Востраў скарбаў (1938)/5
← Частка чацвертая. Частакол | Частка пятая. Мае прыгоды на моры Раман Аўтар: Роберт Льюіс Стывенсан 1938 год Арыгінальная назва: Treasure Island (1883) |
Частка шостая. Капітан Сільвер → |
ЧАСТКА ПЯТАЯ
МАЕ ПРЫГОДЫ НА МОРЫ
Раздзел XXII
ЯК ПАЧАЛІСЯ МАЕ ПРЫГОДЫ НА МОРЫ
Разбойнікі не вярталіся. Ні адзін з іх нават не стрэліў з лесу. „Яны атрымалі свой паёк на сёння“, сказаў пра іх капітан. Мы маглі спакойна перавязваць раненых і рыхтаваць абед. Гатавалі на гэты раз сквайр і я. Не гледзячы на небяспеку, мы палічылі за лепшае гатаваць на дварэ, каб не чуць як жахліва стогнуць нашы раненыя.
З васьмі чалавек, якія атрымалі раненні ў баі, асталіся жывымі толькі трое: пірат, падстрэлены каля байніцы, Гэнтэр і капітан Смолет. Становішча двух першых было безнадзейнае. Пірат хутка памёр; Гэнтэр, не гледзячы на ўсе нашы намаганні, так і не ачуняў. Ён пражыў увесь дзень, цяжка дыхаючы, як дыхаў у часе ўдара той стары пірат, што жыў у нас у карчме. Але робры ў яго былі паламаны, чэрап разбіты, і ў наступную ноч ён без стогну, не ачуняўшы, памёр.
Капітанавы раны былі пакутны, але не так ужо небяспечны. Ні адзін орган не быў смяротна пашкоджаны. Куля Эндэрсона — першым стрэліў у капітана Джоб — прабіла яму лапатку і ледзь-ледзь закранула лёгкае. Другая куля кранула ікры і пашкодзіла некаторыя звязкі.
Доктар запэўняў, што капітан абавязкова паправіцца, але на працягу некалькіх тыдняў яму нельга хадзіць, нельга варушыць рукой і нельга многа размаўляць.
Выпадковы парэз у мяне на пальцы аказаўся дробяззю. Доктар Лівсі заляпіў драпіну пластырам і ласкава патрапаў мяне за вушы.
Пасля абеда сквайр і доктар уселіся каля капітана і пачалі раіцца. Нарада скончылася хутка пасля поўдня. Доктар узяў капялюш і пісталеты, засунуў за пояс корцік, палажыў у кішэню карту, павесіў сабе на плячо мушкет і, перабраўшыся праз частакол з паўночнага боку, хутка знік у гушчары.
Мы з Грэем сядзелі ў далейшым куце зруба, каб не чуць аб чым гутараць нашы старэйшыя. Грэй быў так узрушаны дзіўным паступкам доктара, што выняў з рота люльку і забыў зноў пакласці яе ў рот.
— Што за чартаўшчына! — сказаў ён. — Ужо ці не звар'яцеў толькі доктар Лівсі?
— Не думаю, — адказаў я. — З нас усіх ён звар'яцее апошнім.
— Бадай, што і так, — сказаў Грэй. — Але калі ён пры поўным розуме, значыць, гэта я вар'ят.
— Проста ў доктара ёсць нейкі план, — растлумачыў я. — Па-мойму, ён пайшоў пабачыцца з Бенам Ганам.
Як пасля аказалася, я не памыліўся.
Між тым спякота ў зрубе рабілася нязноснай. Паўднёвае сонца напаліла пясок на дварэ, і ў маёй галаве заварушылася дзікая думка. Я пачаў зайздросціць доктару, які ішоў у прахалодным лесе, удыхаў смалісты пах соснаў, у той час як я смажуся ў гэтым праклятым пекле, дзе адзежа наскрозь прамокла ад поту, дзе ўсё было выпэцкана чалавечай крывёю, дзе вакол валяліся мерцвякі.
Агіда, якую выклікала ў мяне наша крэпасць, была бадай што такой-жа вялікай, як і страх.
Я мыў падлогу, я мыў пасуду, і з кожнай хвілінай агіда да гэтага месца і зайздрасць да доктара ўсё павялічвалася. Нарэшце, я выпадкова апынуўся каля мяшка з сухарамі. Мяне ніхто не бачыў. І я пачаў рыхтавацца да ўцёку: набіў сухарамі абедзве кішэні свайго камзолу.
Вы можаце назваць мяне дурнем. Я паступаў неразважна, я ішоў на страшэнную рызыку, аднак, я прыняў меры перасцярогі, якія залежалі ад мяне. Гэтыя сухары не дадуць мне памерці з голаду прынамсі два дні.
Затым я захапіў два пісталеты. Кулі і порах былі ў мяне даўно, і я адчуў сябе дасканала ўзброеным.
План мой, па сутнасці, быў сам па сабе не такі ўжо кепскі. Я хацеў выйсці на пясчаную касу, што аддзяляла з усходу нашу бухту ад мора, адшукаць белую скалу, якую я заўважыў учора ўвечары, і паглядзець, ці не пад ёй Бен Ган хавае сваю лодку. Справа гэта была, па-мойму, вартая. Але я ведаў напэўна, што мяне ні за-вошта не адпусцяць і парашыў уцячы. Зразумела, паступаць так не трэба было, але не забудзьце, што я быў блазнюком і яшчэ не ўмеў авалодаць маім жаданнем.
Хутка для ўцёку настаў добры выпадак. Сквайр і Грэй рабілі перавязку капітану. Шлях быў свабодны. Я пералез праз частакол, знік у гушчары. Раней чым мая адсутнасць выявілася, я адышоў ужо так далёка, што не мог пачуць ніякіх крыкаў.
Гэта другая мая вар'яцкая выхадка была яшчэ горш першай, таму што ў крэпасці засталося толькі двое здаровых людзей. Аднак, як і першая, яна дапамагла нам выратавацца.
Я накіраваўся проста да ўсходняга берага вострава, таму што не хацеў ісці па адкрытым з мора баку касы, каб мяне не заўважылі са шкуны. Дзень ужо набліжаўся да вечара, хоць сонца стаяла яшчэ высока. Ідучы праз лес, я чуў наперадзе не толькі няспынны грукат прыбоя, але таксама шум галін і шапаценне лісцяў. Гэта значыла, што сёння марскі брыз мацнейшы, чым звычайна. Хутка павеяла прахладай. Яшчэ некалькі крокаў, і я быў на ўскрайку лесу. Перада мной да самага кругавіду распасціралася асветленае сонцам мора, а каля берага кіпеў і пеніўся прыбой.
Я ні разу не бачыў, каб мора каля Вострава скарбаў было спакойнае. Нават у ясныя дні, калі сонца ззяе асляпляльна і паветра не варушыцца, вялізвыя валы з грукатам коцяцца на гэты бераг. На востраве наўрад ці існуе такое месца, дзе можна было-бы схавацца ад шуму прыбоя.
Я ішоў па беразе, адчуваючы асалоду прагулкі, Нарэшце, мяркуючы, што я ўжо досыць далёка зайшоў на поўдзень, я асцярожна папоўз пад прыкрыццё густых кустоў уверх на хрыбет касы.
Ззаду мяне было мора, спераду — бухта. Марскі вецер, быццам стомлены сваёй уласнай ярасцю, заціхаў. Яго змянілі лёгкія паветраныя плыні з поўдня і паўднёвага ўсходу, якія неслі з сабой густы туман. У пратоцы, прыкрытай Востравам шкілета, была такая-ж нерухомая свінцова-цмяная вада, як у той дзень, калі мы ўпершыню яе ўбачылі. „Іспан'ёла“ ўся, ад верхавінкі мачты да ватэрліні, са звісаўшым чорным сцягам, адбівалася, як у люстры.
Каля карабля я ўбачыў шлюпку. На карме сядзеў Сільвер. Яго я пазнаў-бы на абы-якой адлегласці. Ён размаўляў з двума піратамі, перагнуўшыміся да яго праз борт карабля. У аднаго з іх на галаве быў чырвоны каўпак. Гэта быў той самы нягоднік, які нядаўна пералазіў праз частакол. Яны гаманілі і смяяліся, але мяне аддзяляла ад іх цэлая міля, і, зразумела, я не мог пачуць ні слова. Пасля да мяне даляцеў страшэнны, нечалавечы крык. Спачатку я спалохаўся, але затым пазнаў голас Капітана Флінта, папугая. Мне нават здавалася, што я разгледзеў стракатую птушку на плячы ў Сільвера.
Шлюпка адплыла і панеслася да берага, а чалавек у чырвоным каўпаку разам са сваім таварышом апусціўся ў каюту.
Сонца схавалася за Падзорнай Трубой, туман згусціўся, хутка цямнела. Я зразумеў, што нельга траціць ні хвіліны, калі я хачу знайсці лодку сёння.
Белая скала была добра відаць скрозь зараснікі, але знаходзілася яна досыць далёка, і я патраціў нямала часу, каб да яе дабрацца. Я поўз у кустах. Была ўжо бадай што ноч, калі я дакрануўся рукамі да яе шурпатых бакоў. Каля яе знаходзілася невялікая лагчына, пакрытая зялёным імхом. Гэтая лагчына была схавана ад узроку пясчанымі дзюнамі і маларослым хмызняком, ледзь дасягаўшым мне да кален. Пасяродку яе я ўбачыў шацёр з казліных скур. У Англіі такія шатры возяць з сабой цыганы.
