Перайсці да зместу

Вянок (1914)/Старая Спадчына/Тэрціны (Есць чары у забытым)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Октава (Як моцны рэактыў) Тэрціны (Есць чары у забытым)
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
1914 год
Грамада зорак «Карона»
Іншыя публікацыі гэтага твора: Тэрцыны (Багдановіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ТЭРЦІНЫ.

Есць чары у забытым, старадаўным;
Прыемна нам сталецьцяў пыл страхнуць,
Пажыць мінулым—гэткім мудрым, слаўным,—

Быцьцё дзядоў у смутку ўспамянуць.
Мы сквапна цягнемся к старым паэтам,
Каб хоць душой у прошлым патануць.

І вось звярнуўся я к рондо, соннэтам,
І бліснуў ярка верш пануры мой:
Як месяц зіхаціць адбітым сьветам

Так вершы з’яюць даўніх форм красой!