Перайсці да зместу

Выбраныя вершы (Хадыка, 1932)/На ўзьбярэжжы дзён

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гудуць слупы На ўзьбярэжжы дзён
Паэма
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1932 год
Агонь душы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА
ўзьбярэжжы
дзён


УЛАДЗІМЕР ХАДЫКА

НА СКІБАХ ПЛЁННАГА РАДНА

Палаюць дні ў няспынным русе,
Нязьлічыш іхняй чарады…
Я ўжо на зоры не малюся
І не хварэю ад нуды.

Людзьмі аплаканая восень
Ляжыць з быльлём на чорным дне…
І з кім сустрэцца давялося,
Ўжо ня прыходзіць да мяне.

Мне гэты міг зусім ня дораг,
На скібах плённага радна —
Ўчарашні сябра сёньня вораг,
Такое нам не навіна.

Аджытаму парой суровай
Былую боль не загаіць.
Загінулі ў імгле барвовай
Ідылій фарбавых страі.

У постацях панурых лікі
Бягуць зьбянтэжана з двара…
Пад звон вятроў даўно адвыклі
Яны сьмяяцца i згараць.

Бяз жадных дум, бяз жаднай мэты
Вось толькі (згруджана) снуюць,
Цалуюць цень сваіх шкілетаў
І роспач дзікую сваю.

Іх бачу я… Ў ружовых далях
Ім ўжо ня жыць і ня цьвесьці.
То-ж зоры іхныя спадалі
Шамраць злагоджана ў лісьці.

А як грымела бура лесам, —
З дрыгвы узрушаных балот,
Маліліся скаваным Крэсам,
Маліліся на панскі бот.

Выходзілі з густых амшараў,
І як вячэрні вобліск стыў, —
На нос узьбіўшы акуляры,
Пісалі ўдзячныя лісты…

Складалі гімн крывавым катам
3a „родны… вызвалены край“…
Маўчалі фабрыкі і хаты,
Ішлі за праўду паміраць

Цяпер вясну оркестры граюць,
І я, адчуўшы сьпеў віхур,
Старых варон былую зграю
Згадаць спакойна не магу.

Яны у нашым новым садзе —
Ліняючы, дзе ветрам тхне, —
Умеюць (клонячыся здрадзе)
Перад людзьмі не чырванець.

І толькі, ў змрок, з зацятым болем
Глядзяць ў вакно сваёй журбы:
Ім шкода ня прымець ніколі,
Чаго ня здолелі здабыць.

Ня раз яшчэ туга паўстане
Апошняй даўкасьцю хвілін…
Я рады ворага кананьню
У буйным росквіце зямлі.

І ў дзень, калі пара пакліча,
Пад шызым колерам травы —
Убачу воўчае аблічча
Усіх нябожчыкаў жывых.

2. ПЕРАД ВЯНКОМ МАІХ ТРЫВОГ

Ня ўсё мы ў кроках далі сьцелем,
І кожны з нас хоць што зьбярог…
Ноч узьняла свой чорны вэлюм
Перад вянком маіх трывог.

Мяркую я хваробу выкрыць,
Каб перад тлом ня падаць ніц.
Я сам сабе раблюся прыкрым
З крутым трамплінам таямніц.

Ў празрыстай далі цені нікнуць
І чад растоптанай тугі.
Але ня раз яшчэ мо‘ крыкнуць
Шалёных рэчак берагі.

Трагедыю мужыцкай лаве
Напіша дзікая аблонь…
Ўзірацца модна і цікавей
На мармуровую далонь.

Мацней за ўсё каменны статуй…
Ва ўзрыгах бур ідуць гады.
Я доўга ў памяці нёс хату
З зялёнай цьвільлю лебяды.

Памылка гэта ня выпадак,
Так склалася мне на раду.
Ня дам сабе ніякай рады,
Не акапаюся ад дум.

Мільгаюць у вобразных віхурах —
Масты, дарогі, вошвы стром…
Я трапіў у сьвет літаратуры
Узьнёслым ціхім юнаком.

Ў поэце кожным бачыў цуда,
А сёньня (ў зьмене дзён і дзей)
Здаецца іншы мне марудай,
Ня сустракаў якой нідзе.

У леры, бубны б‘юць бяз краю,
Каб (з бросьні выпітай смугі)
Адзін — сяброў сваіх аблаяць,
І нумар выкінуць — другі…

І мо‘ таму, што часта мару
Пра шчырасьць слоў, пра новы сьвет
Мне гэта слава не да твару,
І не па сэрцу — трафарэт.

Я знаю ўдумлівую песьню —
Крыві і нерваў стромкі лад…
… Агнём шумлівае прадвесьне
Абсыпала квятлівы сад.

І ўсё ж, бывае, у нудных фарбах —
Вядуць маркотлівыя сны
Другую частку трэцяй квадры
Роману „Сокі Цаліны“.

І там, дзе пухам вада сьцеле
Дугу ўслаўленых дарог, —
Ўзьнімае ноч свой чорны волюм
Перад вянком маіх трывог.

