Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1928)/Асьвета на Беларусі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Урад і яго адносіны да Беларусі ў першай чвэрці XIX сталецьця Асьвета на Беларусі
Лекцыя
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1928 год
Часы кампаніі 1812 году

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Асьвета на Беларусі.

Маніфэстам ад 8-га верасьня 1802 году замест старых пятроўскіх колегій былі ўтвораны міністэрствы, лікам — восем. На чале іх былі пастаўлены асобныя міністры, асабіста адпаведныя перад царом кожны за сваё міністэрства. Паміж імі было ўтворана міністэрства асьветы, каторае паводле маніфэсту павінна было мець сваёю мэтаю «выхаваньне моладзі і пашырэньне навук». На чале тых міністэрстваў, каторыя ўрад лічыў вельмі адказнымі, былі пастаўлены члены Інтымнага Коміітэту. Такім міністэрствамі былі прызнаны—унутраных спраў, (міністр Качубей, яго таварыш—Строганаў) і чужаземных спраў (таварыш міністра Чартарыскі).

У сувязі з утварэньнем міністэрства асьветы ўся імпэрыя была падзелена на вучэбныя акругі, у склад каторых уваходзіла па некалькі губэрань. У 1803 годзе (24 студзеня) была вызначана і Віленская вучэбная акруга. Яна займала вялізарны раён, у склад яе ўваходзіла і Беларусь. Яе складалі такія губэрні: Віленская, Ковенская, Горадзенская, Менская, Віцебская, Магілёўская, Валынская, Падольская і Кіеўская. На чале вучэбных акруг у Расіі былі пастаўлены так званыя папячыцелі, на чале Віленскае акругі—куратар, што і значыць у перакладзе з лацінскай мовы—«папячыцель». Пасаду куратара Віленскае вучэбнае акругі заняў таварыш міністра чужаземных спраў, член інтымнага Комітэту, польскі патрыот А. Чартарыскі. Такім спосабам, пад польскім уплывам апынуліся дзьве вельмі важныя справы—кіраваньне дыпляматыяй і выхаваньне моладзі на Беларусі і частцы Украіны. На дапамогу Чартарыскаму, як куратару, прышлі такія самыя польскія патрыёты, як і ён сам, — Тадэуш Чацкі і ксёндз Гуго Калантай.

Калантай, ня гледзячы на свой духоўны стан, быў прыхільнікам ідэй Вялікай францускай рэволюцыі. Гэты здольны і энэргічны чалавек у Польшчы быў правадніком ідэй рэволюцыі. У 70-ыя годы Калантай прымае чынны удзел у працы Адукацыйнай Комісіі. З 90-ых гадоў ён робіцца правадыром соймавых «патрыотаў»—лібэралаў і зьяўляецца праўдзівым тварцом канстытуцыі 1791 году. Потым ён прымае удзел у вапошняй барацьбе Польшчы за незалежнасьць. Пасьля ліквідацыі паўстаньня Калантай уцёк у Аўстрыю, дзе яго заарыштавалі і пасадзілі ў турму. Вызвалены з турмы па просьбе рускага ураду, ён прыехаў на Валынь і быў ідэёвым памочнікам Чартарыскага. Фактычным памочнікам Чартарыскага быў Т. Чацкі, польскі вучоны і грамадзянскі дзеяч. Асноўнай яго думкай было дапасаваньне школы да рэальных патрэб жыцьця. У такім кірунку ён, разам з Калантаем, напісаў вучылішчны статут для Віленскае акругі.

Ніжні замак у Вільні ў канцы XVIII в.

Дзякуючы пэдагогічнай працы гэтых дзеячоў, ідзе выхаваньне моладзі на Беларусі ў польскім патрыотычным кірунку. Польскія патрыоты ўскладаюць вялікія надзеі на Віленскую вучэбную акругу. Вельмі цікава прывясьці тут вынятак з ліста польскага дзеяча Францішка Дмахоўскага да г. Калантая: «Пад рускаю уладаю нам (паляком) адкрываюцца добрыя для нас умовы. Разам з тым арганізацыя ў выбары здольных палякоў на месцы настаўнікаў зробіць тое, на што толькі можна спадзявацца ў даным выпадку». І ў самай рэчы, трэба прызнаць, што польскія культурнікі момант скарысталі.

