Перайсці да зместу

Востраў скарбаў (1938)/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Частка першая. Стары пірат Частка другая. Карабельны повар
Раман
Аўтар: Роберт Льюіс Стывенсан
1938 год
Арыгінальная назва: Treasure Island (1883)
Частка трэцяя. Мае прыгоды на сушы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧАСТКА ДРУГАЯ


КАРАБЕЛЬНЫ ПОВАР

Раздзел VIІ

Я ЕДУ Ў БРЫСТОЛЬ

На падрыхтоўку да плавання спатрабавалася значна больш часу, чымся ўяўляў сабе сквайр. Ды наогул усе нашы першапачатковыя планы давялося змяніць. Перш за ўсё не ажыццявілася жаданне доктара Лівсі не разлучацца са мной: яму давялося адправіцца ў Лондан шукаць урача, які замяніў-бы яго ў нашых мясцінах на час яго адсутнасці. У сквайра было шмат работы ў Брыстолі. А я жыў у сядзібе пад даглядам старога егера Рэдрэта, бадай як палоннік, ахоплены марамі аб невядомых астравах і аб марскіх прыгодах. Шмат гадзін правёў я над картай і вывучыў яе напамяць. Седзячы каля агню ў пакоі кіраўніка дома, я ў марах сваіх падплываў да вострава з розных бакоў. Я даследаваў кожны яго вяршок, тысячы разоў узыходзіў на высокі ўзгорак, названы Падзорнай Трубой, і любаваўся адтуль дзівосным, заўсёды мяняючымся, краявідам. Часам востраў кішэў дзікунамі, і мы павінны былі адбівацца ад іх. Часам ён быў запоўнены дзікімі звярамі і мы павінны былі ўцякаць ад іх. Але ўсе гэтыя выабражальныя прыгоды аказаліся дробяззю ў параўнанні з тымі дзіўнымі і трагічнымі прыгодамі, якія адбыліся ў сапраўднасці.

Тыдзень ішоў за тыднем. Нарэшце, у адзін прыгожы дзень мы атрымалі пісьмо. Яно было адрасавана доктару Лівсі, але на канверце стаяла прыпіска:


„Калі доктар Лівсі яшчэ не вярнуўся, пісьмо распячатаць Тому Рэдрэту ці маладому Гоўкінсу“.


Разарваўшы канверт, мы прачыталі — праўдзівей я прачытаў, таму што егер разбіраў толькі друкаваныя літары, — наступныя важныя паведамленні:


„Гасцініца „Стары Якар“, Брыстоль, 1 сакавіка 17… года. Дарагі Лівсі:


Не ведаю, дзе вы знаходзіцеся, у сядзібе ці ўсё яшчэ ў Лондане, — пішу адначасова і туды і сюды.

Карабль куплены і прырыхтаваны. Ён стаіць на якары гатовы выйсці ў мора. Лепш за нашу шхуну і ўявіць сабе нічога нельга. Кіраваць ёй можа дзіцё. Памер яе — дзвесце тон, назва „Іспан'ёла“.

Набыць яе дапамог мне мой стары прыяцель Блэндлі, які аказаўся дзіўна зручным дзяльцом. Гэты мілы чалавек працаваў для мяне, як чорнаскуры. Дык, і кожны ў Брыстолі стараўся дапамагчы мне, варта было толькі намякнуць, што мы адпраўляемся па наш скарб…“

— Рэдрэт, — сказаў я, спыняючыся чытаць. — Доктару Лівсі гэта зусім не спадабаецца. Значыцца, сквайр усё разбалтаў…

— А хто больш важны, сквайр ці доктар? — прабурчэў егер. — Няўжо сквайр павінен маўчаць, каб дагадзіць нейкаму доктару Лівсі?

Я ведаў, што спрачацца дарэмна, і пачаў чытаць далей:


„Блэндлі сам адшукаў „Іспан'ёлу“, і, дзякуючы яго спрытнасці, яна дасталася нам літаральна за дробязі. Праўда, у Брыстолі ёсць людзі, якія цярпець не могуць Блэндлі. Яны маюць нахабнасць сцвярджаць, быццам гэты сумленнейшы чалавек клапоціцца толькі дзеля барыша, быццам „Іспан'ёла“ належыць яму самому і быццам ён прадаў яе мне па ўтроенай цане. Хлуслівасць гэ- тага паклёпу відавочна. Ніхто, аднак, не асмельваецца адмаўляць, што „Іспан'ёла“ — выдатны карабль.

Такім чынам, карабль я дастаў без клопату. Праўда, рабочыя падрыхтоўваюць яго вельмі марудна, але з часам усё будзе гатова. Значна больш давялося мне павазіцца з падборам каманды.

Я хацеў наняць чалавек дваццаць — на выпадак сустрэчы з дзікунамі, піратамі ці праклятым французам. Я ўжо знясілеў, а знайшоў усяго шасцёра, але затым лёс змілаваўся нада мной, і я сустрэў чалавека які адразу наладзіў мне ўсю гэтую справу.

Я выпадкова разгаварыўся з ім у порце. Аказалася, што ён стары марак. Жыве на сушы і трымае таверну. Знаёмы з усімі маракамі ў Брыстолі. Жыццё на сушы расстроіла яго здароўе, ён хоча зноў адправіцца ў мора і шукае пасады карабельнага повара. У тую раніцу, паводле яго слоў, ён вышаў у порт толькі дзеля таго, каб падыхаць салёным марскім паветрам.

Гэтая любоў да мора здалася мне чуллівай, ды і вас яна, пэўна, расчуліла-б. Мне зрабілася шкада яго, і я тут-жа на месцы запрапанаваў яму быць поварам у нас на караблі. Яго называюць Доўгі Джон Сільвер. У яго няма адной нагі. Але я лічу гэта найлепшай рэкамекдацыяй, таму што ён страціў яе, змагаючыся за радзіму пад началам неўмірушчага Гока. Ён не атрымлівае пенсіі, Лівсі. Бачыце, у якія жахлівыя часы мы жывём!

Так, сэр, я думаў, што знайшоў повара, а аказалася, што я знайшоў цэлую каманду. З дапамогай Сільвера мне за некалькі дзён удалося навербаваць экіпаж з сапраўдных, спрактыкаваных, прасоленых акіянам маракоў. Выгляд у іх не надта прывабны, але затое, мяркуючы па іх тварах, усе яны — людзі шалёнай храбрасці. Маючы такую каманду, мы можам змагацца хоць-бы з цэлым фрэгатам.

Доўгі Джон параіў мне нават звольніць сяго-таго з тых шасці або сямі чалавек, якіх я наняў раней. Ён у адну хвіліну давёў мне, што яны прэснаводныя швабры, з якімі нельга звязвацца адпраўляючыся ў небяспечнае плаванне. Я надзвычай добра сябе адчуваю, ем як бык, сплю, як бервяно. І ўсё-ж я не буду цалкам шчаслівы, пакуль вецер не раздзьме нашых парусаў. У адкрытае мора! Да чорта скарбы! Мора, а не скарбы, кружыць мне галаву. Такім чынам, Лівсі, прыязджайце хутчэй. Не трацце ні гадзіны, калі вы мяне паважаеце.

Адпусціце маладога Гоўкінса адвітацца з маткай. Рэдрэт можа суправаджаць яго. Потым хай абодва, не трацячы часу, імчацца ў Брыстоль.

Джон Трэлоўні.

Post scriptum[1]. Забыў вам паведаміць, што Блэндлі, які, дарэчы, абяцаў паслаць нам на дапамогу другі карабль, калі мы не вернемся да жніўня, знайшоў для нас выдатнага капітана. Капітан гэты вельмі добры чалавек, але, на жаль, упарты, як чорт. Доўгі Джон Сільвер адшукаў нам вельмі добра ведаючага сваю справу штурмана, які завецца Эроў. А я, Лівсі, дастаў боцмана, які ўмее граць на ражку. Як бачыце, на нашай дарагой „Іспан'ёле“ ўсё будзе, як на сапраўдным ваенным караблі.

