторы яны тут прадстаўляюць, спакойным, здаволеным і шчасьлівым. «Яшчэ крыху цярплівасьці, і ўсе вы будзеце здаволены мною», так канчаецца адказная прамова Аляксандра І да польскіх дэлегатаў.

У канцы 1814 і пачатку 1815 году ў Вене адбываецца вядомы агульна-эўропэйскі конгрэс. Руская дыплёматыя дамагалася тут зьберагчы гэрцогства Варшаўскае ў яго старых межах і ўзяць яго пад свой протэкторат, іначай кажучы, захапіць яго з рук Налолеона ў свае. Дамаганьні Расіі посьпеху ня мелі. Частка гэрцогства была аддадзена Прусіі, частка—Аўстрыі, а частка была выдзелена ў Кракаўскую рэспубліку. З рэштак была сформавана так званая «конгрэсавая Польшча» пад протэкторатам Расіі. У сярэдзіне траўня 1815 году адбываецца ўрачыстасьць абвяшчэньня польскага каралеўства. Каралём абіраецца Аляксандар І, чым утвараецца дынастычная вунія Польшчы з Расіяй. Намесьнікам сваім у Польшчы рускі цар і польскі кароль назначае свайго брата Канстантына Паўлавіча. Новаму каралеўству даецца права мець сваю армію, бясьпечную для Расіі. Спосаб кіраваньня ў конгрэсавай Польшчы—прадстаўнічы, з разьдзелам улады на законадаўчую і выканаўчую. Законадаўчая ўлада належыць да сойму, каторы, як і раней, складаецца з дзьвёх палат. Вышэйшая палата— сэнат, каторы набіраецца з магнацтва і вярхоў духавенства. Ніжэйшая палата—пасольская ізба, каторая набіраецца з шляхты. Выканаўчая ўлада належыць да караля і яго намесьніка, каторы зьяўляецца разам з тым і старшынёю рады міністраў. Міністры назначаюцца і кантралююцца каралём. Літва і Беларусь, абвешчаныя Наполеонам незалежным Вялікім Княствам Літоўскім і «дабрахвотна» далучаныя шляхтай да Польшчы ў ліпені 1812 году, уключаюцца зноў у лік губэрань імпэрыі.

Зразумела, што польскія патрыоты нездаволены новым сваім куртатым гаспадарствам і яго констытуцыяй, каторая аддавала польскае каралеўства ў рукі царскага расійскага самаўладзтва, якое ўзлажыла на сваю галаву польскую каралеўскую карону. Беларускае шляхецтва, як і раней, цягнецца да Польшчы. У гэтым кірунку выхоўваецца на Беларусі і шляхецкая моладзь, каторая вучыцца ў Віленскім унівэрсытэце і школах Віленскае Акругі. Вучэбныя ўстановы паранейшаму знаходзяцца ў руках польскіх патрыётаў. Цікава тое, што і Аляксандар І ня раз выказваўся ў тым сэнсе, што прылучэньне Літвы і Беларусі да Польскага каралеўства—магчымая рэч; што толькі опозыцыя рускіх «патрыотычных», консэрватыўных кол, на чале каторых стаяў Карамзін, перашкаджае пакуль што зьдзейсьненьню гэтага акту. Адным словам, рускі урад падтрымоўваў польскі патрыотызм беларускай шляхецкай інтэлігэнцыі.


А опозыцыя ў Варшаве ў сойме паміж тым расьце. Апроч таго, пачынаючы з кампаніі 12 году, як у Польшчы і Беларусі, так і у самой Расіі ідзе хуткі рост патайных організацый, варожых да рускага самаўладзтва. Дзейнасьць іх з 20-х гадоў робіцца вядомай ураду, каторы пачынае непакоіцца. Ідуць рэпрэсіі ў адносінах да патайных гурткоў у Польшчы і Беларусі. Абмяжоўваецца констытуцыя Польшчы, што ўсё разам выклікае эміграцыю польскіх патрыётаў заграніцу. Паступова гатуюцца сілы для паўстаньня 1831 году.