У 1802 годзе Чартарыскі атрымаў ад рускага ураду даручэньне напісаць статут для Віленскага унівэрсытэту і іншых школ акругі. Да вясны 1803 году статут ужо гатовы, і 18 траўня зацьвярджаецца Аляксандрам І. На аснове статуту Віленская езуіцкая акадэмія, заложаная яшчэ ў 1570 годзе, абарачваецца ў унівэрсытэт. На ўтрыманьне унівэрсытэту і ўстаноў акругі быў назначан фундуш у 1.580.000 польскіх злотых, што давала моцны грунт для іх існаваньня. Унівэрсытэт складаецца з чатырох факультэтаў: фізыка-матэматычнага, мэдыцынскага, навук маральных і політычных і навук філёлёгічных і мастацтва. Першымі організатарамі і рэктарамі унівэрсытэту былі Страйноўскі і Сьнядэцкі. Яны трацілі шмат энэргіі, каб прыцягнуць на унівэрсытэцкія катэдры лепшыя сілы з заграніцы. Унівэрсытэт атрымлівае права раздаваць вучоныя ступені і пасылаць за межы імпэрыі выдатнейшых прафэсараў і студэнтаў. Ён мае пад сваім кіраўніцтвам усе школы акругі; унівэрсытэцкая рада праз кожныя чатыры гады адбірае дырэктароў і загадчыкаў вучылішч і падае кандыдатаў на зацьвярджэньне куратара акругі. Адным словам, унівэрсытэт нясе як вучэбна-навуковыя, так і адміністрацыйныя абавязкі. У гэтых адносінах ён пабудован паводле прынцыпаў польскай Адукацыйнай Комісіі, згодна з каторымі ў ранейшыя часы ўсе школы ў Кароне былі пад кіраўніцтвам Кракаўскай акадэміі, а школы на Літве і Беларусі—пад кіраўніцтвам Віленскай акадэміі.

Пасьля прыёму унівэрсытэтам школ акругі, вызначылася, што ўсяго пад яго даглядам маецца зарэгістрованых яшчэ раней 70 школ. Большасьць школ (45) утрымлівалася на кошты каталіцкага духавенства. Некалькі школ жылі на сродкі вуніятаў-базыліян. Унівэрсытэт, атрымаўшы школы, пачаў барацьбу з тым езуіцкім настроем, каторы прышчапляла ім сотні год Віленская акадэмія. З вучэбных гадзін у школах было выкасавала выкладаньне навукі аб рэлігіі. Рэлігія выкладалася толькі ў нядзелю перад набажэнствам на працягу паўгадзіны, дзеля гэтага колькасьць веды па рэлігіі была значна зьменшана. Было дадзена месца выкладаньню моралі, аснованай не на бібліі, а на прыродзе чалавека. Была зьвернута вялікая увага на фізычнае выхаваньне моладзі. Фізычныя практыкаваньні былі прызнаны абавязковымі для ўсіх вучняў. Асабліва рэкамэндаваліся практыкаваньні ваенныя, каторыя мелі на увазе шляхецкі склад вучняў школ. Школы былі разьдзелены на шасьціклясовыя й трохклясовыя, тым ня менш курс навучаньня ўва ўсіх школах быў шасьцігадовы. Шэсьціклясовая школа мела 6 настаўнікаў і рабіла прыём кожны год; трохклясовая—мела 3 настаўнікаў і рабіла прыём праз год. Шасьціклясовыя школы былі ў губэрскіх гарадох, трохклясовыя—у павятовых. У програму школ было ўведзена выкладаньне рускай мовы. Некалькі шасьцігадовых школ было адчынена новых. Народных школ, каторыя-б абслужвалі сялянства й рабочы люд, зусім ня было. Было некалькі й жаноцкіх школ, выключна пры манастырох. Ува ўсіх амаль школах выкладовая мова была польская, толькі ў асобных школах ува ўсходніх губэрнях Беларусі можна было спаткаць школы з выкладоваю рускаю моваю. Само сабою зразумела, што пры такіх умовах адбывалася аканчальная полёнізацыя тагочаснай беларускай інтэлігенцыі, якая складалася з шляхты. Гаварыць аб полёнізацыі беларускага сялянства ня прыходзіцца затым, што польская школа была недаступнаю для панскага «быдла», у юрыдычным стане якога быў селянін.