Забыў напісаць вам, што Сільвер — чалавек заможны. Паводле маіх вестак, у яго бягучы рахунак у банку, і не маленькі. Таверну сваю ён на час падарожжа перадае жонцы. Жонка яго не належыць да белай расы. І такім старым нежанатым, як мы з вамі выбачна западозрыць, што менавіта жонка, а не дрэннае здароўе, гоніць яго ў адкрытае мора.

Д. Т.

P.P.S. Гоўкінс можа пабыць адзін вечар у сваёй маці.

Д. Т.“

Няцяжка ўявіць сабе, як усхвалявала мяне гэта пісьмо. Я быў у незвычайным захапленні. Усім сэрцам зневажаў я старога Тома Рэдрэта, які толькі бурчэў і скуголіў. Кожны з малодшых егераў са здавальненнем паехаў-бы замест яго. Але сквайр хацеў, каб ехаў Том Рэдрэт, а жаданне сквайра было для іх законам. Ніхто, апрача старога Рэдрэта, не асмеліўся-б нават і прабурчэць.

Наступнай раніцай мы абодва адправіліся пехатой у „Адмірал Бенбоў“. Матку сваю я знайшоў у поўным здароўі. Настрой у яе быў добры. Са смерцю капітана скончыліся ўсе яе непрыемнасці. Сквайр на свой кошт адрамантаваў наш дом. Па яго загаду, сцены і шыльда былі нанова памаляваны. Ён нам даў у падарунак сякую-такую мэблю, у тым ліку выдатнае крэсла, каб маёй маці зручней было сядзець за прылаўкам. На дапамогу ёй ён наняў хлопчыка. Гэты хлойчык павінен быў выконваць абавязкі, якія раней выконваў я.

Толькі ўбачыўшы чужога хлопчыка ў карчме, я ўпяршыню выразна зразумеў, што надоўга расстаюся з родным домам. Да гэтага часу я думаў толькі аб прыгодах, якія чакаюць мяне наперадзе, а не аб доме, які я пакідаю. Гледзячы на непаваротлівага і нязграбнага хлапчука, які заняў маё месца, я ўпершыню заліўся слязмі. Баюся, што я несумленна мучыў і тыраніў яго. Ён яшчэ не паспеў прызвычаіцца да свайго новага месца, а я не дараваў яму ніводнай памылкі і злараднічаў, калі ён памыліўся.

Мінула ноч, і ў наступны дзень пасля абеда мы з Рэдрэтам зноў вышлі на дарогу. Я развітаўся з маткай, з бухтай, каля якой радзіўся, з добрым старым „Адміралам Бенбоў“. Нанова памаляваны, ён зрабіўся нейкім чужым і падабаўся мне менш, чым раней. Успомніў я і капітана, які так часта вандраваў па гэтаму берагу, у трыкутным капелюшы, з шабельным шрамам на шчацэ, несучы падпахай падзорную трубу. Мы павярнулі за вугал, і мой дом знік.

Ужо змяркалася, калі мы каля „Гасцініцы караля Георга“ селі ў паштовы дыліжанс. Мяне ўціснулі паміж Рэдрэтам і нейкім старым тоўстым джэнтльменам. Не гледзячы на хуткую язду і зімную ноч, я адразу заснуў. Мы імчаліся то ўверх, то ўніз, а я спаў, як сурок, і праспаў усе станцыі. Я прачнуўся ад удару ў спіну. Я расплюшчыў вочы. Мы стаялі перад вялікім будынкам на гарадской вуліцы. Ужо даўно развіднела.

— Дзе мы? — спытаўся я.

— У Брыстолі, — адказаў Том. — Вылазь.

Містэр Трэлоўні жыў у гасцініцы каля самых докаў, каб наглядаць за работамі на шкуне. Нам, да вялікай маёй радасці, трэба было ісці па наберажнай даволі далёка, міма мноства караблёў самых рознастайных памераў, аснастак і нацыянальнасцей. На адным працавалі і спявалі. На другім матросы высока над маёй галавой прывязвалі да верхавінак мачтаў канаты, якія знізу здаваліся не таўсцей за павуцінне. Хоць я ўсё жыццё пражыў на беразе мора, тут яно здзівіла мяне так, быццам я ўбачыў яго ўпершыню. Запах дзёгцю і солі быў новы для мяне. Я разглядваў разбярныя фігуркі на насах караблёў, якія пабывалі за акіянам. Я прагна разглядваў старых маракоў з завушнічкамі ў вушах, з закручанымі вусамі, з прасякнутымі дзёгцем касічкамі. Яны сноўдаліся па берагу нязграбнай марской паходкай. Калі-б замест іх мне паказалі каралёў ці архібіскупаў, я ўзрадаваўся-б значна менш.

Я таксама адпраўляюся ў мора! Я адпраўляюся ў мора на шкуне, з боцманам, які грае на ражку, з матросамі, якія носяць касічкі і пяюць песні! Я адпраўляюся ў мора, я паплыву да невядомага вострава шукаць зарытыя ў зямлю скарбы!

Я быў захоплены гэтымі салодкімі марамі пакуль мы не дайшлі, нарэшце, да вялікай гасцініцы. Нас сустрэў сквайр Трэлоўні. На ім быў сіні мундзір. Такія мундзіры звычайна носяць марскія афіцэры. Ён выходзіў з дзвярэй, шырока ўсміхаючыся. Ішоў ён не зыбаючыся, старанна пераймаючы гэтым паходку маракоў.

— Вось і вы! — усклікнуў ён. — А доктар яшчэ ўчора ўвечары прыбыў з Лондана. Вельмі добра! Цяпер уся каманла сабралася!

— О, сэр! — закрычаў я, — калі-ж мы адплываем?

— Адплываем? — паўтарыў ён запытанне. — Мы адплываем заўтра.

Раздзел VIII

ПАД ШЫЛЬДАЙ „ПАДЗОРНАЯ ТРУБА“

Калі я паснедаў, сквайр даў мне запіску да Джона Сільвера ў таверну „Падзорная Труба“. Ён растлумачыў мне, як шукаць яе: ісці па наберажнай, пакуль не ўбачыш над дзвярыма вялікую трубу замест шыльды. Я ўзрадаваўся гэтай магчымасці яшчэ раз паглядзець на караблі і матросаў і зараз-жа адправіўся ў дарогу. Ледзь прабіраючыся скрозь натоўп народу, што таўхаўся на прыстані, сярод пакункаў і фургонаў, я знайшоў, нарэшце, таверну.

Яна была невялікая і даволі ўтульная: шыльда нядаўна памалявана, на вокнах чыстыя чырвоныя фіранкі, падлога пасыпана чысцейшым пяском. Таверна выходзіла на дзве вуліцы. Абедзве палавінкі дзвярэй былі расчынены насцеж, і ў прасторным нізкім пакоі было досыць светла, не гледзячы на клубкі табачнага дыму.

За столікамі сядзелі маракі. Яны так гучна гаварылі паміж сабой, што я спыніўся каля дзвярэй, не адважваючыся ўвайсці.

З бакавога пакоя вышаў чалавек. Я адразу зразумеў, што гэта і ёсць Доўгі Джон. Левая нага яго была адрэзана да самага бядра. Пад левым плячом ён трымаў кастыль і незвычайна зручна карыстаўся ім, падскокваючы, як птушка, на кожным кроку. Гэта быў вельмі высокі і дужы мужчына з шырокім, як шынка, плоскім і бледным, але разумным, з усмешкай, тварам. Яму, здавалася, было вельмі весела. Пасвістваючы, шныраў ён паміж столікамі, жартаваў, пахлопваючы па плячах наведвальнікаў, якія яму больш падабаліся.

