Перайсці да зместу

Географія Эўропы (1924)/Заходняя Эўропа/Брытанскія астравы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ісляндыя Брытанскія астравы
Падручнік
Аўтар: Мікалай Азбукін
1924 год
Француская старана

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Брытанскія астравы.

(Азнач географічную шырыню і даўжыню Брытанскіх астравоў. Якія моры іх атачаюць? Якія пратокі аддзяляюць іх ад контынэнту Эўропы? Якія астравы ўваходзяць у склад Брытанскіх? Якое мора аддзяляе Вялікабрытанію ад Ірляндыі?).

Брытанская старана складаецца з двох вялікіх астравоў: Вялікабрытаніі і Ірляндыі і некалькіх дробных. Па сваёй прыродзе гэта — тыповая частка Заходняй Эўропы, вельмі падобная да суседніх старон контынэнту. Быў час, што Брытанскія астравы былі й самі часткай гэтага контынэнту, а пратокі Ляманш і Па-дэ-Кале, што цяпер адлучаюць Вялікабрытанію ад Францыі, былі сухазем'ем.

Мераючы глыбіню гэтых пратокаў і суседняга Нямецкага мора, знайшлі, што па іх дне пралягаюць падморскія даліны, якія цягнуцца ад вусьцяў сучасных рэк аж да адкрытага Атлянтычнага акіяну. Гэта даліны даўных рэк, што беглі па даўным сухазем'і, якое цяпер перавярнулася у мора. Падморскі працяг даліны Тэмзы, галоўнай брытанскай ракі, злучаецца з працягам даліны Рэну, які ўліваецца ў Нямецкае мора з контынэнту насупроціў Тэмзы. Адгэтуль відаць, што даўней Тэмза была прытокай Рэну, а Паўднёвая Вялікабрытанія разам з Заходняй Нямеччынай і Паўночнай Францыяй уваходзіла ў склад адзінага рэчнага вадазбору.

Мора, асабліва на захадзе, глыбока ўразаецца ў берагі Брытанскіх астравоў многалічнымі затокамі і буктамі, выгоднымі для прыстою караблёў. (Пераглядзі па карце назовы галоўных заток, урэзаных у Вялікабрытанію). Асабліва глыбока ўразаюцца ў сухазем'е даўгія лейкавідныя затокі (напр., Брыстольская), слынныя тым, што ў іх асабліва моцна адчуваюцца морскія прыплывы. Морскія затокі разьдзяляюць астравы на некалькі асобных паўвастравоў, так што абрыс старонкі крыху падобны да абрысу Грэцыі. (Пераглядзі назовы галоўных паўвастравоў Вялікабрытаніі).

Паверхня галоўных астравоў даволі рознастайная. Спрадвечныя хмурыя горставыя горы чаргуюцца з вялікімі роўнымі або ўзгаркаватымі нізінамі. На поўначы Вялікабрытаніі, у так званай Шотляндыі, горсты маюць плоскія вярхі і зрывістыя схілы, паабдзіраныя даўнымі ледавікамі. У паўднёвай Вялікабрытаніі, а таксама ў Ірляндыі вярхі гор акругленыя, схілы адхонныя, сьлядоў ледавіковай дзейнасьці мала.

Дзякуючы беспасрэднаму ўплыву Гольфштрому клімат Брытанскай старонкі, асабліва на захадзе, вельмі роўны і вільгатны. Бязмала заўсёды кропіць дождж, заўседы туманна, хмарна. Маразы бываюць хіба толькі ў горах, звычайна-ж зіма цёплая, як у Паўднёвай Эўропе. Рэкі ніколі не замярзаюць; сьнег на нізінах доўга не ляжыць. Улетку сонечныя дні бываюць, дый то ня часта, толькі на ўсходзе. Наагул кажучы, лета такое, як на ўзьбярэжжы Белага мора каля Архангельску. У Шотляндыі па схілах гор растуць хваёвыя бары; Паўднёвая Вялікабрытанія, або Ангельшчына, і Ірляндыя належаць да пасу мяшаных лясоў, але лясоў паўсюды засталося мала (каля 40 прасторы). Большая частка зямлі знаходзіцца пад поплавамі ды пашай, па якой, з прычыны цёплай бясьсьнежнай зімы, жывёлу можна пасьвіць без перарыву цэлы год. Трава паўсюды расьце вельмі добра, як дзе-небудзь на альпійскіх лугох. Павабнай аздобай краявіду зьяўляюцца „паркі“, у якіх штучна захованыя гайкі букаў і іншых дрэў чаргуюцца з лугавінамі і сенажацямі. Буйныя земляўласьнікі, да якіх належаць гэтыя паркі, трымаюць там для паляваньня аленяў, лісаў, зайцоў, фазанаў, курапат і г. д. Затое ваўкі й мядзьведзі, якія й да сяго часу трапляюцца ў пушчах контынэнту, даўно ўжо зьвяліся на Брытанскіх астравох.

Насяленьне Брытанскіх астравоў паводле мовы разьдзяляецца на ангельцаў і кельтаў. Паангельску гаворыць 50% усяго насяленьня. Старадаўная кельцкая мова захавалася толькі на захадзе Ангельшчыны (на паўвостраве Уэльсе), на захадзе Шотляндыі, на захадзе Ірляндыі ды па некаторых дробных астравох.

Кельты лічацца пачатковымі тубыльцамі краю, хаця магчыма, што раней за іх тут жылі ібэрыйцы, з якімі кельты перамяшаліся. У час вялікіх перасяленьняў на ўсходзе Вялікабрытаніі асталяваліся розныя гэрманскія пляменьні: англы, саксы і іншыя, якія часткай адціснулі кельтаў на захад, часткай перамяшаліся з імі. З часам (у ХІ веку) з Францыі сюды перасяліліся яшчэ нормандцы, якія занесьлі адтуль францускую мову і звычаі. Вынікам зьмяшаньня нормандцаў з англа-саксамі зьявілася новая ангельская нацыя. На поўдні Вялікабрытаніі ўтварылася магутная дзяржава Ангельшчына. Толькі паўвостраў Уэльс досыць доўга бараніў ад ангельцаў сваю незалежнасьць, а сваю даўна-кельцкую мову захаваў аж да сучаснага моманту. У Шотляндыі правадыром гэрманскіх пляменьняў не пашанцавала стварыць сваёй дзяржавы. Наадварот, кельты тамака перамаглі перасяленцаў, так што ўтвораная там Шотляндзкая дзяржава была кельцкай нацыянальнай дзяржавай. Таксама ў Ірляндыі кельцкія пляменьні згуртаваліся ў адзіную Ірляндзкую дзяржаву.
Дзякуючы выгаднейшаму палажэньню каля самага контынэнту, дзякуючы роўнай паверхні, лепшаму клімату і лепшым грунтом, Ангельшчына была самай багатай і самай магутнай з дзяржаў, якія ўтварыліся на Брытанскіх астравох. Спачатку Уэльс, потым Ірляндыя, нарэшце й Шотляндыя падпалі пад яе панаваньне і зьліліся ў адну магутную дзяржаўную адзінку, у гэтак званае Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Ірляндыі, або карацей—у Брытанскую дзяржаву. Ангельская мова, якая лічыцца адной з гэрманскіх моў з дамешкай занесеных нормандцамі слоў францускага пахаджэньня, перакінулася на Ірляндыю і на Шотляндыю, так што кельцкія мовы захаваліся толькі ў самых няпрытульных куточках старонкі. Ня гледзячы на запазычаньне ангельскай мовы, ірляндцы й шотляндцы аднак да сяго часу воража глядзяць на ангельцаў і, ня гледзячы на векавую дзяржаўную злучнасьць, імкнуцца (прынамсі ірляндцы) атрымаць самастойнасьць.

У сучасную эпоху ўсе часткі Брытанскай стараны ўваходзяць у склад Брытанскай дзяржавы (312000 кв. клм., 48 мільёнаў насельнікаў). Па сваім дзяржаўным ладзе Брытанская дзяржава лічыцца констытуцыйнай монархіяй. На чале яе стаіць кароль, але ўся законадаўчая ўлада знаходзіцца ў руках парлямэнту, які складаецца з дзьвëх палат (палаты лёрдаў і палаты народных прадстаўнікоў). Ірляндыя мае свой асобны парлямэнт. Выканаўчая улада ў Вялікабрытаніі належыць да рады міністраў, адказных перад парлямэнтам. Географічнае палажэньне Брытанскай дзяржавы трэба лічыць вельмі выгодным. Ангельшчына пануе над галоўнымі вадзянымі дарогамі Эўропы. Нямецкае і Балтыцкае моры зьяўляюцца лепшай дарогай адгэтуль на усход, Эльба і Рэн адчыняюць дарогу ў самае сэрца Нямеччыны; Шэльда і Сэна злучаюць тое-ж нямецкае мора і Ля-манш з сярэдзінай Францускай старонкі. З таго часу, як пачала залюдняцца Паўночная Амэрыка, а Атлянтычны акіян зрабіўся галоўнай сусьветнай гандлёвай дарогай, Ангельшчына апынулася ў самым асяродку культурнага сьвету. Узрастаньню і красаваньню яе дапамагала й самае палажэньне на астравох, бо перашкаджала варожым войскам забірацца ў Ангельшчыну і руйнаваць яе. Пашматаныя выгоднымі буктамі берагі, даступнасьць унутраных частак стараны, багацьце на карысныя мінэралы, усё гэта зрабіла Брытанскую дзяржаву самай гандлёвай стараной сьвету, самай магутнай морскай дзяржавай. Лёндон, яе сталіца, зрабіўся галоўным складачным месцам для тавараў, якія вывозіліся з Эўропы ў Амэрыку і іншыя заэўропэйскія краі, або прывозіліся ў Эўропу з заэўропэйскіх краін. Толькі ў час сусьветнай вайны 1914-18 гадоў Ангельшчына страціла першае ў сьвеце месца па вывазе й прывозе тавараў, бо за час вайны яе перагнала з гэтага боку Паўночна-Амэрыканская Злучаная Рэспубліка (Злучаныя Штаты). Болей за ўсё ў Ангельшчыну прывозіцца спажыўных продуктаў і рознай сырыны, а вывозяцца з Ангельшчыны пераважна вырабы ангельскіх фабрык і карысныя мінэралы.

