Перайсці да зместу

Востраў скарбаў (1938)/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Частка пятая. Мае прыгоды на моры Частка шостая. Капітан Сільвер
Раман
Аўтар: Роберт Льюіс Стывенсан
1938 год
Арыгінальная назва: Treasure Island (1883)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧАСТКА ШОСТАЯ

КАПІТАН СІЛЬВЕР

Раздзел XXVIII

У ЛАГЕРЫ ВОРАГАЎ

Барвянае святло галавешкі асвятліла нутро дома і пацвердзіла самае горшае, што я толькі мог чакаць. Піраты авалодалі блокгаузам і ўсімі нашымі запасамі. І бочачка з кан'яком, і свініна, і мяшкі з сухарамі знаходзіліся на ранейшых месцах. На мой вялікі жах, я не заўважыў ні аднаго палонніка. Відаць, усе сябры мае загінулі. Сэрца маё сціснулася ад гора. Чаму я не загінуў разам з імі?!

Толькі шасцёра піратаў асталіся жывымі, і яны ўсе былі тут, перада мною. Пяцёра, з чырвонымі, апухшымі тварамі прабудзіўшыся ад п'янага сна, хутка ўскочылі на ногі. Шосты толькі прыпадняўся на локці. Ён быў змярцвела бледны. Галава яго была перавязана акрываўленай анучай. Значыцца ён ранены, і ранены нядаўна. Я ўспомніў, што ў часе атакі мы падстрэлілі аднаго з піратаў, які потым знік у лесе. Відаць, гэта ён і быў.

Папугай сядзеў на плячы ў Доўгага Джона і чысціў дзюбай пер'і. Сам Сільвер быў больш бледны і пануры, чым раней. Ён усё яшчэ быў прыбраны ў той кафтан, у якім ён прыходзіў да нас для перагавораў, але цяпер кафтан гэты быў запэцканы глінай і парваны калючкамі кустоў.

— Ага, — сказаў ён, — дык гэта Джым Гоўкінс, чорт мяне вазьмі! Прышоў у госці, а? Заходзь, заходзь, я заўсёды рад старому другу.

Ён усеўся на бочку з брэндзі і пачаў набіваць табакай сваю люльку.

— Дай-ка мне агеньчыка, Дзік, — папрасіў ён.

І, закурыўшы, дадаў:

— Дзякуй, друг. Можаш пакласці галавешку. А вы, джэнтльмены, кладзіцеся, не звяртайце ўвагі. Вы зусім не абавязаны стаяць перад містэрам Гоўкінсам навыцяжку. Хай ён прабачыць вас, пакарай мяне бог! Такім чынам, Джым, — працягваў ён, зацягнуўшы з люлькі, — ты тут. Такі прыемны сюрпрыз для беднага старога Джона! Я з першага погляду ўбачыў, што ты спрытны хлопец, але цяпер я бачу, што ты проста герой.

Зразумела я ні слова не сказаў у адказ. Яны паставілі мяне каля самай сцяны, і я стаяў проста, стараючыся, як мага спакойней глядзець Сільверу ў твар. Але ў сэрцы маім быў адчай.

Сільвер бестурботна зацягнуўся разы два і загаварыў зноў:

— Паколькі ты забрыў да нас у госці, Джым, — сказаў ён, — я раскажу табе ўсё, аб чым думаю. Ты мне заўсёды быў да сэрца, таму што ў цябе галава на плячах. Гледзячы на цябе, я ўспамінаю той час, калі і я быў такі-ж малады і прыгожы. Я заўсёды хацеў, каб ты далучыўся да нас, атрымаў сваю долю скарбаў і памёр у раскошы, багатым джэнтльменам. І вось, сынок, ты прышоў, нарэшце. Капітан Смолет — добры марак, я гэта заўсёды сцвярджаў, але ўжо вельмі вымагальны наконт дысцыпліны. „Абавязак перш за ўсё“, кажа ён, і зусім правы. А ты ўцёк ад яго, ты пакінуў свайго капітана. Нават доктар нездаволены табою. „Няўдзячны нягоднік“, называў ён цябе. Адным словам, да сваіх табе ўжо нельга вярнуцца, яны цябе не жадаюць прыняць. І, калі ты не захочаш заводзіць трэцюю каманду, табе прыдзецца далучыцца да капітана Сільвера.

Ну, не так яшчэ дрэнна. Значыцца, мае сябры жывы. І, хоць я гатоў быў паверыць сцверджанню Сільвера, што яны злуюцца на мяне за дэзертырства, я вельмі ўзрадаваўся.

— Я ўжо не кажу аб тым, што ты ў нашай уладзе, — працягваў Сільвер, — ты сам гэта бачыш. Я люблю разумныя довады. Я ніколі не бачыў ніякай карысці ў пагрозах. Калі табе падабаецца служба ў нас, станавіся ў нашыя рады добраахвотна. Але калі не падабаецца, Джым, скажы адкрыта: не. Бачыш, я гавару з табой начыстату, без усякай хітрасці.

— Вы хочаце, каб я адказаў? — спытаў я дрыжачым голасам.

У яго насмешлівай балбатні я адчуваў смяротную пагрозу. Шчокі мае палалі, сэрца страшэнна білася ў грудзях.

— Ніхто цябе не прымушае, дружок, — сказаў Сільвер. — Абдумай як след. Спяшацца нам няма куды: дык-жа ў тваёй кампаніі ніколі не засумуеш.

— Ну што-ж, — сказаў я, крыху пасмялеўшы, — паколькі вы хочаце, каб я рашаў, на чый бок мне перайсці, вы павінны растлумачыць мне, што тут у вас адбываецца. Чаму вы тут і дзе мае сябры?

— Што адбываецца? — панура паўтарыў адзін з піратаў. — Шмат-бы я даў, каб зразумець, што тут у нас адбываецца.

— Заткніся, пакуль цябе не пытаюць! — сярдзіта абарваў яго Сільвер і затым з ранейшай ветлівасцю зноў звярнуўся да мяне. — Учора раніцай, містэр Гоўкінс, — сказаў ён, — да нас з'явіўся доктар Лівсі з белым сцягам. „Вы асталіся на мелі, капітан Сільвер, — сказаў ён, карабль адышоў“. Пакуль мы пілі ром і спявалі песні, мы праваронілі карабль. Я гэтага не адмаўляю. Ніхто з нас не наглядаў за караблём. Мы выбеглі на бераг, і, клянуся громам, наш стары карабль знік. Мы проста ледзь не паваліліся на месцы. „Што-ж, — сказаў доктар, — давайце заключым умову“. Мы заключылі ўмову — я ды ён, — і вось мы атрымалі вашы прыпасы, вашу брэндзі, вашу крэпасць, вашы дровы, якія вы так прадбачна насеклі, усю, так сказаць, вашу лодку, ад рэй да кільсона. А самі яны адышлі. Дзе яны цялер, я не ведаю.

Ён зноў спакойна зацягнуўся.

— А цябе ва ўмову не ўключылі, — працягваў ён. — Доктар проста сказаў мне аб гэтым. „Колькі вас асталося?“ — спытаў я. „Чацвёра, — адказаў ён, — чацвёра, і адзін з іх ранены. А дзе гэты пракляты блазнюк, не ведаю і ведаць не жадаю, — сказаў ён. — Нам праціўна аб ім успамінаць“. Вось яго ўласныя словы.

— Гэта ўсё? — спытаў я.

— Усё, што табе належыць ведаць, сынок, — адказаў Сільвер.

— А цяпер я павінен выбіраць?

— Так, цяпер ты павінен выбіраць, — сказаў Сільвер.

— Добра, — сказаў я. — Я не такі дурны і ведаю, на што іду. Рабіце са мной, што хочаце, мне ўсёроўна. З таго часу, як я сустрэўся з вамі, я прызвычаіўся глядзець смерці ў твар. Але раней я хачу вам аб чымсьці расказаць, — працягваў я, усё больш хвалюючыся. — Становішча ваша паганае: карабль вы страцілі, скарб вы страцілі, людзей сваіх страцілі. Ваша справа прапашчая. І, калі вы хочаце ведаць, хто вінаваты ва ўсім гэтым, ведайце — вінаваты я, і больш ніхто. Я сядзеў у бочцы з-пад яблык у тую ноч, калі мы падплывалі да вострава, і я чуў усё, што казалі вы, Джон, і ты, Дзік Джонсон, і што казаў Гэндс, які цяпер на дне мора. І ўсё, што я падслухаў, я ў той-жа час перадаў капітану Смолету. Гэта я перарэзаў у шкуны якарны канат, гэта я забіў людзей, якіх вы пакінулі ў яе на борце, гэта я адвёў шкуну ў такое патаемнае месца, дзе вы ніколі не знойдзеце яе. Вы асталіся дурнямі, а не я, і хіба мне баяцца вас? Можаце забіць мяне або памілаваць, як вам падабаецца. Калі вы памілуеце мяне, я забуду ўсё мінулае і, калі вас будуць судзіць за пірацтва, паспрабую выратаваць вас ад пятлі. Цяпер ваш чарод выбіраць. Мая смерць не дасць вам ніякай карысці. Калі-ж вы пакінеце мяне жывым, я пастараюся, каб вы не трапілі на шыбеніцу.

Я змоўк. Я задыхаўся. На маё здзіўленне, ніхто з іх нават не крануўся з месца. Яны глядзелі на мяне, як авечкі. Не дачакаўшыся адказу, я казаў далей:

— Мне здаецца, містэр Сільвер, што вы тут самы лепшы чалавек. І, калі мне давядзецца загінуць, раскажыце доктару, што я памёр не бясслаўнай смерцю.

— Буду мець гэта на ўвазе, — сказаў Сільвер такім дзіўным тонам, што я не мог зразумець, насміхаецца ён нада мной, ці яму спадабалася мая мужнасць.

— Не забудзьце, — крыкнуў стары марак з цёмным ад загару тварам, па імені Марган, той самы, якога я бачыў у таверні Доўгага Джона ў Брыстольскім порце, — не забудзьце, што гэта ён пазнаў тады Чорнага Пса.

— Гэта яшчэ не ўсё, — дадаў Сільвер. — Ён, клянуся громам, той самы блазнюк, які выцягнуў карту са скрыні Білі Бонса. Нарэшце-та Джым Гоўкінс папаў нам у рукі!

— Пусціць яму кроў! крыкнуў Марган і вылаяўся.

І, выхапіўшы нож, ён ускочыў з такой лёгкасцю, быццам яму было дваццаць год.

— На месца! — крыкнуў Сільвер. — Хто ты такі, Том Марган? Магчыма, ты думаеш, што ты тут капітан? Клянуся, я навучу цябе быць паслухмяным. Толькі адважся пярэчыць мне. За апошнія трыццаць год усякі, хто станавіўся ў мяне на дарозе, трапляў або на рэю, або за борт рыбам на закуску. Так! Запамятай, Том Марган: не было яшчэ чалавека, які астаўся-б жыць на зямлі пасля таго як ён не паладзіў са мной.

Том змоўк, але астатнія ўсё яшчэ бурчэлі.

— Том правільна кажа, — сказаў адзін.

— Досыць было нада мной камандзіраў, — дадаў другі. — І, клянуся шыбеніцай, Джон Сільвер, я не дазволю табе вадзіць мяне за нос.

— Джэнтльмены, хто з вас хоча мець справу са мной? — закрычаў Сільвер.

Ён сядзеў на бочцы і цяпер падаўся наперад. У правай руцэ ў яго была запаленая люлька.

— Ну, чаго-ж вам трэба? Кажыце проста. Хіба вы анямелі? Выходзь, хто хоча, я чакаю. Я не для таго пражыў столькі год на зямлі, каб які-небудзь п'яны індык станавіўся мне ўпоперак дарогі. Вы ведаеце наш звычай. Вы лічыце сябе джэнтльменамі удачы. Ну што-ж, выходзьце, я гатоў. Няхай той, у каго хопіць духу, выйме свой корцік, і я, хоць я і на кастылі, вельмі хутка ўбачу, якога колеру ў яго потрахі, раней чым згасне гэтая люлька.

Ніхто не крануўся. Ніхто не адказаў ні слова.

— Вось так вы заўсёды, — працягваў ён, усунуўшы люльку ў рот. — Малайцы, няма чаго казаць? Нянадта ўжо храбрыя ў баі. Або вы няздольны зразумець простую чалавечую гаворку: дык-жа я тут капітан, я выбраны вамі. Я ваш капітан, таму што я на цэлую марскую мілю разумнейшы за вас усіх. Вы не хочаце біцца са мной, як гэта павінны рабіць джэнтльмены ўдачы. Тады клянуся громам, вы павінны слухаць мяне! Мне падабаецца гэты блазнюк. Лепшага за яго я ніколі не бачыў. Ён удвая больш падобны да мужчыны, чым такія пацукі, як вы. Дык слухайце: хто кране яго, будзе мець справу са мной.