Прызнацца, прачытаўшы аб Доўгім Джоне ў пісьме сквайра, я з жахам падумаў, ці не той гэта аднаногі марак, якога я так доўга падсочваў у старым „Бенбоў“. Але варта было мне зірнуць на яго, і ўсе мае падазрэнні рассеяліся. Я бачыў капітана, бачыў Чорнага Пса, бачыў сляпога П'ю і меркаваў, што ведаю, які выгляд у марскіх разбойнікаў, — не, ніколькі не падобны на разбойніка гэты ахайны і добрадушны гаспадар таверны.

Я набраўся смеласці, пераступіў праз парог і накіраваўся проста да Сільвера, які, абапёршыся на кастыль, размаўляў з нейкім наведвальнікам.

— Містэр Сільвер, сэр? — спытаў я, падаючы яму запіску.

— Так, мой хлопчык, — сказаў ён. — Мяне завуць Сільвер. А ты хто такі?

Але, убачыўшы пісьмо сквайра, ён адразу заззяў.

— О, — гучна ўсклікнуў ён, працягваючы мне руку, — разумею! Ты наш новы юнга. Рады цябе бачыць.

І ён моцна сціснуў маю руку ў сваёй шырокай і дужай далоні.

У гэтую хвіліну якісьці чалавек, што сядзеў у далейшым куце, раптам ускочыў з месца і кінуўся да дзвярэй. Дзверы былі побач з ім, і ён адразу знік на вуліцу. Але паспешнасць яго звярнула маю ўвагу, і я, глянуўшы на яго, пазнаў адразу. Гэта быў чалавек з трыма пальцамі, з блішчэўшым ад тлушча тварам, той самы, які прыходзіў да нас у карчму.

— Эй, — закрычаў я, — трымайце яго! Гэта Чорны Пёс! Чорны Пёс!

— Мне напляваць, як яго завуць! — усклікнуў Сільвер. — Але ён уцёк і не заплаціў мне за выпіўку. Гары, бяжы і злаві яго!

Адзін з сядзеўшых каля дзвярэй ускочыў і кінуўся наўздагон.

— Будзь ён хоць адмірал Гок, я і то прымусіў-бы яго заплаціць! — крычаў Сільвер.

Потым, раптам адпусціўшы маю руку, спытаў:

— Як яго завуць? Ты сказаў Чорны… як далей? Чорны хто?

— Пёс, сэр, — сказаў я. — Хіба містэр Трэлоўні не расказваў вам пра нашых разбойнікаў? Чорны Пёс з іх шайкі.

— Што? — зароў Сільвер. — У маім доме! Бен, бяжы і памажы Гары дагнаць яго. Дык ён разбойнік — адзін з іх шайкі? Эй, Марган, ты, здаецца, сядзеў з ім за адным сталом? Хадзі сюды.

Чалавек, якога ён назваў Марганам, — стары, сівы, загарэлы марак — пакорна падышоў да яго, жуючы табачную жвачку.

— Ну, Марган, — строга запытаў Доўгі, — ці бачыў ты калі-небудзь раней гэтага Чорнага… Як яго… Чорнага Пса?

— Ніколі, сэр, — адказаў Марган і пакланіўся.

— І нават імя яго не чуў?

— Не чуў, сэр.

— Ну, тваё шчасце, Том Марган! — усклікнуў карчмар. — Калі ты пачнеш блытацца з усякай сволаччу, нагі тваёй не будзе ў маёй установе. Аб чым ён з табой гаварыў?

— Не памятаю добра, сэр, — адказаў Марган.

— І ты можаш назваць галавой тое, што ў цябе на плячах? — закрычаў Доўгі Джон. — Ён не памятае добра! Магчыма, ты і не ўяўляеш сабе, з кім ты размаўляў! Ну, выкладвай, аб чым ён зараз гаварыў? Вы разважалі абодва аб плаваннях, караблях, капітанах? Ну! Зараз-жа!

— Мы гаварылі аб тым, як у нас у флоце перацягваюць людзей на вяроўцы пад кілем карабля, — адказаў Марган.

— Пад кілем карабля! Размова якраз для цябе падыходзіць. Эх ты! Ну, сядай на месца, Том.

Калі Марган сеў за свой столік, Сільвер па-яброўску нахіліўся да майго вуха, што мне вельмі пальсціла, і прашаптаў:

— Сумленнейшы хлапец гэты Том Марган, але жахлівы дурань. А зараз, — працягваў ён уголас, — паспрабуем успомніць. Чорны Пёс? Не, ніколі не чуў аб такім. Як быццам я яго дзесьці бачыў. Ён нярэдка… так… так… заходзіў сюды з нейкім сляпым жабраком.

— Так, так, са сляпым! — усклікнуў я. — Я і сляпога гэтага ведаў. Яго звалі П'ю.

— Правільна! — усклікнуў Сільвер, на гэты раз вельмі ўсхваляваны. — Якраз так яго і звалі. З выгляду ён быў вялікі шэльма. Калі гэты Чорны Пёс пападзецца нам у рукі, капітан Трэлоўні будзе вельмі здаволены. У Бена — вельмі добрыя ногі. Рэдкі марак бегае хутчэй за Бена. Не, ад Бена не ўцячэш. Бен каго хочаш дагоніць. Дык ён гаварыў аб тым, як працягваюць маракоў на канаце? Добра, добра, ужо-ж мы працягнем яго самога.

Сільвер скакаў на сваім кастылі, стукаў кулаком па сталах і гаварыў з такім шчырым абурэннем, што нават найбольш недаверлівы суддзя паверыў-бы, што Сільвер зусім невінаваты.

Сустрэча з Чорным Псом у „Падзорнай Трубе“ ўзбудзіла ўсе мае ранейшыя падазрэнні, і я ўважліва сачыў за поварам. Але ён быў занадта разумны, знаходчывы і спрытны для мяне.

Нарэшце, вярнуліся тыя двое, якіх ён паслаў наўздагон за Чорным Псом. Цяжка дыхаючы, яны паведамілі, што Чорнаму Псу ўдалося схавацца ад іх у натоўпе. І карчмар пачаў лаяць іх з такой ярасцю, што я канчаткова ўпэўніўся што Доўгі Джон зусім не вінаваты.

— Слухай, Гоўкінс, — сказаў ён, — для мяне гэтая гісторыя можа скончыцца кепска. Што падумае аба мне капітан Трэлоўні? Гэты пракляты бандыт сядзеў у маім доме і глытаў маю выпіўку! Пасля прыходзіш ты і кажаш мне, што ён з разбойніцкай шайкі. І ўсё-ж я даю яму ўцячы ад цябе. Ну, Гоўкінс, падтрымай мяне перад капітанам Трэлоўні. Ты малады, але не дурны. Цябе не ашукаеш. Так, так, так! Я гэта адразу заўважыў. Растлумач-жа капітану, што я на сваёй дзеравяжцы ніяк не мог дагнаць гэтага чортава пса. Калі-б я быў першакласны марак, як у стары час, ён-бы ад мяне не ўцёк, але цяпер…

Ён раптам змоўк і шырока разявіў рот, быццам нешта ўспомніў.

— А грошы? — крыкнуў ён. — За тры кружкі! Вось чорт пра грошы-та я і забыў!

Рынуўшыся на лаўку, ён зарагатаў і рагатаў да той пары, пакуль слёзы не пацяклі ў яго па шчаках. Рогат яго быў так заразлівы, што я не ўтрымаўся і пачаў рагатаць разам з ім, пакуль уся таверна не задрыжэла ад хохату.

— Я хоць і стары, а якога разыграў з сябе марскога цяля! — сказаў ён, нарэшце, выціраючы вочы. — Я бачу, Гоўкінс, мы з табой будзем добрая пара. Сапраўды, я і зараз яшчэ юнга ў душы. Аднак, трэба ісці: справа ёсць справа, дарагія таварышы! Я надзену трохкутку і пайду разам з табой да капітана Трэлоўні далажыць яму пра ўсё, што здарылася. А справа такі сур'ёзная, Гоўкінс. І, трэба прызнацца, ні мне, ні табе не робіць гонару. Не, не! Ні мне, ні табе: абодвух нас абдурылі здорава. Аднак, чорт яго вазьмі, як ашукаў ён мяне з гэтымі грашыма!