У склад ангельскага гандлёвага флëту ўваходзіць каля 11000 вялікіх морскіх караблёў, так што на гэтым полі з Ангельшчынай ня можа раўняцца ніводная з іншых дзяржаў сьвету. Толькі у час вайны ў Злучаных Штатах пачалі будаваць новыя морскія судзіны ў большым ліку, як будуюць у Ангельшчыне.

У 1914 годзе грузаёмістасьць ангельскіх гандлёвых караблёў дасягала 18.800.000 тон (тона=61 пуду), таго часу як нямецкія гандлёвыя караблі зьмяшчалі 5.100.000 тон, паўночна-амэрыканскія (Зл. Шт.)—1.840.000, норвэскія 1.920,000, а іншыя яшчэ меней. Пасьля вайны 14—18 г. грузаëмістасьць ангельскіх караблёў дасягнула 19.290. 00 тон, паўн.-амэр.—12.310.000, а нямецкіх толькі 650.000 (бо Нямеччына перадала пераможцам большую частку свайго гандлёвага флёту).

Разам з пашырэньнем ангельскага гандлю павялічвалася і колькасьць брытанскіх уладаньняў. Да Брытанскай дзяржавы належаць найвялікшыя колёніі сьвету, разам з якімі Брытанская дзяржава зьяўляецца найвялікшай у сьвеце. За межамі Эўропы да яе належыць каля 35.000.000 кв. клм., амаль-што ¼ усяго сухазем'я. На гэтай прасторы жыве болей за 410 мільёнаў людзей, амаль што ¼ усяго чалавецтва. Апрача таго некаторыя краіны знаходзяцца пад брытанскім уплывам, хаця й ня лічацца яшчэ колёніямі. Сярод эўропэйскіх дзяржаў, якія ўладалі заморскімі колёніямі, Ангельшчына выявіла найвялікшую здольнасьць панаваць над паднявольнымі краямі, выявіла асаблівае мастацтва колёнізатарства. У сваёй колёніяльнай політыцы Ангельшчына заўсёды кіравалася правілам: "падзяляй і ўладай". Напрыклад, найвялікшае сваё ўладаньне—Індыю—Ангельшчына падзяліла на дзьве групы адзінак. Адны індыйскія дзяржавы абвяшчаліся беспасрэдна неаддзельнай часткай Брытанскай дзяржавы, другім пакідаўся стары фэодальны лад і мясцовыя князькі, якія ня могуць аднак зрабіць аніводнага кроку без дазволу ангельскага прадстаўніка.

Меньш за ўсё мяшаюцца ангельцы ўва ўнутраныя справы тых сваіх колёній, у якіх жывуць эўропэйцы, галоўным чынам выхадцы з Ангельшчыны, Канада, Аўстралія, Новая Зэляндыя карыстаюцца шырокім самаўрадам, маюць свае мясцовыя соймы—парлямэнты—і свае міністэрствы. Фактычна гэтыя залюдненыя ангельцамі колёніі зьяўляюцца незалежнымі рэспублікамі, а губэрнатары іх, назначаныя мэтрополіяй, ня могуць выдаць ніякага загаду бяз подпісу абраных парлямэнтам міністраў. Аднак сувязь гэтых колёній з Ангельшчынай была да сяго часу вельмі моцнай і грунтуецца на супольных экономічных інтарэсах.

Брытанскія ўладаньні раскіданы ўва ўсіх частках сьвету, ува ўсіх географічных шырынях. У межах брытанскіх уладаньняў, як з пыхаю кажуць ангельцы, ніколі не заходзіць сонца. (Чаму?).

У Брытанскай дзяржаве вырабляецца ўсё патрэбнае для чалавека. Сама Ангельшчына дае вугаль і ўсялякія фабрычныя вырабы; Канада дае збожжа, дрэва, хутры; міжзваротнікавыя колёніі ў Амэрыцы (Ямайка, Бр. Гваяна, Бр. Гондурас і інш.)—цукер, ром, какао, бананы, ананасы, каву. З раўніковай Афрыкі (Нігерыі, Бр. Усх. Афрыкі, Сьера-Леонэ, Залатога Берагу і г. д.) вывозяць каучук, пальмавы алей, сланёвую костку; з Эгіпту—рыс, баваўну; з Паўднёвай Афрыкі―воўну, золата, дыямэнты; з Індыі―джут, гарбату, цукер, баваўну; з інда-Кітаю―рыс і каштоўнае тэкавае дрэва. Праз Гонг-Конг вывозяцца кітайская гарбата, шоўк; з Малякі дастаўляецца цына; з Аўстраліі ды Новай Зэляндыі―мяса, воўна, золата; з Нью-Фаўндленду—рыба; з Акіяніі—копра (сушаныя кокосавыя гарэхі). Некаторыя з Брытанскіх колёній ня маюць вялікіх прыродных багацьцяў, але зьяўляюцца вельмі важнымі дзеля свайго географічнага палажэньня на гандлёвых морскіх дарогах. Гэта колёніі—морскія станцыі, на якіх грунтуецца вайскова-морская магутнасьць Брытанскай дзяржавы. У іх стаяць ангельскія вайсковыя караблі, на іх знаходзяцца склады вугалю для гандлёвых судзінаў. Ужо ў Эўропе ёсьць такія колёніі: Гібральтар пры выйсьці з Міжземнага мора і Мальта ў сярэдзіне гэтага мора. Такое-ж значэньне маюць: Адэн каля выйсьця з Чырвонага мора ў індыйскі акіян, Сінгапур на паўднёвым рагу Малякі, Гонг-Конг і Вэй-Хай-Вэй у Кітаі. Грунтуючыся на гэтых колёніях-станцыях, трымаючы ў іх магутны флёт, ангельцы пашыралі свае ўплывы на суседнія старонкі. Так, з Гонг-Конгу і Вэй-Хай-вэю ангельцы лёгка могуць уплываць на Кітай; асталяваўшыся ў Адэне, яны фактычна заўладалі Арабіяй. Дзякуючы багацьцям сваіх колëній, Брытанская дзяржава перад вайной, можна сказаць, кіравала сусьветным рынкам. Ангельскія грошы лічыліся найбольш пэўнай грашовай адзінкай: Лёндон быў грашовым асяродкам сьвету. Цяпер у значнай меры на гэтым полі Ангельшчыну замяняюць Злучаныя Штаты Паўночнай Амэрыкі.

Выявіўшы вялікі дзяржаўны розум у адносінах да сваіх заэўропэйскіх колёній, ангельцы часамі не маглі патрапіць здаволіць насельнікаў сваіх эўропэйскіх уладаньняў. Ірляндыю і Шотляндыю ангельцы ніяк не згаджаліся прызнаць за асобныя географічныя адзінкі, якія патрабуюць шырокага самаўраду. Толькі пасьля шматвяковай крывавай барацьбы Ірляндыя здабыла свой уласны сойм―парлямэнт.

Цікава, што маленькі востраў Мэн, які ляжыць у Ірляндзкім моры, з даўных часоў меў асобны парлямэнт, якога ніяк не магла здабыць досыць вялікая Ірляндыя.

Падзел Брытанскіх астравоў на 3 галоўных часткі: Ангельшчыну з Уэльсам, Шотляндыю і Ірляндыю, якія адпавядаюць 3-м галоўным даўным каралеўствам, што ўвайшлі ў склад Брытанскай дзяржавы, захаваўся да сяго часу. Кожная з гэтых частак мае свае асаблівасьці ня толькі ў прыродзе і люднасьці, але таксама ў кіраўніцтве, у справах суду і царквы. Найвялікшая з гэтых частак—Ангельшчына—складаецца з дзьвюх палоў: паўднёва-ўсходняй—раўніннай, у значнай меры сельска-гаспадарчай, і паўночна-заходняй—узгаркаватай або нават горнай, прамысловай. Абедзьве гэтыя краіны Ангельшчыны, зразумела, маюць шмат супольнага, бо люднасьць абедзьвюх складаецца пераважна з ангельцаў, але паводле прыроды і заняткаў насяленьня яны значна розьняцца адна ад аднэй, ды і ў люднасьці абедзьвюх ёсьць асаблівасьці. Кельцкія ўплывы лягчэй можна прымеціць на захадзе, таго часу як на ўсходзе жывуць тыповыя гэрманцы— высокага росту, бялявыя, сьветласкурыя. Такім чынам асобнымі краінамі Брытанскай старонкі будзем лічыць: 1) Пд.-ўсх. Ангельшчыну, 2) Пн.-зах. Ангельшчыну, 3) Шотляндыю, 4) Ірляндыю.