Наступіла доўгае маўчанне.

Я, выпрастаўшыся, стаяў каля сценкі. Сэрца маё ўсё яшчэ стукала, як малаток, але ў грудзях зарадзілася надзея. Сільвер сядзеў, скрыжаваўшы рукі і прыхіліўшыся да сцяны. Ён смактаў люльку і быў спакойны, як у царкве. Толькі яго вочы бегалі. Ён назіраў употайкі за сваёй буянай камандай. Піраты адышлі ў далёкі кут і пачалі шаптацца. Часамі яны абарачваліся, і барвянае святло галавешкі падала на іх усхваляваныя твары. Аднак, пазіралі яны не на мяне, а на Сільвера.

— Вы, здаецца, рыхтуецеся нешта сказаць? — прамовіў Сільвер і плюнуў далёка перад сабой. — Ну што-ж, кажыце, я слухаю.

— Прашу прабачэння, сэр, — пачаў адзін з піратаў, — вы часта парушаеце нашы звычаі. Але ёсць звычай, які нават вам не ўдасца парушыць. Каманда нездаволена, а між тым, дазвольце сказаць, у гэтай каманды ёсць такія-ж правы, як і ва ўсякай іншай. Мы маем права сабрацца і пагаварыць аб начальстве. Прашу прабачэння, сэр, таму што вы ўсё-ж у нас капітанам. Але я хачу скарыстаць сваё права і адыйсці на нараду.

Далікатна аддаўшы Сільверу чэсць, гэты высокі, хваравіты, жоўтавокі матрос год трыццаці пяці спакойна пайшоў да выхаду, і знік за дзвярыма. Астатнія вышлі следам за ім. Кожны аддаваў Сільверу чэсць і мармытаў што-небудзь, апраўдваючы сябе.

— Адпаведна са звычаем, — сказаў адзін.

— На матроскі сход, — сказаў Марган.

Мы з Сільверам асталіся ўдвух каля гарэўшай галавешкі.

Повар адразу-ж выняў з рота сваю люльку.

— Слухай, Джым Гоўкінс, — прамовіў ён ледзь чутным настойлівым шопатам. — Ты на валасок ад смерці і, што горш за ўсё, ад катавання. Яны хочуць разжалаваць мяне. Ты бачыў, як я за цябе заступаўся. Спачатку я не хацеў цябе абараняць, але ты сказаў некалькі слоў, і я змяніў мае планы. Я быў тады ў адчаі ад сваіх няўдач, ад шыбеніцы, якая мне пагражае. Пачуўшы твае словы, я сказаў сабе: заступіся за Гоўкінса, Джон, і Гоўкінс заступіцца за цябе. Ты — яго апошняя карта, Джон, а ён, клянуся громам, твая апошняя карта! Паслуга за паслугу, рашыў я. Ты выратуеш сабе сведку, калі справа дойдзе да суда, а ён выратуе тваю шыю.

Я няясна пачаў разумець у чым справа.

— Вы хочаце сказаць, што ваша гульня прайграна? — спытаў я.

— Так, клянуся чортам! — адказаў ён. — Паколькі няма карабля, значыцца, астаецца адна толькі шыбеніца. Я ўпарты, Джым Гоўкінс, але калі я ўбачыў, што ў бухце ўжо няма карабля, я зразумеў: гульня наша скончана. А гэтыя няхай раюцца, усе яны бязглуздыя трусы. Я пастараюся выратаваць тваю шкуру. Але, слухай, Джым, паслуга за паслугу: ты выратуеш Доўгага Джона ад пятлі.

Я быў вельмі здзіўлены. За якую нікчэмную саломку хапаецца ён, атаман!

— Я зраблю ўсё, што магу, — сказаў я.

— Значыцца, згода! — усклікнуў ён. — Усё гэта табе лёгка прайшло, дык і я, клянуся громам, атрымаў надзею на ратунак.

Ён пакульгаў да галавешкі, гарэўшай каля дроў, ды зноў закурыў сваю люльку.

— Зразумей мяне, Джым, — працягваў ён, вярнуўшыся. — У мяне яшчэ ёсць галава на плячах, і я рашыў перайсці на бок сквайра. Я ведаю, што ты схаваў карабль дзе-небудзь у бяспечным месцы. Як гэта ты зрабіў, я не ведаю, але я ўпэўнены, што карабль цэлы і не пашкоджаны. Гэндс і О'Брайен аказаліся дурнямі. На іх я ніколі не пакладаў надзеі. Заўваж: я ў цябе нічога не пытаю і другім не дазволю пытаць. Я ведаю правілы нашай гульні і разумею, што я прайграў. А ты такі малады, такі храбры, і, калі мы будзем трымацца адзін за аднаго, мы шмат чаго з табой даб'емся.

Ён нацадзіў у бляшанку кан'яку з бочкі.

— Ці не хочаш выпіць, прыяцель? — спытаў ён.

Я адмовіўся.

— А я вып'ю крыху, Джым, — сказаў ён. — Наперадзе ў мяне столькі клопату, трэба-ж мне прышпорыць сябе. Дарэчы аб клопатах. Навошта было доктару аддаваць мне гэтую карту, мілы Джым?

На маім твары адбілася такое непадобнае здзіўленне, што ён зразумеў бескарыснасць далейшых запытанняў.

— Так, ён даў мне сваю карту… І тут, несумненна, нешта не так. Тут нешта захована, Джым… кепскае ці добрае.

Ён зноў сёрбнуў кан'яку і паківаў сваёй вялікай галавой з выглядам чалавека, які чакае немінучай бяды.

Раздзел ХХІХ

ЧОРНЫ ЗНАК ЗНОЎ

Сход піратаў працягваўся ўжо некаторы час, калі адзін з іх вярнуўся ў блокгауз і з насмешлівым відам, аддаўшы Сільверу чэсць, папрасіў дазволу ўзяць галавешку. Сільвер выказаў сваю згоду, і пасланы адышоў, пакінуўшы нас абодвух у цемры.

— Набліжаецца бура, Джым, — сказаў Сільвер.

Ён пачаў збыходзіцца са мной па-прыяцельску.

Я падышоў да бліжэйшай байніцы і зірнуў на двор. Вогнішча бадай што дагарэла. Святла яно ўжо не давала ніякага; нядзіва, што змоўшчыкам спатрэбілася галавешка. Яны сабраліся ў гурток на спадзе ўзгорка, паміж домам і частаколам. Адзін з іх трымаў галавешку. Другі стаяў пасяродку на каленях. У яго руцэ быў востры нож, лязо якога паблісквала, асветленае то месяцам, то факелам. Астатнія крыху сагнуліся, быццам пазіраючы, што робіць той. У таго ў руках з'явілася нейкая кніга. І не паспеў я падумаць, адкуль у яго такая неўласцівая для разбойніка рэч, як ён узняўся з кален, і ўсе гуртам накіраваліся да дому.

— Яны ідуць сюды, — сказаў я.

Я стаў на ранейшае месца. Не жадаючы траціць сваёй годнасці, я не хацеў, каб піраты заўважылі, што я назіраю за імі.

— Калі ласка, дружа, хай ідуць! — весела сказаў Сільвер. — У мяне ёсць яшчэ чым іх сустрэць.

Дзверы расчыніліся, і пяцёра піратаў нерашуча стаўпіліся каля парога, праштурхваючы наперад аднаго.

Пры іншых абставінах было-б забаўна глядзець, як павольна і баязліва падыходзіць выбарны, спыняючыся на кожным кроку і выцягнуўшы правую руку, сціснутую моцна ў кулак.

— Падыйдзі бліжэй, прыяцель, — сказаў Сільвер, — і не бойся: я цябе не з'ем. Давай, цюхцяй, што гэта там у цябе? Я ведаю звычаі. Я дэпутата не крану.

Падбадзёраны гэтымі словамі, разбойнік паскорыў крокі і, усунуўшы нешта Сільверу ў руку, паспешна адбег назад да таварышоў.

Повар глянуў сабе на далонь.

— Чорны знак! Так я і думаў, — прамовіў ён. — Дзе вы дасталі паперу? Але што гэта? Ах, вы, няшчасныя! Выразалі гэта з бібліі! Ну, будзе ўжо вам за гэта. І які дурань разрэзаў біблію?

— Вось бачыце! — сказаў Марган. — Што я казаў? Нічога добрага не выйдзе з гэтага.

— Ну, цяпер ужо вам не выкруціцца ад шыбеніцы, — працягваў Сільвер. — У каго вы ўзялі гэту біблію?

— У Дзіка, — сказаў нехта.

— У Дзіка? Ну, Дзік, маліся богу, — прамовіў Сільвер, — таму што твая справа скончана. Ужо я правільна табе кажу. Прапала твая справа, пакарай мяне бог.

Але тут умяшаўся жоўтавокі вярзіла.

— Досыць балбатаць, Джон Сільвер, — сказаў ён. — Каманда, сабраўшыся на сход, як вымагае звычай джэнтльменаў удачы, прыняла пастанову паслаць табе чорны знак. Перавярні яго, як вымагае наш звычай, і прачытай, што на ім напісана. Тады ты загаворыш па-іншаму. — Дзякую Джордж, — адклікнуўся Сільвер. — Ты ў нас дзелавы чалавек і ведаеш напамяць нашы звычаі. Што-ж тут напісана? Ага. „Скінуты“. Дык вось у чым справа! І які прыгожы почырк. Якраз як у кнізе. Гэта ў цябе такі почырк, Джордж? Ты першы чалавек ва ўсёй камандзе. Я ніколькі не здзіўлюся, калі цяпер выберуць капітанам цябе. Дай мне, калі ласка, галавешку, а то люлька ў мяне ніяк не раскурваецца.

— Ну, ну! — сказаў Джордж. — Няма чаго табе дурыць каманду. Паслухаць цябе — ты такі і гэтакі, але ўсё-ж злазь з гэтай бочкі. Ты ўжо ў нас не капітан. Злазь з бочкі і не перашкаджай нашым выбарам.

— А я думаў, ты і сапраўды ведаеш звычаі, — пагардліва запярэчыў Сільвер. — Табе прыдзецца яшчэ крыху пачакаць, таму што я пакуль усё яшчэ ваш капітан. Вы павінны высунуць супроць мяне свае абвінавачванні і паслухаць мой адказ. А да той пары ваш чорны знак будзе каштаваць не даражэй сухара. Пабачым, што з гэтага выйдзе.

— Не бойся, звычаяў мы не парушым адказаў Джордж. — Мы хочам дзейнічаць сумленна. Вось табе нашы абвінавачванні. Па-першае, ты праваліў усю справу. Ты не адважышся пярэчыць супроць гэтага. Па-другое, ты дазволіў нашым ворагам адыйсці, хоць тут яны былі ў сапраўднай пастцы. Чаму яны хацелі адыйсці? Не ведаю. Але ясна, што яны чамусьці хацелі адыйсці. Па-трэцяе, ты забараніў нам праследаваць іх. О, мы цябе бачым наскрозь, Джон Сільвер. Ты вядзеш падвойную гульню. Па-чацвертае, ты заступіўся за гэтага блазнюка.

— Гэта ўсё? — спакойна спытаў Сільвер.

— Зусім дастаткова, — адказаў Джордж. — Нас праз цябе, разяву, павесяць сушыцца на сонейку.

— Цяпер паслухайце, што я адкажу на вашы абвінавачванні. Я буду адказваць па пунктах. Вы кажаце, штоя праваліў усю справу? Але-ж вы ведаеце, чаго я хацеў. Калі-б вы паслухалі мяне, мы ўсе цяпер знаходзіліся-б на „Іспан'ёле“ цэлыя і здаровыя, і золата ляжала-б у труме, клянуся громам! А хто мне перашкодзіў? Хто прымушаў мяне спяшацца і падштурхоўваў, — мяне, вашага законнага капітана? Хто прыслаў мне чорны знак у першы-ж дзень, як мы толькі прыбылі на востраў і пачаў усе гэтыя чартоўскія скокі? Прыгожыя скокі — я скачу разам з вамі, — у іх такія-ж штучкі, якія вырабляюць тыя, што боўтаюцца ў Лонданскай пятлі? А хто ўсё пачаў? Эндэрсон, і Гэндс, і ты, Джордж Меры. З усіх падштурхоўшчыкаў ты адзін астаўся жывым. І ў цябе хапае нагласці лезці ў капітаны? У цябе, які загубіў ледзь не ўсю нашу шайку! Не, з гэтага не выйдзе ні чорта!

Сільвер змоўк. Па твару Джорджа і астатніх я ўбачыў, што словы яго не прапалі дарма.

