Перайсці да зместу

Горэй ня будзе

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Горэй ня будзе
Публіцыстыка
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1914
Крыніца: Газэта «Наша Ніва», № 10, 7 марца 1914 г., б. 1

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Горэй ня будзе.


Апошні тыдзень многа было гутарак па газэтах аб вайне і, як заўсёды, адны варожаць так, другіе іначэй. Ёсць у людзей старасьвецкі забабон, што на вясну павінна быць вайна, ну і пачынаюць гаварыць… так найчасьцей бывае, а ці яно і цяпер будзе — пажывем, пабачым. У канцы канцоў вайна рэч карысная і шкодная найболей для тых што маюць вялікіе капіталы, шырокім жэ массам народу вайна не так назаляе, ды і што вайна за страх чэлавеку, каторы кажэ: горэй ня будзе як ёсць. Гэтак і у нас Беларусоў — горэй як ёсць ня будзе, бо ужо горшаго прыдумаць і нельга. Што горшаго можна прыдумаць над тое, што Беларусы на ганьбу XX сталецьцю, як цяпер выявілося, замянілі сабой чорнаскурых нявольнікоў…

Як тых прадавалі калісь гвалтам перавозячы у Амэрыку, так цяпер паступаюць з беларусамі. І гэта не пустые словы! Гэта пацьвярдвілі газэты усяго сьвету. Аказываецца што тых 230 беларусоў, прададзеных па 50 рублёў за галаву калішскай эмігранцкай канторай у Конто, вязьлі на пэўную сьмерць не дабравольна, а гвалтам. Іх нават схавалі у трум параходу, каб не заўважыла паліція!

Ну, чым не абразок гандлю чорнаскурымі нявольнікамі?

Але на гэтым не канец ешчэ. Апошнімі часамі выявілася і ешчэ адна цікавая форма гандлю людзьмі. Аказываецца што параходнае таварыство пад названьнем „Гамбург Амэрыка Лінія“ мае ня толькі свае параходы для гандлю людзьмі, але і сваю паліцію у марскіх портах. Дзякуючы гэтаму у гандлёвые справы гэтай кампаніі ніхто дагэтуль не ўгледаў і ў марскіх портах яна поўны гаспадар жывога грузу, каторы перавозіць у Амэрыку. А перавозіць кампанія жывога грузу многа: бывае, што за адзін раз прывозіць у Гамбург па 5,000 душ, а праз год, праз рукі гэтай кампаніі праходзяць сотні тысяч душ, найболей з Беларусі, Літвы, Украіны і Польшчы. Па заведзенаму парадку, кожны эмігрант павінен казаць адрэс якога небудзь сваяка ці знаёмаго да катораго едзе. Большая частка эмігрантоў гэткіх адрэсоў не мае. З мужчынамі бывае розна: то перакупіць, то так, то іначы выкруціцца і паедзе у Амэрыку, або вернуць назад. Дзеўчатам-жэ услужные гандляры жывым таварам даюць адрэсы. Адрэсы гэтые, гэта адрэсы дамоў распусты у розных гарадох Амэрыкі. Дзяўчына, нічога ня ведаючы паказывае такі адрэс і яна далей едзе як лядачніца-прастытутка. А па праву ў справы паміж простытуткамі і іх гаспадарамі паліція ня ўмешываецца і такім парадкам дзесяткі тысяч дзеўчат пападае у кіпці гандляроў жывым таварам…

І на гэтым ешчэ не канец… Многа цяпер цікаваго выкрываецца, але усё апісываць німа ні мейсца, ні змогі.

І вось, калі ўсё гэта друкуецца, увесь гэты бруд раскрываецца, здавалосяб, што людзі схамянуцца, што, хоць і чужая національна, краёвая інтэлігенція заступіцца за народ крыўджэны і бяздольны. Ды дзе там! Нашы культурнікі і с права і з лева заняты другім: — яны думаюць як зрабіць, каб у беларуса атабраць яго душу, яго мову і звычай. Праўда адзін ягомасць у газэці «Przegląd Wileński» бытцым то прамовіў слова у абарону беларусоў, але гэтая абарона беларусоў у канцы канцоў мае на мэці не карысць беларусоў, а найбольшую карысць палякоў. Як на гэтые цяжкіе для нас часы, калі з усіх бакоў на беларусоў кідаюць толькі каменьня, то і гэта лепей за камень. Але і таго пававідавала польская газэта «Kur. Lit.», газэта панская. Яна дагэтуль ня можэ ніяк перэканацца ці ёсць беларусы, ці іх німа. Ахватней кажэ, што німа, хоць і часам кажэ што і ёсць, але гэта толькі ў тые светлые мінуты, калі бачыць такіх беларусоў, „у каторых любоў да беларушчыны, тоўпіцца без ніякай шкоды для польшчыны“. І то нават гэтые апошніе павінны „працаваць для тых беларусоў каторые ужо напалавіну апалячэны“, каб у канец перэрабіць іх у палякоў…

Аб „Вил. Вѣст“, „Сѣв. Зап. Жиз.“ і іншых і казаць німа што. Там усякая крутня—мутня—звонкая манэта, хадзячае золата! Там табе усё давядуць чаго толькі душа, пад Пурышкевіча абголеная зажадае: і гісторыю падфальшуюць і мову перакруцюць і на палякоў наскуюць і дубінай зьедуць па карку. Там вам давядуць чорна на белым, што беларус чыстай вады расеец і мова ў яго расейская і правы поўные. А аб тым, што беларусу забаронена вучыцца у сваей мове, ня можна маліцца, па беларусу, ня можна прыкупіць зямлі с пад крэсцьянскаго банку, аб гэтым і не гавары,—гэта ўсё брэхня, непраўда!

Так яно па сьвеці чаўпецца чыя сіла — таго права і праўда і воля!

А ешчэ людзі любяць хваліцца культурай! Дзе-ж тая культура? У чым яна праяўляецца? Ці ў аткрытым гандлю людзьмі? Здавалося б даволі ужо гандлю людзьмі-рабства у скрытых формах, пры так званых «добравольных умовах», апёртых на угрозе галоднай сьмерцю, гандлю прыкрытаго хоць чым небудзь…

Чэлавечаство зрабіло вялікі поступ у тэхніцы, бо чаго не навыдумаялі людзі: і лятучые машыны і тэлеграфы і тэлефоны і кінэматографы і ўсякую ўсячыну, але пры ўсім гэтым моральная старана у людзей не паступіла уперад ні на адзін крок. Як тысячу гадоў таму назад сільны здзекаваўся над слабым, так і па сягоняшні дзень тое асталося і не відаць гэтаму канца краю…

І вось пры ўсіх гэтых сумных рахунках, душу ажыўляе адна толькі надзея, што здаровае, сьветлае выйдзе з народу, што ён скажэ сьвету калісь сваё слова і слова гэтае будзе такое магутнае і сільнае, такое новае і чыстае, што гэта вера у народ дае сілы да змаганьня за лепшую будучыну чэлавечэства і дае веру ў адвечную праўду, каторая пераможэ векавую народную крыўду.

В. Л.