Перайсці да зместу

Груганьнё

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Груганьнё
Артыкул
Аўтар: Алесь Гарун
Крыніца: «Беларусь», 1919, № 38, 4 сьнежня

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




«Плебісцыт» на беларускіх землях, занятых польскім войскам, будзе. Пастанова аб гэтым прынята варшаўскім Соймам 25 лістапада г.г.

«Гонар» ініцыятывы і правядзеньня гэтай пастановы належыць Людова-Нацыянальнай Сувязі, з кс. Лютаслаўскім на чале.

Пытаньне аб плебісцыце на «усходніх землях», хаця праведзена было праз Сойм энэргічна і шпарка,- падгатаўлялося, аднак, даўно і правай прэсай і ўсялякімі асабістымі ўрадовымі і поўурадовымі асьвядчэньнямі.

Пасол Камянецкі, робячы, напрыклад, справаздачу аб сваім побыце на Беларусі і Ліцьве, казаў, што групы, з якімі яму прыходзілася спатыкацца ў гэтых краёх апрача палякоў - жыдоўская, беларуская, расійская і «навет татарская» - што групы гэтые, a прынамсі паважные іх часьці, гатовы прызнаць сябе законапаслушнымі падданымі польскага гаспадарства ў замену за роўнапраўнасьць... На гэтых землях плебісцыт саўсім лішні, бо рэзультат яго, наперад можна сказаць, што будзе на нашую (польск. гаспадарства.- Аўт.) карысьць»...

Гэнэральны Камісар Усходніх зямель п. Асмалоўскі на пасяданьні адміністрацыйнай камісіі 29 кастрычніка так сама запэўняў, што «беларускіе мужыкі скрозь дабіваюцца польскіх школаў, так што дагэтуль удалося з'організаваць толькі 80 беларускіх школаў, і што люднасьць усходніх зямель бязспрэчна цягне да Польшчы. Саўсім пэўна, што ў разе плебісцыту амаль уся люднасьць выкажацца за Польшчу. Нават у праваслаўных беларусаў, праваслаўнага духавенства і ліцьвіноў ёсьць моцны пацяг да Польшчы».

За такімі асабістымі засьвядчэньнямі ішлі інформацыі ў газэтах і, мінаючы правую варшаўскую прэсу, навет кракоўскі «Czas» падаваў, што насяленьне Гродзенскай, Віленскай і заходніх паветаў Менскай губэрняў... «хоча быць зараз-жа прылучаным да Польшчы і хіба гвалтам яго можна будзе далучыць да якой-небудзь літвацкай, ці беларускай дзяржавы» (№ 292).

Так сама і ў Сойме ў часе апошняга разгляду пытаньня пасол Загорскі (N. Z. R.) [Нацыянальны Рабочы Звяз.- Рэд.] асьведчыў, што вярнуўшыся з «усходніх зямель», ён саўсім пераконаны, што воля тутэйшага народу - не паноў-абшарнікаў, але сялян і работнікаў - хоча зьліцца з польскай айчынай не на праве фэдэрацыі, але на праве прылучэньня да Польшчы. «Калі,- казаў ён,- ня зробім гэтага мы, дык люднасць гэтая, як асьвядчае на сходах, сама схопіцца за бронь».

Для тых, хто на ўсю гэтую справу ўглядаўся асьцярожна, баючыся ўкрытых у плебісцыце анэксыйных замыслаў, і ў Сойме і па-за Соймам высоўваўся довад, што так-жа чатырохлетнім соймам было ўзаконена далучэньне Вялікага Князьства Літоўскага да Польшчы і што прылучэньне «усходніх зямель» да цяперашняй Рэчы Паспалітай Польскай ня ёсьць іх захопліваньнем, але толькі зваротам.

Маючы цяпер вынік гэтай падгатоўчай работы, можна сказаць, што справа асьляпленьня соймавай большасьці на карысьць плебісцыту, каму гэта трэба было, удалася.