— Гэта пункт першы! — усклікнуў ён, выціраючы спацеўшы лоб. — Клянуся, мне моташна размаўляць з вамі. У вас няма ні рассудка, ні памяці. Здзіўляюся, як гэта вашы маткі адпусцілі вас у мора. У мора! Гэта вы-та джэнтльмены ўдачы? Ужо лепш-бы вы зрабіліся краўцамі.

— Перастань лаяцца, — сказаў Марган. — Адказвай на астатнія абвінавачванні.

— А, на астатнія! — крыкнуў Джон. - Астатнія таксама добрыя. Вы кажаце, што наша справа прапашчая. Клянуся громам, вы нават не ўяўляеце сабе, якая яна кепская! Мы так блізка да шыбеніцы, што шыя мая ўжо касцянее ад пятлі. Так і бачу, як боўтаемся мы ў жалезных кайданах, а над намі кружацца вароны. Маракі паказваюць нам пальцамі ў часе прыліва. „Хто гэта?“ пытае адзін. „Гэта Джон Сільвер. Я добра яго ведаў“, адказвае другі. Вецер калыша павешаных і разносіць звяканне ланцугоў. Вось што пагражае кожнаму з нас з-за Джорджа Меры, Гэндса, Эндэрсона ды іншых ідыётаў. За тым, чорт вазьмі, вас цікавіць пункт чацверты — вось гэты блазнюк. Дык-жа ён заложнік, разумееце? Няўжо мы павінны знішчыць заложніка? Ён, магчыма, апошняя наша надзея. Забіць гэтага блазнюка? Не, мае мілыя, не буду яго забіваць. Нарэшце, я яшчэ не адказаў па трэцяму пункту. Вельмі добра, калі ласка, адкажу. Магчыма, вы лічыце нічога нявартымі штодзённыя наведванні доктара, доктара, скончыўшага каледж? Твайму прадзіраўленаму чэрапу, Джон, ужо непатрэбны доктар? А ты, Джордж Меры, якога кожныя шэсць гадзін трасе ліхарадка. У якога вочы жоўтыя, як лімон, ты не хочаш лячыцца ў доктара? Магчыма, вы не ведаеце, што сюды хутка павінен прыйсці другі карабль на дапамогу? Аднак ён хутка прыдзе. Вось калі вам спатрэбіцца заложнік. Затым — пункт другі — вы абвінавачваеце мяне ў тым, што я заключыў умову. Дык-жа вы самі на каленах упрашвалі мяне заключыць яе. Вы поўзалі на каленах, вы маладушнічалі, вы баяліся памерці з голаду. Але ўсё гэта глупства. Паглядзіце, вось дзеля чаго я заключыў умову.

І ён кінуў на падлогу аркуш паперы. Я адразу пазнаў яго. Гэта была тая самая карта на жоўтай паперы, з трымя чырвонымі крыжыкамі, якую я знайшоў калісьці на дне скрынкі Білі Бонса.

Я ніяк не мог зразумець, чаму доктар аддаў яе Сільверу.

Разбойнікаў від гэтай карты здзівіў яшчэ больш, чым мяне. Яны накінуліся на яе, як каты на мыш. Яны вырывалі яе адзін у аднаго з рук з лаянкай, з крыкамі, з дзіцячым смехам. Можна было падумаць, што яны не толькі ўжо кранаюцца золата пальцамі, але вязуць яго ў поўнай захоўнасці, на караблі.

— Так, — сказаў адзін, — гэта подпіс Флінта, можаце не сумнявацца, Д. Ф., а ўнізе росчырк. Ён заўсёды падпісваўся так.

— Усё гэта добра, — сказаў Джордж, — але як мы вывязем скарб, калі ў нас няма карабля?

Сільвер раптам ускочыў на ногі, трымаючыся рукой за сценку.

— Папярэджваю цябе ў апошні раз, Джордж! — крыкнуў ён. — Яшчэ адно слова і я буду біцца з табой. Як? Адкуль я ведаю, як? Гэта ты павінен мне сказаць, ты ды іншыя, якія праваронілі шкуну! Але не, мне няма чаго чакаць ад цябе разумнага слова — розум у цябе, як у прусака. Але размаўляць ветліва ты павінен, а не, дык я навучу цябе ветлівасці.

— Правільна, — сказаў стары Марган.

— Ды як-жа! Зразумела правільна, — падхапіў карабельны повар. — Ты страціў наш карабль. Я знайшоў вам скарб. Хто-ж з нас варты большага? Але клянуся, я больш не жадаю быць у вас капітанам. Выбірайце каго жадаеце. Хопіць з мяне!

— Сільвера! — закрычалі ўсе. — Кумпяк навекі вякоў! Кумпяк у капітаны!

— Дык вось што вы цяпер заспявалі! — крыкнуў повар. — Джордж, мілы друг, давядзецца табе пачакаць да іншага выпадку. Шчасце тваё, што я не памятаю кепскага. Сэрца ў мяне адыходлівае. Што-ж рабіць з гэтым чорным знакам, прыяцелі? Цяпер ён як быццам ні завошта. Дзік згубіў сваю душу, запаганіў усю біблію, і ўсё дарэмна.

— А магчыма, яна яшчэ спатрэбіцца для прысягі? — спытаў Дзік, якога, відаць, моцна непакоіла зробленае ім кашчунства.

— Біблія з адрэзанай старонкай! — жахнуўся Сільвер. — Ні завошта! У ёй не больш святасці, чым у спеўніку.

— І ўсё-ж на ўсякі выпадак лепш яе захаваць, — сказаў Дзік.

— А вось гэта, Джым, вазьмі сабе на памяць, — сказаў Сільвер, падаючы мне чорны знак.

Ён быў велічынёй як крона[1]. Адзін бок белы — Дзік разрэзаў самую апошнюю старонку бібліі. На другім баку былі надрукаваны два радкі з „Апокаліпсіса“. Пазней мне ўдалося разабраць толькі два словы: „псы і забойцы“. Той бок, дзе быў тэкст, быў запэцканы сажай, якая пачала ўжо зыходзіць і запэцкала мне пальцы. А на чыстым баку было выведзена вугалем адно слова: „скінуты“. Зараз гэты чорны знак ляжыць перада мной, але ад надпісу вугалем асталіся толькі сляды драпін, як ад пазногця.

Так скончыліся падзеі гэтай ночы. Выпіўшы рому, мы ляглі спаць. Сільвер дзеля помсты назначыў Джорджа Меры вартавым, прыгразіўшы яму смерцю, калі ён не дагледзіць чаго-небудзь.

Я доўга не мог заплюшчыць вачэй. Я думаў аб чалавеку, якога забіў, ратуючы сваё жыццё. Я думаў аб той выдатнай гульні, якую вёў Сільвер, адной рукой стрымліваючы шайку разбойнікаў, а другой — хапаючыся за ўсякі магчымы і немагчымы сродак, каб ратаваць сваё нікчэмнае жыццё. Ён мірна спаў і гучна храпеў. І ўсё-ж сэрца ў мяне сціскалася ад жаласці, калі я глядзеў на яго і думаў якімі небяспекамі ён акружан і якая ганебная смерць чакае яго.

Раздзел XXX

НА СЛОВА ГОНАРУ

Мяне разбудзіў — праўдзівей, усіх нас разбудзіў, таму што ўскочыў нават вартавы, які задрамаў каля дзвярэй, — выразны гучны голас, прагучэўшы на краю лесу:

— Эй, гарнізон, уставай! Доктар ідзе!

Сапраўды, гэта быў доктар. Я ўзрадаваўся, пачуўшы яго голас, але да радасці маёй дамяшаліся збянтэжанасць і сорам. Я ўспомніў аб сваім дэзертырстве, аб той здрадзе, якую я зрабіў. І да чаго гэта ўсё прывяло? Да таго, што я сяджу ў палоне ў разбойнікаў, якія могуць кожную хвіліну адабраць у мяне жыццё. Мне было сорамна глянуць доктару ў твар. Доктар, відаць, узняўся яшчэ на досвітку, таму што дэень толькі пачынаўся. Я падбег да байніцы і глянуў на двор. Ён стаяў унізе, да кален у паўзучым тумане, як калісьці стаяў каля гэтага-ж блокгауза Сільвер.

— З добрай раніцай, сэр! — усклікнуў Сільвер, ззяючы прыветлівай усмешкай. — Рана-ж вы ўзняліся! Ранняя птушка больш корму дзяўбе, як кажа прыказка. Джордж, прачніся, сым мой, і памажы доктару Лівсі ўзыйсці на карабль. Усё ў парадку, доктар. Вашы пацыенты значна больш вясёлыя і бадзёрыя!

Так ён балагурыў, стоячы на вяршыне ўзгорка з кастылём падпахай, апіраючыся рукой аб сцяну, — зусім рэнейшы Джон, і па голасу, і па звычках, і па смеху.

— У нас ёсць сюрпрыз для вас, сэр, — працягваў ён. — Адзін маленькі прыезджы, хе-хе! Новы жылец, сэр, жылец хоць куды! Спіць, як сурок, далібог. Усю ноч праспаў побач з Джонам, борт да борта.

Доктар Лівсі тым часам пералез праз частакол і падышоў да повара. І я заўважыў, як уздрыгануў яго голас, калі ён спытаў:

— Няўжо Джым?

— Якраз ён, — адказаў Сільвер.

Доктар раптам спыніўся. Відаць было, што ён не можа крануцца з месца.

— Добра, — сказаў ён нарэшце. — Раней справа, а пасля ўцеха. Такая, здаецца, у вас прыказка? Агледзім спачатку хворых.

Доктар зайшоў у дом і абыякава кіўнуўшы мне галавой, заняўся сваімі хворымі. Ён трымаўся спакойна і проста, хоць не мог не ведаць, што жыццё яго сярод гэтых крывадушных людзей вісіць на валаску. Ён гаманіў з пацыентамі, быццам яго запрасілі да хворага ў ціхую англійскую сям'ю. Яго абыходжанне з піратамі, здаецца мне, рабіла на іх вялікі ўплыў. Яны абыходзіліся з ім, быццам нічога не здарылася, быццам ён паранейшаму карабельны доктар і яны паранейшаму старанныя і адданыя матросы.

— Табе лепш, друг мой, — сказаў ён чалавеку з перавязанай галавой. — Другі на тваім месцы не выжыў-бы. Але ў цябе галава моцная, як чыгунны кацёл. А як твае справы, Джордж? Ды ты ўвесь жоўты! У цябе пячонка не ў парадку. Ты прымаў лякарства? Скажыце, ён прымаў лакарста?

— Як-жа, сэр, як-жа! Ён прымаў, сэр, — азваўся Марган.

— З таго часу, як я зрабіўся ўрачом у бандытаў, а правільней, турэмным урачом, — сказаў доктар Лівсі з самай добрадушнай усмешкай, я лічу сваім абавязкам захаваць вас для пятлі цэлымі.

Разбойнікі пераглянуліся, але моўчкі праглынула доктаравы жарт.

— Дзік дрэнна сябе адчувае, сэр, — сказаў адзін.

— Дрэнна? — сказаў доктар. — А ну, Дзік, ідзі сюды і пакажы свой язык. О, я ніколі не здзіўлены, што ён дрэнна сябе адчувае! Такім языком можна напалохаць і французаў. У яго таксама пачалася ліхарадка.

— Вось што здараецца з тым, хто псуе святую біблію, — сказаў Марган.

— Гэта здараецца з тым, хто дурны, як асёл, — запярэчыў доктар. — З тым, у каго нехапае розуму адрозніць свежае паветра ад заразнага, сухую глебу ад атрутнага і агіднага балота. Вы ўсе схапілі малярыю, мае сябры, і шмат пройдзе часу, раней чым вы пазбавіцеся яе. Размясціцца лагерам на балоце! Сільвер, вы мяне здзівілі, далібог. Вы не такі дурны, як астатнія, але вы не маеце аніякага ўяўлення аб тым, як ахоўваць здароўе сваіх падначаленых.

— Вельмі добра, — сказаў доктар, агледзеўшы пацыентаў і даўшы ім некалькі медыцынскіх парад, якія яны выслухалі з такой пакорлівасцю, быццам былі выхаванцамі добрачыннай школы, а не разбойнікамі. — На сёння хопіць. А цяпер, калі дазволіце, я хацеў-бы пагутарыць з гэтым юнаком. — І ён нядбайна кіўнуў у мой бок.

Джордж Меры стаяў у дзвярах і, зморшчыўшыся, прымаў нейкае горкае лякарства. Пачуўшы доктараву просьбу, ён увесь пачырванеў, павярнуўся да яго і закрычаў:

— Ні завошта!

І вылаяўся брыдкімі словамі.

Сільвер хлопнуў далонню па бочцы.

