Перайсці да зместу

Вясковыя архэолёгі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Брацкія кнігі Вясковыя архэолёгі
Апавяданьне
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1924
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 1 (7), студзень-сакавік 1924 г., б. 10-12

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Вясковыя архэолёгі.

Вёска Буды выцягнулася шнуром дрэўляных хат над возерам і заснула заварожаная, загледжаная згары ў дно возера. А там, на дне, стрэхамі ўніз, стаяла другая такая-ж самая вёска з усімі падробнасьцямі: з цёткай Агатай убрыўшай па калені ў сьцюдзёную ваду і заўзята паласкаўшай хусьцё, з дзедам Апанасам, які выпоўз на заваліньку пагрэць на сонцы старыя косьці, з буславым гняздом на клёне, каля хаты быўшага героя турэцкага паходу, сухарукага Мігуна.

Калі цётка Агата клала на камень хусьцё і пачынала выбіваць яго пральнікам,—з лазень, над возерам, перадражнівалі яе карштатыя, рудавалосыя Лазьнікі—лоп! лоп! лопі!..

Замерла вёска, прыціснулася да ліпкай, гразкай зямлі ня з боязьні зрынуцца з гары ў возера, а з гора, з бядноты. Жыхары яе, згодна філёзофічнай сыстэме вялікага Фіхтэ, з пакаленьня ў пакаленьне сыцяць дух свой здаровым оптымізмам, надзеяй, што прыйдзе ўрэшце такі раджайны год, ў які з умалоту хопіць хлеба ад жніва да жніва. Захопленыя гэтым оптымізмам, згоду ў год, варушаць зямлю, не шкадуючы мазалёў і поту, засяваюць. Але пасьля абмалоту выясьняецца, што хлеба стане толькі да Каляд. Калі-ж дацягнуць яго да Мясаведа, то трэба дамешываць да мукі палавіну мякіны. Вялікі-ж пост пасьціць, так і так, Бог вялеў… А вясней… Ласьне ў гэту пару была вясна ў Будах. Адбываўся выган скацежы ў поле.

У панадворках сялянскіх сяліб тупалі мужчыны і кабеты. Падымалі запасьціўшыхся, па хрысьціянскаму обычаю, разам з людзьмі, каровак. Гэта былі, закачаныя ў навозе, двурогія шкілеты, якіх, гаспадар з гаспадыняй, падымалі на за хвост і рогі, каб паставіць іх нагамі на зямлю, а дзеці панукалі жывёлу, паганяючы дубцом. Сумнымі, закачываючыміся ў падлобьбя вачыма маўкліва тлумачылася каравёшка, што ад яе вымагаюць немагчымае. Змогшыся, змардаваўшыся гаспадары рашылі папаіць яе цёплай вадой з сольлю. Гэта памагло: пры помачы гаспадароў карова ўстала і здрантвеўшымі нагамі, сланяючыся, выпаўзла ў поле.

За каровай пагналі насторшаныя шкілеты сьвіньней, якія ўсё прадвесьне, за нястачай пошыру, жылі сваім промыслам.

За статкам высыпалі ў поле пастухі; дзеці ад 7 да 12 гадоў, босыя, хоць па рытвінах ляжаў яшчэ сьнег, а на дне канаваў лёд. Дзеці ў полі трасуючыся і пазваняючы зубамі зьбіралі трэскі і хвораст з блізкай амшарыны. Запылала вогнішча. Разагрэліся. Але з цяплом і пад уплывам руху на сьвежым паветры, голад балюча смактаў пад грудзьмі і вочы ад поўзімы ашклеўшыя, асалавелі. Моўча ўсе сядзелі кругом вогнішча.

З гары ў даліну, да амшарыны, што была за выганам, цягнуўся шнур валатовак паросшых верасам і гігялямі. Каровы жвалі леташнюю траву і верас, сьвіньні выкапывалі лычамі глыбокія ямы, шукаючы зямных арэхаў.

—„Пойдзем, хлопцы, паглядзім што гэта сьвіньні выкапываюць“—сказаў зызавокі Лявук.

Хлопцы безразрозьліна паглядзелі моўчкі на Лявука, ніхто не адазваўся.

Лявук устаў і падышоўшы да Сымонавай худой цешкі, якая да палавіны закапалася ў зямлю, уважна узіраўся што яна робіць. Відаць цешка натрапіла на багатае арэхамі месца; гэтым толькі і можна было вытлумачыць яе парыў да працавітасьці. І, запраўды, цешка выкапала лычом чорны арэх і ўжо хацела яго загарнуць у зубы, але Лявук, спрытна падхапіў яго рукой. Сьвіньня, заступаючыся за працавіта дабытую сваю ўласнасьць, рынулася на Лявука, але той пусьціўся наўцекі. Адбегшыся хлапец абцер чорны клубік аб сьвітку і палажыў арэх на зубы. Калі раскусіў, арэх здаўся яму нязвычайна смачным. Палавіну на мейсцы зьеў, другую панёс да вогнішча; ўсе падзяліліся і ўсе не маглі нахваціцца смачнасьцю арэха.