3. З АБВЕСЬНЕНАЙ НАРАДЫ

Выростае ў дарозе слова
І ходзіць збродзенем ля ног…
Рагоча тэлефонны провад
Над нечай кволасьцю зьнямог.

Плывуць па небе хмары — крыгі,
Па некім месяц носіць крэп.
Здаюцца літары і кнігі
Праз зорак жоўты курасьлеп.

Тут ня ўкрадуць, тут ня стояць
Настрою сьпеўныя цуркі.
У двору кінуў я астояць
Свае нязграбныя радкі.

Ў асьветленыя далі выйшаў —
І тое, што пісаў я там,
Жыцьцё напорнае калыша
Мільёнам дробных шэрых плям.

Я гэту зьяву ўсьвядоміў,
І крокам зглушанай хады
Ня стане сьніцца больш на зломе
Суцень нябожчыцы — бяды.

Усхоны золатам цярушаць
Зару — нагрэтую жарству.
Даўгія моракавы вушы
Вятры базырлівыя рвуць.

Ідуць з абвесьненай нарады,
У гаме дзён каб першым быць.
Зьбіваюць сонныя прысады
Свае зялёныя ілбы.

Я думаю аўсяным полем
Да ўзьлесься блізкага прайсьці.
Зьвісае ліпавае гольле,
Глыбее музыка ў лісьці.

4. БЫЛО КАЛІСЬЦІ

Я гэтым вечарам адзін
Лістотай слоў празрыстасьць слаўлю.
Ў руно надземнае хадзі —
Лірычнай песьняй пазбаўлю.

Ты ў яркім волаце аўса
Зялёных зёлак напаткала.
Тудой, ўсхвалёны, я сам
Імкнуў, як дзікая навала.

З хлусьлівай весткай ад радні
Мігцелі кпіны ў добрым ладзе…
Вось толькі сэрцу не мані,
Калі ў няўпэўненым і здрадзіш.

Калі ня зможаш тхлань пакут,
Скажы, што шмат няпраўды ў песьні.
Пацісну моцна я руку.
І правяду цябе да весьніц.

Ідзі… На сьвеце людзі ёсьць,
Дзе-небудзь ты сваё пачуеш.
Ніхто ня згубіць маладосьць
За веліч цнотную такую.

Я гэтым вечарам сачу
За мэлёдычнымі радкамі:
Згарае прыкрасьць уваччу.
Ў пачуцьцях заціхае замяць.

Вось зараз (дзе імгла была)
Бяру нязбытнае калісьці.
І радасьць мне, што ты прышла,
І злосьць на спозьненае прыйсьце.

Мы ж не страчаліся даўно,
І ў час, калі наўкола зьмены..
.............
Ідзі ў надземнае руно,
Забаўся песьняй песьні пеннай.

5. НА ПРОЙДЗЕНАЙ ДАРОЗЕ

За сінім долам зьнікла поле,
Ў вушох цяпер інакшы шум…
Ты мне лістоў ня пішаш болей
І я табе ўжо ня пішу.

Гучыць туга, як чорнабыльля
Сухія, мёртвыя камлі…
Мы ўсё з табой дагаварылі,
Мы да ўсяго з табой дайшлі.

Як серабро, расінак сьлёзы
Спадаюць з дрэва на страху.
На нашай пройдзенай дарозе
Няма ні слоты, ні віхур.

Шалёным, збарсаным галёпам
Мінулі мы жыцьцёвы дым,
Ісьці каб потым розным тропам,
Кідаць па рознаму сьляды.

Вось зараз і чужою мовай
Тлумачыш ты навіны мне…
Сыгнэт душы маёй суровай
Мізэрнасьць пешчаў не кране.

Людзей я сэрцам адчуваю
І непарушнымі між іх
Данёс я струны — самаграі
Да новых нясутрымных крыг.

Данёс я і сябе — (жывога)…
Кіпіць абвесьнены прасьцяг.
Яшчэ ня бачыў я такога
Найбурлівейшага жыцьця.

Нібы патокі буйных рэчак,
Шляхі бягуць, шляхі бруяць.
Аб перамогах чалавечых
Сьпявае радасная гаць.

На гонях росных новай працай
Шуршаць барозны буйных скіб.
Ідзе за лепшы лёс змагацца
Наш край заводаў і сяліб.

І, пэўны волі колектыву,
Іду і я… І ў гэты час
Я не даюся болей дзіву,
Што разьвялі дарогі нас.

6. У ВЕЧНЫМ ШТОРМЕ

Пайшлі лятункі варушыць,
Пра што ніколі я ня думаў.
Ў лірычнай песьні шмат душы
І шмат няпройдзенага глуму.

Жаданьняў тонкую струну
Ня ўкласьці ў рыфму як заўсёды
Ахвяраваў я не адну
На незваротныя прыгоды.

Ўздымаўся, ўдумлівы баян,
На недасяжныя вяршыні.
— Жыцьцё, як мора — акіян:
У вечным шторме, вечнай плыні.

На хвалях ўсьпененых яно
Імчыць, бы човен, чалавека.
Кладзе за зьвеньнямі зьвяно
Сусьвет, народжаны спрадвеку.

