Гук грому
← Расстаньне | Гук грому Абразок Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч 1924 год Крыніца: Часопіс «Грамадзкі голас», № 24, 14 верасьня 1924 г., б. 3 |
Ціха ўночы → |
Адзін ішоў я па грэблі.
Была ночка.
Месячык сьвяціў прыгожа, зьялі зоркі агнямі, лёгкі ветрык цалаваў лісты галінаў…
Было ціха…
Лес быццам задрамаў, углядаючыся ў яскравае неба. Дубы, бярозы і ліпы прытуліліся да высокіх соснаў і шапталі ім таёмныя казкі.
Цудоўным выглядае ў гэту пару лес і той, хто часта бываў у ім, толькі той любіць яго…
Няма такіх фарбаў, каб перадаць усю прыгожасьць палескіх лясоў!
Часам у гэтай жудасна прыемнай цішы зьявіцца аднекуль, патрасе ўсё паветра, гук грому…
Задрыжаць дрэвы, зашуміць вецер мацней і зноў усё сьціхне…
Гэй! Хто паслаў цябе? Хто казаў табе пранясьціся над лесам заснуўшым?…
Мо’ хочаш ты, каб лес пачаў гудзець?
Каб шум яго — братоў маіх разбудзіў?
Каб уставалі ўсе і гэтай ночкай сьвятой і ціхай, на раду сабраліся?
Ціха ўсё…
Няма адказу на запытаньне маё, але сэрцам я чую — гэта так!
Ён прыляцеў да нас у цёмныя лясы, каб падняць, каб узварушыць нас! Бо час настаў!
Хутка пройдзе ночка і сонца праменьні заблішчаць у кроплях расы.
Дык чаго-ж ты сьціх?
Чаго-ж не грукаціш мацней, чаго маўчыш?
Ціха ўсё…
Лес сьпіць…
А неба, неба далёкае з яскравымі зоркамі штось гамоне, кудысь кліча, заве…
Небу высокаму відней: недзе далёка зьбіраюцца хмары вялікай грамадой і хутка ўжо над лесам, што сьпіць, загрыміць, пабудзіць ўсю старонку, сьвятарны гук грому…
Дзяргач.