— Маўчаць! — закрычаў ён і азірнуўся вакол, як раз'юшаны леў. — Доктар, — працягваў ён ветліва, — я быў упэўнены, што вы захочаце пагутарыць з Джымам, таму што ведаў, што гэты хлопчык вам да спадобы. Мы ўсе так вам удзячны, мы, як вы бачыце, адчуваем да вас такое давер'е, мы п'ем вашы лякарствы, як водку. Я зараз уладжу. Гоўкінс, можаш ты мне даць слова гонару джэнтльмена, — таму што ты джэнтльмен, хоць бацькі твае людзі бедныя, — што ты не ўцячэш нікуды.

Я ахвотна даў яму слова гонару.

— У такім разе, доктар, — сказаў Сільвер, — пералазьце праз частакол. Калі вы пералезеце, я прывяду Джыма ўніз. Ён будзе з аднаго боку частакола, вы — з другога, але гэта не перашкодзіць вам пагутарыць па душы. Усяго добрага, сэр. Перадайце прывітанне сквайру і капітану Смолету.

Як толькі доктар вышаў, абурэнне піратаў, стрыманае страхам перад Сільверам, прарвалася з усёй сілай. Яны абвінавачвалі Сільвера ў тым, што ён вядзе падвойную гульню. Што ён хоча выгарадзіць сябе і здрадзіць усім астатнім. Адным словам, яны сапраўды адгадалі яго намеры.Я не думаў, што яму і на гэты раз удасца выкруціцца. Але ён быў удвая разумнейшым за ўсіх іх разам узятых, і яго ўчарашняя перамога дала яму вялізную ўладу над імі. Ён абазваў іх дурнямі, заявіў, што без маёй размовы з доктарам нельга абыйсціся, тыкаў ім у нос карту і пытаў: няўжо яны хочуць парушыць умову ў той дзень, калі можна пачаць пошукі скарбаў.

— Не, клянуся громам! — крычаў ён. — Прыдзе час, і мы ашукаем іх, але да той пары я буду ўлагоджваць гэтага доктара, хоць-бы мне давялося чысціць яму ромам боты.

Ён загадаў раскласці вогнішча, узяў кастыль, паклаў руку мне на плячо і закульгаў уніз, пакінуўшы піратаў у поўнай збянтэжанасці. Адчувалася, што яго довады не зрабілі на іх асаблівага ўплыву.

— Не спяшайся, дружа, не спяшайся, — сказаў ён мне. — Яны разам рынуцца на нас, калі заўважаць, што мы абодва спяшаемся.

Мы павольна спусціліся па пясчанаму адкосу да таго месца, дзе за частаколам чакаў нас доктар. Сільвер спыніўся.

— Хай Джым раскажа вам, доктар, як я выратаваў яму жыццё, хоць за гэта ледзь не страціў капітанскі чын, — сказаў ён. — Ах, доктар, калі чалавек накіроўвае сваю лодку насустрач пагібелі, калі ён іграе ў арлянку са смерцю, ён хоча пачуць хоць адно самае малое добрае слова. Майце на ўвазе, што справа ідзе не толькі аб маім жыцці, але і аб жыцці гэтага хлопчыка. Заклінаю вас, доктар, майце літасць да мяне, дайце мне хоць цень надзеі.

Цяпер, адышоўшы ад таварышоў і стоячы спіной да блокгауза, Сільвер адразу зрабіўся другім чалавекам. Шчокі яго запалі, голас дрыжэў. Гэта быў амаль мярцвяк.

— Няўжо вы баіцеся, Джон? — спытаў доктар Лівсі.

— Доктар, я не трус. Не, я нават вось нагэтулькі не трус, — і ён паказаў кончык пальца, — але кажу адкрыта: мяне прабірае дрыготка пры думцы аб шыбеніцы. Вы — добры чалавек і праўдзівы. Лепшага я за сваё жыццё не бачыў. Вы не забудзеце зробленага мною дабра, хоць, зразумела, і зла не забудзеце. Я адыходжу ўбок, бачыце, і пакідаю вас сам-на-сам з Джымам. Гэта таксама вы залічыце мне ў заслугу, хіба не так?

Ён адышоў убок, якраз на такую адлегласць, каб не чуць нас, сеў на корч і пачаў насвістваць. Ён варочаўся з боку ў бок, пазіраючы то на мяне, то на доктара, то на неўціхаміраных піратаў, якія, разваліўшыся на пяску, распальвалі вогнішча, то на дом, адкуль яны выносілі свінічу і хлеб для снедання.

— Такім чынам, Джым, — сумна сказаў доктар, — ты тут. Што пасееш — то пажнеш, мой хлопчык. У мяне нехапае духу лаяць цябе. Адно толькі скажу табе: калі-б капітан Смолет быў здаровы, ты не адважыўся-б уцякаць ад нас. Ты паступіў несумленна, ты адышоў, калі ён быў хворы і не мог утрымаць цябе сілай.

Я павінен прызнацца, што пры гэтых словах я заплакаў.

— Доктар, — прасіў я з мальбой, — калі ласка не лайце мяне. Я сам сябе досыць лаяў. Маё жыццё на валаску. Я і цяпер быў-бы ўжо мерцвяком, калі-б Сільвер за мяне не заступіўся. Смерці я не баюся, доктар, я баюся толькі катавання. Калі яны пачнуць катаваць мяне…

— Джым, — перапыніў мяне доктар, і голас яго крыху змяніўся. — Джым, гэтага я не магу дапусціць. Пералазь праз плот і ўцячэм.

— Доктар, — сказаў я, — дык-жа я даў слова гонару.

— Ведаю, ведаю! — усклікнуў ён. — Што зробіш, Джым! Я ўжо вазьму гэты грэх на сябе. Не магу-ж я кінуць цябе тут безабароннага. Скакай! Адзін скок, і ты на волі. Мы паімчымся, як анцілопы.

— Не, — адказаў я. — Дык і вы самі не паступілі-б так. Ні вы, ні сквайр, ні капітан не здрадзілі-б дадзенаму слову. Значыць, і я не здраджу. Сільвер мне паверыў. Я даў яму слова гонару. Але, доктар, вы мяне не даслухалі. Калі яны пачнуць мяне катаваць, я не вытрымаю і разбаўтаю, дзе схаваны карабль. Мне пашанцавала, доктар, мне пашчас

лівілася, і я адвёў іх карабль. Ён стаіць каля паўднёвага берага Паўночнай бухты. У часе прыліва яго можна адтуль вывесці.

— Карабль?і — усклікнуў доктар.

Я коратка расказаў яму ўсё, што здарылася. Ён выслухаў мяне з поўнай маўклівасцю.

— Гэта лёс, — заўважыў ён, калі я скончыў. — Усякі раз ты ратуеш нас ад вернай пагібелі. І няўжо ты думаеш, што цяпер мы дамо табе памерці пад нажом? Гэта была-б кепская нагарода за ўсё, што ты для нас зрабіў, мой хлопчык. Ты адкрыў змову. Ты знайшоў Бена Гана. Лепшай справы ты не зробіш за ўсё тваё жыццё нават калі дажывеш да ста гадоў. Гэты Бен Ган — ой-ой-ой! Да рэчы аб Бене Гане… Сільвер! — крыкнуў ён. — Сільвер, я хочу даць вам параду, — працягваў ён, калі повар падышоў, — не спяшайцеся адшукваць скарб.

— Я, сэр, што ёсць сілы буду старацца адцягнуць гэтую справу, — сказаў Сільвер. — Але, клянуся вам, толькі пошукамі скарбаў я магу ратаваць сваё жыццё і жыццё гэтага няшчаснага хлопчыка.

— Добра, Сільвер, — адказаў доктар, — калі так — шукайце. Але я дам вам яшчэ адну параду:сцеражыцеся крыкаў, калі будзеце набліжацца да скарба.

— Сэр, — сказаў Сільвер, — вы сказалі мне ці занадта многа, ці занадта мала. Што вам трэба? Навошта вы пакінулі крэпасць? Навошта вы аддалі мне карту? Я гэтага не разумеў і не разумею. Я слепа выканаў усё, што вы патрабавалі, хоць вы не далі мне і аніякай надзеі. А цяпер гэтыя новыя таямніцы. Калі вы і іх не раскрыеце мне, як-жа я магу вам дапамагаць?

— Не, — задумліва сказаў доктар, — я не маю права паведамляць вам пра такія справы. Гэта не мая таямніца, Сільвер. Інакш, клянуся парыком, я-б вам усё расказаў. Калі я скажу яшчэ хоць слова, мне пападзе тады ад капітана. І ўсё-ж я дам вам маленькія надзеі, Сільвер: калі мы абодва з вамі выбярэмся з гэтай воўчай ямы, я пастараюся выратаваць вас ад шыбеніцы.

Сільверавы твар раптам заззяў.

— І родная маці не магла-б сцешыць мяне лепш, чым вы! — усклікнуў ён.

— Гэта першае, што я магу вам сказаць, — дадаў доктар. — І другое: трымайце гэтага хлопчыка каля сябе і, калі спатрэбіцца дапамога, клічце мяне. Я пастараюся вас выручыць, і тады вы ўбачыце, што я кажу не дарэмна… Бывайце, Джым.

Доктар Лівсі паціснуў мне руку праз плот, кіўнуў галавой Сільверу і хуткімі крокамі накіраваўся да лесу.

Раздзел ХХХІ

ПОШУКІ СКАРБА. УКАЗАЛЬНАЯ СТРЭЛКА ФЛІНТА

— Джым, — сказаў Сільвер, калі мы асталіся адны, — я выратаваў тваё жыццё, а ты — маё. І я ніколі гэтага не забуду. Дык-жа бачыў я, як доктар угаварваў цябе ўцячы. Краем вока, але бачыў. Я не чуў твайго адказу, але бачыў я, што ты адмовіўся. Гэтага, Джым, я табе не забуду. Сёння мне ўпершыню бліснула надзея пасля няўдалай атакі на крэпасць. Ды зноў-такі праз цябе. Пошукі скарба, Джым, мы пачнем усляпую, і гэта мне вельмі не падабаецца. Але мы з табой будзем моцна трымацца адзін аднаго і выратуем нашы шыі, не гледзячы ні на што.

Адзін з піратаў, якія ўвіхаліся каля вогнішча, крыкнуў нам, што снеданне гатова. Мы паселі на пяску каля агню і пачалі закусваць падсмажанай саланінай. Разбойнікі распалілі такое вогнішча, што можна было-б засмаліць быка. Хутка вогнішча запалала так моцна, што да яго — і то з пэўнай небяспекай — прыбліжаліся толькі з падветранага боку. Таксама злачынна абыходзіліся піраты з правізіяй: насмажылі саланіны прынамсі ў тры разы больш, чым было патрэбна. Адзін з іх з дурным смехам шпурнуў усе астаўшыяся кавалкі ў агонь, які запалаў яшчэ ярчэй, паглынуўшы гэта незвычайнае паліва.

Ніколі ў сваім жыцці не бачыў я людзей, якія нагэтулькі бестурботна адносіліся да заўтрашняга дня. Усё рабілі яны абыяк — знішчалі без усякага сэнсу правізію, засыналі, стоячы ва варце, і гэтак далей. Наогул яны былі здольны толькі на кароткую ўспышку, але на працяжныя ваенныя дзеянні іх нехапала.

Нават Сільвер, сядзеўшы ў баку са сваім папугаем, не зрабіў ім ні адной заўвагі за іх марнатраўнасць. І гэта мяне вельмі здзівіла, таму што я ведаў, які ён асцярожны і прадбачны чалавек.

— Так, прыяцелі, — сказаў ён, — ваша шчасце што ў вас ёсць Кумпяк, які заўсёды за вас думае. Я выведаў тое, што мне трэба. Карабль у іх. Пакуль я яшчэ не ведаю, дзе яны яго схавалі. Але, калі ў нас будуць скарбы, мы абшукаем увесь востраў ды зноў захопім карабль. Ва ўсякім выпадку мы моцны ўжо тым, што ў нас ёсць шлюпкі.

Так разважаў ён, набіваючы сабе рот гарачай свінінай. Ён абнадзейваў іх, ён аднаўляў свой пахіснуўшыся аўтарытэт, і ў той-жа час — як мне здалося — падбадзёрваў самога сябе.

— А наш заложнік, — працягваў ён, — у апошні раз бачыўся з тымі, хто мілы яго сэрцу. З яго размоў з імі я даведаўся пра ўсё, што мне трэба было ведаць, і вельмі яму ўдзячны за гэта. Але цяпер — скончана. Калі мы пойдзем шукаць скарб, я павяду яго за сабой на вяровачцы. Ён нам даражэй за золата, і мы захаваем яго ў цэласці: спатрэбіцца на выпадак чаго. А калі ў нас будзе і карабль і скарб, калі мы вясёлаю кампаніяй адправімся ў мора, вось тады мы і пагутарым з містэрам Гоўкінсам як след, і ён атрымае сваю долю паводле заслуг.

