Перайсці да зместу

Віцебскія мастакі граверы (1928)/Саламон Барысавыч Юдовін

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Віцебскія мастакі граверы Саламон Барысавыч Юдовін
Мастацтвазнаўчая праца
Аўтар: Іван Фурман
1928 год
Ефім Сямёнавіч Мінін

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




С. Б. Юдовін. 1928 г.

Дэманстрацыя.
(Гравюра на дрэве).


БЕЛАРУСКАЯ ксілёграфія сучаснага нам моманту пачынаецца работамі віцебскага мастака С. Б. ЮДОВІНА, які пачаў працаваць у галіне гравюры ў Віцебску, у 1920 г., спачатку на лінолеуме, а потым на дрэве. Зьмест для сваіх гравюр Юдовін браў з ваколічнага жыцьця гораду Віцебску — гораду дробных рамесьнікаў і гандляроў. Найбольш моцным бокам гравюр Юдовіна зьяўляецца іх зьмест, яскрава перадаючы тыпы і быт яўрэйскай беднаты. Форма гравюр Юдовіна, абгрунтованая на яўрэйскім народным мастацтве, цесна сплялася з яго зьместам у адно органічнае цэлае, і творчасьць Юдовіна трэба лічыць глыбока нацыянальнай яўрэйскай.

У першыя часы ў тэхніцы гравіраваньня Юдовін культываваў перважна „белы штрых“, але ў апошніх работах тэхнічны бок яго гравюр значна ўдасканальваўся ўвядзеньнем „чорнага штрыха“ і рабіўся больш рознастайным сьмелай комбінацыяй чорных і белых плям гравюры.

У сваім цыкле гравюр „Віцебск“ Юдовін даволі поўна адбіў ня толькі тыпы і бытавы бок жыцьця Віцебску, але і перадаў найбольш цікавыя архітэктурныя помнікі гораду. Пражываньне летам 1926 г. у мястэчку Гарадку (Віцебскай акругі) дало матар‘ял для стварэньня новага цыклю гравюр з местачковага жыцьця Беларусі.

Зьмешчаная гравюра „Пахаваньне“ — поўна настрою і выразна перадае сілуэтамі местачковыя тыпы. Агульная композыцыя гравюры вызначаецца вялікай сьмеласьцю ўвядзеньнем значных чорных і белых плям.

За апошнія гады Юдовін сваімі гравюрамі прымаў удзел у наступных выстаўках: 1) „Усебеларуская мастацкая выстаўка ў Менску, у 1925 г.; 2) „Выстаўка гравюр Юдовіна“, наладжаная ў 1926 г. Віцебскім акр. краязнаўчым таварыствам; 3) „Расійская ксілёграфія за 10 год“ у Ленінградзе, у 1927 г.; 4) „Графічнае мастацтва ў СССР за 10 год“ у Ленінградзе, у 1927 г.; 5) „Гравюра СССР за 10 год“ у Маскве, у 1927 г.; 6) „Усебеларуская мастацкая выстаўка“ у Менску, у 1927 г.; 7) „Мастацтва нацыяльнасьцяй СССР“ у Маскве, у 1927 г.; 8) „Міжнародная дэкорацыйная выстаўка ў Мілане“, у 1927 г. (работы прызнаны годнасьці дыплёму) і 9) Міжнародная выстаўка кніжнага знаку ў Лос-Анжэласе (Амэрыка), у 1928 г.

Гравюры Юдовіна былі зьмешчаны ў наступных

С. Б. Юдовін.

Пахаваньне.
(Гравюра на дрэве).

выданьнях: 1) „Еврейский народный орнамент“, Віцебск, 1920 г.; 2) „Гравюра и книга“ № 2—3, Масква, 1924 г.; 3) „Труды Ленинградского Общества Экслибрисистов“ № 2—3, Ленінград, 1925 г.; 4) „Печать и революция“ № 1, Масква, 1926 г.; 5) І. П. Фурман — „Віцебск у гравюрах Юдовіна“, Віцебск, 1926 г.; 6) Всеволод Воинов — „Русская ксилография за 10 лет“, Ленінград, 1927 г.; 7) „Красная Нива“ № 16, Масква, 1927 г. і 8) Э. Ф. Голлербах и Иоффе — „Гравюры на дереве С. Б. Юдовина“, Ленінград, 1928 г. Акрамя гэтага, творчасьць Юдовіна выклікала цэлы шэраг артыкулаў у беларускай, расійскай, яўрэйскай і літоўскай прэсе.