Віхор

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Віхор
Верш
Аўтар: Уладзімер Жылка
1921
Крыніца: http://rv-blr.com/pages/versh_view.jsp?vershId=6602


Гасьцём і мараю трывожнаю
Зьляцеў да нас з-пад самых зор.
Краінай любаю разложнаю
Імкне, гудзе, шуміць віхор.

І не, не злы, але бушуючы,
Ў шалёным імпэце ўвесь ён,
Ваду азёр і рэк хвалюючы,
Пусьціў па пушчах песьню-звон.

Грыміць, гудзе ўсё недарэчнае,
Штораз віхор гучней, прудчэй.
Услухайся, паймі адвечнае -
І гімны вырвуцца з грудзей.

Пара, пара дазнацца, зьверыцца
Сваіх магутных сонных сіл!
Адважны хто спыніць намерыцца
Размах жыцьця і творчы пыл?..

Дзе йдзем? І дзе капцы канцовыя?
Дзе ходу нашаму мяжа?..
Ў адказ віхор пяе ўсё новае,
І лязіво блішчыць нажа!

(1921)