Перайсці да зместу

Выкупляймося

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Выкупляймося
Публіцыстыка
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1914
Крыніца: Газэта «Наша Ніва», № 27, 10 ліпня 1914 г., б. 1-2

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Выкупляймося.

Чаму беларуса не паважаюць, чаму усумняюцца у тым, ці мае ён права жыць сваім асобным національным жыцьцём, чаму асьмеіваюць беларускае слова і аплёвываюць душу беларуса?

Таму што цяперэшнім жыцьцём народоў кіруе сіла, а не пачуцьця і прыгожые словы.

— Хто мае за сабой сілу, таго праўда і права, — кажэ сучасная мудрасць.

А мы—бедны і слабы, німа у нас цьвёрдаго экономічнаго фундамэнту.

Зямельные абшары і лясные багацьця у Беларусі належаць не беларусам: мы не гаспадары старонкі, а парабкі, батракі і найміты,

І ня будзе пан паважаць раба свайго датуль, пакуль пан будзе панам, а раб рабом; пакуль мы у бацькоўшчыне сваей будзем толькі батракамі, парабкамі ды наймітамі.

Чэхі аблічаюць, што у час нейкайсь вайны у каторай была зломлена сіла чэскаго народу, немцы загарнулі нешта на 1,200,000,000 корон (корона каля 40 кап. на нашы грошы) зямлі і на гэтым фундамэнце збудавалі сваё панаваньне над чэскім народам: зрабіўшы былі іх сваімі батракамі і наймітамі. Але чэскі народ ачуняў і пачаў выкупліваць з рук чужынцоў зямлю, мала памалу рос у сілу і цяпер чэх гаспадаром у сваей старонцы, жыве у пашане і дастатку.

А мы? Мы не ў аткрытым бою, а за час утраты національнай сьвядомасьці страцілі зямельнаго багацьця на сумму у дзесяцера большую ад чэхоў…

Палякі у нямеччыне за кожную пядзю зямлі ваююць з немцамі і называюць здраднікам народу кожнаго, хто выпускае с польскіх рук хоць пядзю зямлі, над каторай праліваў пот і кроў сваю польскі селянін, і у каторай лежаць косьці дзядоў і прадзедоў яго.

Кажуць яны: земля павінна належаць да тых, хто потам, крывёй і мазалём сваім здабрыў яе, хто расчышчаў пушчы і перэрабляў адлогі у раджайную ральлю. Гэтаго вымагае праўда і справядлівасць.

А ціж наша беларуская зямелька ня здобрэна нашай крывёй і потам? Нашымі сьлезамі ці не паліта яна?..

Чамуж мы у той час, калі за нашэ багацьце, за зямлю нашу сваруцца іншые і выцягіваюць рукі свае да яе, не заступімся за яе? Ці было-б не дэмократычна, не справядліва, каб земля, дзе тлеюць косьці дзядоў і бацькоў нашых належала да беднаты нашай, да нас? Па Божаму і людзкому праву справядліва! Але у нас ніхто дагэтуль ня рупіўся аб гэтым. Гэтак мы загнаны і забіты.

А беларусу трэба памятаць, болей як чэскаму і польскаму селяніну у нямеччыне што кожная пядзя зямлі у нашых руках, гэта крэпасць, у каторую мы можам хавацца, калі на нас нападаюць і цікуюць на жывот і душу нашу.

Беларусу трэба цьвёрда зразумець, што усе гутаркі аб роўнасці і еднасці датуль, пакуль мы толькі парабкі і найміты у нашых чужынцоў, гэта фальш і лгарства. Роўнасць і еднасць можэ быць толькі паміж роўнымі і вольнымі.

А мы павінны скінуць ярмо экономічнаго рабства с плеч сваіх і павінны стацца народам вольным душой і целам.

Стацца-ж вольнымі мы зможэм толькі тады, калі папраўдзі станемся гаспадарамі у хаці—старонцы сваей.

А каб стацца гаспадарамі мы павінны рабіць так, як рабілі чэхі і як робюць палякі, і як робіць кожны сьвядомы народ; мы павінны кінуць кліч па ўсей старонцы:

— Выкупляйця Беларусы зямлю сваю!

Мы не маленькі народзік! І хоць мы ешчэ служкі і парабкі, але нас, у нашай зямлі, 10 мільёноў. 10 мільёноў душ—гэта мора, гэта сіла! Калі-б кожны беларус палажыў у год па аднаму рублю на выкуп сваей зямлі, то сабраўся-б вялікі капітал — 10 мільёноў рублёў — за каторые мы што году маглі-б, выкупіць 50 тысяч дзесяцін зямлі!

Юры Верэшчака.