Перайсці да зместу

Вяршыні жаданьняў (1930)/Цыганка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сягоньня сонца Цыганка
Верш
Аўтар: Валерый Маракоў
1930 год
Ты гаворыш
Іншыя публікацыі гэтага твора: Цыганка (Маракоў).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЦЫГАНКА

Васілю Кавалю — поэту зямлі

За вокнамі сьпевы,
За вокнамі вечар
І радасьць зямлі і вясны чалавечай…
За вокнамі сьмех.
Што-ж марыш, цыганка,
На месяц,
На зоры?
Ў цыганкі ў душы і сумненьне
І гора.
Цыганка у цьме…
Ў цьме ёй прысьніліся стэп і дарога,
Блуканьняў і сум,
І любоў,
І трывога,
Узрушыўся боль…

Там дзесьці каханак,
Як бронзавы бог,
Сьпявае пад струны цыганскіх дарог,
Сьпявае любоў…

Быць можа цяпер пры агні на закаце
Яе ўспамінае
І бацька,
І маці,
І моляцца доўга і палка удвох,
Каб лёс іх дачку маладую зьбярог.
І доўга сумуе цыганка увечар
Аб дружбе жывой
І вясьне чалавечай…

І сьніцца ёй стэп
І зялёны прастор…
І месяц над дальлю ўстае, бы касьцёр.
Што карты?
Што грошы і крыўда і боль?
Шырокіх палёў цёмна-сіняя столь
І погляд
Гарачых цыганскіх вачэй,
Што ночы цямней
што раньня ярчэй,
Яе павядуць за далёкі курган
На песьні і гульні каханых цыган.

*

Будзе вечар —
Юнак чорнабровы
Над палямі, над ёй, над дарогай
Хмурыць сумна
Маўклівыя бровы,
Сыпаць у сэрца любоў
І трывогу.
І раскажа цыганка цыганам…
(А ў цыганкі
У сэрцы агонь),
Што учора
На сонечным ранку
Ёй сказалі пра новы закон:
Хутка будуць
Ў іх хаты і нівы,
Залатая таемнасьць зямлі…
Будзе бераг
Краіны шчасьлівай
Ўсіх, прышоўшых з блуканьня,
Хмяліць…

*

За вокнамі-ж сьпевы,
За вокнамі вечар
І радасьць зямлі і вясны чалавечай,
Так марыць цыганка,
Так нікне туман,
Так просіцца сэрца за дальні
Курган.