Ён зноў зарагатаў ды з такім запалам, што я, хоць не бачыў тут нічога смешнага, прымушаны быў зноў далучыцца да яго.

Мы пайшлі па наберажнай, і Сільвер паказаў незвычайныя здольнасці захапляць сваім расказам. Аб кожным караблі, міма якога мы праходзілі, ён паведамляў мне мноства вестак: як наладжаны яго парусы, колькі ён можа падняць грузу, з якой краіны ён прыбыў. Ён растлумачыў мне работу, якая адбывалася ў порце: адно судно разгружаюць, другое нагружаюць, а вунь тое, трэцяе, зараз выходзіць у адкрытае мора. Ён расказваў мне вясёлыя гісторыі аб караблях і мараках. Раз-по-раз ужываў ён усялякія марскія слоўцы і паўтараў іх па некалькі разоў, каб я лепш запомніў іх. Я пачаў пакрыху разумець, што лепшага таварыша, чым Сільвер, у марскім падарожжы не знайсці.

Нарэшце, мы прышлі ў гасцініцу. Сквайр і доктар Лівсі пілі піва, закусваючы падсмажанымі кавалачкамі белага хлеба.

Яны меркавалі пайсці на шкуну — паглядзець, як яе прырыхтоўваюць.

Доўгі Джон расказаў ім усё, што здарылася ў таверне спачатку і да канца, вельмі палка і зусім праўдзіва.

— Дык яно-ж так і было, не праўда, Гоўкінс? — пытаўся ён у мяне кожную хвіліну.

І я кожны раз цалкам пацвярджаў яго словы.

Абодва джэнтльмены вельмі шкадавалі, што Чорнаму Псу ўдалося ўцячы. Але што можна было зрабіць? Выслухаўшы іх пахвалы, Доўгі Джон узяў кастыль і накіраваўся да выхаду.

— Камандзе быць на караблі ў чатыры гадзіны дня! — крыкнуў сквайр яму наўздагон.

— Ёсць, сэр, — адказваў повар, кандыбаючы ў праходзе.

— Ну, сквайр, — сказаў доктар Лівсі, — кажучы адкрыта, я не цалкам адабраю большасць здабыткаў, зробленых вамі, але гэты Джон мне да густу.

— Цудоўны хлопец, — адклікнуўся сквайр.

— Джым пойдзе зараз з намі на шкуну, ці не так? — дадаў доктар.

— Вядома, вядома, — сказаў сквайр. — Гоўкінс, вазьмі свой капялюш, зараз мы пойдзем паглядзець наш карабль.

Раздзел IX

ПОРАХ І ЗБРОЯ

„Іспан'ёла“ стаяла даволі далёка ад берага. Каб дабрацца да яе, нам давялося ўзяць лодку і прабірацца сярод другіх караблёў. Перад намі вырасталі то ўпрыгожаны фігурамі нос, то карма. Канаты суднаў рыпелі пад нашым кілем і звешваліся ў нас над галовамі. На борце нас вітаў штурман, містэр Эроў, стары марак, касавокі і загарэлы, з завушніцамі ў вушах. Паміж ім і сквайрам былі, відаць, найбольш блізкія і прыяцельскія адносіны.

Але капітан са сквайрам відавочна не пагаджаліся.

Капітан быў чалавек пануры. Усё на караблі не здавальняла яго. Прычыны свайго нездавалення ён захацеў безадкладна выкласці перад намі. Ледзь мы спусціліся ў каюты, як з'явіўся матрос і сказаў:

— Капітан Смолет, сэр, хоча з вамі пагутарыць.

— Я заўсёды да капітанавых паслуг. Папрасі яго зайсці сюды, — сказаў сквайр.

Капітан, аказалася, стаяў за плячыма свайго пасла. Ён адразу зайшоў у каюту і зачыніў за сабою дзверы.

— Ну, што скажаце, капітан Смолет? Спадзеюся ўсё ў парадку? Шкуна гатова да адплыцця?

— Вось што, сэр, — сказаў капітан, — я буду гаварыць адкрыта, нават рызыкуючы пасварыцца з вамі. Мне не падабаецца гэтая экспедыцыя. Мне не падабаюцца нашы матросы. Мне не падабаецца мой памочнік. Вось і ўсё, коратка і ясна.

— Магчыма, сэр, вам пе падабаецца таксама і шкуна? — спытаў сквайр, і я заўважыў, што ён вельмі разгневаны.

— Я нічога не магу сказаць пра яе, сэр, пакуль не ўбачу яе ў плаванні, — адказаў яму капітан. — Здаецца, яна пабудавана някепска. Але меркаваць аб гэтым яшчэ рана.

— Тады, сэр, магчыма, вам не падабаецца ваш гаспадар? — спытаў сквайр.

Але тут умяшаўся доктар Лівсі.

— Пачакайце, — сказаў ён, — пачакайце. Гэтак нічога, акрама сваркі, не выйдзе. Капітан сказаў нам і занадта многа і занадта мала, і я маю права папрасіць у яго тлумачэнняў. Вы, здаецца, сказалі, капітан, што вам не падабаецца наша экспедыцыя? Чаму?

— Мяне запрасілі, сэр, каб я вёў судно туды, куды пажадае гэты джэнтльмен, і не называлі мэты падарожжа, — сказаў капітан. — Вельмі добра, я ні аб чым не распытваў. Але неўзабаве я пераканаўся, што самы апошні матрос ведае якая мэта падарожжа больш, чым я. Па-мойму, гэта няправільна. А як па-вашаму?

— Па-мойму, таксама, — сказаў доктар Лівсі.

— Далей, — працягваў капітан, — я даведаўся, што мы едзем шукаць скарбы. Я пачуў пра гэта, заўважце, ад сваіх уласных падначаленых. Пошукі скарбаў — наогул не па маёй часці, і я не адчуваю ніякага імкнення да падобных заняткаў, асабліва калі гэтыя заняткі сакрэтныя, а сакрэт (прашу прабачэння, містэр Трэлоўні) выбалтаны, так сказаць, папугаю.

— Папугаю Сільвера? — спытаў сквайр.

— Не, гэта проста прыказка, — растлумачыў капітан. — Яна азначае, што сакрэт ужо ні для кога не сакрэт. Мне здаецца, вы не дагаварваеце, за якую цяжкую справу вы ўзяліся, і я абавязаны папярэдзіць вас, што перад вамі стаіць барацьба не на жыццё, а на смерць.

— Вы зусім правы, — адказаў доктар. — Мы вельмі рызыкуем. Але вы памыляецеся, мяркуючы, што мы не ўяўляем сабе, якія небяспекі чакаюць нас. Затым вы сказалі, што вам не падабаецца наша каманда. Што-ж, па-вашаму, мы нанялі не дастаткова спрактыкаваных і здольных маракоў?

— Не падабаюцца мне яны, — адказаў капітан. — І, калі гаварыць адкрыта, трэба было даручыць набор каманды мне.

— Не супярэчу, — адказаў доктар. — Майму другу, бадай, варта было набіраць каманду разам з вамі. Гэта памылка, але, запэўняю вас, зусім выпадковая. Тут не было нічога наўмыснага. Затым, здаецца, вам не падабаецца містэр Эроў.

— Не падабаецца, сэр. Я веру, што ён добры марак. Але ён занадта распушчае каманду. Ён фамільярна абыходзіцца са сваімі матросамі. Штурман на караблі павінен трымацца ў баку ад матросаў. Ён не можа п'янстваваць з імі.

— Вы хочаце сказаць, што ён п'яніца? — спытаў сквайр.

— Не, сэр, — адказаў капітан. — Я толькі хачу сказаць, што ён занадта распушчае каманду.