Паўднёва-ўсходняя Ангельшчына зьяўляецца ўзгаркаватай або ледзь хвалістай раўнінай, вельмі падобнай па будове паверхні да паўночна-францускай нізіны, што ляжыць па-за Ляманшам на суседняй частцы Эўропэйскага контыненту. Пласты земных парод ляжаць тутака паземна, і на поўнач ад ракі Тэмзы хаваюцца пад тонкім слоем ураджайных гліністых грунтоў, нанесеных даўным ледавіком. На поўдзень ад Тэмзы, як відаць, ледавік не дасягаў. Грунты і там пераважна добрыя; толькі на паўднёвым усходзе краіны на паверхню выступаюць неўраджайныя крэйдавыя ўзгоркі.

Як і паўсюды на Брытанскіх астравох, клімат у краіне досыць вільгатны; звычайна пануе хмарнае надвор'е. Маразы тут здараюцца вельмі рэдка, і самы халодны месяц (студзень) мае сярэднюю тэмпэратуру значна вышэйшую за 0º (у Лёндоне +3,5º). Параўнаўча з іншымі краінамі Брытанскага згуртаваньня астравоў, улетку тут значна цяплей (сярэдняя тэмпэратура ліпеня ў Лёндоне +17,9°) і часьцей бываюць ясныя сонечныя дні. Ападкаў у Паўднёва-ўсходняй Ангельшчыне выпадае многа меней, як на захадзе Вялікабрытаніі (у Лёндоне 610 мілім.).

Летняй цяплыні тут хватае для ўзрастаньня яблынь, ігруш, пшаніцы, хмелю і іншых садовых і паляных расьлін. Добра растуць тутака і такія дрэвы, як бук і дуб. Праўда, даўныя лясы гэтых дрэў ужо даўно зьніклі ў краіне, але асобныя дрэвы і маленькія гайкі сустракаюцца паўсюды сярод лугоў і ніў і дадаюць Паўднёва-ўсходняй Ангельшчыне выгляд вясёлага, прыгожага, вялізнага парку. Дзякуючы вільгатнаму клімату, рэкі краіны (пералічы галоўныя з іх паводле карты) маюць заўсёды многа вады, а дзякуючы роўнай паверхні яны адзначаюцца пакойным павольным цячэньнем. З гэтай прычыны яны зьяўляюцца добрымі ўнутранымі дарогамі. Вышнявіны гэтых рэк злучаны паміж сабой суднаходнымі каналамі, а лейкавідныя вусьці, дзякуючы морскім прыплывам, даступны для найвялікшых морскіх караблёў.

Выгоды зносін, ураджайныя грунты, параўнаўча цёплы клімат, асабліва-ж блізкасьць да контынэнту здаўна зрабілі Паўднёва-ўсходнюю Ангельшчыну галоўнай, найгусьцей залюдненай, найбагацейшай і найболей культурнай краінай на Брытанскіх астравох. Тут утварылася вялікая ангельская нацыя, энэргічная, здольная да працы і да гандлю, самапэўная, свабодалюбная.

Сумленнасьць, здаровыя погляды на жыцьцё, практычнасьць, уменьне дастасавацца да ўсякіх абставін, перамагчы ўсялякія перашкоды лічацца характэрнымі адзнакамі ангельцаў.
Ангельцы звычайна вельмі пышацца сваёй бацькаўшчынай і часам з пагардай глядзяць на чужаземныя парадкі. Часта ангельцы трымаюцца сваіх звычаяў нават тады, калі яны ўжо аджылі свой век. Характэрнай ангельскай традыцыяй зьяўляецца

звычай асабліва ўрачыстага сьвяткаваньня нядзелі. У нядзелю зачыняюцца ўсе крамы, кавярні, корчмы; спыняюць працу ўсе ўстановы, усе фабрыкі і гуты; зьмяншаецца рух цягнікоў і параходаў. Кожны імкнецца правесьці дзень у сваёй хаце, у сваёй сям'і або адпачыць дзе-небудзь на вёсцы, як мага далей ад клуму гарадоў.

Жыць у вялізных будынках пад аднэй страхой з чужымі людзьмі ангельцы ня любяць. Па магчымасьці кожны ангелец імкнецца завадзіць сваю ўласную, хаця-б і невялікую, хату. З гэтай прычыны вялікія ангельскія гарады заўсёды абкружаны вялікімі прадмесьцямі, у якіх месьціцца гарадзкі люд у асобных будынках у вольны ад працы час. (Звычайна гэтыя будынкі, так званыя котэджы, маюць 2-3 паверхі па адным або па 2-3 пакоі ў кожным паверсе). Люднасьць многапаверхавых камяніц у асяродках гарадоў уначы зьмяншаецца ў некалькі разоў. Толькі ўдзень туды зьбіраюцца людзі з ускрайкаў данага места.
Аднак ангельцы ня ўнікаюць ад грамадзянскага жыцьця. Наадварот, грамадзянства грае ў Ангельшчыне значна большую ролю, як на контынэнце Заходняй Эўропы. Грамадзянства кіруе школьнымі справамі, судом і ўсім мясцовым жыцьцём. Усялякія гурткі, таварыствы, хаўрусы маюць тут асабліва вялікую вагу.
Улюбёнай забавай ангельцаў лічацца розныя тыпы спорту і карысныя для здароўя гульні. На спорце выхоўваецца моладзь, і з гэтай прычыны адзначаецца здароўем і моцнай будовай цела.
Ангельцы выявілі сваю здольнасьць і свой талент ува ўсіх галінах мастацтва і навукі. Дзякуючы ангельскім вучоным, на сучасную вышыню падняліся прыродазнаўства, фізыка, матэматыка. Усяму сьвету вядомы таксама іменьні вялікіх ангельскіх пісьменьнікаў. Аднак асабліва многа зрабілі ангельцы ў галінах тэхнічных навук, у географіі, картографіі, мораходзтве.

Асьвета ў Ангельшчыне стаіць надта высока. Няпісьменных тамака вельмі мала. Усюды апрача пачатковых, сярэдніх і розных тэхнічных школ, ёсьць вячэрнія школы для дарослых, у вышэйшых школах вучыцца слухачоў болей, як у іншых краінах Эўропы[1].

Паўднёва-ўсходнюю Ангельшчыну можна зваць сельска-гаспадарчай толькі параўнаўча з Паўночна-заходняй, дзе сельская гаспадарка ня мае ніякай вагі, а пануе выключна нетракапальная і фабрычная прамысловасьць. Заняткі невясковыя пераважваюць і ў паўднёва-ўсходняй рауніне; большасьць насельнікаў і тут жыве па гарадох, але гарады маюць часьцей гандлёвае, чым прамысловае значэньне, дый прамысловасьць іх грунтуецца на апрацоўцы продуктаў сельскай гаспадаркі.

Ральніцтва ў Паўднёва-Ўсходняй Ангельшчыне стаіць досыць добра, выраб зямлі адбываецца пры помачы найлепшых прылад па палепшаных спосабах гаспадаркі. Сеюць тут пераважна пшаніцу і ячмень, зьбіраюць багатыя ўраджай, але свайго збожжа не хапае, бо яго вельмі многа вымагаюць буйныя гарады, якіх тут вельмі многа. З гэтай прычыны сюды яшчэ прывозіцца збожжа з-за межаў: з Канады, з Злучаных Штатаў Паўночнай Амэрыкі, з Паўднёва-Усходняй Эўропы. Большую вагу маюць тэхнічныя расьліны, якія даюць матар'ял для мясцовых фабрык, асабліва хмель. Добра ўзрастае й садовіна: яблыні, ігрушы. Значныя прасторы засяваюцца кармавымі травамі; апрача таго шмат у краіне і натуральных лугоў, так што гадоўля жывёлы знаходзіцца ў добрых варунках. Ангельскія гаспадары панавучаліся выгадоўваць найлепшыя гатункі рознай заводзкай жывёлы. Ангельскія коні вядомы на ўвесь сьвет лёгкасьцю і шпаркасьцю бегу; ангельскія сьвіньні адзначаюцца тлустасьцю і далікатным смачным мясам; па колькасьці авечак параўнаўча з прасторай з Ангельшчынай ня можа спрачацца ніводная краіна сьвету. Лепшую заводную жывёлу з Ангельшчыны вывозяць ува ўсе куты сьвету, але мясам і малаком, як і збожжам, краіна ня можа задаволіць сваё вельмі густое насяленьне, і мусіць гэтыя продукты прывозіць з Голяндыі, з Аргентыны, з Аўстраліі, Скандынавіі, Pаcіі.