Віленскі унівэрсытэт робіцца культурным і організацыйным центрам тагачаснай беларускай полёнізаванай інтэлігенцыі, каторая, як мы казалі, найчасьцей складаецца з сярэдняй і дробнай шляхты і часам з мяшчанскіх элемэнтаў. Пры унівэрсытэце ўтвараюцца польскія патрыотычныя арганізацыі моладзі, у каторых усё-ж такі трэба адзначыць прысутнасьць мясцовага беларускага колёрыту.

Марцін Пачобут, рэктар Віленскага унівэрсытэту (1728—1810 г.)

Найраней утвараецца гурток «Шубраўцаў», што існаваў напоўлегальна. Ён легалізуецца унівэрсытэтам толькі ў 1817 годзе. Гурток выдае часопісь пад назваю «Брукавыя Ведамасьці». Як відаць з статуту, гурток ставіць сваёю мэтаю пашырэньне сярод моладзі замілаваньня да асьветы, цьвярозага жыцьця, разьвіцьця працаздольнасьці і другія моральныя заданьні. Шлях, каторым «Шубраўцы» ідуць да сваёй мэты,—гэта сатыра, каторая павінна рабіць свой уплыў на моладзь і грамадзянства праз друк «Брукавых Ведамасьцяй». Шубраўцы напамінаюць нам адзін рускі тагачасны гурток «Арзамасцаў», розьнячыся ад яго сваёй лепшай організацыяй і больш сталымі мэтамі. Гурток «Шубраўцаў» мае сваю пячатку: вянок з дубовых лісьцяў, у сярэдзіне каторага былі скрыжаваны лапата й мятла. Пячатка, такім спосабам, была эмблемаю працы гуртка, каторы вычышчаў і вымятаў з жыцьця ўсякае сьмецьце. «Брукавыя Ведамасьці» выходзілі раз на тыдзень у суботу. За пяць год (1817—1822) існаваньня іх вышла 287 нумароў, што складае каля 150 друкаваных аркушаў. Артыкулы ведамасьцяй пісаліся як «Шубраўцамі», так і членамі другіх студэнцкіх гурткоў, што існавалі пры унівэрсытэце. «Шубраўцы», апроч пісаных мэт, бябязумоўна ставілі сабе й патрыотычныя мэты, зьвязаныя з адбудаваньнем Рэчы Паспалітай.

Адначасна з гуртком „Шубраўцаў“ нелегальна існуе організацыя так званых „філёматаў“ (аматараў навукі). У ліку яе заснавацеляў былі А. Міцкевіч, Тамаш Зан, Ян Чачот, Ян Яжоўскі, Твардоўскі і інш. Мэта „Філёматаў“ — „шляхам добрай адукацыі палепшыць стан бацькаўшчыны“. Пад бацькаўшчынай організацыя разумела Беларусь, як пагранічную провінцыю Рэчы Паспалітай. Організацыя распадаецца на асобныя гурткі. Наймацнейшы быў фізыка-матэматычны гурток, на чале каторага стаялі Т. Зан і Твардоўскі. Побач з ім існаваў гурток моральных навук (права, адміністрацыя, тэолёгія, філёзофія і гісторыя). Да гэтага гуртка належаў вядомы польскі гісторык і барацьбіт за адраджэньне Польшчы, Лелевэль. Апроч таго, яшчэ працаваў гурток вольнага мастацтва (поэзія, мова, малярства, музыка й г. д.). На чале гуртка раней стаяў вядомы польскі поэта Міцкевіч, а пасьля таго, як ён выбыў з унівэрсытэту, яго месца заняў вядомы працаўнік беларускага руху, Ян Чачот. Дзякуючы нязгодзе сярод сяброў організацыі, гурткі „філёматаў“ пачынаюць к 1810 году раскідацца.

Ян Чачот.