Я спусціўся ў лагчыну, прыпадняў край шатра і знайшоў там лодку Бена Гана. З усіх самадзельных лодак гэта была, так сказаць, найбольш самадзельная. Бен збіў з моцнага дрэва крывабокую раму, абшыў яе казлінымі скурамі шэрсцю ў сярэдзіну — вось і ўся лодка. Не ведаю, як вытрымлівала яна дарослага чалавека: нават я ледзь змяшчаўся ў ёй. Унутры я знайшоў вельмі нізкую лавачку, падпорку для ног і вясло з двума лопасцямі.
Ніколі раней я не бачыў пляцёных рыбацкіх чоўнаў, на якіх плавалі старажытнія брытанцы. Але пазней мне давялося пазнаёміцца з імі. Каб вы ясней уявілі сабе лодку Бена Гана, скажу, што яна была падобна на самае першае і найбольш няўдалае з гэтых першабытных чоўнаў. І ўсё-ж яна мела галоўныя якасці старажытнага чоўна: была лёгкая, і яе свабодна можна было пераносіць з месца на месца.
Цяпер мне трэба было вярнуцца ў блокгауз. Але тым часам у маёй галаве з'явіўся новы план, і я быў так упарта захоплен ім, што ніякаму капітану Смолету не ўдалося-б прымусіць мяне адмовіцца ад яго. Я надумаў, карыстаючыся начной цемрай, падплыць да „Іспан'ёлы“ і перарэзаць якарны канат. Няхай цячэнне выкіне яе на бераг, дзе- небудзь. Я быў пераконаны, што разбойнікі, атрымаўшыя такі адпор сёння раніцой, рыхтуюцца ўзняць якар і выйсці ў мора. Гэтаму трэба перашкодзіць, пакуль не позна. На караблі ў распараджэнні вахценных не асталося ні адной шлюпкі, і, такім чынам, гэтую выдумку можна выканаць без асаблівай рызыкі.
Чакаючы, калі зусім сцямнее, я сеў на пясок, і пачаў грызці сухары. Цяжка ўявіць сабе ноч, больш удалую для задуманага мною мерапрыемства. Усё неба зацягнула густым туманам. Калі згаслі апошнія дзённыя праменні, абсалютная цемра ахутала Востраў скарбаў. І калі, нарэшце, я, ускінуўшы на плечы човен, вышаў з лагчыны і, спатыкаючыся, пайшоў да вады, сярод поўнай цемры свяцілася толькі два агеньчыкі: у першым агеньчыку я пазнаў вялікае вогнішча на беразе, на балоце, каля якога п'янствавалі піраты; другі агеньчык быў, па сутнасці, заслонены ад мяне: гэта свяцілася кармавое акно карабля, паверненага да мяне носам. Я бачыў толькі светавую пляму асветленага ім туману.
Адліў пачаўся ўжо, ствараючы паміж вадою і берагам шырокі пояс мокрага пяску. Шмат разоў я да костачкі загрузнуў у рэдкую гразь, раней чым дагнаў адступаючую ваду. Прайшоўшы некалькі крокаў уброд, я спрытна і моцна спусціў човен на паверхню вады, кілем уніз.
Раздзел XXIII
ВА ЎЛАДЗЕ АДЛІВА
Човен, як я меркаваў, аказаўся цалкам адпаведным для чалавека майго росту і вагі. Быў ён лёгкі і рухавы, але разам з тым нагэтулькі крывабокі і вяртлявы, што кіраваць ім не было магчымасці. Рабі з ім што хочаш, са скуры вылазь, а ён усё круціцца ды круціцца. Сам Бен Ган пасля прызнаўся, што плаваць на гэтым чоўне можа толькі той, хто „прызвычаіўся да яго нораву“.
Зразумела, я яшчэ не паспеў прызвычаіцца да нораву чаўна. Ён ахвотна плыў у любым напрамку, апрача таго, які быў мне патрэбны. Часцей за ўсё ён паварочваў да берага, і, калі-б не было адліва, я ніяк не дабраўся-б да карабля. На маё шчасце, адліў падхапіў мяне і панёс. Ён нёс мяне проста да „Іспан'ёлы“.
Спачатку я заўважыў пляму, якая была яшчэ больш чорнай, чым акаляючая цемра. Пасля распазнаў абрысы корпуса і мачтаў. І праз хвіліну (таму што, чым далей я заплываў, тым хутчэй гнаў мяне адліў) я апынуўся каля якарнага каната і ўхапіўся за яго.
Якарны канат быў нацягнут, як цеціва, — з такой сілай карабль імкнуўся сарвацца з якара. Пад яго днішчам адліў бушаваў і шумеў як горны струмень. Адзін удар майго нажа — і „Іспан'ёла“ паімчыцца туды, куды яе пацягне цячэнне.
Аднак, я своечасова дагадаўся, што туга нацягнены канат, калі яго перарэзаць адразу, ударыць мяне з сілай конскага капыта. Човен мой перакуліцца, і я пайду на дно.
Я спыніўся і чакаў. Калі-б не зручны выпадак, я, відаць, адмовіўся-б, нарэшце, ад свайго намеру. Лёгкі ветрык, спачатку паўднёва-ўсходні, пасля паўднёвы, калі настала ноч мала-па-малу ператвараўся ў паўднёва-заходні. Пакуль я марудзіў, наляцеўшы раптам шквал пасунуў „Іспан'ёлу“ супроць цячэння. Канат аслаб, і мая рука, якой я трымаўся за яго, на хвіліну апынулася ў вадзе.
Зразумеўшы, што нельга траціць ні хвіліны, я выхапіў свой складны нож, адкрыў яго зубамі і адно па аднаму пачаў пераразаць канатавыя валокны. Калі асталося перарэзаць усяго два валокны, канат нацягнуўся зноў, і я чакаў наступнага парыву ветру.
З каюты даўно ўжо даносіліся гучныя галасы. Але, сказаць праўду, я так быў захоплен сваёй справай, што не звяртаў на іх ніякай увагі. Цяпер, так сабе, я пачаў прыслухоўвацца.
Я пазнаў голас другога боцмана, Ізраэля Гэндса, таго самага, які некалі быў у Флінта кананірам. Другі голас належаў, несумненна, майму другу ў чырвоным каўпачку. Абодва, мяркуючы па галасах, былі ўдрызг п'яныя і ўсё яшчэ пілі. Адзін з іх з п'яным крыкам адчыніў кармавое акно і нешта шпурнуў у ваду, напэўна пустую бутэльку. Дык яны не толькі пілі, але шалёна сварыліся. Лаянка сыпалася градам, і часам мне здавалася, што справа даходзіць да бойкі. Аднак, кожны раз галасы сціхалі, і сварка спынялася. Пасля яна ўзнікала зноў, каб праз некалькі хвілін зноў спыніцца.
На беразе, між стваламі дрэў, бачыў я агонь вогнішча. Там хтосьці спяваў нудную, старасвецкую, аднастайную матроскую песню з завываючай трэллю ў канцы кожнага радка. За час нашага плавання я шмат разоў чуў гэту песню. Яна была нагэтулькі доўгай, што ні адзін спявака не мог праспяваць яе ўсю, і цягнуў да таго часу, пакуль у яго хапала цярплівасці. Я запомніў з яе ўсяго некалькі слоў:
Усе семдзесят пяць не вярнуліся з мора —
Усіх паглынула марская прастора.
Я падумаў, што гэта сумная песня, відаць, цалкам адпавядае смутку, ахапіўшаму піратаў, якія страцілі сёння раніцой столькі таварышоў. Аднак, неўзабаве я пераканаўся сваімі вачыма, што ў сапраўднасці гэтыя марскія бандыты бяздушны, быццам мора, па якому яны плаваюць.
Нарэшце, зноў наляцеў парыў ветру. Шкуна зноў пасунулася да мяне ў цемры. Я адчуў, што канат зноў аслаб, і адным моцным ударам перарэзаў апошнія валокны.
На мой човен вецер не аказваў ніякага ўплыву, і я раптам апынуўся каля самага барта „Іспан'ёлы“. Шкуна павольна паварочвалася вакол уласнай асі, аднасімая цячэннем.
Я гроб што ёсць сілы, кожную хвіліну чакаючы, што мяне перакуліць. Але шкуна цягнула мой човен за сабой, я ніяк не мог растацца з ёй і толькі павольна перасоўваўся ад носа да кармы. Такі, нарэшце, яна пачала аддаляцца, і я ўжо спадзяваўся пазбавіцца ад небяспечнага суседства. Аднак, тут у рукі мне папаўся канец вісеўшага на карме каната. Я зараз-жа ўхапіўся за яго.
Навошта я зрабіў гэта — не ведаю. Відаць, несвядома. Але, калі канат апынуўся ў маіх руках і я пераканаўся, што ён прывязаны моцна, мяне ахапіла цікавасць, і я рашыў зазірнуць у акно каюты.
Перабіраючы рукамі, я, пры дапамозе каната, падцягнуў маю лодку да кармы. Мне гэта пагражала страшэннай небяспекай: човен мог перакуліцца кожную хвіліну. Прыўзняўшыся, я ўбачыў частку каюты і столь.