— А цяпер, — папрасіў доктар, — скажыце нам проста, капітан, што вам ад нас патрэбна?

— Вы цвёрда рашылі адправіцца ў гэтае плаванне, джэнтльмены?

— Беспаваротна, — адказаў сквайр.

— Вельмі добра, — сказаў капітан. — Паколькі вы дагэтуль цярпліва мяне слухалі, паслухайце і далей. Порах і зброю складваюць у насавой частцы карабля, бліжэй да матросаў. А між тым ёсць вельмі добрае месца пад вашай каютай — чаму-б не пакласці іх туды? Гэта першае. Затым, вы ўзялі з сабой чатырох слуг. Іх, як мне сказалі, таксама хочуць пасяліць у насавой частцы разам з матросамі. Чаму-б не наладзіць для іх ложкі каля вашай каюты? Гэта другое.

— Ёсць і трэцяе? — спытаў містэр Трэлоўні.

— Ёсць, — сказаў капітан. — Залішне многа балбочуць.

— Так, занадта многа балбочуць, — згадзіўся доктар.

— Перадам вам толькі тое, што я чуў сваімі вушамі, — працягваў капітан Смолет. — Кажуць, быццам у вас ёсць карта нейкага вострава, быццам на карце крыжыкамі адзначаны месцы, дзе закапаны скарбы. Быццам гэты востраў знаходзіцца…

І тут ён з поўнай дакладнасцю назваў шырату і даўгату нашага вострава.

— Я не казаў гэтага ні аднаму чалавеку! — усклікнуў сквайр.

Аднак, кожны матрос ведае аб гэтым, сэр, — запярэчыў капітан.

— Гэта вы, Лівсі, усё раэбалталі! — крычаў сквайр. — Ці ты, Гоўкінс.

— Цяпер ужо ўсёроўна, хто разбалтаў, — сказаў доктар.

Я заўважыў, што ні ён, ні капітан не паверылі містэру Трэлоўні, не гледзячы на ўсе яго апраўданні. Я таксама тады не паверыў, таму што ён сапраўды быў славуты балбатун. А цяпер я думаю, што ён казаў праўду і што камандзе было вядома і без нас, дзе знаходзіцца Востраў скарбаў.

— Я, джэнтльмены, не ведаю, у каго з вас хаваецца гэта карта, — працягваў капітан. — І я намагаюся, каб яна хавалася ў сакрэце і ад мяне і ад містэра Эроў. Інакш я буду прасіць вас зволіць мяне.

— Разумею, — сказаў доктар. — Па-першае, вы хочаце спыніць лішнія гутаркі. Па-другое, вы хочаце сабраць усіх надзейных людзей у кармавой часці карабля. Інакш кажучы, вы непакоіцеся, каб не ўспыхнуў бунт.

— Сэр, — сказаў капітан Смолет, — я не хочу, каб вы лічылі маімі словы, якіх я не казаў. Ні адзін капітан не згодзіцца выйсці ў мора, калі ў яго ёсць падставы баяцца бунта. Я ўпэўнены, што містэр Эроў — сумленны чалавек. Шмат хто з матросаў таксама сумленныя людзі. Магчыма, усе яны — сумленныя людзі. Але я адказваю за безапаснасць карабля і за жыццё кожнага чалавека на борце. Я бачу, што шмат што робіцца не так, як належыць. Дазвольце мне прыняць меры перасцярогі, або звольце мяне. Вось і ўсё.

— Капітан Смолет, — пачаў доктар, усміхаючыся, — вы чулі байку аб гары, якая нарадзіла мыш? Прабачце мяне, але вы нагадалі мне гэтую байку. Калі вы з'явіліся сюды, я гатоў быў паклясціся маім парыком, што вы патрабуеце ад нас значна большага.

— Вы вельмі здагадлівы, доктар, — сказаў капітан. — З'явіўшыся сюды, я хацеў патрабаваць разліку, бо ў мяне не было ніякай надзеі, што містэр Трэлоўні згодзіцца выслухаць хоць адно маё слова.

— І не слухаў-бы! — крыкнуў сквайр. — Калі-б не Лівсі, я адразу паслаў-бы вас да ўсіх чарцей. Але, я ўсё-ж такі выслухаў вас. І зраблю ўсё, што вы патрабуеце. Аднак, мая думка пра вас змянілася ў горшы бок.

— Гэта як вам падабаецца, сэр, — сказаў капітан. — Пасля вы зразумееце, што я выканаў свой абавязак.

Ён адышоў.

— Трэлоўні, — сказаў доктар, — нечакана для сябе я пераканаўся, што вы запрасілі на карабль двух сумленных людзей — капітана Смолета і Джона Сільвера.

— Наконт Сільвера я з вамі згодзен, — усклікнуў сквайр, — а паводзіны гэтага нязноснага хлусніка я лічу нявартымі мужчыны, нявартымі марака і, у кожным выпадку, нявартымі англічаніна.

— Добра, — сказаў доктар, — пабачым.

Калі мы вышлі на палубу, матросы ўжо пачалі перацягваць зброю і порах. „Йо-хо-хо“ спявалі яны ў часе работы. Капітан і містэр Эроў распараджаліся.

Мне вельмі спадабалася, як нас размясцілі па-новаму. На карме было абсталявана шэсць кают, якія злучаліся запасным праходам з камбузам і кубрыкам. Спачатку іх вызначылі для капітана, містэра Эроў, Гентэра, Джойса, доктара і сквайра. Але пасля дзве з іх аддалі Рэдрэту і мне, а містэр Эроў і капітан прыладзіліся на палубе ў нізкім пакоіку над трапам, які быў так пашыраны, што мог быць скарыстаны, як дазорная будка. Ён, вядома, быў цеснаваты, але ўсё-ж у ім змясціліся два гамакі. Нават штурман, здавалася, быў задаволены такім размяшчэннем. Магчыма, ён таксама не давяраў камандзе. Аднак, гэта толькі маё меркаванне, таму што, як вы хутка ўбачыце, ён нядоўга знаходзіўся на шкуне.

Мы старанна працавалі, перацягваючы порах і ўпарадкоўваючы нашы каюты, калі, нарэшце, з берага з'явіліся апошнія матросы і разам з імі Доўгі Джон.

Повар узышоў на судно са спрытнасцю малпы і, як толькі заўважыў, чым мы заняты, крыкнуў:

— Эй, прыяцелі, што-ж вы робіце?

— Пераносім бочкі з порахам, Джон, — адказаў адзін з матросаў.

— Навошта, чорт вас вазьмі? — закрычаў Доўгі. — Дык гэтак мы праваронім ранішні адліў.

— Яны выконваюць мой загад! — абарваў яго капітан. — А вы, мілейшы, ідзіце ў кухню, каб матросы маглі павячэраць своечасова.

— Слухаю, сэр, — адказаў повар.

І, дакрануўшыся рукой да трыкуткі, нырнуў у кухонныя дзверы.

— Вось гэта слаўны чалавек, капітан, — сказаў доктар.

— Вельмі магчыма, сэр, — адказаў капітан Смолет. — Асцярожней, асцярожней, хлопцы!

І ён пабег да матросаў. Матросы цягнулі бочку з порахам. Раптам ён заўважыў, што я стаю і гляджу на вяртлюг, які мы ўстанавілі ў цэнтры палубы. І зараз-жа наляцеў на мяне.

— Эй, юнга, — крыкнуў ён, — прэч адсюль! Ідзі да повара, ён дасць табе работу.

І, бягучы на кухню, я чуў, як ён голасна сказаў доктару:

— Я не пацярплю, каб на караблі ў мяне былі ўлюбёнчыкі!

Запэўняю вас, што ў гэтую хвіліну, я цалкам згадзіўся са сквайрам, што капітан — нязносны чалавек, і запалаў да яго гарачай нянавісцю.