На руінах гурткоў „філяматаў“ праз нейкі час вырастае легальная організацыя „Праменістых“, ад слова „прамень“. Закладчыкам організацыі быў Тамаш Зан з шасьцьма таварышамі, сярод каторых быў і Адам Міцкевіч. Старшынёю організацыі быў Я. Яжоўскі, сакратаром — Петрашкевіч. Організацыя мае статут з 15 артыкулаў, напісаны Т. Занам разам з другімі сябрамі й зацьверджаны рэктарам унівэрсытэту Малеўскім. Пры зацьвярджэньні організацыі рэктар зазначыў, што ён спадзяецца, што яна будзе навучаць студэнтаў шчыра выконваць свае абавязкі. Для далейшага існаваньня „Праменістых“ ён паставіў умову, каб організацыя была выключна студэнцкай. Сваёю легальнаю мэтаю „Праменістыя“ ставілі інтэлектуальнае і моральнае разьвіцьцё студэнтаў. На сходах чыталіся рэфэраты на літаратурныя і навуковыя тэмы, абгаварвалі пытаньні аб пашырэньні асьветы сярод моладзі, аб організацыі для сяброў разумных і карысных гулянак. Тайнаю мэтаю «Праменістых», як і ранейшых гурткоў, было політычнае выхаваньне моладзі ў польскім патрыотычным кірунку. Гэтая мэта была вядома толькі асяродку організацыі. Гурткі «Праменістых» пачалі хутка расьці. Вясеньнія часы выкарыстоўваліся гурткамі для наладжваньня загародных пагулянак, каторыя абхаплялі цэлыя сотні моладзі й давалі ёй магчымасьць ухіляцца ад надзораў унівэрсытэцкага і поліцэйскага начальства.

Будучы па сутнасьці польскай культурна-політычнай організацыяй, «Праменістыя» вельмі цікавіліся й Беларусьсю. Іх гурткі былі ахварбаваны ў мясцовы колёрыт. Паміж іншым у 8 артыкуле статуту орга-

Шляхецкі двор у Наваградчыне на Меншчыне, дзе жыў А Міцкевіч

нізацыі было вызначана заданьне—«жадаць дабра сваім адназемнам кожнага стану і ўсяму народу наагул, захоўваць карысныя звычаі сваіх продкаў, кахаць сваю прыродную мову і вучыцца ёй». А трэба сказаць, што для большасьці «Праменістых» прыроднай мовай, мовай продкаў была беларуская. Аб мясцовым колёрыце організацыі сьведчыць прысутнасьць і дзейны удзел у ёй такога беларускага культурніка-адраджэнца, як Ян Чачот.

Калі праца гурткоў шырака разьвінулася, то яна захапіла частку й ня студэнцкай моладзі. Сталі хадзіць чуткі аб скрытым політычным кірунку «Праменістых». Рэктар Малеўскі свой дазвол на існаваньне організацыі ўзяў назад пад тым прадлогам, што ў дзейнасьці гурткоў прымаюць удзел ня студэнты. Організацыя офіцыяльна зачынілася, а неофіцыяльна вытварыла грунт і дала жывы матар'ял для новай організацыі.

Галоўныя організатары «Праменістых» распусьцілі організацыю і ўтварылі тайнае вобчаства «Філарэтаў» (аматары добрадзейнасьці). У 1820 годзе быў складзен статут з 72 артыкулаў, куды ўвашлі і 15 артыкулаў організацыі «Праменістых». Апроч мэт культурна-асьветных, вобчаства ставіла сабе і політычную мэту: падгатаўляць адраджэньне Рэчы Паспалітай, куды павінна ўвайсьці і Беларусь. На чале «Філарэтаў» стаяў Т. Зан, як старшыня. Яго намесьнікамі былі— Ян Чачот і Франц Малеўскі, сын рэктара унівэрсытэту. Організацыя шырака разраслася і мела ў сваім складзе больш 300 дзейных сяброў. Апроч таго, організацыя ўкосна мела пад сваім уплывам сотні моладзі. Каб менш рызыкаваць, вобчаства было падзелена на невялічкія сэкцыі, каторыя што-тыдзень зьбіраліся на кватэры аднаго з сваіх сяброў. Кожны член меў за абавязак быць прысутным на сходах акуратна. Свой уплыў «Філарэты» пашыралі і на школьных дзяўчат, пранікаючы ў зачыненыя дзявочыя пансыёны. Зачынілася організацыя ў 1822 годзе, калі поліцыя напала на сьлед гурткоў. Каб зьберагчы членаў вобчаства ад поліцыі, Т. Зан спаліў усе дакумэнты гэтае організацыі.