З іншых заняткаў каля ўзьбярэжжаў пашыраны рыбацтва і гадоўля вустрыц. Дзе-ні-дзе ламаюць будаўнічы камень і здабываюць белагліньне (каолін). Фабрыкі краіны апрацоўваюць продукты сельскай гаспадаркі, вырабляюць шкло, парцалянавае ды паўпарцалянавае судзьдзе. Толькі каля сталіцы існуе шмат гарбарняў, паперняў, бравароў, хімічных фабрык, карабельных майстэрняў і іншых прамысловых прадпрыемстваў.

Аднак галоўным заняткам люднасьці трэба лічыць гандаль, які, уласна кажучы, і стварыў багацьце і моц Ангельшчыны. Паўднёва-Усходняя Ангельшчына зьяўляецца самай гандлёвай краінай сьвету. У апошнія вякі яна была пасярэдніцай у гандлі Эўропы з Амэрыкай і Індыяй, галоўным складам сусьветных тавараў. З тутэйшых прыстаняй што-дзень адыходзяць караблі ўва ўсе краі зямлі. Мораходзтва спакон веку цягне да сябе ангельцаў і дае заработкі тысячам людзей.

Для ўнутранага гандлю Паўднёва-Ўсходняя Ангельшчына мае вельмі густую сець чыгунак, якія ўва ўсе бакі разыходзяцца ад сталіцы. Хіба толькі Бельгія мае гусьцейшую сець чыгунак, як Паўдн.-Ўсходн. Ангельшчына. Цягнікі ходзяць часьцей і шпарчэй, як у іншых краінах Эўропы. Павольныя і поўнаводныя рэкі краіны зьяўляюцца добрымі прыроднымі дарогамі. Ангельцы злучылі іх каналамі ў адзіны ўклад танных вадзяных дарог.

Вялізныя багацьці, якія, дзякуючы гандлю, скучыліся ў Паўднёва-Ўсходняй Ангельшчыне, вельмі няроўна разьмеркаваліся між яе насельнікамі. Зямля належыць да буйных земляўласьнікаў-лёрдаў, у поўнай залежнасьці ад якіх знаходзяцца арэндары-фэрмэры, што працуюць на гэтай зямлі і жывуць па фольварках-фэрмах. Капіталістыя ўладаюць і фабрыкамі і гандлёвымі ўстановамі. А побач з надзвычайнымі багатырамі жывуць бедакі, якія ледзь могуць пражывіцца з сваёй працы.

Аднак параўнаўча з контынентам Зах. Эўропы Ангельшчына адзначаецца большай заможнасьцю працоўнага люду.

Продукты тут таней, а заработкі лепшыя, як на контынэнце, профэсыянальныя хаўрусы болей дбаюць аб дабрабыце працоўнага люду.

Аднак значная частка незаможных ангельцаў не здавальняецца сваім матар'яльным становішчам. Тысячамі яны выяжджаюць з бацькаўшчыны ў Амэрыку, у Аўстралію, у Паўднёную Афрыку. Там па бязьмежных прасторах ураджайнай зямлі даўныя эмігранты, хутка пабагацелі і пазакладалі новыя дзяржавы яшчэ болей культурныя і болей свабодныя за сваю мэтрополію—Ангельшчыну. У старыя часы эміграцыі з Ангельшчыны дапамагалі рэлігійныя змаганьні. Павыяжджала шмат такіх ангельцаў, якія трымаліся ня тэй веры (англіканскай), якая панавала ў Ангельшчыне і якіх прыціскаў ангельскі ўрад.

Асяродкам Паўднёва-Ўсходняй Ангельшчыны зьяўляецца сталіца Брытанскай дзяржавы Лёндон. Горад гэты ляжыць на галоўнай рацэ краіны — Тэмзе, у тым яе месцы, да якога ў час прыплываў могуць даплываць вялізныя акіянскія караблі. Лежачы разам з гэтым бязмаль-што ў самай сярэдзіне краіны, Лёндон злучае ў сабе выгоды прыморскага і ўнутранага палажэньня. Як на захад і на поўнач, у прамысловыя гарады заходняй Ангельшчыны, гэтак і на ўсход, на паўвостравы Кент і Норфольк, ад Лёндону праменямі разыходзяцца чыгункі. Лёндон ляжыць ля ўсходніх берагоў Ангельшчыны, значыць бліжэй за ўсё да Бэльгіі, Голяндыі, Нямеччыны, Польшчы, Бальтыцкіх краін, Расіі, а з гэтымі краямі вельмі бойка гандлюе Ангельшчына. Зразумела, што Лёндон, дзякуючы свайму палажэньню, мусіў зрабіцца найгандлёвейшым горадам Ангельшчыны, а разам з тым і ўсяго сьвету. Толькі ў апошнія перад вайной гады яго перагнаў па сваіх гандлёвых абаротах Нью-Ёрк, ды прыстані Заходняй Ангельшчыны пачалі з ім супарнічаць на полі замежнага гандлю ад таго часу, як пашырыўся гандаль з Амэрыкай. Аднак пакуль што Лёндон яшчэ займае першае месца ў Эўропе (гандлёвы абарот яго дасягаў перад вайной 3482 мільёнаў залатых рублёў).

Лёндон—самы вялікі горад сьвету. У ім жыве, лічачы прадмесьці, 7.500.000 насельнікаў, значыць болей, як ува ўсёй Бэльгіі, Голяндыі, у БССР або ў Швэдзіі.

Вялікія акіянскія караблі прыстаюць трохі ніжэй Лёндону; там на некалькі дзесяткаў вёрст абапал Тэмзы цягнецца вялізная Лёндонская прыстань. Але й вышэй па Тэмзе мітусяцца ўсялякія параходы, катэры, лайбы.

Пад зямлёй і над зямлёй па горадзе носяцца трамваі, злучаючы паміж сабой далёка раскінутыя прадмесьці.

Лёндон—тыповы ангельскі горад. Удзень мільёны людзей зьбіраюцца ў асяродку яго, у гэтак зв. Сіты. Уночы ўсе разьяжджаюцца па дамох на ўскрайкі сталіцы, тады як у Сіты начуе якіх 15-20 тыс. чал. Як у сталіцы дзяржавы, у Лёндоне знаходзіцца гаспода ангельскага караля і ўраду. Над Тэмзай уздымаецца вялікі харошы будынак ангельскага парлямэнту (гл. мал. 45).
Як культурны асяродак, Лёндон слыне найлепшымі ў сьвеце музэямі (найбагацейшы з іх, вядомы усяму сьвету,—Брытанскі музэй), харошымі ботанічным і зоолёгічным садамі, усялякімі навуковымі ўстановамі, унівэрсытэтам, найлепшай на сьвеце вышэйшай тэхнічнай школай, бібліотэкамі, культурна-асьветнымі гурткамі і ўстановамі і г. д.
Насупроціў Сіты, на правым беразе Тэмзы, лес фабрычных комінаў і вялікіх нязграбных фабрычных будынкаў гаворыць аб магутнай прамысловасьці, згуртаванай у ангельскай сталіцы. На мясцовых фабрыках вырабляецца ўсё, што толькі можа быць патрэбна чалавеку. З фабрычнымі будынкамі чаргуюцца старасьвецкія саборы, прыгожыя паркі, густа залюдненыя кварталы работнікаў і багатыя палацы мільёнэраў.

Навокала Лёндону ляжаць сотні прадмесьцяў і дачных мест, бязмаль-што зьлітых з сталіцай у адзін вялікі горад. Сярод гэтых прадмесьцяў выдаецца Грынвіч з слыннай обсэрваторыяй. Палудзеньнік гэтага места, як ведама, прымаецца за пачатковы.

Апроч Лёндону ў Паўднёва-ўсходняй Ангельшчыне ёсьць яшчэ шмат гарадоў па колькі сот тысяч насельнікаў у кожным. Найвялікшы з іx Брыстоль (377 тыс. насельнікаў), што ляжыць на захадзе краіны каля вусьцяў адной з рэчак (Эвон), што ўліваецца ў Брыстольскую затоку.

У час прыплываў да Брыстолю даходзяць вялізныя морскія караблі, якія прывозяць сюды для Лëндону зваротнікавыя плады з Вэст-Індыі (Сярэдняя Амэрыка) і быдла з Ірляндыі. Такім чынам горад зьяўляецца нібы прыстаньню Лёндону на Атлянтычным акіяне. Лежачы блізка ад каменна-вугальных пакладаў, Брыстоль разьвіў буйную фабрычную прамысловасьць. (Тут многа шкляных гут, ткацкіх фабрык, гарбарняў, цукраварняў і г. д.).

На паўночным-усходзе краіны каля лейкавіднай затокі Хэмбэр ляжыць прыстань Гуль (287 тыс. населья.), якая вядзе бойкі гандаль з Нямеччынай, Скандынавіяй і Расіяй. (Гандлёвы абарот 676 міл. р. золат.).