Раздзел Х

ПЛАВАННЕ

Сумяціца працягвалася ўсю ноч. Мы перацягвалі рэчы з месца на месца. Шлюпка раз-по-раз прывозіла з берага прыяцеляў сквайра, накшталт містэра Блэндлі, прыехаўшых пажадаць яму шчаслівага плавання і шчаслівага звароту дадому. Ніколі раней у „Адмірале Бенбоў“ мне не даводзілася працаваць так многа.

Я ўжо змарыўся, як сабака, калі перад самым досвіткам боцман зайграў на ражку, і каманда пачала падымаць якар.

Аднак, калі-б нават я змарыўся ўдвая больш, я і то не зышоў-бы з палубы. Усё было нова і прывабна для мяне — і кароткія загады, і рэзкі гук ражка, і людзі, якія мітусліва працавалі пры цмяным святле карабельных ліхтароў.

— Эй, Кумпяк, заспявай песню! — крыкнуў адзін з матросаў.

— Старую! — крыкнуў другі.

— Добра, хлопцы, — адказаў Доўгі Джон, які стаяў тут-жа, на палубе, з кастылём падпахай.

І заспяваў песню, якая была так добра мне вядома

Пятнаццаць чалавек на скрынцы мерцвяка…

І і ўся каманда падхапіла хорам:

Йо-хо-хо, і бутэлька рому!

І пры трэцім „хо“, дружна вырвала рычагі кабестана.

Мне ўспомніўся наш стары „Адмірал Бенбоў“, здалося, быццам голас нябожчыка Бонса раптам далучыўся да матроскага хору. Хутка якар быў падняты і замацаваны на носе. Вецер раздзьмуў парусы. Зямля адступіла. Караблі, акружаўшыя нас, пачалі аддаляцца. І, перш чым я лёг на ложку, каб падрамаць хоць гадзінку, „Іспан'ёла“ пачала сваё плаванне да Вострава скарбаў.

Я не буду апісваць падрабязнасці нашага падарожжа. Яно было вельмі ўдачным. Карабль аказаўся ўзорным, каманда складалася са спрактыкаваных маракоў, капітан дасканала ведаў сваю справу. Але, перш чым мы дасягнулі Вострава скарбаў, адбыліся два-тры здарэнні, аб якіх варта спамянуць.

Раней за ўсё высветлілася, што містэр Эроў значна горшы, чым думаў аб ім капітан. Ён не карыстаўся сярод матросаў ніякім аўтарытэтам, і яго ніхто не слухаўся. Праз дзень-два пасля адплыцця ён з'яўляўся на палубе з цмянымі вачыма, чырвонымі шчокамі, з языком, які заплятаўся ды іншымі адзнакамі ап'янення. Час ад часу яго даводзілася з ганьбай гнаць у каюту. Ён часта падаў і разбіваўся. Здаралася, цэлыя дні ён ляжаў у сябе на ложку, не ўстаючы. Бывала, канешне, ён дні два хадзіў бадай што цвярозы і тады сяк-так спраўляўся са сваімі абавязкамі.

Мы ніяк не маглі зразумець, адкуль ён дастае выпіўку. Увесь карабль ламаў галаву над гэтай загадкай. Мы сачылі за ім, але нічога не высачылі. Калі мы пыталіся ў яго напрасцяк, ён, калі быў п'яны, толькі рагатаў нам у вочы, а калі быў цвярозы, урачыста кляўся, што за ўсё жыццё нічога не піў, апрача вады.

Як штурман, ён быў зусім няздатны і аказваў дрэнны ўплыў на сваіх падначаленых. Было ясна, што ён дрэнна скончыць. І ніхто не здзівіўся і не засмуціўся, калі аднойчы, ў цёмную бурную ноч ён знік з карабля.

— Зваліўся за борт! — парашыў капітан. — Што-ж, джэнтльмены, гэта пазбавіла нас ад неабходнасці закуваць яго ў кандалы.

Такім чынам мы засталіся без штурмана. Трэба было вылучыць на гэтую пасаду каго-небудзь з каманды. Быў абраны боцман Джон Эндэрсон. Яго па-ранейшаму называлі боцманам, але выконваў ён абавязкі штурмана.

Містэр Трэлоўні, які шмат вандраваў і добра ведаў мора, таксама спатрэбіўся ў гэтай справе — ён стаяў у добрае надвор'е на вахце. Другі боцман, Ізраэль Гэндс, быў старанны, стары, спрактыкаваны марак, якому можна было даручыць любую работу.

Ён, між іншым, вельмі дружыў з Доўгім Джонам Сільверам, і паколькі ўжо я спамянуў імя Сільвера, давядзецца расказаць пра яго больш падрабязна.

Матросы называлі яго Кумпяком. Ён прывязваў свой кастыль рэмянем да шыі, каб рукі ў яго былі вольныя. Варта было паглядзець, як ён, упіраючыся кастылём у сцяну, зусім не адчуваючы качкі, варыў ежу, быццам знаходзіўся на цвёрдай зямлі. Яшчэ цікавей было бачыць, як зручна і хутка прабягаў ён у бурную пагоду па палубе, хапаючыся за канаты, спушчаныя ў найбольш шырокіх месцах. Гэтыя канаты называліся ў матросаў „завушніцы Доўгата Джона“. І на хаду ён то трымаўся за гэтыя завушніцы, то скарыстоўваў кастыль, то цягнуў яго за сабой на рамяні.

Усе-ж матросы, якія плавалі з ім раней, вельмі шкадавалі, што ён ужо не той, якім быў.

— Наш Кумпяк не просты чалавек, — казаў мне другі боцман. — Калі ён быў малады, ён быў школярам і, калі захоча, можа размаўляць як кніжка. А які ён храбры! Леў перад ім нішто, перад нашым Доўгім Джонам. Я сам бачыў, як на яго, бяззбройнага, напалі ў чатырох, а ён схапіў іх і стукнуў галовамі вось так, ён, бяззбройны калека.

Уся каманда адносілася да яго з пашанай і нават падначальвалася яго загадам. З кожным ён умеў пагутарыць, кожнаму ўмеў дагадзіць. Са мной ён заўсёды быў асабліва ласкавым. Усякі раз радаваўся, калі я заходзіў да яго на кухню, якую ён утрымоўваў у здзіўляючай чыстаце. Начынне ў яго заўсёды было акуратна размешчана і вычышчана да бляску. У куце, у клетцы, сядзеў папугай.

— Гоўкінс, — казаў ён мне. — Заходзь, пагутары з Джонам. Нікому я не радуюся так, як табе, сынок. Сядай і паслухай. Вось капітан Флінт — я назваў майго папугая Капітанам Флінтам у гонар славутага пірата, — дык вось, Капітан Флінт прадракае, што наша плаванне скончыцца ўдачна. Верна, Капітан?

І папугай пачынаў з неймавернай хуткасцю паўтараць:

— Піястры! Піястры! Піястры!

І паўтараў датуль, пакуль не знясілеў, або пакуль Джон не кідаў на яго клетку хустку.

— Гэтай птушцы, — казаў ён, — напэўна, год дзвесце, Гоўкінс. Папугаі жывуць бясконца. Хіба толькі чорт пабачыў на сваім вяку столькі зла, колькі мой папугай. Ён плаваў з Інглэндам, з праслаўленым капітанам Інглэндам, піратам. Ён быў на Мадагаскары, на Малабары, у Сурынаме, у Провідэнсе, у Порто-Бэло. Ён бачыў, як вылаўліваюць груз з патануўшых караблёў. Вось тады ён навучыўся крычаць: „Піястры“. І тут няма чаму здзіўляцца. У той дзень вылавілі трыста пяцьдзесят тысяч піястраў, Гоўкінс! Гэты папугай прысутнічаў пры нападзе на віцэ-караля Вест-Індыі недалёка ад Гоа. А па выгляду ён здаецца дзіцянём. Але ты панюхаў пораху! Ці не праўда, Капітан?