Не дзіва, што іх ахапіла такая вясёласць. Што датычыцца мяне, я вельмі засумаваў і заняпаў духам. Калі план Сільвера, толькі што паведамлёны ім, будзе выкананы, гэты падвойны здраднік не будзе хістацца ні хвіліны. Ён вядзе гульню на два фронты і, несумненна, палічыць за лепшае волю і багацці пірата, чым слабую надзею вызваліцца ад пятлі, надзею, якую мы маглі прапанаваць яму.

Але калі абставіны прымусяць Сільвера стрымаць дадзенае доктару слова, мне ўсёадно пагражае смяротная небяспека. Падазрэнні яго таварышоў кожную хвіліну могуць ператварыцца ва ўпэўненасць. Тады і яму і мне давядзецца абараняць сваё жыццё, яму — калеку, і мне — блазнюку, ад пяцярых такіх дужых матросаў.

Дадайце да гэтага падвойнага непакою і тую таямніцу, якой усё яшчэ былі ахутаны паводзіны маіх сяброў. Чаму яны пакінулі крэпасць? Чаму яны аддалі карту? Што азначаюць гэтыя словы, сказаныя доктарам Сільверу: „Сцеражэцеся крыкаў, калі будзеце шукаць скарбы“. Не было нічога дзіўнага ў тым, што снеданне здалося мне не надта смачным і што я з цяжкім сэрцам пабрыў за разбойнікамі на пошукі скарба.

Мы з'яўляліся даволі дзіўным відовішчам — усе ў замызганых матроскіх куртках, усе, акрамя мяне, узброеныя да самых зубоў. Сільвер цягнуў дзве стрэльбы: адна на спіне, другая на грудзях. Да яго пояса быў прышпілены корцік. У кожны кішэнь свайго шырокаполага кафтана ён усунуў па пісталету. У давяршэнне ўсяго на плячы ў яго сядзеў Капітан Флінт, які не змаўкаючы і без усякай сувязі выкрыкваў розныя марскія слоўцы. Мяне абвязалі вяроўкай вакол паясніцы, і я паслухмяна пабрыў за поварам. Ён трымаў канец вяроўкі то свабоднай рукой, то зубамі. Мяне вялі, як дрэсірованага мядзведзя.

Кожны цягнуў што-небудзь: адны неслі рыдлёўкі і ламы (разбойнікі выгрузілі іх на бераг з „Іспан'ёлы“ раней усяго астатняга), другія — свініну, сухары і брэндзі для абеда. Я заўважыў, што ўсе прыпасы былі сапраўды ўзяты з нашага склада, і зразумеў, што Сільвер учора ўвечары сказаў чыстую праўду. Калі-б ён не заключыў нейкай умовы з доктарам, разбойнікам, страціўшым карабль, давялося-б карміцца падстрэленымі птушкамі і запіваць іх вадой. Але да вады ў іх не было асаблівай ахвоты, а паляваць маракі не ўмеюць. І калі яны не мелі запасу нават харчоў, дык тым больш не было ў іх у запасе і пораху. Так або інакш мы крануліся ў дарогу, нават пірат з разбітай галавой, якому больш карысна было-б астацца ў пасцелі. Адзін за адным дакульгалі мы да берага, дзе нас чакалі дзве шлюпкі. Нават гэтыя шлюпкі сведчылі аб дурной бесклапотнасці заўсёды п'яных піратаў: абедзве былі ў гразі, а ў адной паламана лаўка. Вырашана было ехаць у двух шлюпках, каб ні адна не прапала. Падзяліўшыся на два атрады, мы, нарэшце, адчалілі ад берага.

У дарозе пачаліся спрэчкі аб карце. Чырвоны крыжык быў занадта вялікі і не мог, вядома, быць дакладным паказчыкам месца. Тлумачэнні на адвароце карты былі надта кароткія і няясныя. Калі чытач памятае, у іх было сказана наступнае:

„Вялікае дрэва на плячы Падзорнай Трубы, напрамак на Поўн.

ад Поўн.—Поўн.—Усх.

Востраў шкілета Усх.—Поўдз.—Усх.—Усх. і на Усх.

Дзесяць футаў“.

Такім чынам, перш за ўсё трэба было адшукаць вялікае дрэва. Проста перад намі якарная стаянка замыкалася пласкагор'ем вышынёй у дзвесце-трыста футаў, якое на поўначы злучалася з паўднёвым спадам Падзорнай Трубы, на поўдні пераходзіла ў скалістае ўзвышша пад назвай Бізань-мачта. На пласкагор'і раслі высокія і нізкія сосны. Якое з гэтых дрэў капітан Флінт назваў вялікім можна было вызначыць толькі на месцы, пры дапамозе компаса.

Тым не менш не праплылі мы і паловы адлегласці, а ўжо кожны аблюбаваў сабе адно якое-небудзь асобае дрэва. Толькі Доўгі Джон паціскаў плячыма і раіў пачакаць, пакуль яны прыбудуць на месца.

Па ўказанню Сільвера, мы бераглі сілы і не вельмі налягалі на вёслы і пасля доўгага плавання высадзіліся ва ўтоцы другой ракі, той самай, якая працякае па лясістаму спаду Падзорнай Трубы. Адтуль, павярнуўшы налева, мы пачалі ўзбірацца да пласкагор'я.

Спачатку нам пасоўвацца было цяжкавата дзякуючы топкай глебе і густой балотнай расліннасці. Але мала-па-малу пад'ём рабіўся больш стромкім, глеба больш камяністая, расліннасць больш высокая і рэдкая. Мы набліжаліся да лепшай часткі вострава. Замест травы па зямлі слаўся пахучы дрок і квітнеючы хмызняк. Сярод зялёных зараснікаў мускатнага арэха там і сям узнімаліся барвяныя калоны высокіх соснаў, кідаўшых шырокую цень. Пах муската мя

шаўся з пахам хвоі. Паветра было свежае і рухавае. Ззяла сонца, але лёгкі ветрык асвяжаў нашы твары.

Разбойнікі ішлі ўрассыпную і весела пераклікаліся паміж сабой.

У сярэдзіне, крыху адстаўшы ад усіх, цягнуўся Сільвер, цягнучы мяне за сабой на вяроўцы. Цяжка было яму ўзбірацца па сыпучаму жвіру спада. Мне не раз даводзілася падаваць яму руку і падтрымліваць яго, калі ён спатыкаўся.

Так прайшлі мы каля поўмілі і ўжо дасягнулі вяршыны, калі раптам разбойнік, які ішоў лявей другіх, голасна крыкнуў ад жаху. Ён крычаў няспынна, і ўсе падбеглі да яго.

— Вы думаеце, ён знайшоў наш скарб? — сказаў стары Марган, паспешна прабягаючы міма нас. — Не, не, мы яшчэ не дабраліся да таго дрэва.

Так, ён знайшоў не скарб. У падножжы высокай сасны ляжаў чалавечы шкілет. Травы-уюны аплялі яго густой сеткай, ссунуўшы з месца некаторыя з дробных касцей. Дзе- ні-дзе на ім захаваліся рэшткі спарахнелай вопраткі. Я ўпэўнены, што не было сярод нас ні аднаго чалавека, у якога не прабег-бы па скуры мароз.

— Гэта быў марак, — сказаў Джордж Меры, які крыху смялей за астатніх разглядаў згніўшае рыззё. — Вопратка ў яго была марская.

— Вядома марак, — сказаў Сільвер. — Я думаю, ты не спадзяваўся знайсці тут біскупа. Аднак, чаму гэтыя косці так дзіўна ляжаць?

І сапраўды, шкілет ляжаў у незвычайнай позе.

Па дзіўнай выпадковасці (ці вінаваты тут птушкі, што дзяўблі яго, ці, магчыма, павольна растучыя травы, што абвінулі яго з усіх бакоў) ён ляжаў на выцяжку, просты, як страла. Ногі яго паказвалі ў адзін бок, а рукі, узнятыя ў яго над галавой, як у плаўца, які рыхтуецца скочыць, — у другі.

— Ага, я пачынаю разумець, — сказаў Сільвер. — Гэта компас. Так, так. Вунь тырчыць, быццам зуб, вяршына Вострава шкілета. Праверце па компасу, куды ўказвае гэты мярцвяк.

Праверылі. Мярцвяк сапраўды указваў у бок Вострава шкілета. Компас паказаў напрамак на Усх.-Поўдз.—Усх. і на Усх.

— Так я і думаў! — усклікнуў повар. — Гэта ўказальная стрэлка. Значыць, там Палярная зорка, а вунь там вясёлыя далары. Клянуся громам, у мяне ўсё халадзее пры адной думцы аб Флінце. Гэта адзін з яго мілых жартаў. Ён астаўся тут з шасцярма таварышамі і даканаў іх усіх. А потым з аднаго забітага змайстраваў сабе компас… Косці доўгія, на чэрапе валасе рыжыя. Э, дык гэта Алардайс, пакарай мяне бог! Ты памятаеш Алардайса, Том Марган?

— А як-жа, — сказаў Марган, — канечна. Ён пазычаў у мяне грошы і, акрамя таго, прыхапіў з сабой мой нож, калі ад'язджаў на востраў.

— Значыць нож павінен быць дзе-небудзь тут, — прамовіў другі разбойнік. — Флінт быў не такі чалавек, каб шарыць у кішэнях матроса. Ды і птушкі… Не маглі-ж яны панесці гэты нож?

— Ты праў, чорт цябе вазьмі! — усклікнуў Сільвер.

— Аднак, тут няма нічога, — сказаў Меры, уважліва абмацваючы глебу. — Хоць медная манета асталася-б, або, напрыклад, табакерка. Усё гэта выклікае ў мяне падазрэнне.

— Правільна! правільна! — згадзіўся Сільвер. — Тут нешта не так. Так дарагія сябры, калі-б Флінт быў жывы, не гуляць-бы нам у гэтых месцах. Нас шасцёра, і тых было шасцёра, а цяпер ад іх асталіся толькі косці.

— Не, будзь упэўнен, ён памёр: я ўласнымі вачыма бачыў яго мёртвым, — азваўся Марган. — Біллі вадзіў мяне да яго мёртвага цела. Ён ляжаў з медзякамі на вачах.

— Канечна, ён памёр, — пацвердзіў пірат з павязкай на галаве. — Але толькі калі каму і блукаць па зямлі пасля смерці, дык гэта зразумела, Флінту. Дык-жа наколькі цяжка чалавек паміраў!

— Так, паміраў ён зусім дрэнна, — заўважыў адругі. — То шалеў, то патрабаваў рому, то пачынаў гарланіць „Пятнаццаць чалавек на скрынцы мерцвяка“. Акрамя „Пятнаццаці чалавек“, ён нічога іншага не спяваў ніколі. І скажу вам па праўдзе, ад той пары я не люблю гэтай песні. Было вельмі горача. Флінт спяваў што ёсць сілы, і песня мяшалася з прадсмяротным хрыпам.

— Наперад, наперад, — сказаў Сільвер, — досыць балбатаць! Ён памёр і не бадзяецца па зямлі зданню. А калі-б нават ён і захацеў выйсці з магілы, дык-жа здані паказваюцца толькі ўночы, а зараз, як вы бачыце, дзень… Не варта гаварыць аб нябожчыку, нас чакаюць дублоны.

Мы рушылі далей. Але хоць сонца вельмі свяціла, піраты больш не разбягаліся ў розныя бакі і не аклікалі адзін аднаго. Яны ішлі побач і гаварылі паміж сабой упоўголаса. Такі жах выклікаў у іх памёршы пірат.

Раздзел ХХХІІ

ПОШУКІ СКАРБА. ГОЛАС У ЛЕСЕ

Часткова пад расслабляючым уплывам гэтага жаху, часткова для таго, каб даць адпачыць Сільверу і хворым піратам, на вяршыне пласкагор'я увесь атрад зрабіў прывал.

Пласкагор'е мела невялікі нахіл да захаду, і таму з таго месца, дзе мы сядзелі, адкрываўся від ва ўсе бакі. Наперадзе за верхавінамі дрэў мы бачылі Лясісты мыс, аблямаваны пенаю прыбоя. Ззаду можна было бачыць не толькі пратоку і Востраў шкілета, але таксама — за касой і усходняй раўнінай — прастор адкрытага мора. Проста над намі ўзвышалася Падзорная Труба, заросшая рэдкімі соснамі, а месцамі ззялі глыбокія бяздонні.

Цішыня парушалася толькі воддальным грукатам прыбоя ды гудзеннем безлічы насякомых. Бязлюднасць. На моры ніводнага паруса. Пачуццё адзіноты яшчэ ўзмацнялася шырынёй навакольных прастораў.