На паўднёвым беразе на Ляманшы супроць вострава Ўайт ляжаць яшчэ 2 добрых прыстані: Портсмут (247000 нас.) і Саўсэмптэн (161 тыс. нас.). галоўная станцыя параходаў, што йдуць з Нямеччыны ў Амэрыку. Маленькі Дуўр (42000 нас.), што ляжыць на Па-дэ-Кале, зьяўляецца месцам пераезду з Ангельшчыны на контынэнт у Францускі горад Кале. Оксфорд (55000 нас.), на вышнявіне Тэмзы, і Кэмбрыдж, у сярэдзіне Ўсходняй Ангельшчыны, зьяўляюцца ціхамірнымі гарадкамі з слыннымі, добра абстаўленымі ўнівэрсытэтамі.

Апрача Брыстолю й Лёндону прамысловую вагу маюць толькі некаторыя гарады, якія ляжаць ужо на мяжы з Паўночна-Ўсходняй Ангельшчынай, як, напрыклад, Лейстэр (234000 нас.) і Нотынгэм (263000 нас.) з фабрыкамі панчох і абуцьця.

Паўночна-Заходняя Ангельшчына зьяўляецца месцам концэнтрацыі сучаснай прамысловасьці і крыніцай сучаснага багацьця Брытанскай дзяржавы. Калі Паўднёва-Ўсходняя Ангельшчына мае выгляд прыгожага ціхамірнага парку, дык Паўночна-Усходняя выглядае, як лес фабрычных комінаў, чад ад якіх, зьмешаны з імглой і туманам, зусім хавае сонца і заўсёды вісіць па-над краінай. Калі ў першай за выняткам лёндонскіх ваколіц бязмаль паўсюды аднальковая гушчыня залюдненьня, дык у другой побач з голымі, хмурымі, малалюднымі, скалаватымі прасторамі трапляюцца мясцовасьці з гушчынёю залюдненьня да 900 чал. на 1 кв. клм., падобныя да вялікага бясконцага гораду. Калі багацьце ўсходня-ангельскіх раўнін залежыць ад гандлю і сельскай гаспадаркі, дык багацьце заходня-ангельскіх гор і ўзгоркаў залежыць выключна ад падземных пакладаў карысных мінэралаў і мэталаў.

З захаду ў Заходнюю Ангельшчыну ўразаецца Брыстольская затока і Ірляндзкае мора, разьдзяляючы краіну на 3 паўвостравы: Корнуэльс, Ўэльс і маленькі Кумбэрленд. Хмурыя, завінутыя хмарамі старавечныя горставыя горы запаўняюць гэтыя паўвостравы; у Уэльсе яны дасягаюць досыць значнай вышыні (найвышэйшая гара Ўэльсу СнаЎдон дасягае 1085 м. н. р. м.), на іншых паўвостравах горсты маюць выгляд нявысокіх узвышшаў з адхоннымі схіламі і акругленымі вярхамі. На ўсход ад 3-х горных паўвостраваў цягнуцца прадоўжныя лагчыны, якія аддзяляюць гэтыя паўвостравы ад рэшты Ангельшчыны, а яшчэ далей на ўсход цягнуцца Пэнінскія горы, якія праходзяць з поўначы на поўдзень па Паўночнай Ангельшчыне, і Сярэдня-Ангельскае ўзгор'е, што ляжыць на мяжы з Усходня-Ангельскай раўнінай.

Да Паўночна-Ангельскай краіны трэба далучыць яшчэ астравы: Энглезі, які зьяўляецца адломкам Ўэльсу, і Мэн, які лічыцца адарванай часткай Кумбэрленду. Уся краіна, асабліва-ж Сярэдня-Ангельскае ўзгор'е, мае ў дастатку розных карысных мінэралаў, галоўным чынам каменнага вугалю і жалезнай руды, на якіх грунтуецца дабрабыт Брытанскай дзяржавы.

Клімат краіны залішне вільгатны, ападкаў выпадае болей як трэба. (У горах Кумбэрленду выпадае што-год каля 3600 мілімэтраў дажджу, як дзе-небудзь у раўніковых лясох). Розьніца між летам і зімой тут яшчэ меншая, як ува Ўсходняй Ангельшчыне.

Лівэрпуль, напрыклад, мае сярэднюю тэмпэратуру году +10,3°, значыць такую-ж, як Лёндон, але ў студзені сяр. тэмпэрат. тутака +4,8º, а ў ліпені +16,9º. (Параўняй з Лёндонам).

Балоты й лугі зьяўляюцца тут галоўнымі расьліннымі згуртаваньнямі. На вярхох горставых гор убогая расьліннасьць нагадвае стэпавую, і толькі на паўднёвым захадзе пад забаронай узгор'яў Корнуэльсу трапляюцца даліны з багатай і сьвежай блізка-што паўднёва-эўропэйскай расьліннасьцю.

Вясёлыя куточкі з прыгожым краявідам сустракаюцца яшчэ ў горах Кумбэрленду па берагох выдраных даўнымі ледавікамі вазёрак. Па іншых мясцовасьцях краіны прырода адступае на другі плян перад чалавекам, які з сваімі фабрыкамі й капальнямі ўплывае на краявід болей, як расьліна і глеба.

Нават у параўнаўча бедных падземным багацьцем мясцовасьцях рудні й капальні спатыкаюцца не радзей, як двары ды фэрмы; у тых-жа месцах, дзе здабываюць вугаль, гарады стаяць адзін каля другога, капальні й гуты, рудні й фабрыкі кідаюцца ў вочы ўсюды, куды ні зірнеш.

Паўсюды там ляжаць вялікія кучы вугалю; вугальны пыл лётае ў паветры, вугаль пакрывае тонкім пластком дахі й сьцены будынкаў, твары і адзеньне працоўнага люду. Там няма тэй цішы й пакою, якім адзначаюцца некаторыя мясцовасьці Ўсходняй Ангельшчыны. У вушох зьвініць ад гукаў фабрычных гудкоў, гоману людзкіх галасоў, грукату машын, сьвісту цягнікоў. Усю сваю сілу і здольнасьць чалавек аддае там на тое, каб лепей скарыстаць паклады вугалю. Там усе працуюць, усе заклапочаныя, ніхто ня мае вольнага часу і ў будзённы дзень ніхто ня ведае адпачынку.

Галоўныя мясцовасьці, у якіх здабываюць каменны вугаль, знаходзяцца ў Паўднёвым Ўэльсе, дзе залягае найлепшы ў сьвеце антрацыт, у Сярэдня-Ангельскім узгор'і, абапал паўднёвай часткі Пэнінскіх гор і на крайнім паўночным усходзе, дзе Паўночна-Заходняя Ангельшчына дасягае Нямецкага мора. Больш за ўсё ў краіне вугалю; на другім месцы стаіць здабываньне жалеза. Хаця жалезную руду знаходзяць блізка-што па ўсёй краіне, але па здабываньні яе Ангельшчына ўжо страціла першае месца ў Эўропе.



У Корнуэльсе знаходзяць яшчэ цыну, капаюць лепшую парцалянавую гліну, у Ўэльсе і на востраве Мэн трапляецца цынк і волава, у Корнуэльсе і Ўэльсе — медзь, на Кумбэрлендзе ламаюць графіт, у паўночным Ўэльсе — лупняк. Наагул багацьці краіны могуць звацца нязьлічанымі, і толькі Злучаныя Штаты перавышаюць яе па колькасьці карысных мінэралаў ды Нямеччына ў апошнія гады падраўнялася з ёй і можа поплеч ісьці ў паступовым пашырэньні сваёй прамысловасьці.

Большую частку здабытага вугалю ангельцы паляць на ўласных фабрыках. Асабліва многа гэтага апалу ідзе на выплаўку жалеза. З чыгуну, сталі і жалеза ў Паўночна-Заходняй Ангельшчыне вырабляюць на вываз за межы і для мясцовага ўжытку гарматы, стрэльбы, бліндажы, нажы, розныя машыны і г. д. Яшчэ большую вагу мае выраб крамніны. Няма ніводнай краіны, якая-б магла раўняцца з Паўднёва-Заходняй Ангельшчынай па вырабе баваўнянкі. З Брытанскіх колёній, з Злучаных Штатаў, з Кітаю і Японіі прывозяць сюды баваўняную сырыну, тут перарабляюць і ўжо апрацованую вывозяць адгэтуль ува ўсе староны сьвету. Можна сказаць, што палова ўсіх людзей зямлі апранаецца ў ангельскую баваўняную вопратку.

Пачэснае месца ў прамысловасьці Заходняй Ангельшчыны займае і апрацоўка воўны, выраб сукна, драпу і г. д.

На тутэйшых фабрыках апрацоўваецца як мясцовая, гэтак і чужаземная воўна з Аўстраліі, Паўднёвай Афрыкі, Аргентыны, Расіі. Ангельскія ткацкія фабрыкі перарабляюць беларускі і расійскі лён, індыйскі джут, беларускія, расійскія і ўкраінскія каноплі і г. д. Добрае становішча мае ў краіне апрацоўка каўчуку, медзі, цынку, выраб розных хімічных тавараў, між іншым фарбы і г. д.