Не без дэмагогіі, разумеецца, без каторай цяпер не абходзяцца навет і ксяндзы ў Польскай Рэспубліцэ. Так кс. Лютаслаўскі, гаворачы аб гэтай справе 21 лістапада ў Сойме, адну часьць сваей прамовы пачаў у гэткі спосаб: «Мы ўважаем, што робім тамака (на Літ.-Бел. землях.- Аўт.) на сваім грунце. Польская Рэчпаспалітая ніколі не зракалася гэных зямель і не па чужое выцягвае руку, калі здабыла Вільню і Менск, але варочаецца да сваей вотчыны». I схапіўшыся, што пасьля гэтага можа паўстаць пытаньне - на што-ж тагды плебісцыт? - «паправіўся» далей тлумачэньнем, што ў XX веку мы лічым канечным у другі раз запытацца згоды гэтай люднасьці, каб засьведчыла, што ей добра было ў Рэчы Паспалітай і што ненавідзіць няволю, якая яе ад Рэчы Паспалітай адарвала. Стэнограма ня кажа, пачырванеў ці не пры гэтым паважаны духоўнік, хаця подлуг нашага погляду сумленнай асобе было ад чаго пачырванець.

Але ніхто з гэтых паноў, поруч з статыстыкай, напрыкл., беларускіх школаў, каторые ўдалося адчыніць на «усходніх землях», не падаў статыстыкі тых беларускіх школаў, каторые ўдалося не адчыніць, дзякуючы стараньням п. п. школьных інспэктароў на Горадзеншчыне, Віленшчыне і Меншчыне, і наагул усіх надта цікавых драбніцаў у справе організацыі школы на «ўсходніх землях» (...)

I вось затым сталося! наперакор усякім там пунктам, аб якіх, праўду кажучы, па ўсіх сталіцах ужо і думаць забыліся, сталася вялікая неабдуманасьць. Першы вольны Сойм з мёртвых устаўшай Польшчы схіліўся на бок няпраўды, на бок разарваньня Беларусі і крыўды для беларускага народу.

Аднак нас гэта не павінно выводзіць з раўнавагі. Неабдуманасьць Сойму ня ёсьць правіннасьць народу. Факт ухвалы Сойму аб плебісцыце знамянуе сабой толькі, што новая Польшча не справглася яшчэ з старым груганьнём, каторае цяпер, «у XX веку», яшчэ круціцца над ей і з сваіх крыльяў страсае на яе ясные шаты забыты ўжо людзьмі пыл спосабаў будаваньня дзяржавы 3 XVII і XVIII в.в. Груганьнё гэтае навет I ня шчыра-польскае. У годы няшчасьця польскай дзяржавы яны ў ва ўсіх трох заборах працавалі ў большай згодзе з непрыяцелямі польскага народу і былі да іх шчырэйшые, чым да яго самога. Некалі, будучы законапаслушнымі падданымі Мікалая II, Вільгельма II, Францішка-Язэпа, яны для спакою і шчасьця сваіх расійскай царскай і аўстрыяцкай бацькаўшчыны за пасольскіе дыэты і абшарніцкіе даходы прадавалі свой народ; цяпер, калі вольнасьць Польшчы адваёвана ня іхнімі рукамі і наперакор іхняй шкоднай працы, яны зьляцеліся на Польшчу і парабіліся патрыётамі, і, маючы багаты дасьлед у гэтым няўласным народзе, пачынаюць крыўдзіць суседніе народы(...)

Не адзін быўшы дзеяч з расійскага чарнасотніцка-нацыяналістычнага табару, седзячы цяпер без работы і прыглядаючыся да працы сваіх даўнейшых прыяцеляў, кажа сабе з захапленьнем у душы, што ў гэтай працы ёсць «рускі дух», што ад яе «Русью пахне».

Польскі народ хутка так-сама пачуе гэты дух,- хай толькі яму трошкі разьвяжуцца рукі з усякімі матэр'яльнымі і іншымі клопатамі, і тады п. п. груганьнё займуць адпаведнае сабе месцо чучалаў на паліцах музэяў па гісторыі чалавечай зоольогіі, a іх політыка астанецца толькі як кароценькі кавалачак з разьдзелу гісторыі аб упадку добрых звычаяў у Польшчы, упадку, каторы не зачапіў аднак самога народу і ніколі яго не характэрызаваў.

Плебісцыт, каторы эндэкі будуць праводзіць на беларуска-літоўскіх абшарах, - глупство, якое ня будзе мець жаднага значэньня для будучыны беларускага народу і пасварыць яго з народам польскім. Раней ці пазьней пацерпяць ад яго адны толькі груганы, каторые цяпер аб ім так клапоцяцца.

П.