Гімн роднай мове

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гімн роднай мове
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
Крыніца: http://rv-blr.com/verse/show/708


О, мова родная мая!
Вяскова, проста, а сьвятая —
Хацеў бы сьвету крыкнуць я,
Што сэрцам усёгды паўтараю:
Хвала табе! О, церпяліва,
За муку вечную тваю —
Дагэтуль ты ўсяму надзіва
Схавала моц вялікую…
Ня згінула… мерлі хаця
Прадзеды, дзеды і іх ўнукі —
Табой ж гаворыць іх дзіця,
І зноў ты, мова, церпіш мукі…
Хвала табе! Бо дні вякамі
Ішлі над гэным сьветам усім,
А ты трывала ўсьцяж і з намі…
Хвала табе — табе і ім,
Хто здрады ў жыцьцейку ня знаў,
Нягледзячы на хмары бед.
Хто ўсьцяж табою стараваў
Сьцярпеўшы зьдзекаў перасьлед.
Хвала табе! Прайшло ўжо тое…
Хоць не зусім, але мінецца;
Пачулі мы, што нам сьвятое
І да чаго сардэнька б’ецца…
Нясеш набе! О, дарагая!
О, беларуска проста мова!
Што сон магільны прарываеш,
Нясеш нам знак на жыцьцё нова!
Хвала табе! Вяліку справу
Спраўляеш ты між нас сярод,
Адвечнай кормячы нас стравай,
Даеш салодкі жыцьця мёд.
Хвала ж табе — на кожным мейсцы —
Па вёсках усіх ды гарадох,
Па Беларусі кожнай рэсцы
Гадзеў бы я, каб толькі мог!..
Хвала табе! — гудзеў бы ўсім,
На ўсю Бацькоўшчыны зямліцу,
Каб толькі вось братом сплючым
Дапамагчы са сну збудзіцца…
Хвала табе, о, родна мова.
Шапочуць лісьці, рэчкі, зоры —
Гаворыць поле скрозь вяскова,
Грымяць лясы, прыгоркі, горы…
Хвала табе — няхай ж нясецца
Па Беларусі ўсёй шырокай…
Да сонейка няхай уздымецца,
Да зорачак ў высі высокай!..
Хвала табе няхай жа будзе
У кожным сэрцы, ў кожнай грудзі!
І ад малога, й ад старога,
І ад мяне, сына тваёга, —
Хвала табе!..