Тым часам шкуна і яе спадарожнік, човен, хутка плылі па цячэнню. Мы ўжо зраўняліся з вогнішчам на беразе. Карабль гучна „загаварыў“, як кажуць маракі, гэта азначае пачаў з шумам рассякаць хвалі, і, пакуль я не зазірнуў у акно, я не мог зразумець, чаму пакінутыя для аховы разбойнікі не ўзнімаюць трывогі. Але аднаго позірку ў каюту было досыць, каб зразумець усё. А я, стоячы ў сваім зыбкім чаўне, мог сапраўды кінуць у каюту толькі адзін позірк. Гэндс і яго таварыш, ухапіўшы адзін аднаго за горла, біліся не на жыццё, а на смерць.
Я апусціўся на лаўку. Яшчэ хвіліна, і човен перакуліўся-б. Перада мной усё яшчэ мільгалі лютыя, налітыя крывёю твары піратаў, асветленыя цмяным святлом капціўшай лямпы. Я заплюшчыў вочы, каб даць ім зноў прызвычаіцца да цемры…
Бясконцая балада, нарэшце, спынілася, і піруючыя каля вогнішча заспявалі знаёмую мне песню:
Пятнаццаць чалавек на скрынцы мерцвяка. |
Раздумваючы аб тым, што зараз вырабляюць ром і чорт у каюце „Іспан'ёлы“, я са здзіўленнем адчуў раптоўны штуршок. Мая лодка рэзка нахілілася і крута змяніла курс. Хуткасць цячэння дзіўна павялічылася.
Я расплюшчыў вочы. Вакол мяне шумелі, пеніліся грэбнямі, сыпалі іскрамі лёгкага фасфарытнага святла дробныя хвалі. „Іспан'ёла“ таксама, здавалася, змяніла свой курс. Я ледзь бачыў яе мачты ў цёмным небе. Так, чым больш я ўглядаўся, тым мацней я пераконваўся, што яе цяпер адносіць на поўдзень.
Я азірнуўся, і сэрца ў мяне трывожна забілася: вогнішча гарэла цяпер якраз у мяне за спіной. Значыць, цячэнне крута павярнула ўправа, пацягнуўшы за сабой і грузную шкуну і мой лёгкі, падскокваючы човен. Бурны струмень цягнуў нас праз вузкую пратоку ў адкрытае мора.
Раптам шкуна зрабіла яшчэ адзін паварот, на дваццаць градусаў не менш, і ў тую-ж хвіліну я пачуў спачатку адзін крык, пасля другі. Раздаўся тупат ног па трапу, і я зразумеў, што п'яныя перасталі біцца. Бяда працвярозіла абодвух.
Я лёг на дно маёй мізэрнай лодкі і аддаўся на волю лёсу. Вышаўшы з пратокі, мы пападзем у раз'юшаныя буруны, якія хутка вызваляць мяне ад усіх клопатаў. Смерці я не баяўся, але было пакутна ляжаць бяздзейна і чакаць, каб яна прышла.
Так праляжаў я некалькі гадзін. Хвалі шпурлялі і апырсквалі мяне. Кожная новая хваля пагражала мне пэўнай смерцю. Але мала-па-малу мной авалодала стомленасць. Не гледзячы на ўвесь жах майго становішча, я адубеў і ўпаў у забыццё. Калі я заснуў, мне прысніліся родныя мясціны і стары „Адмірал Бенбоў“.
Раздзел XXIV
У ЧОЎНЕ
Калі я прачнуўся, было ўжо зусім светла. Я ўбачыў, што мяне адносіць удоўж паўднёва-заходняга берага Вострава скарбаў. Сонца ўзышло ўжо, але яго засланяла аграмадзіна Падзорнай Трубы, якая зніжалася да мора непрыступнымі скаламі.
Буксірная Галава і ўзгорак Бізань-мачта знаходзіліся ў мяне пад бокам. Узгорак быў голы і цёмны, а Галаву акружалі кручы сорак-пяцьдзесят футаў у вышыню і груды перакуленых скал. Ад мяне да вострава было не больш чвэрці мілі. Я рашыў узяць вясло і грабці да берага.
Аднак, я хутка прымушаны быў адмовіцца ад гэтага намеру. Паміж перакуленых скал шалелі і раўлі буруны. Вялізныя хвалі ўзнімаліся ўверх адна за другой з грукатам, у пырсках і пене. Я ўбачыў, што наблізіўшыся да берага, я або загіну ў гэтых хвалях, або дарма затрачу сілы, спрабуючы, ўзлезці на недаступныя кручы.
Але не толькі гэта палохала мяне. Па плоскіх, як сталы, скалах паўзлі нейкія вялікія, слізкія страшыдлы, нейкія слімакі неймаверных памераў. Зрэдку скакалі яны ў ваду і ныралі. Іх было некалькі тузінаў. Яны брахалі, і аглушальнае рэха кручаў уторыла іх дзікай брахні.
Пазней я даведаўся, што гэта былі марскія львы, зусім бяскрыўдныя жывёліны цюленеватай пароды. Але, выгляд у іх быў страшэнны, бераг быў недаступны, прыбой з раз'юшанай моцай разбіваўся аб скалы, і ў мяне прапала ўсякая ахвота плыць да вострава. Ужо лепш памерці з голаду ў адкрытым моры, чым сустрэцца тварам у твар з такімі небяспекамі.
Тым часам для мяне з'явілася другая магчымасць ратавацца. На поўнач ад Буксірнай Галавы я ўбачыў аголеную ў часе адліва доўгую, жоўтую пясчаную мель. А яшчэ паўночней я ўбачыў другі мыс — той самы, які на нашай карце быў адзначаны пад назвай Лясістага мыса. Ён увесь зарос вялізнымі зялёнымі соснамі, якія спускаліся да самай вады.
Я ўспомніў Сільверавы словы, што ўдоўж усяго заходняга берага Вострава скарбаў ёсць цячэнне, якое накіроўваецца на поўнач. Я зразумеў, што яно падхапіла ўжо мяне і рашыў, мінуўшы Буксірную Галаву, не траціць дарэмна сіл і паспрабаваць прычаліць да Лясістага мыса, які здаваўся мне больш гасцінным.
На моры была мёртвая зыб. З поўдня дзьмуў упарты ласкавы вецер і нёс мяне па цячэнню. Хвалі роўнамерна ўзнімаліся і спушчаліся.
Калі-б вецер быў парыўны, я даўно затануў-бы. Але пры роўным ветры можна было толькі здзіўляцца, на колькі спрытны мой маленькі, лёгкі човен. Лежачы на дне і пазіраючы па баках, я не раз бачыў блакітную вяршыну вялізнай хвалі ў сябе над галавой. Вось яна абваліцца на мяне… Але мой човен, падскочыўшы, як на спружынах, лёгка прытанцоўваючы ўзнімаўся на грабень і плаўна спускаўся быццам птушка.
Мала-па-малу я нагэтулькі пасмялеў, што нават паспрабаваў веславаць. Але найменшае парушэнне роўнавагі зараз-жа выяўлялася на паводзінах майго чоўна. Ледзь толькі я паварушыўся, як ён змяніў сваю плаўную хаду, імкліва зляцеў з грэбня ў вадзяную яму, так што ў мяне закружылася галава, і, узняўшы сноп пырскаў, зарыўся носам у бок наступнай хвалі.
Перапалоханы, мокры, я зноў лёг на дно. Човен, здавалася, адразу апамятаўся і паранейшаму з асцярожнасцю панёс мяне далей між хваль. Мне было ясна, што веславаць нельга. Але якім-жа чынам дабрацца да берага?
Я струсіў, але не збянтэжыўся. Перш за ўсё пачаў асцярожна вычэрпваць сваёй матроскай шапкай ваду, пасля, назіраючы за ходам чоўна, я пастараўся зразумець, чаму ён так лёгка коўзаецца па хвалях. Я заўважыў, што кожная хваля, якая здавалася з берага ці з борта карабля велізарнай роўнай і гладкай гарой, у сапраўднасці больш падобна на цэлы рад няроўных узгоркаў з востраканечнымі вяршынамі, са схіламі і далінамі. Човен, пакінуты сам сабе, зручна выкручваўся, усякі раз выбіраў даліну, ухіляючыся ад стромкіх спадаў і высокіх вяршынь.
„Вельмі добра, — рашыў я, — галоўнае — ляжаць спакойна і не парушаць роўнавагі. Але пры выпадку можна зрэдку паграбсці вяслом да берага“.
Так я і зрабіў. Лежачы на локцях у самай невыгоднай позе, я час ад часу ўзмахваў вяслом і накіроўваў човен да вострава.
Гэта была нудная, марудная работа, і ўсё-ж я дасягнуў пэўнага поспеху. Аднак, зраўняўшыся з лясістым мысам, я зразумеў, што няўхільна праімчуся міма, хоць сапраўды бераг быў ад мяне ўсяго за некалькі сот ярдаў. Я бачыў прахладныя зялёныя верхавіны дрэў. Іх раскачваў брыз. Я быў упэўнены, што наступнага мыса не прапушчу.
Час мінаў, і мяне пачала мучыць смага. Сонца ззяла з асляпляючай яскравасцю, тысячакроць адлюстроўваючыся ў хвалях. Пырскі морскай вады высыхалі ў мяне на твары, і нават на губах у мяне аселі пласты солі. Горла ў мяне перасохла, галава балела. Дрэвы былі так блізка, так спакушалі мяне сваім халадком, але цячэнне імкліва пранесла мяне міма мыса. І тое, што я ўбачыў, зноў апынуўшыся ў адкрытым моры, змяніла ўсе мае планы.