Сільвер у часе адпачынку рабіў вымярэнні па компасу.

— Тут тры „вілікія дрэвы“, — сказаў ён, — і ўсе яны размешчаны па простай лініі ад Вострава шкілета. „Плячо Падзорнай Трубы“, я думаю, вось гэтая ўпадзіна. Цяпер і

194 дзіцянё знайшло-б скарб. Па-мойму, нядрэнна было-б раней паесці.

— Мне штосьці не хочацца, — прабурчэў Марган. — Я як ўспомніў аб Флінце — у мяне адразу прапаў апетыт.

— Так, сын мой, шчасце тваё, што ён памёр, — сказаў Сільвер.

— І морда ў яго была, як у чорта! — усклікнуў трэці пірат, уздрыгануўшыся. — Уся сіняя-сіняя!

— Гэта ад рому, — дадаў Меры. — Сіняя! Яшчэ-б не сіняя! Ад рому пасінееш, гэта праўда.

Від шкілета і ўспаміны аб Флінце так уздзейнічалі на гэтых людзей, што яны пачалі размаўляць усё цішэй і цішэй і дайшлі, нарэшце, да ледзь чутнага шопату, які бадай што не парушаў лясной цішыні. І раптам з бліжэйшага гаю чыйсьці тонкі, брынклівы, прарэзлівы голас заспяваў добра вядомую песню:

Пятнаццаць чалавек на скрынцы мерцвяка.

Йо-хо-хо, і бутэлька рому!

Смяротны жах ахапіў піратаў. Ва ўсіх шасцярых твары зрабіліся адразу зялёнымі. Адны паўскаквалі на ногі, другія сударгава схапіліся адзін за аднаго, Марган паваліўся па зямлю і папоўз, як гадзюка.

— Гэта Флінт! — усклікнуў Меры.

Песня абарвалася гэтак-жа раптоўна, як пачалася, быццам на сярэдзіне ноты спяваку адразу заціснулі рот. Дзень быў сонечны і ясны, голас спяваўшага прыемны і гучны, і я не мог зразумець спалоху сваіх спадарожнікаў.

— Наперад! — сказаў Сільвер, ледзь кратаючы шэрымі, як попел, губамі. — Гэтак нічога ў нас не выйдзе. Зразумела, усё гэта вельмі дзівосна, і я не ведаю, хто гэта там сваволіць, але ўпэўнены, што гэта не нябожчык, а жывы чалавек.

Пакуль ён гаварыў, да яго вярнулася мужнасць, і твар яго ледзь-ледзь паружавеў. Астатнія таксама, пад уплывам яго слоў, падбадзёрыліся і, як быццам, апрытомнелі. І раптам уводдалі зноў раздаўся той-жа голас. Але цяпер ён не спяваў, а крычаў, быццам адкульсьці здалёк, і яго крык ціха пранёсся невыразным рэхам па расселіннах Падзорнай Трубы.

— Дарбі Мак-Гроў! — лямантаваў ён, і ў ляманце яго чуўся плач. — Дарбі Мак-Гроў!

Так ён паўтараў бясконца. Затым голас зрабіўся больш гучным і, выкрыкнуўшы непрыстойную лаянку, завыў:

— Дарбі, падай мне рому!

Разбойнікі прыраслі да зямлі, і вочы іх ледзь не вылезлі на лоб. Голас даўно ўжо сціх, а яны ўсё яшчэ стаялі, як адубелыя, і моўчкі глядзелі наперад.

— Справа ясная, — казаў адзін. — Трэба ўцякаць.

— Гэта былі яго апошнія словы, — прастагнаў Марган. — Апошнія словы перад смерцю.

Дзік дастаў сваю біблію і пачаў старанна маліцца. Перад тым, як выйсці ў мора і зрабіцца бандытам, ён выхоўваўся ў набожнай сям'і.

Адзін Сільвер не здаўся. Я чуў як яго зубы стукалі ад страху, але ён і слухаць не хацеў аб адступленні.

— На гэтым востраве ніхто, апрача нас, нават і не чуў аб Дарбі, — мармытаў ён збянтэжана, — ніхто, апрача нас.

Пасля авалодаў сабой і крыкнуў:

— Паслухайце! Я прышоў сюды, каб выкапаць скарб, і ніхто, ні чалавек, ні чорт, не спыніць мяне. Я не баяўся Флінта, калі ён быў жывы, і, чорт яго вазьмі, не спалохаюся мёртвага. За чэцверць мілі ад нас ляжаць семсот тысяч фунтаў стэрлінгаў. Няўжо хоць адзін джэнтльмен удачы здолен павярнуцца кармою перад такой кучай грошай з-за нейкага сінемордага п'яніцы, ды прытым-жа яшчэ і дохлага.

Але яго словы не вярнулі разбойнікам мужнасці. Наадварот, непачцівыя адносіны да здані толькі ўзмоцнілі іх панічны жах.

— Маўчы, Джон, — сказаў Меры. — Не абражай здань.

Астатніх нагэтулькі скаваў страх, што яны не маглі вымавіць ані слова. У іх нават нехапала смеласці разбегчыся ў розныя бакі. Страх прымусіў іх ціснуцца адзін да аднаго, бліжэй да Сільвера, таму што ён быў храбрэйшым за іх усіх. Яму нарэшце ўдалося ў пэўнай меры пазбыцца страху.

— Па-вашаму, гэта здань? Магчыма, гэта так, — сказаў ён. — Але мяне бянтэжыць адно. Мы ўсе выразна чулі рэха. А скажыце, ці бачыў хто-небудзь, каб у здані быў цень? Калі не можа быць цені, значыць, няма і рэха. Інакш гэта было-б неймавернае глупства.

Такія довады здаваліся мне слабымі. Але вы ніколі не можаце загадзя сказаць, што ўздзейнічае на забабонных людзей.

На маё здзіўленне, Джордж Меры адчуў вялікую палёгку.

— Гэта правільна, — сказаў ён. — Ну і мазгаўня-ж у цябе на плячах, Джон! Усё ў парадку, дарагія сябры! Мы проста ўзялі няправільны курс. Канечна, голас быў быццам як у Флінта. І ўсё-ж ён быў падобны на іншы… Хутчэй за ўсё гэты голас…

— Клянуся чортам, гэта голас Бена Гана! — закрычаў Сільвер.

— Правільна, — усклікнуў Марган, узнімаючыся з зямлі і становячыся на калені, — гэта быў голас Бена Гана!

— А хіба вялікая розніца? — спытаў Дзік. — Бен Ган — нябожчык, і Флінт — нябожчык.

— Пляваць на Бена Гана! — крыкнуў Меры. — Жывы ён ці мёртвы — хіба не ўсёроўна?

Дзіўна было бачыць, як хутка гэтыя людзі апрытомнелі і як хутка іх твары зноў паружавелі. Праз некалькі хвілін яны, як быццам нічога не адбылося, гаманілі адзін з адным і толькі прыслухоўваліся, ці не чуцен дзіўны голас. Але ўсё было ціха. І, узваліўшы на плечы прылады, яны крануліся далей. Наперадзе ішоў Меры, трымаючы ў руцэ компас Джона, каб увесь час быць на адной лініі з Востравам шкілета. Ён сказаў праўду: жывы Бен Ган ці мёртвы, яго не баяўся ніхто.

Адзін толькі Дзік па-ранейшаму трымаў у руках сваю біблію, азіраючыся па баках са спалохам. Але яму ўжо ніхто не спачуваў. Сільвер нават здзекваўся над яго забабонамі.

— Я казаў табе, што ты сапсаваў сваю біблію. Няўжо ты думаеш, што здань спалохаецца бібліі, з якой вырвана старонка? Як-жа! Трымай кішэнь! — І, прыпыніўшыся на хвіліну, ён пстрыкнуў пальцамі перад самым носам Дзіка.

Але Дзіка ўжо нельга было супакоіць словамі. Хутка мне зрабілася ясна, што ён канчаткова хворы. З-за гарачыні, стомленасці і страху яго ліхарадка, якую прадракаў доктар Лівсі, пачала хутка ўзмацняцца.

На вяршыне было мала дрэў, і ісці зрабілася значна лягчэй. Цяпер мы спусціліся ўніз, таму што, як я ўжо казаў, пласкагор'е мела некаторы нахіл да захаду. Сосны — вялікія і маленькія — былі аддзелены адна ад адной шырокай прасторай. І нават сярод зараснікаў мускатнага арэха і азалій сустракаліся паляны, выпаленыя сонечнай спякотай. Ідучы на паўночны-захад, мы набліжаліся да пляча Падзорнай Трубы. Унізе пад намі была відаць шырокая заходняя затока, дзе так нядаўна мяне кідала і кружыла ў чоўне.

Першае высокае дрэва, да якога мы падышлі, пасля праверкі па компасу аказалася непадыходзячым. Тое-ж здарылася і з другім. Трэцяе ўзнімалася над зараснікамі бадай што на дзвесце футаў. Гэта быў волат расліннага свету з чырвоным ствалом і ў некалькі абхватаў таўшчынёй. Пад яго ценню мог-бы маршыраваць цэлы ўзвод. Гэтая сасна, безумоўна, была відаць здалёку, і з усходняга боку мора і з заходняга, і Флінт не выпадкова адзначыў яе ў сябе на карце, як мараходны знак.

Аднак, маіх спадарожнікаў хвалявалі не памеры сасны: яны былі ахоплены пякучым адчуваннем, што пад яе шырокай ценню закапана семсот тысяч фунтаў стэрлінгаў. Пры думцы аб грошах усе іх страхі зніклі. Успыхнулі вочы, крок зрабіўся больш паспешным і цвёрдым.

Яны думалі толькі аб адным — аб багацці, якое чакае іх, аб бяспечным, раскошным, неэканомным жыцці, якое прынясе ім багацце.

Сільвер падскокваючы, кульгаў на сваім кастылі. Ноздры яго раздуваліся. Ён лаяўся, як вар'ят, калі мухі сядалі на яго разгарачаны потны твар. Ён ярасна тузаў

мяне за вяроўку; пазіраючы на мяне са смяротнай нянавісцю. Ён больш ужо не стараўся хаваць свае думкі. Я мог чытаць іх, як у кнізе. Апынуўшыся, нарэшце, за два крокі ад жаданага золата, ён на ўсё забыўся — і на свае абяцанні, і на доктаравы преасцярогі. Ён, вядома, спадзяваўся захапіць скарбы, пасля ўначы знайсці „Іспан'ёлу“, перарэзаць усіх нас і адплыць у акіян.

Узварушаны гэтымі трывожнымі думкамі, я ледзь упраўляўся ісці за піратамі і часта спатыкаўся аб камяні. Тады Сільвер тузаў за вяроўку, крыважэрна пазіраючы на мяне… Дзік плёўся ззаду, мармочучы малітвы і лаянку. Ліхарадка яго ўзмацнялася. Перад маімі вачыма мімаволі паўстала трагедыя, якая калісьці адбывалася ў гэтых месцах. Мне ўяўляўся разбойнік з пасінелым тварам, які памёр у Саванне, гарланячы песню і патрабуючы рому. Тут уласнаручна ён забіў шасцярых. У гэтым ціхім гаю калісьці былі чутны прадсмяротныя крыкі. Мне здавалася, што я і зараз чую стогны і ляманты няшчасных.

Мы вышлі з зараснікаў.

— За мною, сябры! — крыкнуў Меры.

І тыя, што ішлі наперадзе, кінуліся бегчы.

Раптам, не прабегшы і дзесяці ярдаў, яны спыніліся і ўскрыкнулі. Сільвер скакаў на сваёй дзеравяжцы, як шалёны. Праз хвіліну мы абодва таксама спыніліся раптам.

Перад намі была вялікая яма, выкапаная, відаць, даўно, таму што краі яе ўжо абваліліся, а на дне расла трава. У ёй мы ўбачылі ручку рыдлёўкі і некалькі дошчак ад скрынкі. На адной з дошчак напаленым жалезам быў зроблены надпіс: „Морж“ — назва карабля, які належаў Флінту.

Было ясна, што нехта раней нас ужо знайшоў і выкраў скарб — семсот тысяч фунтаў стэрлінгаў зніклі!

Раздзел ХХХІІІ

ПАДЗЕННЕ ПРАВАДЫРА

Здаецца, ад той пары, як стаіць свет, не было такога раптоўнага зруйнавання вялікіх надзей. Усе шасцёра стаялі, як прыбітыя громам. Сільвер першы апрытомнеў. Усёй душой імкнуўся ён да гэтых грошай. І вось у адну хвіліну ўсё разбурылася. Аднак, ён не страціў галавы, авалодаў сабой і паспеў змяніць план сваіх будучых дзеянняў, раней чым іншыя зразумелі, якая бяда іх спаткала.