Насельнікі Заходняй Ангельшчыны зьяўляюцца патомкамі даўных кельцкіх народаў Вялікабрытаніі; уплывы англа-саксаў на іх адбіліся значна слабей, як на ўсходніх ангельцах.

У Ўэльсе, Корнуэльсе, на астравох Энглезі й Мэн насельнікі могуць лічыцца болей-меней чыстымі кельтамі. Праўда, шматвяковая сувязь з Усходняй Ангельшчынай згладзіла некаторыя асаблівасьці заходніх ангельцаў; насельнікі Корнуэльсу і вострава Мэн ужо 200 гадоў гавораць паангельску, і толькі на Энглезі і ў Уэльсе да сяго часу ужываецца кельцкая мова.

Нацыянальныя асаблівасьці тут зусім зьнікаюць у параўнаньні з розьніцай між клясамі, якая ў Заходняй Ангельшчыне выяўляецца выразьней, як у іншых краёх Эўропы. З прычыны магутнага разьвіцьця буйной прамысловасьці люднасьць тут спролетарызавалася мацней, як дзе яшчэ. Тут не застаецца месца для дробных уласьнікаў-саматужнікаў. Ня маючы магчымасьці саматугам вырабляць такія танныя тавары, якія вырабляюцца машынамі на фабрыках, саматужнікі мусілі зачыніць свае дробныя майстэрні і йсьці наймацца на фабрыку багатыроў-капіталістых. Такім чынам тут амаль-што не засталося дробных уласьнікаў, і ўвесь народ падзяліўся на дзьве вялікія варожыя адна да аднэй клясы: нямногалічных капіталістых і вялікую грамаду пазбаўленых уласнасьці работнікаў.
Каб лягчэй трымаць у сябе ў экономічнай залежнасьці работнікаў, капіталістыя злучаюцца ў саюзы, з якіх наймацнейшы — "Фэдэрацыя Брытанскай Прамысловасьці" — ахапляе ўсе бакі брытанскай гаспадаркі і фактычна кіруе ўсёю брытанскаю політыкаю. З свайго боку работнікі Ангельшчыны пачалі, раней як дзе, гуртавацца ў профсаюзы (так званыя трэд-уніоны) для змаганьня з капіталістымі за лепшыя варункі жыцьця. Профсаюзы кіруюць забастоўкамі работнікаў, падтрымліваюць беспрацоўных і з кожным годам набываюць усё большую вагу ў політычным

жыцьці Ангельшчыны. Цяпер гэтыя саюзы гуртуюць амаль-што увесь працоўны люд краю. (У 1920 г. у профсаюзах Вялікабрытаніі лічылася 8⅓ мільёнаў членаў). Побач з профсаюзамі моцную сілу, варожую капіталістым, складаюць коопэрацыйныя установы, аб'яднаныя ў Ангельскае таварыства Гуртавых закупак. Гэтае Таварыства мае больш сотні сваіх уласных фабрык, мае свае плянтацыі і фэрмы у заморскіх брытанскіх уладаньнях і распараджаецца вялізным капіталам. Вострасьць клясавай барацьбы ў Ангельшчыне зьмякчаецца тым, што багацьце гэтага краю грунтуецца на эксплуатацыі заморскіх брытанскіх колёній. Часта ангельская буржуазія йдзе насустрэч вымаганьням ангельских работнікаў і такім чынам прыцягвае частку іх на свой бок, абы захаваць магчымасьць эксплёатацыі сваіх заморскіх уладаньняў. Комуністычная партыя, якая ставіць сваёй мэтай захват усёй улады работнікамі, утварылася ня вельмі даўно у Ангельшчыне і пакуль што мала вядома шырокім колам працоўнага люду. Іншыя работкіцкія політычныя організацыі, і перш за ўсё так званая Працоўная Партыя, працуюць у згодзе з буржуазіяй і маюць мэтай увесьці у Ангельшчыне соцыялістычны лад шляхам мірнай заваёвы большасьці галасоў у ангельскім парлямэнце. Працоўная партыя аб'яднала 4330000 членаў (у 1920 г.), але ў парлямэнце далёка ня мае большасьці. Як паўсюды у багатых прамысловых краінах, у Паўночна-Заходняй Ангельшчыне кожная мясцовасьць спэцыялізуецца на якой-небудзь галіне прамысловасьці. У ваколіцах адных гарадоў вырабляецца толькі баваўняная вопратка, у другіх мясцовасьцях-толькі панчохі, у трэціх-абуцьцё, у чацьвертых-выключна перапрацоўваецца война, у пятых--мэталы 1 г. д. Звычайна ў асяродку кожнай такой мясцовасьці знаходзіцца буйны горад, які вядзе гандаль яе вырабамі. Наагул гарадоў у краіне вельмі многа, значная колькасьць іх належыць да буйных, а 23 гарады налічваюць болей як па 100000 насельнікаў кожны. Большасьць буйных гарадоў гуртуецца ў мясцовасьцях, багатых вугалем. З гэтай прычыны у Корнуэльсе, які ня мае пакладаў вугалю, мала буйных гарадоў. Толькі на паўднёвым беразе, каля адной з найлепшых у Эўропе буктаў, пабудованы 2 гарады: Плімут і Дзвонпорт (абодва разам налічваюць 210 тыс. н.). У Уэльсе знач. ныя гарады ляжаць на поўдні, дзе здабываецца слынны уэльскі антрацыт (найлепшы гатунак каменнага вугалю). Прыстань Кардыф (200 тыс. нас.) вывозіць адтуль што-год каля 15 мільёнаў тон (больш за 900 мільёнау пудоу) вугалю. У Сярэдня-Ангельскім узгор'і ў вугляроднай мясцовасьці, вядомай пад назовам Чорнай Зямлі, ляжыць Бірмінгэм (919000 нас. у 1921 г.), асяродак жалезнай прамысловасьці, слынны вырабам зброі, машын, сельска-гаспадарчых прылад, голак, сталёвых пёркаў і г. д. Апрача таго горад вырабляе ўсялякія прылады з медзі, мосензу (бронза), дарагога каменьня і шкла. Як унівэрсытэцкі горад. Бірмінгэм зьяўляецца асяродкам асьееты у Чорнай Зямлі. На поўнач адгэтуль, абапал паўднёвых адгор'яу Пэнінскага ланцуга, знаходзяцца яшчэ дзьве густа залюдненыя мясцовасьці, у якіх, як і ў Чорнай Зямлі, бесьперарыўна цягнуцца гарады, капальні, рудні. На ўсход ад Пенінскіх гор у Шэфільдзе (491 тыс. нас.), як і ў Бірмінгеме, вырабляюцца пераважна мэталёвыя тавары: чыгуначныя рэйкі, паравозы, вагоны, нажы, бліндажныя пліты і г. д. Крышку далей на поунач у Лідсе (458 тыс. нас.), Брэдфордзе (286 тыс. нас.) і ў іх ваколіцах гатуюць сукно, перапрацоўваюць войну, ільняніну, вырабляюць шкло і гліняныя тавары. Усе гэтыя ўсходня-пэнінскія гарады вывозяць свае тавары на ўсход праз Гуль, між іншым, у прыстані Балтыцкага мора і праз іх на Беларусь.

Аднак самы багаты і найгусьцей залюднены куток Ангельшчыны - гэта мясцовасьць Лянкашыр на захад ад Паўднёвых Пэнін. Гэть куток спэцыялізаваўся на апрацоўцы баваўны, якая падвозіцца сюды па морскім канале проста ў асяродак мясцовасьці- Манчэсмэр (731 тыс. насельн., а разам з прадмесьцем Сэльфорд каля 1 мільёну нас.). Гэта першы ў Эўропе горад па апрацоўцы баваўны. У ваколіцах яго меншыя гарады гатуюць баваўнянае прадзіва, другія ткуць, трэція фарбуюць тканіну, чацьвертыя шыюць вопратку, пятыя вырабляюць машыны для апрацоўкі баваўны. Для ўсіх гэтых гарадоў Манчестэр зьяўляецца гандлёвым і культурна-асьветным (унівэрсытэт) асяродкам. Морскі канал злучае Манчестэр беспасрэдна з Ліверпулем (803 тыс. нас.), што ляжыць каля лейкавага вусьця р. Мэрсі, вывозіць як манчэстэрскія, гэтак і бірмінгемскія тавары, і зьяўляецца галоўнай гандлёвай прыстаньню Ангельшчыны пасьля Лёндону, першай у сьвеце па гандлі баваўнай (гандлёвы абарот да вайны дасягаў 3182 мл. руб. зол.). Сюды прывозіцца ўся сырына, патрэбная для манчэстэрскіх фабрык, з Эгіпту, Амэрыкі, індыі; адсюль адыходзяць пасажырскія і таварныя караблі ў Бостон і Нью-Ёрк, з якімі асабліва бойка гандлюе Ангельшчына. Лежачы ў самай сярэдзіне Брытанскага згуртаваньня астравоў, Ліверпуль зьяўляецца галоўным асяродкам унутранага брытанскага гандлю. Пакуль Ангельшчына гандлявала пераважна з Эўропай, узрастаньню Ліверпулю перашкаджаў Лёндон, але з таго часу, як пашырыўся гандаль з заэўропэйскімі старонкамі, да якіх Ліверпуль ляжыць бліжэй, і асабліва ад часу разьвіцьця прамысловасьці Заходняй Ангельшчыны, Ліверпуль пачаў шпарка расьці і цяпер гандлёвымі абаротамі бязмаль зраўняўся з сталіцай.