Мясцовы колёрыт усіх гурткоў пры Віленскім унівэрсытэце ясна кідаецца ў вочы. Паміж іншым, Варшава не здаволена мясцовым, беларускім кірункам гурткоў. У Варшаве лічылі, што такая дзейнасьць гурткоў пры Віленскім унівэрсытэце можа выклікаць сэпаратызм Беларусі і будзе перашкаджаць агульнапольскай справе. У гэтых адносінах вельмі цікава зрабіць выняткі з артыкулу, зьмешчанага ў № 147 «Брукавых Ведамасьцяй», пад назваю «Ліст з Варшавы», падпісанага псэўданімам «Варшаўскі Прыяцель». Там мы чытаем: «Ня гледзячы на жартоўнасьць і вульгарнасьць вашай назвы (разумеецца назва «Брукавыя Ведамасьці»), вы ўсё-ж такі тут маеце шмат прыхільнікаў, каторыя цэняць вашую орыгінальнасьць, а асабліва ваш шляхетны намер выкараняць краёвыя хібы. Праўда, іншы раз нават вашы прыхільнікі скардзяцца, што для палякаў вы пішаце пакітайску, што яны ня могуць разумець вас. Вы пішаце для Літвы, а не для Кароны. Вы менш клапоціцеся аб тым, ці зразумее вас Варшава, абы толькі зразумелі вас Вільня і Літва. Іншы раз вы паніжаеце ваш стыль, каб толькі зрабіцца даступнымі для ўсіх».

Сябры унівэрсытэцкіх гурткоў вельмі цікавіліся краязнаўствам. У «Філарэтаў», была нават друкаваная інструкцыя наконт таго, як зьбіраць матар’ялы па географіі і этнографіі Беларусі, вельмі дэтальна апрацованая. Інструкцыя ставіць цэлы шэраг пытаньняў, на каторыя зьбірацель павінен даць адказы. Матар’ялы звычайна зьбіралася ўлетку, калі студэнты, карыстаючыся канікуламі, разьяжджаліся па самых глухіх куткох Беларусі. Вельмі часта потым гэтыя сабраныя матар’ялы, будучы апрацованымі, друкаваліся ў «Брукавых Ведамасьцях».

З студэнцкіх гурткоў цікавасьць да Беларусі пападае і ў навуковыя, профэсарскія колы. Унівэрсытэт ня толькі навукова дасьледвае, але і знаёміць грамадзянства ў польскай мове з архэолёгіяй, гісторыяй, памяткамі старога пісьменства, народнай творчасьцю, звычаямі і наагул бытам Беларусі. З Віленскім унівэрсытэтам зьвязаны працы аб Беларусі такіх дасьледчыкаў, як Лукашэвіч, Шыдлоўскі, Голэмбеўскі, Ярашэвіч, Нарбут, Даніловіч і г. д.

Шляхецкі двор пад Наваградкам, дзе жыў А. Міцкевіч.

Калі ўгледзіцца ў дзейнасьць Віленскага унівэрсытэту, то мы бачым, што ён у першую галаву быў цэнтрам полёнізацыі беларускай інтэлігенцыі; ён канчаткова полёнізаваў дробную і сярэднюю беларускую шляхту. Але разам з тым унівэрсытэт абуджаў сярод гэтай самай шляхты цікавасьць да Беларусі і беларускай культуры. Ён выпускаў піонэраў беларускага руху. Беларускі рух стаў у неабходную сувязь з польскім адраджэнчаскім рухам, бо Беларусь, на думку польскіх патрыётаў, уваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай ці проста, як провінцыя на ўсходніх граніцах, ці як аўтономная краіна. Апроч унівэрсытэту, якраз напярэдадні вайны 1812 году, у Полацку была адчынена езуіцкая акадэмія замест колегіі, што існавала там раней. Грамата аб перабудове колегіі ў акадэмію была падпісана Аляксандрам 1 сакавіка 1812 году. Праз тры месяцы, 10 чэрвеня, адбылося ўрачыстае адчыненьне акадэміі. У процілегласьць унівэрсытэту, гэта быў асяродак чорнай рэакцыі. На адчыненьні акадэміі быў прысутным вядомы пісьменьнік рэакцыі, францускі эмігрант, Жозэф дэ-Мэстр. Сваім правам і прывілеем акадэмія была прыраўнавана да Віленскага унівэрсытэту. Праца яе, параўнальна з унівэрсытэтам, асаблівага значэньня ня мела і нічога выдатнага не дала.