Вясковым кабетам
Перайсці да навігацыі
Перайсці да пошуку
Вясковым кабетам Верш Аўтар: Алаіза Пашкевіч (Цётка) 1908 Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/58973 |
Ой, сястронкі, ой, вясковы,
Ой вы, кветкі прызавяты!
Вашы твары, як васковы,
Вашы шчокі сьлязьмі зьмяты…
Як каліну град страсае,
Як пярун каменьне крышыць,
Так лёс рана вас ламае,
Так жыцьцё красу вам нішчыць.
Сколькі болю ў вачох хмурных,
Сколькі скаргі з губ зьбялелых,
Сколькі срэбра ў косах густых,
Сколькі поту з рук абмлелых!..
А за гэта вам дзьве дошкі
І крыж з хвоек ледзьве зьбіты,
І у памяць плачуць дочкі,
Бо й яны, як вы, забіты.
Ой, кабеты, ой, вясковы,
Ой вы, кветкі прызавяты!
Ой, лілейкі вы бяз мовы,
Ой вы, птушкі бескрылаты!..
(1908)