Проста перад сабой, на адлегласці поўмілі, а то і менш, я ўбачыў „Іспан'ёлу“, якая плыла пад усімі парусамі. Несумненна, мяне ўбачаць і падбяруць. Смага так мучыла і так данімала мяне, што я нават не ведаў, радавацца гэтаму ці засмучацца. Але доўга раздумваць мне не давялося, таму што хутка мяне вельмі здзівіла тое, што „Іспан'ёла“ ішла пад гротам і двума кліверамі. Яе надзвычайна прыгожыя снежна-белыя парусы асляпляюча серабрыліся на сонцы. Калі я ўпершыню ўбачыў яе, усе яе парусы былі надзьмуты. Яна трымала курс на паўночны захад. Я падумаў, што людзі ў яе на борце рашылі абыйсці востраў навокал і вярнуцца да месца ранейшай стаянкі. Пасля яна ўсё больш і больш пачала адыходзіць да захаду, і мне ўспала на думку, што мяне ўжо заўважылі і што мяне хочуць падабраць. Але раптам яна павярнула проста супроць ветру і бездапаможна спынілася з павіснутымі парусамі.
„Вось дык мядзведзі! — сказаў я сабе. — Напіліся, відаць, да непрытомнасці“.
Моцна папала-б ім ад капітана Смолета за такое кіраванне караблём!
Тым часам шкуна, пераходзячы з галса на галс, зрабіла поўны круг, і зноў уставілася носам супроць ветру ды зноў спынілася. Так паўтаралася некалькі разоў. „Іспан'ёла“ плыла то на поўнач, то на поўдзень, то на ўсход, то на захад, хлопаючы парусамі і няспынна вяртаючыся да таго курса, які толькі што пакінула. Мне зрабілася ясна, што караблём ніхто не кіруе. Куды-ж дзеліся людзі? Яны або п'яны ўдрызг, або пакінулі судно. Калі я пападу на борт, мне, магчыма, удасца вярнуць карабль яго капітану.
Цячэнне адносіла човен і шкуну з аднолькавай хуткасцю, але шкуна так часта мяняла галсы, так часта спынялася, што амаль не пасоўвалася наперад. Калі-б толькі я мог сесці ў чоўне і пачаць грабці, я, несумненна, дагнаў-бы яе. І раптам мне сапраўды захацелася дагнаць яе. Жаданне новых прыгод ахапіла мяне, а думка аб прэснай вадзе падвоіла маю вар'яцкую рашучасць.
Я ўзняўся, і мяне адразу-ж ад ног да галавы абліло вадой. Але цяпер гэта мяне не запалохала. Я сеў і, напружыўшы ўсе сілы, пачаў веславаць. Я кінуўся наўздагон за „Іспан'ёлай“, якой ніхто не кіраваў. Хвалі часам так шпурлялі мяне, што сэрца ў мяне калацілася, як птушка. Я часта спыняўся і вычэрпваў ваду. Хутка, аднак, я крыху прызвычаіўся да чоўна і пачаў так асцярожна накіроўваць яго сярод бушуючых хваль, што толькі зрэдку дробныя шматкі пены білі мяне па твары.
Адлегласць паміж мной і шкунай хутка змяншалася. Я ўжо мог разгледзець пабліскваючую пры паваротах медзь румпеля[1]. На палубе не было ні душы. Разбойнікі, відаць, уцяклі. А калі не ўцяклі, значыцца, яны ляжаць удрызг п'яныя ў кубрыку. Там я іх замкну і буду рабіць з караблём усё, што захачу.
Нарэшце, мне пашанцавала. Вецер на некалькі хвілін сціх. Падпарадкваючыся цячэнню, „Іспан'ёла“ павольна павярнулася вакол сваёй асі. Я ўбачыў яе карму. Акно каюты было адчынена. Над сталом я ўбачыў гарэўшую лямпу, хоць ужо даўно настаў дзень. Грот звісаў, як сцяг. Шкуна зменшыла хаду, таму што пасоўвалася толькі па цячэнню.
Я крыху адстаў ад яе. Але цяпер, падвоіўшы намаганні, мог зноў дагнаць яе.
Я быў ад яе ўжо на адлегласці якіх-небудзь ста ярдаў, калі вецер зноў надзьмуў яе парусы. Яна павярнула на левы галс ды зноў, коўзаючыся, паімчалася па хвалях, як ластаўка.
Спачатку мяне ахапіў адчай, пасля я абрадаваўся. Шкуна апісала круг і паплыла проста на мяне. Вось яна прайшла палову, пасля дзве трэція часткі, пасля тры чвэрці той адлегласці, якая падзяляла нас. Я бачыў, як пеніліся хвалі пад бартамі шкуны. З майго маленькага чоўна яна здавалася мне вялізнай.
Раптам я зразумеў, якая небяспека мне пагражала, калі-б шкуна наляцела на мяне. Часу для раздумвання мне не аставалася. Трэба было паспрабаваць ратавацца. Я знаходзіўся на вяршыні адной хвалі, калі нос шкуны прарэзаў суседнюю. Бушпрыт навіс у мяне над галавой. Я ўзняўся на ногі і, падскочыўшы, апусціў човен у ваду. Рукой я ўхапіўся за верхні канец бушпрыта, а нага мая папала паміж штагам ды брасам. Заміраючы ад жаху, я павіс у паветры. Лёгкі ўдар, які пачуўся знізу, даў мне зразумець, што шкуна затапіла мой човен і што адыйсці з „Іспан'ёлы“ мне ўжо ніяк немагчыма.
Раздзел XXV
Я СПУСКАЮ „ВЯСЁЛАГА РОДЖЭРА“
Ледзь я ўзлез на бушпрыт, як паласкаючыся клівер хлопнуў аглушальна, быццам пушачны стрэл, надзьмуўся і павярнуў на другі галс. Шкуна здрыганулася да самага кіля. Але праз хвіліну, хоць астатнія парусы ўсё яшчэ былі надзьмуты, клівер зноў хлопнуў і звіс.
Ад нечаканага штуршка я ледзь не зваліўся ў ваду. Не трацячы часу, я папоўз па бушпрыту і зваліўся галавой уніз на палубу.
Я апынуўся на падветранай старане бака. Грот схаваў ад мяне частку кармы. Я не бачыў ні адной жывой душы. Палуба, нямытая са дня мяцежа, была забруджана слядамі брудных ног. Пустая бутэлька з адбітым горлачкам качалася ўзад і ўперад, як жывая.
Раптам „Іспан'ёла“ зноў пайшла па ветру. Кліверы гучна хлопнулі ў мяне за спіной. Руль зрабіў паварот, і карабль здрыгануўся. У тую-ж хвіліну грот, грукаючы блокамі, адкінуўся ўбок, і я ўбачыў карму.
На карме былі абодва піраты. „Чырвоны каўпак“ нерухома ляжаў на спіне. Рукі яго былі раскінуты, як у раскрыжаванага, зубы вышчараны. Ізраэль Гэндс сядзеў каля бульварка, апусціўшы галаву на грудзі. Рукі яго бездапаможна віселі; твар, не гледзячы на загар, быў белы, як сальная свечка.
Карабль ставіўся на дыбкі і закідваў бокам, быццам ашалелы конь. Парусы надзімаліся, пераходзячы з галса на галс; рэі рухаліся з такой сілай, што мачта гучна стагнала. Час ад часу нос уразаўся ў хвалю, і тады хмары лёгкіх пырскаў узнімаліся над бульваркам. Мой самадзельны вяртлявы човен, цяпер загінуўшы, значна лепш спраўляўся з хвалямі, чым гэты вялікі, абсталяваны карабль.
Пры кожным скачку шкуны разбойнік у чырвоным каўпачку падскакваў. Але, што мяне вельмі палохала, выраз яго твара не змяняўся — паранейшаму ён усміхаўся, вышчэрваючы зубы. А Гэндс пры кожным штуршку коўзаўся ўсё далей і далей да кармы. Мала-па-малу дакаціўся ён да борта, і нага яго павісла над вадой. Я бачыў толькі адно яго вуха ды жмут кучаравых бакаў.
Тут я заўважыў, што каля іх на дошках палубы цямнеюць палосы крыві, і рашыў, што ў часе п'янай сутычкі яны закалолі адзін аднаго.
І раптам, калі карабль на некалькі хвілін спыніўся, Ізраэль Гэндс з лёгкім стогнам пасунуўся на сваё ранейшае месца. Гэты пакутніцкі стогн, які сведчыў аб незвычайнай стомленасці, разжаласціў мяне на хвіліну. Але я ўспомніў размову, якую падслухаў, седзячы ў бочцы з-пад яблык, і жаласць мая зараз-жа знікла.
Я падышоў да грот-мачты.
— Вось я зноў на шкуне, містэр Гэндс, — прамовіў я насмешліва.
Ён ледзве ўзняў на мяне вочы, але нават не выказаў здзіўлення: нагэтулькі ён быў п'яны. Ён вымавіў толькі адно слова:
— Брэндзі!
Я зразумеў, што часу траціць нельга. Праслізнуўшы пад гротбомам, які загарадзіў палубу, я па трапу збег у каюту.
