Вяршыні жаданьняў (1930)/Цені бягуць другія

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Тут так хораша Цені бягуць другія
Верш
Аўтар: Валерый Маракоў
1930 год
Там, дзесьці там
Іншыя публікацыі гэтага твора: Цені бягуць другія…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Цені бягуць другія,
Сьніцца сэрцу другі экран…
Дзе-ж вы, мае дарагія,
Дзе ваш раскінуўся стан?

Песьні сьпяваюць навокал.
Вецер зьвініць і зьвініць.
Мабыць, яшчэ далёка,
Мабыць аб іх мне ня сьніць.

Вочы туман засьцілае,
Ў гэтым тумане вясна…
Нечая зорнасьць былая,
Нейчая казка адна.

Ў казках і ў песьнях, і ў думах,
Ў шуме і звоне дарог
Сэрца сагрэтае сумам,
Роднаму краю зьбярог…

Край туманоў, ды балотаў…
Рэчак, азёраў, лясоў —
Скінь сваю ціхую цноту…
Крыкні… гранітнай красой…

Гэты мне голас знаёмы.
Хто-ж яго тут… абагрэў…
Можа, магіла былому —
Скрып атрупелых дзьвярэй?

Новаму, — можа — ажары
Грозных і злых навальніц?
Новых і новых аварый
Радасных, сочных зарніц?

Там вось, мае дарагія…
Там за гарамі гадоў
Песьні складу я другія
Чыстых… жывых гарадоў.