Перайсці да зместу

Географія Беларусі (1919)/Беларусь паміж суседзямі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ад рэдакцыі Беларусь паміж суседзямі
Падручнік
Аўтар: Аркадзь Смоліч
1919 год
Прырода Беларусі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




I. Беларусь паміж сваймі сусе́дзямі.


Палажэньне Беларусі.

Беларусь ляжыць у самай сярэдзіне Эўропы. Яна займае вялікі кавалак зямлі (каля 300 тысячаў квадратных вёрстаў, альбо 30 міліёнаў дзесяцін,) які, можна сказаць, з большага мае форму трапэцыі (як сяке́ра) з асноваю ўдаўжкі ў 700 вёр., а ўвышкі ў 550 вёр. (Верхняя аснова мае ўдаўжкі каля 400 вёрст). Значыцца каб пераехаць цераз усю Беларусь з усходу на захад прыдзецца ехаць 100 міль, а з паўдня на поўнач — 80 міль.

Каб акуратней адзначыць мейсца, дзе ляжыць нашая бацькаўшчына на зямной кулі, мы мусім сказаць, што яна ляжыць бале́й-меней паміж 40 і 52 градусамі ўсходняе даўжыні (лічачы ад Фэрро) і паміж 51 і 57 градусамі паўночнае шырыні. Як раз у заходняй Беларусі ёсьць географічны цэнтр Эўропы (42,5 i 54).

Прастор Беларусі.

Беларусь займае прастору каля 300 тысячаў квадр. вёрстаў альбо 30 міліёнаў дзесяцін. Прастор гэта не малы. Сярод культурных краëў ня шмат такіх, каб мелі бале́й зямлi, чымсi мае Беларусь, большая часьць гаспадарстваў у Эўропе займае ме́ньшы прастор.

Большыя за Беларусь вось якія старонкі — Нямеччына больш у 1 ½ разы (мае 480 тыс. кв. вёрст), Францыя, Норвэгія, Швэдзiя, Гішпанія і Аўстра-Венгрыя таксама большыя за Беларусь. Большая за Беларусь і Украіна і Маскоўшчына — гэтыя старонкі маюць найбольш у Эўропе зямлі. — Роўна з Беларусьсю зямлі маюць Англія (без калёніяў), Італія і Фінляндыя. А рэшта — Баўгарыя, Румынія, Польшча, Літва, Грэцыя, Сербія, Бэльгія, Швайцарыя і шмат іншых маюць зямлi меньш чымся ў Белаpyci y 2, у 3 і больш таго разоў.

Колькасьць насяле́ньня і яго шчыльнасьць.

Шмат зямлi ёсьць у Беларусі, ды рэдка народ у ëй жыве. На ўсім прасторы Беларусі жыве ўсяго каля 16 міліёнаў чалавек. Большая часьць зямлі ў нас ляжыць пад бесканечнымі лясамі, пад дзікім балотам. Ворнай зямлі ў нас ня шмат, дый на тэй, якая ёсьць, наш народ гаспадарыць блага, бо ляпей ня умее. Дык нашая зямля ледзь-ледзь пракормлявае гэтых 16 міліёнаў чалавек.

У Нямеччыне на гэткім самым прасторы жыло-б міліёнаў 45 народу, а ў іншых старонках (напр. у Бэльгii) шмат балей.

Дзеля гэтага па колькасьці насяленьня эўропэйскія гаспадарствы ўжо ня ў 1 ½ разы большыя за Беларусь, а ў 3, у 4 разы. Нямеччына мае 65 міліёнаў народу, каля гэтага мае i Англія і Аўстрыя. Меней маюць Італія, Францыя, Украіна, але ўсё-ж шмат балей чымся Беларусь. У Польшчы, Гішпаніі народу будзе блізка што толькі, колькі і ў Беларусі, а рэшта гаспадарстваў маюць насяленьня шмат меней, чымся ёсьць у Беларусі. Гэткія культурныя старонкі, як Швайцарыя, Фінляндыя, Данія маюць усяго па 3 міліёны, а ў Грэцыі і па 2 мiлiёны жыхароў.

За тое з боку гушчыні пасяленьня Беларусь стаiць бяз мална ў самым канцы ўсіх Эўропэйскіх гаспадарстваў. У Беларусі на 1 квадратнай вярсьце — кругом бяручы, жыве ўсяго толькі 50 чалавек. Радзей, як у Беларусі, народ жыве яшчэ вось у якіх старонках — у Грэцыі, Гішпаніі, Турцыі, Маскоўшчыне, Швэдзii i Фінляндыі. У Фінляндыі на 1 кв. вярсьце жывець толькі 10 чалавек. Тым часам старонка гэтая вельмi культурная, дый людзі там багата жывуць.

Сусе́дзі Беларусі.

З захаду Беларусь мяжуецца з Польшчаю, Літвою і Латвіяй.

Даўжыня мяжы з Польшчаю каля 250 вëр., Літвой 400 вëр. Латвіяй 200 вёрст.