Цяжка сабе ўявіць, які там быў разгром. Усе замкі ва ўсіх скрынках былі зламаны. Разбойнікі, відаць, шукалі карту. Падлога была пакрыта пластом гразі, якую разбойнікі нанеслі на падэшвах з таго балоцістага месца, дзе яны п'янствавалі. На перагародках, памаляваных белай фарбай і аздобленых залатым багенам, асталіся сляды брудных пальцаў. Тузіны пустых бутэлек са звонам перакочваліся з кута ў кут ад качкі. Адна з медыцынскіх кніг доктара ляжала раскрытая на стале. Палова лістоў з яе была вырвана, відаць, для закурвання люляк. Сярод усёй гэтай агіднасці паранейшаму чадзіла цмяная і змрочная лямпачка.
Я зайшоў у пограб. Бочкі былі пустыя, і безліч бутэлек была выпіта і валялася на падлозе. Я зразумеў, што ўсе піраты ад самага пачатку мяцяжа не працвярозіліся ні разу.
Пашукаўшы, я ўсё-такі знайшоў адну недапітую бутэльку брэндзі для Гэндса. Для сябе я ўзяў крыху сухароў, крыху сушаных фруктаў, поўную жменю разынак, і кавалак сыру.
Узняўшыся на палубу, я паклаў усё гэта каля руля, далей ад боцмана, каб ён не мог дастаць. Затым пайшоў і ўволю напіўся прэснай вады і толькі тады, а не раней, падаў Гэндсу бутэльку.
Ён выпіў не менш паловы і толькі тады адняў горлышка бутэлькі ад рота.
— Клянуся громам, — сказаў ён, — вось гэта мне і было патрэбна.
Я сеў у куток і пачаў есці.
— Моцна ранены? — спытаў я яго.
Ён сказаў нейкім, падобным на брэх, голасам:
— Каб быў тут доктар, я хутка паправіўся-б. Але, сам бачыш, мне не шанцуе. А гэты памёр, — дадаў ён, кінуўшы ў бок чалавека ў чырвоным каўпаку. — Дрэнны быў марак. А ты адкуль узяўся?
— Я з'явіўся сюды, каб камандаваць гэтым караблём, містэр Гэндс, — сказаў я. — Адгэтуль да наступных распараджэнняў лічыце мяне сваім капітанам.
Ён панура паглядзеў на мяне, але нічога не сказаў. Шчокі ў яго крыху паружавелі, аднак, від у яго быў хваравіты, і пры кожным штуршку карабля ён валіўся на бок.
— Між іншым, — працягваў я, — мне не падабаецца гэты сцяг, містэр Гэндс, — калі дазволіце, я спушчу яго. Лепш зусім без сцяга, чым з гэтым.
Я падбег да мачты, тузануў адпаведную вяроўку; і, спусціўшы пракляты чорны сцяг, шпурнуў яго за борт, у мора.
— Далоў капітана Сільвера! — крыкнуў я, размахваючы шапкай.
Ён уважліва сачыў за мной, не ўзнімаючы галавы, і на яго твары быў адбітак хітрасці.
— Я мяркую, — сказаў ён нарэшце, — я мяркую, капітан Гоўкінс, што вы не мелі-б нічога супроць таго, каб высадзіцца на бераг. Давайце, пагаворым аб гэтым.
— Чаму-ж, — сказаў я, — з вялікай прыемнасцю, містэр Гэндс. Працягвайце. — І я зноў узяўся за яду і працягваў гэта з вялікім апетытам.
— Гэты чалавек… — пачаў ён, слаба кінуўшы ў бок трупа. — Яго называлі О'Брайен… Ірландзец… Мы з ім паставілі парусы і хацелі вярнуцца ў бухту. Але ён памёр, і смярдзіць, як гнілая вада ў труме. Не ведаю, хто цяпер будзе кіраваць караблём. Без маіх указанняў табе з гэтай шкунай не справіцца. Паслухай, дай мне паесці і напіцца, перавяжы мне рану старым шалікам, і за гэта я пакажу табе, як кіраваць караблём. Згодзен?
— Толькі майце на ўвазе: — сказаў я, — на стаянку капітана Кіда я вяртацца не рыхтуюся. Я хачу весці карабль у Паўночную бухту і там спакойна прыстаць да берага.
— Добра! — усклікнуў ён. — Хіба я такі ідыёт? Хіба я не разумею? Дасканала разумею, што я прайграў, схібіў і што выйгрыш твой. Ну, што-ж? Ты хочаш у Паўночную бухту? Калі ласка. Дык-жа ў мяне выбару няма. Клянуся громам, я дапамагу табе весці карабль хоць да самага памоста маёй шыбеніцы.
Яго словы здаліся мне не пазбаўленымі сэнсу. Мы заключылі ўмову. Праз тры хвіліны „Іспан'ёла“ ўжо ішла па ветру ўдоўж берага Вострава скарбаў. Я спадзяваўся абыйсці Паўночны мыс яшчэ да поўдня, каб зайсці ў Паўночную бухту да прыліва. Тады мы, нічым не рызыкуючы падвядзем „Іспан'ёлу“ да берага, дачакаемся спаду вады, і высадзімся.
Я замацаваў румпель, зышоў уніз, адшукаў сваю ўласную скрыначку і дастаў з яе мяккую шоўкавую насовую хустачку, якую падаравала мне маці. Пры маёй дапамозе Гэндс перавязаў гэтай хустачкай глыбокую калотую крывятачывую рану ў бядры. Крыху закусіўшы ды хлябнуўшы два-тры глаткі брэндзі, ён прыкметна падбадзёрыўся, сеў прамей, пачаў гаварыць грамчэй і выразней, зрабіўся другім чалавекам.
Дзьмуў спадарожны брыз. Карабль ляцеў, як птушка. Мільгалі берагі. Від іх мяняўся з кожнай хвілінай. Высокая частка вострава асталася ззаду. Мы імчаліся ўдоўж нізкай пясчанай зямлі, на якой раслі рэдкія сосны. Але скончылася і яна.
Мы абагнулі скалісты ўзгорак — самы паўночны край вострава.
Мне падабалася кіраваць караблём. Я адчуваў асалоду ад прыгожага сонечнага надвор'я і маляўнічых берагоў. Ежы ды піцця было ў мяне досыць, сумленне больш не дакарала мяне за тое, што я дэзертыраваў з крэпасці, таму што я атрымаў такую вялікую перамогу. Я быў-бы ўсім задаволены, калі-б не боцманавы вочы. Ён з пэўным здзекам неадчэпна сачыў за мной, і на яго твары час ад часу з'яўлялася дзіўная ўсмешка. У гэтай усмешцы было штосьці бездапаможнае і пакутлівае, — хмурая ўсмешка старога. І ў той-жа час было ў ёй нешта насмешлівае, нешта здрадніцкае. Я працаваў, а ён ухмыляўся хітра і сачыў, сачыў, сачыў за мной.
Раздзел XXVI
ІЗРАЭЛЬ ГЭНДС
Вецер, як быццам стараючыся нам дагадзіць, з паўднёвага ператварыўся ў заходні. Мы без усякіх цяжкасцей прайшлі ад паўночна-ўсходняга канца вострава да ўваходу ў Паўночную бухту. Аднак, мы баяліся зайсці ў бухту раней, чым пачнецца прыліў, таму што ў нас не было якара. Трэба было чакаць. Боцман вучыў мяне, як кіраваць караблём. І хутка я дасягнуў вялікіх поспехаў. Пасля мы абодва селі моўчкі і пачалі есці.
— Капітан, — сказаў ён, нарэшце, усё з той-жа нядобрай усмешкай. — Тут валяецца мой стары таварыш О'Брайен. Ці не выкінеш ты яго за борт? Я чалавек не надта далікатны і сумленне не дакарае мяне, што паслаў яго на той свет. Але, па-мойму, ён мала ўпрыгожвае наш карабль. А ак па-твойму?
— У мяне нехапае сілы. Ды апрача таго, такая работа мне не да спадобы. Па-мойму, няхай ляжыць. — сказзў я.
— Што за няшчасны карабль гэтая „Іспан'ёла“, Джым! — працягваў ён, падміргнуўшы. — Колькі людзей забіта на гэтай „Іспан'ёле“ — і колькі бедных маракоў загінула ад той пары, як мы с табой пакінулі Брыстоль! Ніколі я не бачыў такога няўдачнага плавання. Вось О'Брайен памёр — дык-жа ён і сапраўды памёр? Я чалавек невучоны, а ты ўмееш чытаць і лічыць. Скажы мне напрасцяк: мёртвы так і астанецца мёртвым або калі-небудзь уваскросне, як кажуць папы?
— Вы можаце забіць цела, містэр Гэндс, але не дух, — сказаў я. — Так вучылі мяне ў нашай царкве. Ведайце, О'Брайен зараз жывы і сочыць за намі з таго свету.
— Ах! — сказаў ён. — Як гэта крыўдна! Значыцца, я толькі дарам патраціў час. А, нарэшце, духі, па-мойму, вялікай шкоды зрабіць не могуць. Мне здаралася мець справу з духамі, Джым. Слухай, я хачу папрасіць цебе спусціцца ў каюту і прынесці мне… чорт вазьмі, я забыў, што мне патрэбна… так, прынясі мне бутэлечку віна, Джым.
