Географія Беларусі (1919)/Ад рэдакцыі
Ад рэдакцыі Публіцыстыка 1919 год |
Беларусь паміж суседзямі → |
Ад рэдакцыі.
Школьная камісія Беларускага Навуковага Таварыства, перагле́дзіўшы кнігу А. Смоліча „Географія Беларусі“, думае, што яна будзе вельмі карыснай і патрэбнай як для вучняў у школе так і для шырокіх кругоў чытаючае Беларусі, і найбале́й для вучыцялёў, ад каторых цяпер новая працоўная школа вымагае, каб яны навучылі дзяцей ня толькі пісаць і чытаць, але і добра працаваць. Скончыўшы школу, прыдзецца перш-на-перш працаваць у сваім краі. А каб магчы працаваць шчырэй і ляпей, трэба яго любіць. Старая школа ўсіх тыпаў не навучыла нас любіць працу і наўмысьля адварочавала нашыя здольнасьці ад вучэньня свайго роднага: ад веды гісторыі, географіі, літэратуры і мовы беларускага народу. I мы пакідаючы навет сярэднюю школу, бале́й ведалі аб далёкай чужыне, чымся аб сваім родным. Дык вось цяпер прышла пара ўсім больш-менш цікаўлівым беларусам і наўпе́рад вучыцялём папоўніць вялікія нястачы старое школы і зьвярнуцца да свайго краю, да таго, што і як у ім было і што і як цяпер у ім ёсьць. „Географія Беларусі“ А. Смоліча дае магчымасьць папоўніць нястачу ў ведзе географіі роднага краю.
Як першая спроба, кніжка А. Смоліча павінна выклікаць да сябе цікавасьць паміж усіх добрых грамадзян Беларусі, ня вытруціўшых у сабе пад цяжкім уціскам чужынцоў любоў да нашага вельмі прыгожага краю і нашага працавітага народу.
Няхай-жа чытары гэтае кніжкі і — бале́й за ўсіх — вучыцялі вясковых і мескіх школ, азнаёміўшыся з „Географіяй Беларусі“ А. Смоліча, не адмовяцца паказаць нам і тое, што ім здаецца зробленым ня так, або не дароблена. Усе пэўныя недахваты будуць прыняты пад увагу пры другім выданьні гэтае кніжкі.
Вільня, Вастрабрамская, № 9.
1919 г. Сакавік.