На паўдня ад Беларусі ляжыць Украіна. Мяжа з ёю мае даўжыні каля 1000 вёрстаў.

З усходу і поўначы Беларусь аблягае Маскоўшчына. Мяжа з ёю мае даўжыні каля 900 вёрстаў.

Беларусь яшчэ не разьмяжавалася акуратна з сваймi суседзямі. Дзеля гэтага, кажучы аб межах Беларусі, мы разумеем тыя межы, у якіх, як усе згаджаюцца, жыве беларускі народ. Быць можа, што пры ўстанаўленьні межаў які невялічкі лапік беларускае зямлі дастанецца якому суседу, альбо наадварот — дзеля таго, каб межы крыху выпрасталіся. Дык межы Беларусі могуць яшчэ зьмяніцца. Цяпер мы даём апісаньне тых толькі межаў, якія аддзяляюць народ Беларускі ад яго суседзяў. 3 Польшчаю мяжа iдзе ад м. Мельнiка, што ляжыць на р. Бугу, па гэтай рацэ ўніз, пасьля па рацэ Нурцу і далей пераходзіць на рэкі Нарэў і Бобр. Зыйшоўшы з Бабра, граніца кіруецца на Аўгустоў, а адтуль ідзе проста на Друзгенікі, і пераходзіць ужо ў край Літоўскі. Далей граніца з Літвою йдзе праз мястэчкі Дубічы, Эйшышкі, Біняконі, Рудзішкі, Еўе, Падбярэзьзе, Сьвянцяны, Відзы і Езëросы (Нова-Аляксандраўск).

За Езёросамі пачынаецца мяжа з латышамі. Яна йдзець праз Ілукшту, Вышкі, Дагду, Люцын, і да Корсаўкі. Ад Корсаўкi пачынаецца мяжа з Маскоўшчынаю. Яна йдзець праз Апочку, Вялікія Лукі ў кірунку на Ржэў і Зубцоў. Адтуль-жа паварочавае на паўдня і йдзе ў кірунку на Дарагабуж. Не даходзячы гэнага места, граніца паварочавае крыху на ўсход, а пасьля ідзець ізноў у паўднёвым кірунку на места Бранск і далей па рацэ Дзясьне да мястэчка Грэмяча. Ад Грэмяча ўжо пачынаецца Беларуска-Украінская граніца.

Гэная граніца ад Грэмяча ідзе́ць на поўдзень і паўднёва-заход, перасякаючы папалям Чарнігаўшчыну аж пакуль ня трапіць да Дняпра каля м. Любеча. Ад Любеча мяжа йдзе ўніз па Дняпры да ўтоку Прыпяці і там трапляе на старую гістарычную мяжу Беларусі з Украінай, якая йдзе́ нераз пустынныя лясы і балоты, што ляжаць на паўдня ад Прыпяці. Гэная мяжа ў нядаўныя часы разьдзяляла Менскую і Горадзенскую губэрню ад Валынскае.

Гэткім парадкам даходзіць мяжа Беларусі да Бугу і далей iдзець уніз па iм да м. Мельніка. У Мельніку канчаецца мяжа з Украінаю і пачынаецца мяжа з Польшчаю.

На нашых межах з Маскоўшчынаю праз уве́сь час гісторыі Беларусі ішлі войны, якія спусташалі месты і вёскi i не давалі людзëм добра асесьці і завесьці гаспадарку. Дзеля гэтага тамака даўнейшае поле пазарастала лесам і цяпер Беларусь ад Маскоўшчыны аддзяляюць вялікія лясы — Окоўскія, Бранскiя i iншыя. Ад Украіны Беларусь аддзелена альбо глыбокімі рэкамі, альбо непраходнымі балотамі. Вялікія пушчы растуць і ўздоўж нашых межаў з Польшчаю (Белавежская, Горадзенская) дый балотаў там даволі. А па нашых межах з Літвою ды Латвіяй няма ні лясоў вялікіх, ні рэкаў, ні балотаў; толькі ось азёраў ёсьць даволі. Ды нам і непатрэбны з таго боку моцныя межы, з гэтымі нашымі суседзямi беларусы заўсёды хаўрусавалі і жылі ў згодзе.

Адміністрацыйнае дзяленьне.

Да вайны 1914 году ўся Беларусь была падзелена на губэрні і паветы. Усіх беларускіх паветаў 62-65. Яны падзелены паміж губэрнямі: Віленскай, Віцебскай, Горадзенскай, Менскай, Магілеўскай, Смаленскай і Чарнігаўскай. Апроч гэтых губэрняў да Беларусі трэба залічаваць і суседнія паветы іншых губэрняў. Разьдзяленьне Беларусі на губэрні было штучным і дзеля гэтага мы далей аб губэрнях гаварыць ня будзем. Мы будзем апiсаваць толькі асобныя паветы, групіруючы іх, як таго будзе вымагаць іхняя прырода і іншыя адзнакі.