Боцманава забыўчывасць здалася мне падазронай. І, прызнацца, я не паверыў, што віно падабаецца яму больш, чым брэндзі. Усё гэта толькі прычына. Справа ясная: ён хоча, каб я адышоў з палубы. Але навошта яму гэта патрэбна? Ён стараецца не глядзець мне ў вочы. Яго зрок увесь час блукае з боку ў бок — то на неба ён гляне, то на мёртвага О'Брайена. Ён увесь час ухмыляецца, нават кончык языка з рота высоўвае ад лішняй хітрасці. Тут і дзіцянё здагадалася-б, што ён нешта задумвае. Аднак, я і выглядам не паказаў, што ў мяне ёсць падазронасць.
— Віна? — спытэў я. — Вельмі добра. Але якога — белага ці чырвонага?
— Усёроўна, прыяцель, — адказаў ён. — Абы мацнейшага ды пабольш.
— Добра. Я прынясу вам партвейну, містэр Гэндс. Але прыдзецца аго пашукаць.
Я пабег уніз, стараючыся стукаць чаравікамі як мага грамчэй. Пасля зняў чаравікі, бясшумна пракраўся па запаснаму калідору ў кубрых, там узняўся па трапу і ціхенька высунуў галаву з люка на палубу. Гэндс ніколі не здагадаецца, што я назіраю за ім. І ўсё-ж я прыняў усе меры, каб не прыцягнуць да сябе яго ўвагі. І ад першага-ж погляду пераканаўся, што самая горшая мая падазронасць была зусім правільнай.
Ён стаў паўзком і даволі спрытна папоўз па палубе, хоць яго раненая нага, відаць, моцна балела, таму што пры кожным руху ён гучна стагнаў. За поўхвіліны дапоўз ён да вадасточнага жолаба, каля якога ляжаў карабельны канат, складзены кальцом, і выцягнуў адтуль доўгі нож, або, правільней, кароткі кінжал, да самай рукаяткі афарбаваны крывёю. Ён агледзеў яго, выпукліў ніжнюю сківіцу, папрабаваў рукой лязо і, імкліва схаваўшы яго да сябе за пазуху, папоўз назад на ранейшае месца.
Я даведаўся пра ўсё, што мне было патрэбна: Ізраэль можа рухацца, ён узброены. Паколькі ён стараўся выправадзіць мяне з палубы, значыцца, менавіта я буду яго ахвярай. Што ён меркаваў рабіць пасля маёй смерці — цягнуцца праз увесь востраў ад Паўночнай бухты да лагера піратаў на балоце, або страляць з пушкі, клікаючы таварышоў на дапамогу, — гэтага, зразумела, я не ведаў.
Я мог давяраць Гэндсу толькі ў адным, таму што тут нашы інтарэсы зыходзіліся: мы абодва хацелі прывесці шкуну ў бяспечнае месца, адкуль яе можна было-б вывесці без асаблівых цяжкасцей і рызыкі. Пакуль гэта яшчэ не зроблена, майму жыццю не пагражае небяспека.
Раздумваючы, я не траціў часу: пракраўся назад у каюту, адзеў чаравікі, схапіў бутэльку віна і вярнуўся на палубу.
Гэндс ляжаў такім самым чынам, як я яго пакінуў. Вочы яго былі прыплюшчаны, быццам ён быў нагэтулькі слабы, што не мог сцярпець залішне яркага святла. Ён паглядзеў на мяне, звычным жэстам адбіў горлышка бутэлькі і адразу выпіў яе бадай што да дна, сказаўшы, як звычайна кажуць:
— 3а тваё здароўе!
Потым, адпачыўшы, дастаў з кішэні плітку жавальнай табакі і папрасіў мяне адрэзаць невялікую часцінку.
— Будзь добрым, адрэж, — сказаў ён, — а то ў мяне няма нажа, ды і сіл няхопіць. Ах, Джым, Джым, я зусім разваліўся. Адрэж мне кавалачак. Гэта апошняя порцыя, якую мне давядзецца пажаваць у маім жыцці. Доўга я не пражыву. Хутка, хутка мне быць на тым свеце.
— Добра, — сказаў я. — Адрэжу. Але на вашым месцы… адчуваючы сябе так кепска, я пастараўся-б пакаяцца перад смерцю.
— Пакаяцца? — спытаў ён. — У чым?
— Як у чым? — усклікнуў я. — Вы не ведаеце, у чым вам пакаяцца? Вы здрадзілі свайму доўгу. Вы ўсё жыццё пражылі ў ілжы і ў крыві. Вунь, каля вашых ног, ляжыць чалавек, толькі што забіты вамі, і вы пытаеце мяне, у чым вам каяцца! Вось у чым, містэр Гэндс!
Я гаварыў больш палка, чым варта было, таму што думаў пра кінжал, схаваны ў яго за пазухай, і аб тым, што ён намерыўся забіць мяне. А ён выпіў занадта многа віна і таму адказваў мне з незвычайнай урачыстасцю.
— Трыццаць год я плаваў па марах, — сказаў ён. — Бачыў і дрэннае, і добрае, і штылі, і штормы, і голад, і панажоўшчыну, і ці мала што яшчэ. Але, павер мне, ні разу не бачыў я, каб дабрадзейства давала-б чалавеку хоць якую-небудзь карысць. Правы той, хто ўдарыць першы. Мёртвыя не кусаюцца. Вось і ўся мая вера. Амінь! Паслухай, — сказаў ён раптам зусім іншым голасам, — досыць балбатаць глупства. Прыліў ужо даўно пачаўся. Слухай маю каманду, капітан Гоўкінс, і мы з табой паставім шкуну ў бухту.
Сапраўды, нам трэба было прайсці не больш двух міль. Але плаванне было цяжкое, уваход у Паўночную бухту аказаўся не толькі вузкім і плыткаводным, але і вельмі звілістым. Патрабавалася ўся наша ўвага і ўменне. Але я быў разважлівы выканаўца, а Гэндс — дасканалы камандзір. Мы так умела лавіравалі, так зручна абыходзілі ўсе мелі, што люба было глядзець.
Як толькі мы мінулі абодва мысы, нас з усіх бакоў акружыла зямля. Берагі Паўночнай бухты таксама густа зараслі лесам, як берагі Паўднёвай. Але сама бухта была даўжэйшай, вузейшай і, па праўдзе кажучы, хутчэй нагадвала рачную ўтоку, чым бухту. Проста перад намі ў паўночным куце мы ўбачылі напоўзгнілы шкілет разбітага карабля. Гэта было вялікае трохмачтавае судно. Яно так доўга прастаяла тут, што водараслі абляпілі яго з усіх бакоў. На палубе рос хмызняк, густа ўсеяны яркімі краскамі. Відовішча было сумнае, але яно даводзіла нам, што гэта бухта зусім прыгодная для нашай стаянкі.
— Паглядзі, — сказаў Гэндс, — вунь добрае месцейка, каб прычаліць да берага. Чысты, гладкі пясок, ніколі ніякіх хваль, навокал лес, кветкі цвітуць на тым караблі, як у садзе.
— А шкуна не захрасне на мелі, калі мы прычалім да берага? — спытаў я.
— З мелі яе няцяжка будзе зняць, — адказаў ён. — У часе адліва працягні канат на той бераг, абкруці яго вакол адной з тых вялікіх соснаў, канец цягні сюды назад і наматай на кабестан. Потым чакай прыліва. Калі прыдзе прыліў, загадай усёй камандзе разам ухапіцца за канат і цягнуць. І шкуна сама зыйдзе з мелі, як маладая красуня. А цяпер, сынок, не зявай. Мы каля самай мелі, а шкуна ідзе надта хутка. Правей крыху… так… проста… правей… ледзь-ледзь лявей… проста… проста!..
Ён аддаваў загады, якія я паспешна і дакладна выконваў. Раптам ён крыкнуў:
— Трымай па ветру, друг сардэчны!
Я з усёй сілы налёг на руль. „Іспан'ёла“ крута павярнулася і імкліва падышла да берага, заросшага нізкім лесам.
Я быў так захоплены ўсімі гэтымі манеўрамі, што зусім забыў аб сваім намеры ўважліва сачыць за боцманам. Мяне цікавіла толькі адно: калі шкуна дном кранецца пяску. Я забыў, якая мне пагражае небяспека, і, перагнуўшыся праз правы борт, глядзеў, як пад носам пеніцца вада І прапаў-бы я без усякай барацьбы, калі-б раптоўны непакой не прымусіў мяне абярнуцца. Магчыма, я пачуў шолах, або краем вока заўважыў рухаючыйся цень. Магмыма, ва мне прачнуўся нейкі інстынкт, накшталт кацінага, але, абярнуўшыся, я ўбачыў Гэндса. Ён быў ужо зусім недалёка ад мяне з кінжалам у правай руцэ.
Нашы погляды сустрэліся, і мы абодва голасна закрычалі. Я закрычаў ад жаху. Ён, як раз'юшаны бык, зароў ад ярасці і рынуўся наперад на мяне. Я адскочыў да носа і выпусціў з рук румпель, які адразу выпрастаўся. Гэты румпель выратаваў мне жыццё. Ён ударыў Гэндса ў грудзі і Гэндс паваліўся.
Раней чым Гэндс паспеў устаць на ногі, я выскачыў з таго кута, у які ён мяне загнаў. Цяпер у маім распараджэнні была ўся палуба, і я мог увільваць ад яго колькі патрэбна. Перад грот-мачтай я спыніўся, дастаў з кішэні пісталет, прыцэліўся і націснуў сабачку. Гэндс шоў проста на мяне. Курок ляснуў, але стрэлу не адбылося. Аказалася, што порах на затраўцы падмочаны? Я пракляў сябе за сваю нядбайнасць. Чаму я не набіў яго нанава? Дык-жа часу ў мяне было досыць! Тады я не стаяў-бы бяззбройны як авечка перад мясніком.