І на шляху, дзе ў шуме роль
І ў слоце выкрытая звада —
Бывае ў снох такая боль,
Бывае ў снох такая радасьць!

Бывае збудзеш ты бяду, —
Другая, лепшая паўстане.
Шукаць па сьцежках я ня йду
Таго, што згублена да званьня.

Які звычай — мінаць двары,
Пытацца: можа хто ня бачыў?..
Чаму патрэбна — адгарыць,
Сплыве з імгой людзкога плачу.

Хто бурай выкінут на мель, —
Згубіўшы рух мяцежнай плыні,
Ён ня збудуе карабель
З пяску, лілей і багавіньня.

На супярэчлівым шляху
Закон суровасьці ня зьмірыць…
І ў час (няўдзячлівы крыху)
Затым, быць можа, я і лірык.

Таму і ў песьні шмат душы,
І шмат нявызнанага тлуму,
І ў сэрцы тога ня зглушыць,
Што перасьніў я, перадумаў.

7. Я РАДАСЬЦЬ МАЮ

Апала золь. Туга балот
Сыйшла з адвечным аржавіньнем.
Іду ў жыцьцёвы карагод
Па новай бітай пуцявіне.

Абапал ня шуміць лаза,
Ня стогне лес ў маркоце баўнай…
Ня хочу глянуць я назад,
Адкуль прыйшоў яшчэ нядаўна.

Ня хочу згадку узварушыць
Пра пахаванае навекі…
Я жыў ў акрэсьленай цішы,
Дзе пеў настрой і беглі рэкі.

Я рос ў ліхую каламуць,
Я быў хлапцом наіўным, простым…
І (сам ня ведаю чаму)
Блукаў ў чарамхавых пялёстках.

Мне гэтай былі не таіць
Мне ня шукаць ў траве нагіннай
Таго, што спалена ў гаі
У косах сонца і дзяўчыны.

Люблю жыцьцё я на вясьне,
І зараз вось, як радасьць маю,
Гляджу на першы ў марах сьнег
І з навіной сябе вітаю.

Сабраць я думак не пасьпеў
А ўжо я чую, як гавораць,
Што мой ўчарашні лірны сьпеў
Адны пустыя пераборы.

— „Які-бок нудны вершаплёт
I самай першай маркі ныцік!..“
Вазьмеце, струны, свой акорд
І пахавальны марш грыміце.

Хачу узрадаваць сябе
Хоць гэтым спосабам нязвычным…
Шмат кроз у творчай барацьбе
шмат памылак політычных.

Праводжу я ад іх мяжу
Хай згінуць (ворагу на крыўду).
Я перад хваляй ня дрыжу —
Сухім з вады ці мокрым выйду.

На узьбярэжжы дзён стаю,
Палю душу сваёй карункі…
І ломяць голаву маю
Упартыя благія думкі.

Дзе кінуцца не прыпадзе,
Адным частуюся адказам —
Што менш, як крытыкаў, людзей,
Каб вырашаць пытаньні разам.

Таму і вершаў кволых шмат,
Таму і брак сучаснай тэмы.
Стаяць, як вербы каля хат
І нашы творчыя проблемы.

8. ПРАСТОРЫ НОВАЕ ЗЯМЛІ.

За галам сьціхнулі вятры,
І адгрымелі навальніцы.
Мой бледны твар агнём гарыць
Пад веямі крылатай гліцы.

Навокал сонца і мурог —
Шумяць ўрачыстасьцю багатай.
За ўзгоркам ўспыленых дарог
Стаяць прыжмураныя хаты.

Я берагу ім многа слоў
Гарачых, радасных, прарочых.
Усё навекі адыйшло…
Старыя дні, старыя ночы.

Віхуры зможанай імгла
Зямлю ад досьвіткаў ня засьціць…
Хай позна радасьць ня прышла, —
Я адчуваю сваё шчасьце.

Хай сэрца бегала ў туман
І марыла нязбытным уп‘яне —
Былое гордасьці рыдма
Заплакалі ў міжгор‘і здані.

Прыйшоў ім суджаны канец,
І зараз (росквітам) часамі
Заслухацца прыемна мне
Ахрыплымі іх галасамі.

Чутно тут водгульле тугі
І непаўторнага адчаю…
Як перамогі нашай гімн,
Сквіл іхняй сьмерці я ўспрыймаю.

Узьняўся волат — чалавек
І славіць рань над воўчым плачам.
Мы гэты наш славуты век
У песьнях выбраных адзначым.

Прасторы новае зямлі
Цьвітуць шумяць ў імкненьні дужым.
І поля роднага кілім
Усеялі агнямі ружы.

Яно інакшае ўжо,
Бяз кукаляў і без зьнямогі.
Ў прызначным вогнішчы крыжоў
Гараць адвечныя быльнёгі.

Няма мяцежнаму мяжы.
Глыбее тыханьне акордаў.
............
Я доўга буду пець i жыць,
Краінай Сонечнаю горды.

1930 г.