Перайсці да зместу

Вяршыні жаданьняў (1930)/На залатым пакосе

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Загараўся крывавы усход На залатым пакосе
Верш
Аўтар: Валерый Маракоў
1930 год
Жыцьцё, як мора-акіян
Іншыя публікацыі гэтага твора: На залатым пакосе (Маракоў, верш).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА ЗАЛАТЫМ ПАКОСЕ

Над прасторам ніў і над квяцістым лугам
Бубянцом ахвотна празьвінець.
Гэты клён курчавы,
Як зялёнай пугай,
Апавіў
І сьцебануў мяне…
Зашумелі ціха дарагія нівы
Срэбнай песьняй сьпелых каласоў.
Я прышоў падслухаць гэты шум тужлівы
І прайсьціся роднай паласой.
Пабялела даль
І па-над сінім борам
Запаліла сонца яркі сьвет.
Як надзеі, тухнуць
Залатыя зоры
На прасторы песенных завей.
Зноў лясок-дубняк перада мной знаёмы
Так шуміць,
Як некалі шумеў,
Дзе ня раз я ў прадвячэрняй стоме
Разьліваў з хлапцамі песьні… сьмех…
Эх, хлапцы-браты, — было нас дружных многа, —
Кожны вырас,
Шлях свой адшукаў.
Той пайшоў сялянскаю мяжой-дарогай,
Гэты вышаў новы дзень каваць.
Над прасторам ніў і над квяцістым садам
Нам аднэю песьняй
Празьвінець,
Каб вясною новай
Ды з любоў‘ю брата,
Маладую радасьць… Радасьць дружбы мець.