Не гледзячы на сваю рану, Гэндс пасоўваўся на-здзіў хутка. Сіваватыя валасы ўпалі на яго чырвоны ад шаленства і натугі твар. У мяне не было часу даставаць свой другі пісталет. Акрамя таго, я быў упэўнены, што і гэты падмочаны, як той. Адно было ясна: мне трэба ўвільваць ад Гэндса, а то ён загоніць мяне на нос, як нядаўна загнаў на карму. Калі гэта ўдасца яму, усе дзевяць ці дзесяць вяршкоў акрываўленага кінжала ён усадзіць у маё цела. Я абхапіў рукамі грот-мачту, якая была досыць тоўстая, і чакаў напружваючы кожны мускул.
Убачыўшы, што я рыхтуюся ўвільвацца, ён спыніўся. Некалькі хвілін ён прыкідваўся, што зараз кінецца на мяне то справа, то злева. І я ледзь-ледзь паварочваўся то ўправа, то ўлева. Барацьба была падобна на гульню, у якую я столькі разоў гуляў дома сярод скал каля бухты Чорнага Ўзгорка. Але, вядома, у часе гульні маё сэрца ніколі не стукала так дзіка. І ўсё-ж лягчэй было гуляць у гэтую гульню хлопчыку, чым старому мараку, у якога глыбокая рана ў бядры. Я крыху пасмялеў і пачаў нават раздумліваць, чым скончыцца наша гульня. „Зразумела, — думаў я, — я магу пратрымацца доўга, але раней ці пазней ён усё-ж даканае мяне…“
Пакуль мы стаялі адзін супроць другога, „Іспан'ёла“ раптам урэзалася ў пясок. Ад штуршка яна моцна нахілілася набок. Палуба стала пад кутом у сорак пяць градусаў, праз жолабы паліўся струмень вады, стварыўшы на палубе каля бульварку шырокую лужу.
Мы абодва страцілі роўнавагу і абодва пакаціліся, бадай што абняўшыся, проста да жолабаў. Мярцвяк у чырвоным каўпаку, з раскінутымі, як раней, рукамі, скамянелы пакаціўся туды-ж. Я так моцна ўдарыў галаву аб боцманаву нагу, што зубы ў мяне звякнулі. Але, не гледзячы на тое, што я ўдарыўся, мне першаму ўдалося ўскочыць; на Гэндса наваліўся мярцвяк. Раптоўны нахіл карабля зрабіў далейшую беганіну па палубе немагчымай. Трэба адшукаць іншы спосаб ратавання, адшукаць, не трацячы ні хвіліны, таму што мой вораг зараз кінецца на мяне. Ванты бізан-мачты віселі ў мяне над галавой. Я ўхапіўся за іх, палез уверх як мага хутчэй, пакуль не дабраўся да рэі.
Мая імклівасць выратавала мяне: пада мной, на адлегласці поўфута ад маіх ног, бліснуў кінжал. Раззлошчаны няўдачай, Ізраэль Гэндс глядзеў на мяне ўверх з шырока адкрытым ад здзіўлення ротам.
Я атрымаў невялікую перадышку. Не трацячы часу, я зноў набіў пісталет. Затым, для найбольшай пэўнасці, я набіў нанава і другі пісталет.
Гэндс сачыў за мной з бяссільнай злосцю. Ён пачаў разумець, што становішча яго значна пагоршылася. Пасля некаторага раздумвання, ён з асцярожнасцю ўхапіўся за ванты і, трымаючы кінжал у зубах, павольна палез уверх, з гучнымі стогнамі цягнучы за сабой раненую нагу. Я паспеў зноў набіць абодва пісталеты раней, чым ён пасунуўся на адну трэцюю частку падзяляўшай нас адлегласці. І тады, трымаючы па пісталету ў руцэ, я загаварыў з ім:
— Яшчэ адзін крок, містэр Гэндс, — сказаў я, — і я выб'ю вашы мазгі! Мёртвыя, як вам вядома, не кусаюцца, — дадаў я, усміхаючыся.
Ён адразу спыніўся. Па яго твару я заўважыў, што ён нешта абдумвае. Але думаў ён так цяжка і так павольна, што я, радуючыся маёй бяспечнасці, гучна засмяяўся. Нарэшце, некалькі разоў праглынуўшы слюну, ён загаварыў. На яго твары паранейшаму быў выраз поўнай збянтэжанасці. Ён выняў з рота нож, які перашкаджаў яму гаварыць, але з месца не крануўся.
— Джым, — сказаў ён, — мы абодва нарабілі шмат лішняга, і ты і я. І нам патрэбна заключыць перамірра. Я-бы даканаў цябе, калі-б не гэты штуршок. Але мне ніколі не шанцуе, ніколі. Ну што-ж рабіць, мне, старому мараку, давядзецца ўступіць табе, Джым, карабельнаму юнзе.
Я ўпіваўся яго словамі і радасна пасмейваўся, як пятух, што ўзняўся на плот, але раптам ён узмахнуў правай рукой. Нешта прасвісцела ў паветры, як страла. Я адчуў удар і востры боль. Плячо маё было прыбіта да мачты. Ад нясцерпнай болі і ад нечаканасці — не ведаю, абдумана ці несвядома, — я націснуў абодва куркі. Мае пісталеты стрэлілі і вываліліся ў мяне з рук. Але яны ўпалі не адны, — з прыглушаным крыкам боцман выпусціў ванты і ўніз галавой паляцеў проста ў ваду.
Раздзел XXVII
„ПІЯСТРЫ“
Карабль нахіліўся так моцна, што мачты павіслі проста над вадой. Я сядзеў на рэі, як на курасадніку, і пада мной была вада затокі. Гэндс, узлезшы не так высока, як я, знаходзіўся бліжэй да карабля і зваліўся ў ваду паміж мною і бульварам. Усяго адзін раз вынурнуў ён на паверхню ў акрываўленай пене і патануў навекі. Калі вада супакоілася, я ўбачыў яго. Ён ляжаў на чыстым, светлым пяску ў цяні карабля. Дзве рыбкі праплылі над яго целам. Іншы раз, дзякуючы калыханню вады, здавалася, што ён варушыцца і спрабуе ўстаць. Аднак, ён быў двойчы мерцвяком: і прастрэляны куляй і захлябнуўся ў вадзе. Ён зрабіўся стравай для рыб на тым самым месцы, дзе хацеў даканаць мяне.
Я адчуў млоснасць, галавакружэнне, спалох. Гарачыя струменьчыкі крыві цяклі ў мяне па спіне і грудзях. Кінжал, які прыбіў маё плячо да мачты, паліў мяне, як распаленае жалеза. Але не боль палохала мяне — такую боль я мог-бы сцярпець без стогну. Мяне палохала думка, што я магу сарвацца з рэі ў гэтую спакойную зялёную ваду, туды, дзе ляжыць мёртвы боцман.
Я з такой сілай абодвума рукамі ўчапіўся за рэю, што зрабілася балюча пазногцям. Я заплюшчыў вочы, каб не бачыць небяспекі. Мала-па-малу галава мая праяснілася, сэрца пачало біцца спакайней і самаўладанне вярнулася да мяне.
Перш за ўсё я паспрабаваў выцягнуць кінжал. Аднак, або ён надта глыбока ўбіўся ў мачту, або нервы мае былі надта расстроены, але выцягнуць яго мне ніяк не ўдавалася. Дрыготка ахапіла мяне. І, як ні дзіўна, якраз гэтая дрыготка дапамагла мне. Кінжал закрануў мяне толькі ледзь-ледзь, зачапіўшы толькі шматок скуры, і, калі я задрыжэў, скура парвалася. Кроў пацякла яшчэ мацней, але за тое я быў вольны. Аднак, мой камзол і кашуля ўсё яшчэ былі прыбіты да мачты.
Ірвануўшыся, я вызваліўся зусім. На палубу я вярнуўся па вантах правага борта. Ніякая сіла не прымусіла-б мяне спусціцца па тых самых вантах, з якіх толькі што сарваўся Ізраэль.
Я зышоў у каюту і паспрабаваў перавязаць сабе рану. Яна прычыніла мне моцны боль. Кроў усё яшчэ цякла. Але рана была неглыбокая, не стварала небяспекі і не перашкаджала мне варушыць рукой. Цяпер карабль належаў мне аднаму, і я пачаў думаць, як-бы пазбавіцца ад апошняга пасажыра — ад мёртвага О'Брайена.
Я ўжо казаў, што ён скаціўся да самага борта. Ён ляжаў там, як страшная нязграбная лялька. Вялізная лялька, такога-ж росту, як жывы чалавек, але пазбаўленая ўсіх фарбаў і прывабнасці жыцця. Справіцца з ім мне было няцяжка — за час маіх трагічных прыгод я ўжо прызвычаіўся да мерцвякоў і перастаў іх баяцца. Я падняў яго за пояс, як мяшок з вотрубямі, і адным узмахам шпульнуў праз борт. Ён упаў з гучным усплёскам. Чырвоны каўпак зваліўся ў яго з галавы і паплыў. Калі муць, узнятая падзеннем трупа, асела, я выразна ўбачыў іх абодвух: О'Брайена і Ізраэля. Яны ляжалі побач. Вада, рухаючыся, калыхала іх. О'Брайен, не гледзячы на сваю маладосць, быў зусім лысы. Ён ляжаў, паклаўшы лысую галаву на калены свайго забойца. Хуткія рыбкі праносіліся над імі абодвума.