— Джым, — прашаптаў ён, — вось вазьмі ды будзь напагатове.

І даў мне ў руку двуствольны пісталет.

У той-жа час ён пачаў найспакайнейшым чынам рухацца на поўнач, так што яма апынулася паміж намі абодвума і разбойнікамі. Потым Сільвер паглядзеў на мяне і кіўнуў, нібы гаворачы: „Становішча нялёгкае“, і я быў цалкам згодзен з ім. Цяпер позірк яго зноў зрабіўся ласкавым. Мяне абурыла такая двудушнасць. Я не ўтрымаўся і прашаптаў:

— Дык вы зноў здрадзілі сваім.

Але ён нічога не паспеў мне адказаць. Разбойнікі з крыкам і лаянкай скакалі ў яму і разграбалі яе рукамі, раскідваючы дошкі ў розныя бакі. Марган знайшоў залатую манету. Ён падняў яе, жахліва лаячы ўсіх. Манета была ў дзве гінеі. Некалькі хвілін пераходзіла яна з рук у рукі.

— Дзве гінеі! — закрычаў Меры, падаючы манету Сільверу. — Дык гэта твае семсот тысяч? Ты, здаецца, аматар заключаць умовы? Дык вось што выходзіць з тваіх умоў, драўляная ты галава.

— Капайце, капайце, хлопцы, — сказаў Сільвер з халоднай насмешкай. — А можа выкапаеце два-тры земляныя арэхі, якія з'яўляюцца ўлюблёнай ежай для свіней.

— Два-тры арэхі! — у шаленстве запішчэў Меры. — Таварышы, вы чулі, што ён сказаў? Кажу вам: ён ведаў усё загадзя. Зірніце яму ў твар, там гэта ясна напісана.

— Эх, Меры! — заўважыў Сільвер. — Ты, здаецца, зноў маеш намер пралезці ў капітаны? Ты, бачу я, напорысты хлопец!

На гэты раз усе канчаткова былі на баку Меры. Разбойнікі пачалі вылазіць з ямы, шалёна пазіраючы на нас. Аднак, на наша шчасце, усе яны апынуліся на процілеглым канцы.

Так стаялі мы, двое супроць пецярых, і нас падзяляла яма. Ні адзін з бакоў не адважваўся зрабіць першы ўдар. Сільвер стаяў нерухома. Стрыманы і спакойны, ён назіраў за ворагамі, апіраючыся на свой кастыль. Ён сапраўды быў смелы чалавек.

Нарэшце, Меры рашыў сваёй прамовай выклікаць натхненне ў прыхільнікаў.

— Таварышы, — сказаў ён, — глядзіце-ж, іх усяго толькі двое: адзін стары калека, які прывёў нас сюды на пагібель, другі — шчанё, у якога я даўно ўжо хачу выразаць сэрца. І цяпер…

Ён падняў руку і ўзняў голас, рыхтуючыся весці свой атрад у наступленне. І раптам — паф! паф! паф! — у гушчары грымнулі мушкетныя стрэлы. Меры зваліўся галавою ўніз, проста ў яму. Чалавек з павязкай на ілбу завярцеўся ваўчком і паваліўся побач з ім, туды-ж. Там доўга ён уздрыгваў, але быў ужо мёртвы. Трое астатніх кінуліся ўцякаць.

У тую-ж хвіліну Доўгі Джон стрэліў з абодвух ствалоў свайго пісталета проста ў Меры, які спрабаваў выбрацца з ямы. Паміраючы, Меры глянуў свайму забойцу ў твар.

— Джордж, — сказаў Сільвер, — цяпер мы, я мяркую, расквіталіся.

У зарасніках мускатнага арэха мы ўбачылі доктара, Грэя і Бена Гана. Мушкеты ў іх дыміліся.

— Наперад крыкнуў доктар. — Спяшайцеся, хлопцы. Мы павінны адрэзаць іх ад шлюпак.

І мы паімчаліся наперад. Сільвер выпусціў з рук вяроўку і я мог свабодна бегчы.

Сільвер выбіваўся з сіл, каб не астацца ад нас. Ён так працаваў сваім кастылём, што, здавалася, мускулы ў яго на грудзях вось-вось парвуцца на часткі. Паводле слоў доктара, і здаровы не вытрымаў-бы такой работы. Калі мы дабеглі да спада, ён адстаў ад нас на цэлых трыццаць ярдаў і зусім выбіўся з сіл.

— Доктар, — крычаў ён, — паглядзіце, спяшацца няма чаго!

Сапраўды, спяшацца не было куды. Мы вышлі на адкрытую паляну і ўбачылі, што тры ўцалеўшыя разбойнікі бягуць у бок узгорка Бізань-мачты. Такім чынам мы ўжо знаходзіліся паміж уцякачамі і лодкамі і маглі спакойна перадыхнуць. Доўгі Джон, выціраючы пот з твара, павольна падышоў да нас.

— Дзякую вас ад усяго сэрца, доктар, — сказаў ён. — Вы паспелі якраз своечасова, каб выратаваць нас абодвух… А, дык гэта ты, Бен Ган? — дадаў ён. — Ты, бачу я, малайчына.

— Так, я Бен Ган, — збянтэжана адказаў былы пірат, звіваючыся перад Сільверам, як вугор. — Як вы жывеце містэр Сільвер? — спытаў ён пасля доўгага маўчання. — Здаецца, нядрэнна?

— Бен, Бен, — прамармытаў Сільвер, — падумаць толькі, якую штуку ты зрабіў мне!

Доктар паслаў Грэя па кірку, якую кінулі ўцякаючыя разбойнікі. Пакуль мы не спяшаючыся спушчаліся па спаду да нашых шлюпак, доктар коратка расказаў, што здарылася за апошнія дні. Сільвер прагавіта слухаў кожнае слова. Напоўзвар'яцелы пустыннік Бен Ган быў галоўным героем расказа.

Паводле слоў доктара, у часе сваіх доўгіх адзінотных вандраванняў на востраве, Бен адшукаў і шкілет і скарб. Гэта ён ачысціў кішэні шкілета і выкапаў з зямлі грошы, гэта яго ручку ад рыдлёўкі бачылі мы на дне ямы. На сваіх плячах перанёс ён усё золата з-пад высокай сасны ў пячору двухгаловай гары ў паўночна-ўсходняй частцы вострава. Гэта цяжкая работа, вымагаўшая шматдзённай хадзьбы, была скончана ўсяго толькі за два месяцы да таго, як прыбыла „Іспан'ёла“.

Пра усё гэта доктар даведаўся ў яго пры першым-жа спатканні з ім, у дзень атакі на нашу крэпасць. Наступнай раніцай, убачыўшы, што карабль знік, доктар пайшоў да Сільвера, аддаў яму карту, якая цяпер не мела ўжо ніякага значэння, і перадаў яму крэпасць з усімі прыпасамі, таму што пячора Бена Гана была дастаткова забяспечана салёнай казляцінай, якую Бен Ган нарыхтаваў сваімі рукамі. Дзякуючы гэтаму, мае сябры атрымалі магчымасць, не падпадаючы небяспецы, перабрацца з крэпасці на двухгаловую гару, далей ад малярыйных балот, і там ахоўваць скарб.

— Вядома, я прадбачыў, мілы Джым, — дадаў доктар, — што табе наша перасяленне зробіць дрэнную паслугу і гэта вельмі засмучвала мяне, але, перш за ўсё, я павінен быў падумаць пра тых, хто добра і сумленна выконваў свой абавязак. Ды нарэшце ты сам вінаваты, што цябе не было з намі.

Але ў тую раніцу, калі ён убачыў мяне ў палоне ў піратаў, ён зразумеў, што, даведаўшыся аб знікненні скарба, яны спагоняць сваю злосць на мне. Таму ён пакінуў сквайра ахоўваць капітана, захапіў з сабой Грэя і Бена Гана і накіраваўся наперарэз праз востраў да вялікай сасны. Убачыўшы ў дарозе, што наш атрад яго выперадзіў ён паслаў Бена Гана наперад, таму што ў Бена Гана былі вельмі хуткія ногі. Той рашыў зараз-жа скарыстаць забабоны сваіх былых таварышоў і з такім поспехам нагнаў на іх страх, што Грэй і доктар паспелі схавацца недалёка ад сасны, раней чым прыбылі шукальнікі скарба.

— Як добра, — сказаў Сільвер, — што са мной быў Гоўкінс! Каб яго не было, вы, доктар, не кранулі-б брывёю, калі-б мяне пасеклі на кавалкі.

— А ўжо-ж! — адказаў доктар Лівсі са смехам.

Тым часам мы падышлі да нашых шлюпак. Адну з іх доктар зараз-жа разбіў кіркай, каб яна не дасталася разбойнікам, а ў другой змясціліся мы ўсе і паплылі вакол вострава да Паўночнай бухты.

Нам давялося праплыць не то восем, не то дзевяць міль. Сільвер, не гледзячы на смяротную стомленасць, сеў за вёслы і гроб нараўне з намі. Мы вышлі з пратокі і апынуліся ў адкрытым моры. На моры быў шкіль. Мы абагнулі паўднёва-ўсходні выступ вострава, той самы, які чатыры дні таму назад агібала „Іспан'ёла“.

Праплываючы міма двухгаловай гары, мы ўбачылі цёмны ўваход у пячору Бена Гана і каля яго чалавека, які стаяў, абапёршыся на мушкет. Гэта быў сквайр. Мы памахалі яму хустачкамі і тройчы пракрычалі „ура“, прычым Сільвер крычаў грамчэй за ўсіх.

Прайшоўшы яшчэ тры мілі, мы зайшлі ў Паўночную бухту і ўбачылі „Іспан'ёлу“. Прыліў падняў яе з мелі і яна свабодна плавала на вадзе. Калі-б у той дзень быў вецер, або калі-б у Паўночнай бухце было такое-ж моцнае цячэнне як у Паўднёвай, мы маглі-б страціць яе назаўсёды, У лепшым выпадку мы знайшлі-б толькі адны абломкі. Але, на шчасце, карабль быў цэлы, калі не лічыць парванага грота. Мы кінулі ў ваду запасны якар. Потым на шлюпцы адправіліся ў П'яную бухту — бліжэйшы да скарбніцы Бена Гана пункт. Там мы высадзіліся, а Грэя паслалі на „Іспан'ёлу“, каб ён вартаваў карабль на працягу ночы.

Па адходнаму спаду ўзняліся мы да пячоры. Наверсе сустрэў нас сквайр.

Са мной ён абышоўся вельмі ласкава. Аб маім уцёку не сказаў ні аднаго слова, — не хваліў мяне і не лаяў. Але, калі Сільвер пачціва аддаў яму чэсць, ён пачырванеў ад гневу.

— Джон Сільвер, — сказаў ён, — вы агідны нягоднік і ашуканец. Страшэнны ашуканец, сэр. Мяне ўгаварылі не праследаваць вас, і я абяцаў, што не буду. Але мерцвякі, сэр, вісяць у вас на шыі, як млынавыя жорны…

— Шчыра вам дзякую, сэр, — адказаў Доўгі Джон, зноў аддаючы яму чэсць.

— Не важцеся мне дзякаваць! — крыкаўў сквайр. — Праз вас я парушаю свой абавязак. Адыйдзіце прэч ад мяне.

Мы зайшлі ў пячору. Яна была прасторная і поўная свежага паветра. З-пад зямлі выбівалася крыніца самай чыстай вады і цякла ў невялікую сажалку, якую густа абмяжоўвала папараць. Падлога была пясчаная. Перад палаючым вогнішчам ляжаў капітан Смолет. А ў далёкім куце цмяна ззяла вялізная купа залатых манет і зліткаў. Гэта былі скарбы Флінта, — тыя самыя, дзеля якіх мы перамаглі доўгі і цяжкі шлях, дзеля якіх загінула семнаццаць чалавек з каманды „Іспан'ёлы“. А колькі чалавек загублена, колькі пакут і крыві было з-за гэтых багаццяў. Колькі было затоплена слаўных караблёў, колькі замучана адважных людзей, якая пальба з гармат, колькі сораму, маны і лютасці! На востраве ўсё яшчэ знаходзіліся трое — Сільвер, стары Марган і Бен, якія калісьці прымалі ўдзел ва ўсіх гэтых жудасных злачынствах і цяпер дарэмна спадзяваліся атрымаць сваю долю багаццяў.

— Заходзь, Джым, — сказаў капітан. — Ты па-свайму магчыма, і нядрэнны хлопец, але даю табе слова, што ніколі больш я не вазьму цябе ў плаванне, таму што ты з пароды любімчыкаў: робіш усё на свой лад… А, гэта ты, Джон Сільвер. Што прывяло цябе да нас?