За некалькі хвілін хлапцы разсыпаліся каля сьвіньней пілнуючы моманту калі пакажацца арэх з зямлі. Пачалася бязжаласная эксплёатація чужой працы, абарона эксплёатаваных і адкрыты бунт супроць сваіх гаспадароў. У выніку цэладзеннай вайны быў цяжка пакусаны Грыгась удавы Пятрунэлі, на якога наваліўся Асташоў кнур.

На другі дзень, ідучы на паству, хлапцы узброіліся капагамі. Яны за папярэдні дзень добра дасьледавалі як пазнаць дзе растуць арэхі; што ў мейсцы дзе арэхі растуць, ёсьць зьверху бледны расточак чорнагаловага гігяля, які першы пасьпяшыў з пад сьнегу, на поклік сонца, выглянуць на сьвет. Далей, пад зямлёй, ішоў чорны вузлаваты, доўгі карэнь, які адкапываючы, можна дакапацца, на глыбіне аднэй—дзьвех пядзяў, да чорнага арэшка.

Ад самай раніцы на валатоўках закіпела згодная і дружная праца галодных: людзей і жывёлаў.

Многа ў той дзень было парушана прашчурных касьцей, даўно збуцьвеўшых ў прысок. Многа цікавых аздоб, закапаных разам з імі, выкінута ў старану, ў ямы і па-за ямы, як рэчаў да нічога непрыдатных.

Дзень быў пагодны, вясёлы, радасны.

Гасьцінцам, што ішоў ўздоўж валатовак борзка імкнула павозка запрэжаная паркай коні.

Гэта пан пасрэднік ехаў ў далёкую, сваей кругаколіцы, воласьць, гадзіць сялян з памешчыкам, якія судзіліся за сэрвітуты.

Н—скі пасрэднік выдзяляўся, з паміж чыноўніцтва сваей рангі, шырокай гістарычнай ведай. Яго кватэра ў паветовым горадзе перапоўнена была стараветнымі асаблівасьцямі і выкапкамі з курганаў. Ён знаўся на старыне і любіў яе. Нічога дзіўнага, што ўбачыўшы як хлапцы капагамі рыюцца ў валатоўках, ўвесь ён спалыхнуў з гневу. Парывіста загадаў спыніць коні і вылезшы з павозкі, клікнуў да хлапцоў:

— „Што вы тут робіце?“

Хлопцы перасталі капацца і моўчкі глядзелі на „пана“.

— „Я вас пытаю, што вы тут робіце?!! — крыкнуў ён ямчэй,

— „Маўчаньне.

— „Хадзі сюды!—кіўнуў ён пальцам на большага хлапца, Пятрука.

Той убачыўшы, што „пан“ зьвяртаецца да яго, кінуўся наўцекі ў імшару. За ім, пакідаўшы капагі, пагналі другія хлапцы. Зьбегшы на імшару хлапцы натрапілі на пляцок дзе чырванелі прошлагодныя журавіны па белым моху. Кінуліся сквапна зьбіраць іх і забылі аб, толькі што, перапужыўшым іх здарэньні.

Астаўшыся пераможцам, на пакінутым хлапцамі пляцу. Пасрэднік прайшоўся па валатоўках, падняў мядзяны абручок і схаваў яго ў кішэнь, пасьля пазьбіраў капагі, і, палажыўшы іх у павозку, паехаў у вёску.

У вёсцы быў скліканы гвалтоўны, уздоймны сход. Пасрэднік доўга тлумачыў сялянам значэньне валатовак і патрэбу іх аберагаць, пагразіў штрафам на ўсю вёску за самавольную раскопку іх, і, ўрэшце, запрапанаваў не штрафаваць вёскі калі сяляне дабравольна самі, тут-жа пры ім, пакараюць сваіх дзяцей.

Сяляне ахвотна згодзіліся на гэткую замену. За поўгадзіны былі дастаўлены бледныя ад прадвесьня, пасінеўшыя і дрыжачыя ад сьцюжы, голаду і страху дзеці. Адбылася экзэкуція, якая зацягнулася да падвячорку.

Пасрэднік сказаўшы яшчэ вучоную расправу аб валатоўках, ветла разьвітаўся з сялянамі і паехаў.

Знаёмы ўжо нам Лявук, аціраючы сьлезы, жаліўся туліўшай яго маці:

— Чаму-ж ня секлі Сымонавай цешкі, яна ў трая больш за мяне арэхаў накапала…

Ноччу прайшла вяснавая улева, абмыла ямы на валатоўках, і, на другі дзень, хлапцы ўжо не капалі арэхаў, а толькі абгрызалі ліповыя пучкі ды зьбіралі журавіны на амшарыне. Пасьля-ж зьбіралі масяжовыя „цацкі“ па пяску і імі забаўляліся.