Я астаўся на караблі адзін. Толькі што пачаўся адліў. Сонца стаяла ўжо так нізка, што цені соснаў заходняга берага перасеклі бухту і дасягнулі палубы. Падзьмуў вячэрні брыз, і, хоць з усходу бухту агараджваў узгорак з двума вяршынамі, тросы пачалі гудзець, а парусы — разгойдвацца і хлопаць.
Я ўбачыў, што караблю пагражае небяспека. Хутка звінуў я кліверы і спусціў іх на палубу. Але спусціць грот было больш цяжка. Калі шкуна нахілілася, гік перакінуўся за борт, і канец яго з двума-трыма футамі паруса апынуўся нават пад вадой. Праз гэта становішча зрабілася яшчэ больш небяспечным. Бяда магла прыйсці адусюль, і я ні да чаго не адважваўся дакрануцца, каб не павялічыць небяспеку. Нарэшце, я дастаў нож і перарэзаў фалы. Гафель адразу спусціўся, і вялікае бруха звісаўшага паруса паплыло па вадзяной паверхні. Як я ні намагаўся, я не мог падцягнуць нірал. Гэта было звыш маіх сіл. Ну, што-ж? Давядзецца пакінуць „Іспан'ёлу“ на волю лёсу. Дык я-ж і сам быў пакінуты на волю лёсу.
Тым часам бухту ахутаў змрок. Апошнія сонечныя праменні, прабіўшыся праз лясную прагаліну, ззялі ярка, як каштоўныя каменні на квітнеючай манціі разбітага карабля. Рабілася зімна. Вада, падхопленая адлівам, адыходзіла ў мора, і шкуна ўсё больш клалася набок.
Я прабраўся на нос і глянуў уніз. Пад носам было вельмі мелка, і я, на ўсякі выпадак абодвума рукамі ўхапіўшыся за канат, асцярожна пералез праз борт. Вада ледзь даходзіла мне да пояса. Пясок быў шчыльны, зрыты хвалямі, і я бадзёра вышаў на бераг, пакінуўшы „Іспан'ёлу“ ляжаць на баку і паласкаць свой парус у вадзе. Сонца зайшло, і ў соснах шумеў вецер.
Такім чынам марскія мае прыгоды скончыліся, і скончыліся бясспрэчнай удачай. Шкуна вырвана з рук бандытаў, і мы можам хоць зараз адправіцца на ёй у акіян. Я марыў хутчэй вярнуцца дадому, у нашу крэпасць, і пахваліцца сваім геройствам. Відаць, мяне будуць крыху дакараць за самавольную адлучку, але захоп „Існан'ёлы“ загладзіць усё, і нават сам капітан Смолет павінен будзе прызваць мае заслугі.
Раздумваючы такім чынам, у вельмі добрым настроі, я накіраваўся ў дарогу і пайшоў да частакола, за якім, як я меркаваў, мяне чакалі сябры. Я добра памятаў, што самая ўсходняя з рачулак, упадаючых у бухту капітана Кіда, пачынаецца каля двухгаловага ўзгорка. Я павярнуў налева; да гэтага ўзгорка, мяркуючы перайсці рэчку ў самым вузкім месцы. Лес быў даволі рэдкі. Ідучы па касагору, я хутка абагнуў край узгорка і перайшоў рэчку ўброд.
Гэта было якраз тое месца, дзе я сустрэў Бена Гана. Я пачаў прабірацца асцярожней, пільна пазіраючы па баках. Зусім сцямнела. Прайшоўшы праз расколіну паміж двумя вяршынамі ўзгорка, я ўбачыў на небе хістаючыся водбліск вогнішча. Я рашыў, што, відаць, Бен Ган гатуе сабе на палаючым вогнішчы вячэру, і ў глыбіні душы здзівіўся яго неасцярожнасці. Калі гэты водбліск бачу я, яго можа ўбачыць і Сільвер з свайго лагера на балоце.
Ноч рабілася ўсё больш цямней. Я ледзь знаходзіў дарогу. Двухгаловы ўзгорак ззаду і вяршына Падзорнай Трубы справа былі мне адзінымі тычкамі, але абрысы іх усё больш расплываліся ў цемры. Цмяна мігацелі рэдкія зоркі. У цемры натыкаўся я на кусты і валіўся ў пясчаныя ямы.
Раптам крыху пасвятлела. Я глянуў уверх. Бледнае ззянне асвятліла вяршыну Падзорнай Трубы. Унізе, скрозь гушчар дрэў, я ўбачыў нешта вялікае, сярэбранае і ледзь дагадаўся, што гэта ўзышоў месяц.
Ісці было значна лягчэй, і я паскорыў крокі. Часам я нават бег — так нецярпелася мне хутчэй дабрацца да частакола. Але, увайшоўшы ў гай, які акружаў нашу крэпасць, я ўспомніў аб асцярожнасці і пайшоў больш павольна. Сумна скончыліся-б мае прыгоды, калі-б мяне памылкова палічылі за ворага, і застрэлілі свае сябры.
Месяц плыў усё вышэй і вышэй. Усе лясныя палянкі былі заліты яго святлом. Але проста перад сабой паміж дрэвамі я заўважыў нейкае ззянне, зусім непадобнае да месячнага. Яно было гарачэй, чырваней і часамі як быццам рабілася цямнейшым. Відаць, гэта было вогнішча, якое дымілася і пакрывалася попелам.
Што-ж там такое, чорт вазьмі?
Нарэшце я дабраўся да краю лесу. Заходні край частакола быў асветлены месяцам. Увесь астатні частакол і самы дом знаходзіліся ў цемры, сям-там прарэзанай доўгімі срабрыстымі палосамі. А за домам палала вялікае вогнішча. Яго барвяныя водсветы ярка вылучаліся сярод пяшчотчых і бледных водсветаў месяца. Нідзе ні душы. Ні гука. Толькі брызы шумяць у галінах.
Я спыніўся здзіўлены і, мабыць, крыху спалоханы. Мы ніколі не раскладвалі вялікіх вогнішчаў. Па загаду капітана, мы заўсёды бераглі паліва. Я пачаў непакоіцца, ці не здарылася чаго-небудзь з маімі сябрамі, пакуль мяне небыло тут.
Я прабраўся да ўсходняга краю частакола, увесь час трымаючыся ў цяні, і пералез праз частакол у тым месцы, дзе цемра была найбольш густая.
Каб не ўзнімаць трывогі, я бясшумна папоўз да кута дома. І раптам уздыхнуў з палёгкай. Я цярпець не магу храпа; мне вельмі дакучаюць людзі, якія храпуць у сне. Але на гэты раз гучны і мірны храп маіх сяброў здаўся мне музыкай. Ён супакоіў мяне, як супакойвае на моры чароўны начны крык вахтавога: „Усё ў парадку!“
Адно мне было ясна: яны спяць без усякай аховы. Калі-б замест мяне да іх падкрадваўся Сільвер са сваёй шайкай, ні адзін з іх не ўбачыў-бы досвіткаў. Відаць, думаў я, усё гэта таму, што капітан ранены. Зноў я дакараў сябе за тое, што пакінуў сяброў у такой небяспецы, калі ім няма каго нават паставіць на варце.
Я падышоў да дзвярэй і зірнуў унутро. Там было так цёмна, што я нічога не мог разгледзець. Акрамя храпа, чуўся яшчэ нейкі дзіўны гук, ці то хлопанне крылляў, ці то пастукванне. Выцягнуўшы наперад рукі, я ўвайшоў у дом. „Я лягу на сваё звычайнае месца, — падумаў я, усміхнуўшыся, — а раніцой пацешуся, гледзячы на іх здзіўленыя твары“.
Я спатыкнуўся аб нейчую нагу. Спаўшы перавярнуўся на другі бок, прастагнаў, але не прачнуўся.
І тады ў цемры раздаўся раптам рэзкі крык: „Піястры! Піястры! Піястры! Піястры! Піястры!“ І так далей, без перадышкі, без усякай змены ў голасе, як заведзены гадзіннік.
Гэта Капітан Флінт, зялёны папугай Сільвера. Гэта ён хлопаў крыллямі і стукаў дзюбай, доўбаючы кавалак драўлянай кары. Вось хто ахоўваў спаўшых лепш за ўсякага вартавога, вось хто сваім аднастайным, дакучлівым крыкам паведаміў аб маім з'яўленні?
У мяне не было часу ўцячы. Пачуўшы рэзкі звонкі крык папугая, спаўшыя прачнуліся і ўскочылі. Я пачуў голас Сільвера. Ён вылаяўся і закрычаў:
— Хто ідзе?
Я кінуўся ўцякаць, але наляцеў на кагосьці. Адштурхнуўшы аднаго, я папаў у рукі другога. Той моцна схапіў мяне.
— Ну-ка, Дзік, прынясі сюды факел, — сказаў Сільвер, калі зрабілася ясна, што мне не ўцячы.
Адзін разбойнік выбег з дому і вярнуўся з гарэўшай галавешкай.
- ↑ Румпель — ручка руля.