Вясенні балаган

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вясенні балаган
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
Крыніца: http://mihascharot.ru/prazdel/54-vyasenni-balagan.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Пяю… пяю аб вясне…
Вясна ідзе паводкай,
Вясною дзень ясней,
Вясною жыць салодка…
Зямля ў прыгожых фарбах,
Людзьмі смяецца вуліца,
Заглянуць сонцу ў твар бы,
Калі за хмары туліцца…
Што сонца? Я і вы
Вясну, бывае, ганім,
Калі парыў гуллівы
Закружыць ў балагане…
Балаган вясенні,
Вясенні балаган…
Сонца бляск рассеяны,
Ад сонца людзі п’яны.
Вясна ідзе паводкай,
Вясною дзень ясней,
Вясною жыць салодка —
Пяю… пяю я аб вясне…
Кожнага свая вясна
Сагравае сваей сарочкай…
І не трудна яе спазнаць —
Яна міргае нам вочкамі
Вочы вясны для мяне —
Сонца гарачага промень…
У бойках я камянею,
Рэвалюцыі кліч мяне пройме.
Калі аружжам ляскалі,
Дым віўся цёмнай хмарай,
Вясна была мне казкаю,
Аб ёй я толькі марыў…
Цяпер жа фабрык трубы
Пярсцёнкамі ніжуць блакіт.
Рань вясну мне трубіць,
Сенажаць вітае ракітаю…
Я люблю вясну гэту,
Яна мне міргае здалёку…
Напіцца хачу яе сокам…
За маёю вясной ідзе лета.
Клякоча бусел на ліпе,
Вартуе ён зноў прыгуменне…
Сонца іскрыцца і ўсхліпвае —
Купаецца ў сіні вясенняй…
Жаўранак звонам заліўся —
У поле склікае раць…
Узняўся з блакітнай высі
Першым вясну вітаць…
Лысіны гор пачарнелі,
Толькі лагчыны ў снягу…
Балота ў пушыстай белі
Птушкай гамоніць: ку-гу!
Гэту вясну калісьці
Ў вёсцы спаткаць быў рад
Пад шаптанне кляновых лісцяў
Над сагнутай жабрачкай-хатай.
Я люблю вясну селяніна,
Першай раллі радочкі,
Калі кормяць поле асьмінамі,
Каб пасля збіраць бочкамі.
Па-над вёскай
Месяц чуць выгляне,
Пабеліць дрымотныя хаткі…
Жарабочак порсткі
іржэ на выгане,
Бегучы на начлег за маткай…
Вішні ўсыпаны
Кветкамі снегам…
Люба слухаць дзяўчыны спеў…
Несупынна
Хлопец лаецца з гневам,
Першым прыйсці не паспеў…
Што слова — ад сэрца ўсе чыста,
Хоць кахае яе, небарака…
Разам з імі быць віхрыстым.
Разам з імі хачу смяяцца і плакаць…
Разам з імі ў вясенняй сіні
Гатоў палюбіць увесь свет…
І чакаць, пакуль перакіне
Новы дзень з вясны ў лета.

(1924)