Перайсці да зместу

Віцебскія мастакі граверы (1928)/Ефім Сямёнавіч Мінін

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Саламон Барысавыч Юдовін Ефім Сямёнавіч Мінін
Мастацтвазнаўчая праца
Аўтар: Іван Фурман
1928 год
Зінові Ісакавіч Гарбавец

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Е. С. Мінін. 1927 г.

Касьцёл Антона.
(Гравюра на дрэве).


ДРУГІ віцебскі мастак Е. С. МІНІН стаў займацца ксілёграфіяй з 1926 г. і зразу ў гэтай галіне выявіў вялікую тэхнічную дасканаласьць, культывуючы пераважна „чорны штрых“. Работы Мініна заўсёды прыгожыя і гавораць аб вялікім мастацкім гусьце іх майстра. Тэмамі сваіх гравюр Мінін выбраў, галоўным чынам, архітэктурныя помнікі гораду Віцебску, і таму ў краязнаўчых адносінах яго работы вельмі каштоўныя, выяўляючы мастацкія прыгожасьці гораду.

Мінін першы зрабіў спробу стварыць нацыянальны беларускі ex-libris. Такія яго грававаныя кніжныя знакі для беларускіх культурных дзеячоў: А. Шлюбскага, М. Касьпяровіча і М. Мялешкі.

Зьмешчаная гравюра „Від Віцебску з ракі Віцьбы“ зьяўляецца вельмі тыповай для работ Мініна, як у адносінах тэмы, так і яе гравернага афармленьня. Прыгожа ў агульную композыцыю ўключана дрэва, разам з тым аб‘ядняючае ўсю складаную композыцыю ў адзін цэлы малюнак. Месца назіраньня выбрана ўдзячнае, калі вежы цэнтральнай часткі Віцебску, згрупаваўшыся ў адно месца, ствараюць надзвычайна прыгожы архітэктурны пэйзаж.

У 1927 г. Мінін сваімі гравюрамі прымаў удзел у наступных выстаўках: 1) „Расійская ксілёграфія за 10 год“ у Ленінградзе; 2) „Гравюра СССР за 10 год“ у Маскве; 3) „Мастацтва нацыянальнасьцяй СССР“ у Маскве; 4) „Усебеларуская мастацкая выстаўка“ у Менску; 5) „Віцебская акруговая выстаўка культурнага і гаспадарчага будаўніцтва“ у Віцебску; 6) „Міжнародная выстаўка кніжнага знаку“ у Лос-Анжэласе (Амэрыка), у 1928 г. і 7) „Выстаўка гравюры і рысунку, наладжаная Асоцыацыяй революцыйнага мастацтва Украіны“ у Кіеве, у 1928 г.

Гравюры Мініна былі зьмешчаны ў часопісі „Наш Край№ 12 (15) за 1926 г., а весткі аб яго творчасьці былі надрукаваны ў выданьнях: 1) часопіс „Маладняк№ 6 за 1927 г., 2) М. І. Касьпяровіч — „Матар‘ялы да вывучэньня Віцебскай краёвай літаратуры і мастацтва“, Менск, 1927 г. і 3) Всеволод Воинов — „Русская ксилография за 10 лет“, Ленінград, 1927.

Е. С. Мінін. 1927 г.

З цыклю „Стары Віцебск“.
(Гравюра на дрэве).