Тунэль пад ракой Мэрсі злучае Ліверпуль з Біркенгідам (146000 нас.), які ляжыць насупроціў яго і зьяўляецца нібы яго прадмесьцем.

Шотляндыя займае паўночную вузейшую частку Вялікабрытаніі, а таксама суседнія астравы Гебрыдзкія, Оркнзйскія і Шотляндзкія. (Адшукай іх на карце). Берагі гэтай краіны яшчэ болей зьвілістыя, морскіх заток, пераважна вузкіх і даўгіх, тут яшчэ болей, як у Ангельшчыне. Асабліва глыбака ўразаюцца ў сухазем'е дзьве пары заток (на поўдніКлейд з захаду і Форс з усходу, на поўначы Лёрн з захаду і Морэй з усходу). Гэтыя затокі цягнуцца насустрэч адна другой і нібы перашнуроўваюць Шотляндыю, так што яна расладаецца на 3 часткі, злучаныя толькі вузкімі пярэсмыкамі, праз якія ўжо пракопаны морскія каналы. Пярэсмыкі гэтыя зьяўляюцца западзінамі-грабанамі, якія стварыліся праз апусканьне кавалкау земнай кары, што ляжалі між рауналежнымі шчылінамі. Паўднёвы пярэсмык (што цягнецца ад затокі Клейд да затокі Форс; мае назоў Лёленд, адзначаецца вялізнымі запасамі каменнага вугалю і жалеза і густой залюдненасьцю. Паўночны пярэсмык-Каледонскі (што цягнецца ад затокі Лёрн да затокі Морэй)--запоўнены вузкімі даўгімі вазёрамі. Паўднёвая Шотляндыя, што ляжыць на поўдзень ад лёленду, складаецца з убогіх нявысокіх узгор'яу і плоскаўзвышшаў. Значна вышэй Сярэдня-Шотляядзкае плоскаузвышша, што ляжыць між лёлендам і Каледонскай нізінай. Асабліва высокія горы Грампіанскія (найвышэйшая гара ў іх Бэн-Нэвіс дасягае ўвышкі 1343 м. н. р. м.). Гэта хмурыя, недаступныя, але прыгожыя горы, багатыя ледавіковымі вазëрамі. (Найвялікшае з іх лёмонд у заходняй частцы краю). На поўнач ад Каледонскага пярэсмыку ляжыць Паўночнае Шотляндзкае ўзвышша, такое-ж дзікае, пустыннае й недаступнае, як і Грампіанскія горы, але значна ніжэйшае.

Сучасны выгляд паверхня Шотляндыі атрымала ў ледавіковыя часы. Тагочасныя ледавікі, спаўзаючы з гор, павыкопвалі на іх схілах шмат вузкіх і даўгіх катлін з крутымі абшарпанымі сьценамі. З цягам часу адны з гэтых катлін напоўніліся дажджавой вадой і зрабіліся вазёрамі, другія. асабліва на заходнім узьбярэжжы, злучыліся з морам і перавярнуліся ў вузкія морскія затокі, г. зв. фьерды.

Клімат Шотляндыі, згодна вышэйшай географічнай шырыні яе, халаднейшы, як у Ангельшчыне, але Таксама Надта вільгатны. На ўсходзе часамі ўлетку яшчэ здараюцца ясныя дні, а ў горах і на захадзе пануюць вечная непагода, частыя буры, туманнае і хмарнае надвор'е. Цёплае вільгатнае паветра з-над Гольфштрому адразу тут падымаецца на халодныя высокія плоскаузвышшы і выдзяляе вельмі многа ападкаў (на заходніх схилах гор каля 3000 мм. у.год, на ўсходзе-толькі 750 мілім.).

Сярэдняя тэмпэратура году ў Эбэрдыне на усходзе краіны +7,9°. сярэдняя студзеня -2,9° ліпеня +14,2°. На захадзе лета яшчэ халаднейшае.

Бук ужо не расьце ў Шотляндыі; на поўначы яе няма нават і дубоў. Па нізінах і горных схілах пераважваюць хваёвыя бары, а па плоскаўзвышшах застаецца толькі ўбогая травяная расьліннасьць, якой жывяцца статкі аленяў, каторых трымаюць дзеля паляваньня багатыя лёрды.

Ральніцтва мае другараднае значэньне ў шотляндзкай гаспадарцы. Сеюць перш за ўсё кармавыя травы, авëс, а у Лёлендзе: на захадзе яшчэ ячмень і на ўсходзе - даволі рэдка-пшаніцу. Большую вагу мае гадоўля жывёлы, асабліва авечак, якіх задавальняе самая бедная паша. Вялікія даходы насельнікам дае рыбацтва. Што год адгэтуль вывозіцца на некалькі дзесяткаў мільёнаў рублёу золатам селядцоў. У нізіне Лёленд у каменновугальных акругах пераважвае нетракапальная і фабрычная прамысловасьць. Там выплаўляюць жалеза, гатуюць розныя жалезныя вырабы, апрацоўваюць баваўну, лён, джут, шоўк і гэтак далей.

Даўная кельцкая люднасьць Шотляндыі захавалася галоўным чынам на захадзе. Людзі там ніжэйшага росту і цямнейшыя, як на ўсходзе. самых недаступных горах захаду да сяго часу пануе старакельцкая мова. Наадварот, высокія, сьветлавалосыя, доўгагаловыя й доўгатварыя насельнікі Паўднёва-Усходняй Шотляндыі зьяўляюцца патомкамі гэрманскіх пляменьняў, якія захапілі гэтую частку краіны ў пачатку сярэдніх вякоў. Гавораць яны выключна паангельску, хаця й ня вельмі любяць запраўдных ангельцаў.

Між іншым ад ангельцаў шотляндцы адразьняюцца сваёй рэлігіяй. Ангельцы офіцыйна належаць пераважна да так званай англіканскай царквы, шотляндцы — галоўным чынам так званыя прэсвітэрыянцы. Англіканская вера займае cярэдняе месца паміж іншымі протэстанцкімі рэлігіямі і каталіцтвам.

Мал. 47.-Плоскаўзвышша ў Шотляндыі

Гарады Шотляндыі згуртаваліся ў багатай на вугаль і жалеза нізіне Лёленд. Тамака на р. Клейд, у тэй яе частцы, да якой даплываюць вялізныя морскія караблі, недалёка ад заходняга берагу ляжыць горад Глезго (1034000 н. у 1921 г.), які бойка гандлюе з Канадай, Злучанымі Штатамі і з Вэст-індыяй. Сюды прывозяць адтуль цукер і баваўну, а адгэтуль вывозяць вырабленыя на тутэйшых фабрыках баваўняныя і шаўковыя тканіны і розныя мэталёвыя тавары, перш за ўсё ўсялякія машыны. Глезго вядомы, як асяродак будаваньня караблёў, гандлёвы і унівэрсытэцкі цэнтр Шотлянды.

На ўсходзе западзіны Лёленд знаходзіцца прыгожы старасьвецкі Эдинбург (420 тыс. нас.), даўная сталіца Шотляндыі. Тут знаходзіцца лепшы унівэрсытэт краіны, многа кніжных складаў і бібліотек. Як прамысловы горад. Эдынбург апрацоўвае сельска-гаспадарчыя продукты. На поўнач адгэтуль каля Нямецкага мора ляжыць прыстань Дэнды (168 тыс. нас.), асяродак ільнянай прамысловасьці і гандлю рыбай, а яшчэ далей на поўнач ― прыстань Эбэрдын (159000 насельн.) вывозіць продукты гадоўлі авечак.

Астравы Гебрыдзкія, Оркнэйскія і Шотляндзкія зьяўляюцца адломкамі Паўночна-Шотляндзкага узвышша і адзначаюцца вельмі вільгатным кліматам. На Гебрыдзкіх астравох жывуць кельты, на Оркнайскіх і Шотляндзкіх―патомкі даўных вікінгаў, якія да сяго часу ўжываюць норвэскую мову.

Ірляндыя таксама, як і Вялікабрытанія, мае асабліва на захадзе вельмі многа заток, глыбока ўрэзаных у сухазем'е, але затокі гэтыя не такія вузкія і не такія разьвіленыя, як фьерды Шотляндыі.

Таго часу, як дно фьердаў глыбей за суседнія часткі адкрытага мора, дно Ірляндзкіх заток пакрысе глыбее у кірунку ад пачаткаў да вусьця. Як і затокі Паўночна-Заходняй

Гішпані, затокі ірляндыі належаць да гэтак званага рыясавага тылу.