— Паварочвай на другі галс! — крычаў папугай.

— Ён у мяне выдатны марак, — прыгаварваў повар і частаваў папугая кавалачкамі цукру, якія даставаў з кішэні.

Папугай даўбаў дзюбай клеткавыя краты і лаяўся непрыстойнымі словамі.

— Пажывеш сярод дзёгцю, мімаволі запэцкаешся, — вытлумачыў мне Джон. — Гэта бедная старая нявінная птушка лаецца, як тысяча чарцей, але яна не разумее, што кажа. Яна лаялася-б, як кажуць, і перад панам богам.

Пры гэтых словах Джон так урачыста дакранаўся да пасмы валос, якая звісала з ілба, што я палічыў яго за найбольш шляхетнага чалавека ў свеце.

Адносіны паміж сквайрам і капітанам Смолетам былі паранейшаму вельмі непрыязныя. Сквайр, зусім адкрыта, адклікаўся аб капітане пагардліва. Капітан ніколі не хацеў гаварыць са сквайрам, а калі сквайр пытаў пра што-небудзь, адказваў рэзка, коратка і суха. Вычэрпаўшы доказы, ён прымушаны быў прызнацца, што памыліўся, калі кепска характарызаваў каманду. Шмат якія матросы працавалі ўзорна, і паводзіны ўсёй каманды былі дасканалыя. А шкуна надзвычайна спадабалася яму.

— Яна слухаецца руля, як добрая жонка слухаецца мужа, сэр. Але, — дадаў ён, — дадому мы яшчэ не вярнуліся, і наша плаванне мне паранейшаму вельмі не падабаецца.

Сквайр пры гэтых словах паварочваўся да яго спіной і пачынаў хадзіць па палубе, задраўшы падбародак угару.

— Яшчэ крыху, — казаў ён, — і гэты чалавек канчаткова вывядзе мяне з цярпення.

Нам давялося перанесці буру, якая толькі пацвердзіла якасці нашай „Іспан'ёлы“. Каманда здавалася была задаволена, ды і нядзіўна. Па-мойму, ні на адным караблі не было так добра камандзе. Карысталіся ўсякім повадам, каб выдаць маракам падвойную порцыю грога. Варта было сквайру пачуць аб дні нараджэння каго-небудзь з матросаў, і зараз-жа наладжвалі свята для ўсіх. На палубе заўсёды стаяла бочка з яблыкамі, каб кожны, хто толькі пажадае, мог паласавацца імі, калі яму захочацца.

— Нічога добрага не выйдзе з гэтага, — казаў капітан доктару Лівсі. — Гэта іх толькі псуе. Вы мне такі паверце.

Аднак, бочка з яблыкамі, як вы ўбачыце, саслужыла нам вельмі добрую справу. Толькі дзякуючы гэтай бочцы мы былі ў пару папярэджаны аб небяспецы і не загінулі ад рукі здраднікаў.

Вось як гэта адбылося.

Мы ўжо знаходзіліся недалёка ад вострава, да якога плылі, — дакладнага месцазнаходжання яго я не маю права паведаміць. Удзень і ўноч глядзелі мы ўдалячынь, чакаючы, што ўбачым яго на кругавідзе. Паводле вылічэнняў, нам заставалася плыць менш за суткі. Або сёння ноччу, або, найпазней, заўтра перад палуднем мы ўбачым Востраў скарбаў. Кірунак трымалі на поўдзень-паўднёва-захад. Дзьмуў роўны вецер. Мора было спакойнае. „Іспан'ёла“ імчалася наперад, часам зарываючыся ў хвалю носам. Усё ішло вельмі добра. Усе знаходзіліся ў надзвычайным настроі, усе радаваліся сканчэнню першай паловы нашага плавання.

Калі зайшло сонца і работа мая была скончана, я, накіроўваючыся да свайго ложка, раптам падумаў, што някепска было-б з'есці яблык. Хутка выбег я на палубу. Вахценныя стаялі на носе і глядзелі ў мора, спадзяючыся ўбачыць востраў. Рулявы, назіраючы за паветраным кутом парусаў, ціхенька пасвістваў. Усё было ціха, толькі вада шамацела за бортам.

Аказалася, што ў бочцы ўсяго адзін яблык. Каб дастаць яго, мне давялося ўлезці ў бочку. Седзячы там у цемры, убаюканы пляскам вады і роўным калыханнем карабля, я ледзь не заснуў. Раптам нехта важка апусціўся побач з бочкай на палубу. Бочка ледзь-ледзь захісталася: ён абапёрся аб яе спіной. Я ўжо рыхтаваўся выскачыць, як раптам гэты чалавек загаварыў. Я пазнаў голас Сільвера, і, раней чым ён паспеў вымавіць дзесяць слоў, я рашыў не вылазіць з бочкі ні за што на свеце. Я ляжаў на дне, дрыжэў і ўслухоўваўся, задыхаючыся ад страху і цікавасці. З першага-ж дзесятка слоў я зразумеў, што жыццё ўсіх сумленных людзей на караблі знаходзіцца ў мяне ў руках.

Раздзел ХІ

ШТО Я ПАЧУЎ, СЕДЗЯЧЫ Ў БОЧЦЫ З-ПАД ЯБЛЫК

— Не, не я, — сказаў Сільвер. — Капітанам быў Флінт. А я быў кватэрмейстар, таму што ў мяне нага драўляная. Я страціў нагу ў тым-жа баі, у якім стары П'ю страціў свае вочы. Мне ампутыраваў яе вучоны хірург — ён вучыўся ў каледжы і ведаў усю латынь напамяць. А ўсё-ж не выкруціўся ад шыбеніцы — яго падцягнулі ў Корсо-Касле, як сабаку, сушыцца на сонейку… Побач з іншымі. Так! Гэта былі людзі Робертса, і загінулі яны, таму што змянялі назвы сваіх караблёў. Сёння карабль называецца „Каралеўскае шчасце“, а заўтра як-небудзь інакш. А па-нашаму — як ахрысцілі судно, так яно заўсёды і павінна называцца. Мы не змянялі назвы „Касандры“, і яно шчасліва даставіла нас дамоў з Малабара пасля таго, як Інглэнд захапіў віцэ-караля Індыі. Не змяняў свайго прозвішча і „Морж“, стары карабль Флінта, а золата на ім было столькі, што ён ледзь не затануў.

— Эх, — пачуў я захоплены голас аднаго найбольш малодшага з нашых матросаў, — які малайчына гэты Флінт!

— Дэвіс, кажуць, быў не горшы, — сказаў Сільвер. — Але я ніколі з ім не плаваў. Я плаваў спачатку з Інглэндам, пасля з Флінтам. А цяпер вышаў у мора сам. Я зарабіў дзевяцьсот фунтаў стэрлінгаў у Інглэнда ды тысячы са дзве ў Флінта. Для простага матроса гэта не так дрэнна. Грошы пакладзеныя ў банк і даюць добры процант. Дзе цяпер людзі Інглэнда? Не ведаю. Дзе людзі Флінта? Большая частка тут, на караблі, і рады, што папалі сюды. Шмат хто з іх жылі на беразе, як апошнія жабракі. З голаду дохлі, далі-бог. Стары П'ю, калі аслеп, пачаў пражываць тысячу дзвесце фунтаў у год, нібы лорд з парламента. Дзе ён цяпер? Памёр і гніе пад зямлёй. Але два гады назад яму ўжо не было чаго есці. Ён жабраваў, ён краў, ён рэзаў глоткі і ўсё-такі не мог пракарміцца.

— Вось і будзь піратам пасля гэтага! — сказаў малады марак.

— Так, але не будзь дурны! — усклікнуў Сільвер. — Аднак, не аб табе размова: ты хоць малады, але недурны. Цябе не ашукаеш, не! Я гэта адразу заўважыў, як толькі ўбачыў цябе, і буду размаўляць з табой, як з мужчынам.