— Вярнуўся да выканання сваіх абавязкаў, сэр, — адказаў Сільвер.

— А! — сказаў капітан.

І не дадаў ні гука.

Як слаўна я павячэраў у той вечар сярод усіх маіх сяброў! Якой смачнай здалася мне салёная казляціна Бена, якую мы запівалі старадаўнім віном, прынесеным з „Іспан'ёлы“! Ніколі яшчэ не было людзей больш вясёлых і шчаслівых. Сільвер сядзеў ззаду ўсіх, далей ад святла, але еў з апетытам, імкліва ўскакваў, калі трэба было што-небудзь падаць і смяяўся ад нашых жартаў разам з намі, — адным словам, зноў зрабіўся тым-жа ласкавым, ветлівым, услужлівым поварам, якім быў у часе нашага плавання.

Раздзел ХХХІV

І АПОШНІ

У наступную раніцу мы рана ўзяліся за работу. Да берага была цэлая міля. Трэба было перанесці туды ўсё наша золата і адтуль у шлюпцы даставіць яго на борт „Іспань'ёлы“ — цяжкая работа для такой нешматлікай купкі людзей. Тры разбойнікі, якія ўсё яшчэ бадзяліся па востраву, мала непакоілі нас. Досыць было паставіць аднаго вартавога на вяршыні ўзгорка, і мы маглі не баяцца раптоўнага нападу. Ды, апрача таго, мы меркавалі, што ў гэтых людзей надоўга пралала ахвота да ваяўнічых сутычак.

Мы працавалі няспынна. Грэй і Бен Ган адвозілі золата ў лодцы на шкуну, а астатнія дастаўлялі яго на бераг. Золата — вельмі цяжкі метал: два залатыя зліткі мы звязвалі разам вяроўкай і клалі адзін аднаму на плячо — больш двух зліткаў адзін чалавек не мог падняць. Паколькі насіць цяжары я не мог, мяне пакінулі ў пячоры, загадалі насыпаць грошы ў мяшкі з-пад сухароў.

Як і ў скрынцы Білі Бонса, тут былі манеты самай рознастайнай чаканкі, але, безумоўна, іх было значна больш. Мне вельмі падабалася сартаваць іх. Англійскія, французскія, іспанскія, партугальскія манеты, гінеі і луідоры, дублоны і падвойныя гінеі, муадоры і цэхіны, манеты з адбіткамі ўсіх еўрапейскіх каралёў за апошнія сто год, дзіўныя ўсходнія манеты, на якіх адбіты не то пучок вяровак, не то жмут павуціння, круглыя манеты, квадратныя, манеты з дзіркай пасярэдзіне, каб іх можна было насіць на шыі, — у гэтай калекцыі былі сабраны грошы з усяго свету. Іх было больш, чым восеньскіх лісцяў. Ад працы з імі ў мяне ныла спіна і балелі пальцы.

Дзень мінаў за днём, а нашай рабоце відаць не было канца. Кожны вечар груды вялізных багаццяў адпраўлялі мы на карабль, але не меншая груда асталася ў пячоры. І за ўвесь гэты час мы ні разу нічога не чулі аб уцалеўшых разбойніках.

Нарэшце, калі не памыляюся, на трэці вечар, — мы з доктарам узнімаліся на ўзгорак, і раптам знізу, з беспрасветнай цемры, вецер прынёс да нас не то нейкі крык, не то песню. Пачуць як след нам нічога не ўдалося.

— Гэта разбойнікі, — сказаў доктар.

— Усе п'яныя, сэр, — пачуў я за спіною голас Сільвера.

Сільвер карыстаўся поўнай свабодай і, не гледзячы на ўсю нашу халоднасць, зноў пачаў трымацца з намі па-прыяцельску, як прывілегіяваны і прыязны слуга. Ён як быццам не заўважаў усеагульнай пагарды да сябе і кожнаму стараўся ўслужыць, каб кожны адчуваў да яго ўдзячнасць. Але ўсе абыходзіліся з ім, як з сабакам. Толькі я і Бен Ган адносіліся да яго крыху лепш, — Бен Ган усё яшчэ крыху пабайваўся ранейшага свайго кватэрмейстра, а я быў яму ўдзячны за сваё выратаванне ад смерці, хоць, канечна, не мог забыць, як ён хацеў здрадзіць мне зноў. Доктар груба адклікнуўся на Сільвераву заўвагу:

— А можа яны хворыя і трызняць.

— Правільна, сэр, — сказаў Сільвер, — але для нас з вамі гэта зусім аднолькава.

— Я мяркую, наўрад ці прэтэндуеце вы на тое, містэр Сільвер, каб я лічыў вас сардэчным, пачцівым чалавекам, — заўважыў насмешліва доктар, — і я ведаю, што мае пачуцці будуць здавацца вам крыху дзіўнымі. Але, калі-б я быў сапраўды ўпэўнены, што яны хворыя і трызняць, я, нават рызыкуючы сваім жыццём, пайшоў-бы да іх, каб даць ім урачэбную дапамогу.

— Прашу прабачэння, сэр, вы зрабілі-б вялікую памылку, — запярэчыў Сільвер. — Страцілі-б сваё каштоўнае жыццё, толькі і ўсяго. Я цяпер на вашым баку і душою і целам і не хацеў-бы, каб наш атрад страціў такога чалавека, як вы. Я вельмі многім вам абавязан. А гэтыя людзі нізавошта не маглі-б стрымаць сваё слова гонару. Мала таго, яны ніколі не паверылі-б і вашаму слову.

— Затое вы добра ўмееце трымаць сваё слова, — сказаў доктар. — У гэтым можна было пераканацца нядаўна.

Больш аб трох піратах мы бадай што нічога не ведалі. Толькі аднойчы мы пачулі воддальны ружэйны стрэл; мы рашылі, што яны заняліся паляваннем. У нас адбылася нарада, і было вырашана не браць іх з сабой, а пакінуць на востраве. Бена Гана вельмі ўзрадавала такое рашэнне.

Грэй таксама адобрыў гэта. Мы пакінулі ім вялікі запас пораху і куль, груду салёнай казляціны, крыху лякарстваў ды іншых неабходных рэчаў, інструменты, вопратку, запасны парус і, па асобаму жаданню доктара, вялікую порцыю табакі.

Нам больш не было чаго рабіць на востраве. Карабль быў ужо нагружаны і золатам і прэснай вадой, і, на ўсякі выпадак, рэшткамі салёнай казляціны. Нарэшце, мы ўзнялі якар і вышлі з Паўночнай бухты. Над намі развяваўся той самы сцяг, пад якім мы змагаліся, абараняючы нашу крэпасць ад піратаў.

Тут выявілася, што разбойнікі сачылі за намі больш уважліва, чым мы думалі раней, бо, калі мы плылі ў пратоцы і наблізіліся да паўднёвага канца вострава, мы ўбачылі іх трох: яны стаялі на каленях на пясчанай касе і з мальбой прасціралі да нас рукі. Нам было цяжка пакідаць іх на незаселеным востраве, але другога выйсця ў нас не было. Хто ведае, ці не ўзнімуць яны новы мяцеж, калі мы возьмем іх на карабль! Ды было-б жорстка везці на радзіму людзей, якіх там чакае шыбеніца. Доктар паклікаў іх і паведаміў, што мы пакінулі для іх ежу і порах, і пачаў падрабязна тлумачыць, як гэтыя прыпасы знайсці. Але яны называлі нас усіх па імёнах, малілі зжаліцца над імі і не даць ім памерці ў адзіноце.

Нарэшце, убачыўшы, што карабль адыходзіць, адзін з іх — не ведаю які — з дзікім крыкам ускочыў на ногі, схапіў свой мушкет і стрэліў. Куля прасвісцела над галавой Сільвера і прадзіравіла грот.

Мы пачалі больш сцерагчыся і схаваліся за больверкам. Калі я рашыў глянуць з-за прыкрыцця, піратаў ужо не было на касе, ды і сама каса бадай што знікла. А неўзабаве перад поўднем, на маю невымоўную радасць, знік за гарызонтам і ўвесь Востраў скарбаў.

Нас было так мала, што даводзілася працаваць звыш сілы. Капітан аддаваў загады, лежачы на карме на матрацы. Ён папраўляўся, але яму ўсё яшчэ быў патрэбен спакой. Мы трымалі курс на бліжэйшы порт Іспанскай Амерыкі, каб наняць новых матросаў: без іх мы не адважваліся плыць дамоў. Вецер часта мяняўся і збіваў наш карабль са шляху; апрача таго, два разы перанеслі мы вялікія штормы і зусім змучыліся, пакуль дабраліся да Амерыкі.

Сонца ўжо садзілася, калі мы, нарэшце, кінулі якар у маляўнічай закрытай гавані. Нас акружылі лодкі з неграмі, мулатамі і мексіканскімі індзейцамі, якія прадавалі нам фрукты і гародніну і былі гатовы памінутна ныраць за кінутымі ў ваду манетамі. Добрадушныя твары (пераважна чорныя), смачныя трапічныя фрукты і, галоўнае, агеньчыкі, якія ўспыхнулі ў горадзе, — усё гэта было так захапляюча, так непадобна да панурага акрываўленага Вострава скарбаў! Доктар і сквайр рашылі правесці вечар у горадзе. Яны захапілі з сабой і мяне. На беразе мы сустрэліся з капітанам англійскага ваеннага карабля і паехалі да яго на карабль. Там мы вельмі прыемна правялі час, і ўжо пачыналіся досвіткі, калі мы вярнуліся на „Іспан'ёлу“.

На палубе быў толькі адзін чалавек — Бен Ган, і, ледзь мы ўзышлі на карабль, ён пачаў каяцца і абвінавачваць сябе ў жахлівым праступку, робячы самыя дзікія жэсты. Аказалася, што Сільвер уцёк. Бен прызнаўся, што сам дапамог яму сесці ў лодку, таму што быў пераконаны, што нам усім пагражала небяспека, „пакуль на борце астаецца гэты аднаногі чорт“. Але карабельны повар уцёк не з пустымі рукамі. Ён непрыкметна праламаў перагародку і ўкраў мяшочак з грашыма — трыста або чатырыста гіней, якія, несумненна, спатрэбяцца яму ў яго далейшых вандраваннях. Мы ўсе былі задаволены, што так удала пазбыліся яго.

Не жадаючы быць шматслоўным, скажу толькі, што, узяўшы да сябе на карабль некалькі новых матросаў, мы шчасліва прыбылі ў Брыстоль.

„Іспан'ёла“ вярнулася якраз да таго часу, калі містэр Блэндлі пачаў ужо падумваць, ці не паслаць на дапамогу другі карабль. З усёй яе каманды толькі пяцёра вярнуліся дамоў. „Пі, а рэшта даканае чортава рука“ — вось прароцтва, якое цалкам спраўдзілася ў адносінах да ўсёй рэшты. Аднак, „Іспан'ёла“ усё-ж аказалася шчаслівей за той карабль, аб якім спявалі піраты:

Усе семдзесят пяць не вярнуліся з мора —

Усіх паглынула марская прастора.

Кожны з нас атрымаў сваю долю скарбаў. Адны скарысталі багацці разумна, а іншыя, наадварот, неразумна, у адпаведнасці са сваім тэмпераментам. Капітан Смолет пакінуў марскую службу. Грэй заняўся старанным вывучэннем марской справы. Цяпер ён штурман саўладальнік аднаго дасканалага і добра абсталяванага карабля. Што датычыцца Бена Гана, ён атрымаў сваю тысячу фунтаў і патраціў іх усе за тры тыдні, або больш дакладна, за дзевятнаццаць дзён, таму што на дваццаты з'явіўся да нас жабраком. Сквайр зрабіў з Бенам якраз тое, чаго Бен так баяўся: даў яму пасаду вартаўніка ў парку, ён жыве яшчэ і зараз, сварыцца і дружыць з вясковымі блазнюкамі, а ў нядзелі і святочныя дні дасканала спявае ў царкоўным хоры.

Аб Сільверы мы больш нічога не чулі. Агідлівы аднаногі марак назаўсёды адышоў з майго жыцця. Відаць, ён адшукаў тую чорнаскурую жанчыну і жыве сабе дзе-небудзь з ёю і з Капітанам Флінтам. Астатняя частка скарба — серабро ў злітках і зброя — усё яшчэ ляжыць там, дзе яе закапаў нябожчык Флінт. І, па-мойму, хай сабе ляжыць. Цяпер мяне ні чым не завабіш на гэты пракляты востраў. Дагэтуль мне начамі сняцца буруны, якія разбіваюцца аб яго берагі і я ўскакваю з пасцелі, пачуўшы сіплы голас Капітана Флінта, які крычыць:

— Піястры! Піястры! Піястры!



  1. Крона — англійская срэбная манета, якая каштуе два рублі.