У сярэдзіне ірляндыі знаходзіцца западзіна, а па ўскрайках уздымаюцца узгор'і або нявысокія горы з адхоннымі пакатамі і акругленымі мяккімі абрысамі. Такая будова паверхні выклікае забалочанасьць унутраных прастор краіны. Рэкі асяродкавай нізіны, напрыклад, самая вялікая з іх шанон, маюць невялікі нахіл дна, цякуць павольна, утвараюць на сваёй дарозе шмат вазёр і балот і ледзь знаходзяць дарогу ўва ускрайных узгор'ях, каб прабіцца праз іх і трапіць да мора. У ледавіковыя часы і тут зямля хавалася пад магутным пластом лёду, але ад тых часоў тут засталося меней сьлядоў, як у Шотландыі. Тонкі пласт ледавіковага навалу (морэн) і многалічныя вазёры пакрываюць аднак бязмаль усю краіну.

Блізкасьць да адкрытага Яну і беспасрэдны ўплыў Гольфштрому робяць клімат ірлянды яшчэ вільгатнейшым за клімат Вялікабрытаніі. Асабліва вільгатны, роуны клімат на паўднёвым захадзе краіны.

Сярэдняя тэмпэратура году тамака +10,6°, самы халодны месяц сьнежань мае ў сярэднім +7,2°, самы цёплы -ліпень +15.1°.

Ніколі там ня бывае халадней за -1,7° і ніколі цяплей за +24,2°. Ападкаў 1500 мм.

Дзякуючы цёплай зіме на паўднёвым захадзе Ірляндыі могуць расьці нават некаторыя вечназялёныя дрэўныя расьліны, як, напрыклад, ляўры й мірты. Уся краіна адзначаецца багацьцем поплаваў выглядае пакрытай зялёным дываном сочнай густой травы, якая не перастае расьці нават узімку і заўсёды дае найлепшую спажыву для жывёлы. Вялікія прасторы займаюць балоты і іншыя няўжыткі, так што пад ральлёй, гародамі і садамі застаецца ўсяго каля 25% прасторы, а лясоу у краіне бязмаль-што, зусім няма. Ня гледзячы на малую плошчу ніў, ральніцтва ў ірлянды заўсёды грала вялікую ролю, большую, як у Шотляндыі і Ангельшчыне. Тутака вельмі добра ўзрастае бульба, і няма ніводнага краю ў сьвеце, у якім бульба мела-б такую нагу, як на гэтым востраве. Бульба тут галоуны страўны продукт, і ў час неўраджаяў на яе насельнікі вострана галадуюць, тысячамі выміраюць і выяжджаюць за межы. Збожжа расьце у ірляндыі кепска, хіба толькі на паўднёвым усходзе летняй цяплыні хапае для засеваў аўса ды ячменю. Апрача бульбы і гародніны добрыя ураджаі дае лён, якога асабліва многа сеюць на паўночным усходзе краіны. На апрацоўцы ільняніны грунтуецца, можна сказаць, уся ірляндзкая прамысловасьць. Фабрыкі згуртаваліся на паўночным усходзе беспасрэднай блізкасьці да Шотляндзкіх каменна-вугальных акруг, вугалем якіх яны карыстаюцца, бо свайго апалу ў Ірляндыі няма. За выняткам гэтага прамысловага куточка рэшта ірлянды зьяўляецца сельскагаспадарчым краем. Багатыя поплавы даюць магчымасьць гадаваць найлепшае быдла, авечак, сьвіней, якія даюць галоўныя продукты вывазу з вострава.

Першапачатковыя насельнікі Ірляндыі былі ўжо досыць культурным народам, калі ў Вялікабрытанію надышлі англы й саксы, а потым нормандцы. Ірляндцы любілі сваю бацькаўшчыну і шанавалі яе волю й незалежнасьць. Калі англа-нормандзкія войскі перакінуліся на Ірляндыю, яны спаткалі тамака упарты аднор. Аднак добра узброеныя і абучаныя англа-нормандцы перамаглі ірляндцаў і далучылі востраў да Ангельскага каралеўства. Зямлю ірляндзкіх земляробаў захапілі ангельскія лёрды, якія дазволілі ірляндзкім сялянам жыць на сваёй зямлі толькі ў стане арэндараў. Уладаўшы спакон веку Зямлей, ірляндцы не маглі мірыцца з панаваньнем на ëй чужаземцаў і рыхтавалі паўстаньне за паўстаньнем. Але ангельцы тапілı ў крыві Ірляндыю і трымалі востраў у сваіх руках. Асабліва цяжка было ірляндцам у часы рэлігійных змаганьняў, бо ангельцы, якія належалі да протестанскай англіканскай царквы, прыціскалі каталікоў-ірляндцаў. Замацаваўшыся на паўночным усходзе Ірляндыі, ангельцы адтуль кіравалі усім востравам, падТрымоўваючы лёрдаў і караючы сялян-арэндараў. Спачатку ў рляндыі быў асобны хоць і няпоўнапраўны сойм, але з 1800 году Ірляндыя злучылася з Вялікабрытаніяй у адно Злучанае каралеуства і засталася без свайго парлямэнту, апошняй рэшткі мінулай самастойнасьці. У XІX веку становішча ірляндцаў зрабілася нявымоўна цяжкім. Лічачы, што морскі клімат Ірляндыі найболей спрыяе пашырэньню у ёй гадоўлі жывёлы, ангельскія лёрды пачалі проста выганяць арэндараў з сваіх ірляндзкіх маёнткаў, а на месцы іх пачалі завадзіць малочныя формы і скотныя двары. Выгнаныя з сваіх хат арэндары прабавалі займацца Фабрычнай прамыславасьцю, але ня вытрымалі конкурэнцыі ангельскіх фабрык і тысячамі пачалі ўцякаць у Амэрыку. Адначасна пачаліся неўраджайныя на бульбу гады, і краіна пачала вылюдняцца. Яшчэ ў першай палове XІX в. у ёй было болей за 8 мільёнаў насельнікаў, а цяпер засталося толькі 4500000 чала век. Аднак рэшткі ірляндзкага народу і далей змагаліся за самастойнасьць. Аб'яднаўшыся з лібэральнымі партыямі у ангельскім парлямэнце, ірляндцы усімі дазволеным спосабамі дамагаліся прынамсі самаўраду і асобнага ірляндзкага парлямэнту. Найболей крайнія з ірляндзкіх незалежнікаў часамі заклікалі сялянства брацца за зброю, але толькі пасьля сусьветнай вайны ангельскі ўрад згадзіўся на стварэньне незалежнай Ірляндзкай дзяржавы з асобным урадам і парлямэнтам, але злучанай з Брытанскай дзяржавай саюзным дагаворам.

Ужо многа гадоў назад большасьць насельнікаў Ірляндыі запазычыла ангельскую мову, так што старая ірляндзкая кельцкая мова захавалася толькі на крайнім захадзе. Аднак, запазычыушы ангельскую мову, ірляндцы засталіся асобнай нацыяй і упарта змагаюцца за незалежнасьць сваёй бацькаўшчыны[2].

Векавечнае змаганьне з пераможцамі цяжка адбілася на Ірляндыі. Заняпала культура, зьнікла даўнейшае багацьце. Большасьць ірляндцаў жыве вельмі бедна, значная частка іх не атрымоўвае аніякай асьветы, многія з іх выяжджаюць на заработкі ў іншыя краіны Брытанскай дзяржавы, дзе выконваюць, як беларусы ў даўнейшай Расіі, самую цяжкую працу[3].

Мал. 48. Ірляндзкі фэрмэр.

Як у тыповай сельска-гаспадарчай старонцы, у Грляндыі мала вялікіх гарадоў. Сталіца яе Дублін (400000 насельнікаў) ляжыць на ўсходнім беразе і бойка гандлюе з Ангельшчынай. Гэта асяродак ірляндзкай асьветы, слынны сваім унівэрсытэтам. Другі буйны горад Бэльфаст (393000 насельн.) ляжыць на паўночным усходзе краіны ў асяродку прамысл овай акругі. Тут апрацоўваецца баваўна, ільняніна, вырабляецца паўпарцалян, шкло, цукер.


  1. Сярод дзяржаў Эўропы першае месца па ліку слухачоў вышэйшых школ займае Вялікабрытанія. Перад вайной у Вялікабрытанскіх унівэрсытэтах вучылася 43880 слухачоў, у Нямеччыне 46200, у Францыі 32950, у іншых дзяржавах значна меней.
  2. Праца народнай інтэлігэнцыі над разьвіцьцём сваёй уласнай мовы стварыла ўжо багатую літаратуру, якая ўжо цяперака зьяўляецца гонарам кожнага нацыянальна-сьвядомага ірляндца.
  3. Толькі дзякуючы шырокаму разьвіцьцю сельска-гаспадарчай коопэрацыі дабрабыт працоўвага сялянства ў Ірляндыі значна паляпшаецца, і можна спадзявацца, што далейшыя посьпекі коопэрацыі дазволяць ірляндцам экономічна ўзмацавацца.