Перайсці да зместу

Выбраныя вершы (Хадыка, 1932)/Апошняя крайка мяжы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мы жывем Апошняя крайка мяжы
Верш
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1932 год
Над драпежнаю чарадою

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АПОШНЯЯ КРАЙКА МЯЖЫ

Апошняя крайка мяжы
Сплыла з чарадою туманаў.
Ізноў пачынаю я жыць,
Нібы нарадзіўшыся нанаў.

Палае ў разьвеянай мгле
Прастор непадзельнага поля.
Мой смутак навекі сатлеў,
Ня вернецца нэндза ніколі.

Што змалку жыцьцё надало,
Ўзрашчу, загартую у дзеях.
Зьнямогу патру на далонь,
На троп камяністы разьвею.

Глыбокім адбіткам сьлядоў
Кірункі ў вялікае сталі.
Гнілую падпору вякоў
Вятры змагары расхісталі.

Шчэ блазны аб прошласьці сьняць,
Гадаюць на пальцах кашчавых, —
І сыплецца з іх парахня —
Пасьледкі разьвенчанай славы.

Гляджу я на гэты натоўп
Жывых неданоскаў — шкілетаў —
І (дрэблых) прыземіць гатоў
Бязьмежжам пагарды поэта.

Узьнятую кроў сьцерагуць
Ліхія адборныя словы…
Асеньніх ігрышч каламуць
Сыходзіць за дымам барвовым.

Няспыннай бурлівасьцю шлюз
Змываюцца цемрадзі шаты,
Як хцівае непладзі друз,
Як спадкі эпохі праклятай.