Можаце сабе ўявіць, што я адчуў, калі пачуў, як гэты стары ашуканец кажа другому тыя-ж самыя ліслівыя словы, якія казаў мне. Калі-б я мог, я забіў-бы яго…

А тым часам Сільвер працягваў гутарку, не западозрываючы, што яго падслухоўваюць:

— Так заўсёды з джэнтльменамі ўдачы[2]. Жыццё ў іх цяжкае, яны заўсёды рызыкуюць папасці на шыбеніцу, але ядуць і п'юць, як баявыя пеўні перад боем. Яны адыходзяць у плаванне з сотнямі медных грошай, а вяртаюцца з сотнямі фунтаў. Прап'юць здабычу, растрацяць грошы — ды зноў у мора, у адных кашулях. Але я раблю не так. Я ўкладваю ўсе грошы часткамі ў розныя банкі, каб не выклікаць падазрэння. Мне пяцьдзесят год, заўваж. Вярнуўшыся з гэтага плавання, я буду жыць, як жывуць самыя сапраўдныя джэнтльмены. Годзе мне, кажаш? Ну што-ж, я пажыў някепска. Ніколі ні ў чым сабе не адмаўляў. Мякка спаў і смачна еў. Толькі ў моры даводзілася часам тугавата. А як я пачаў? Матросам як ты.

— Аднак-жа ранейшыя вашы грошы цяпер прападуць, — сказаў малады матрос. — Як вы пакажэцеся ў Брыстолі пасля гэтага плавання?

— А дзе, па-твойму, цяпер мае грошы, — запытаў Сільвер насмешліва.

— У Брыстолі, у банках ды іншых месцах, — адказаў матрос.

— Так, яны былі там, — сказаў повар. — Яны былі там, калі мы падымалі наш якар. Але цяпер мая старая ўжо ўзяла іх адтуль. „Падзорная Труба“ прададзена з усімі патрахамі, а старая выехала і чакае мяне ва ўмоўленым месцы. Я-б сказаў табе, дзе гэта месца, таму што цалкам давяраю табе, ды баюся, астатнія пакрыўдзяцца, чаму я не сказаў і ім.

— А сваёй старой вы давяраеце? — спытаў матрос.

— Джэнтльмены ўдачы, — адказаў повар, — рэдка давяраюць адзін аднаму і гэта правільна. Але мяне ашукаць нялёгка. Хто паспрабуе зрабіць якую-небудзь каверзу старому Джону, нядоўга пражыве на гэтым свеце. Адны баяліся П'ю, другія — Флінта. А мяне баяўся сам Флінт. Баяўся мяне і ганарыўся мною… Каманда ў яго была адважная. Сам чорт, і той не рашыўся-б пусціцца з ёй у адкрытае мора. Ты мяне ведаеш, я выхваляцца не буду, я добрадушны і вясёлы чалавек, але, калі я быў кватэрмейстар, старыя піраты Флінта слухаліся мяне, як авечкі. О-го-го, якая дысцыпліна была на судне ў старога Джона!

— Скажу вам адкрыта, — прызнаўся матрос, — да гэтай размовы, Джон, справа ваша была мне зусім не да густу. Але цяпер вось мая рука, я згодзен.

— Ты храбры хлопец і вельмі недурны, — адказаў Сільвер і так палка паціснуў працягненую руку, што бочка мая захісталася. — З цябе выйдзе такі выдатны джэнтльмен удачы, якога я яшчэ ніколі не бачыў.

Мала-па-малу я пачаў разумець тую мову, на якой яны гутарылі. „Джэнтльменамі ўдачы“ яны называлі піратаў. Я быў мімавольным сведкай таго, як спакушалі сумленнага матроса ўступіць у гэтую разбойніцкую шайку, — магчыма, апошняга сумленнага матроса на ўсім караблі. Аднак, я зараз-жа мог пераканацца, што гэты матрос не адзін. Сільвер ціхенька свіснуў, і да бочкі падсеў яшчэ нехта.

— Дзік ужо наш, — сказаў Сільвер.

— Я ведаў, што ён будзе нашым, — пачуў я голас другога боцмана, Ізраэля Гэндса. — Ён не з дурных, гэты Дзік.

Некаторы час ён моўчкі жуў табаку, пасля сплюнуў і звярнуўся да Доўгага Джона:

— Скажы, Кумпяк, ці доўга мы будзем віляць, як маркітанская лодка? Клянуся громам, мне да смерці надакучыў капітан. Даволі яму нада мной камандаваць! Я хачу жыць у капітанскай каюце, мне патрэбны іхнія рознасолы ды віны.

— Ізраэль, — сказаў Сільвер, твая мазгаўня вельмі не многа варта, таму што ў ёй ніколі не было мазгоў. Але слухаць ты можаш, вушы ў цябе доўгія. Дык слухай: ты будзеш спаць паранейшаму ў кубрыку, ты будзеш есці грубую ежу, ты будзеш паслухмяны, ты будзеш пачцівы і ты не вып'еш ні кроплі віна да той пары, пакуль я не скажу табе патрэбнага слова. Ва ўсім пакладайся на мяне, мой сынок.

— Хіба я адмаўляюся? — прабурчэў другі боцман. — Я толькі пытаю: калі?

— Калі? — закрычаў Сільвер. — Добра, я скажу табе, калі. Як мага пазней, вось калі. Капітан Смолет, першарадны марак, для нашай-жа выгады вядзе наш карабль. У сквайра і доктара ёсць карта, але хіба я ведаю, дзе яны хаваюць яе! І ты таксама не ведаеш. Дык вось, няхай сквайр і доктар знойдуць скарб і дапамогуць нам пагрузіць яго на карабль. А тады мы пабачым. Калі-б я быў упэўнены ў такіх галандскіх вырадках, як вы, я дазволіў-бы капітану Смолету давесці нас назад да паловы дарогі.

— Мы і самі нядрэнныя маракі! — пярэчыў Дзік.

— Нядрэнныя матросы, ты хочаш сказаць, — паправіў яго Сільвер. — Мы ўмеем варочаць рулем. Але хто вылічыць курс? Для гэтага ніхто з вас не здольны, джэнтльмены. Каб была мая воля, я дазволіў-бы капітану Смолету давесці нас назад хоць-бы да пасата. Тады ведаў-бы, за тое, што плывеш правільна і што не давядзецца выдаваць прэсную ваду па лыжачцы ў дзень. Але я ведаю, што вы за людзі. Давядзецца расправіцца з імі на востраве, як толькі яны перанясуць скарб сюды, на карабль. А вельмі шкада. Але вам абы толькі хутчэй дарвацца да выпіўкі. Па праўдзе кажучы, у мяне сэрца баліць, калі я думаю, што давядзецца вяртацца з такімі людзьмі, як вы.

— Лягчэй, Доўгі! — крыкнуў Ізраэль. — Дык з табой-жа ніхто не спрачаецца.

— Хіба я мала бачыў такіх караблёў, якія загінулі дарэмна? Хіба я мала бачыў такіх малайцоў, якіх павесілі сушыцца на сонейку? — усклікнуў Сільвер. — А чаму? А ўсё таму, што спяшаліся, спяшаліся, спяшаліся. Паслухайце мяне: я паплаваў па мору і сёе-тое пабачыў у сваім жыцці. Калі-б вы ўмелі кіраваць караблём і змагацца з вятрамі, вы ўсе даўно ездзілі-б у карэтах. Але дзе-ж там! Ведаю я вашага брата. Нап'ецеся рому — і на шыбеніцу.

— Усім вядома, Джон, што ты краснабай славуты, — пярэчыў яму Ізраэль. — Але-ж былі другія, якія не горш цябе ўмелі кіраваць караблём. Дык яны-ж не строілі з сябе камандзіраў і самі куцілі і другім не перашкаджалі.

— Так, — сказаў Сільвер. — А дзе яны цяпер? Такі быў П'ю, і памёр у галечы жабруючы. І Флінт быў такі, і памёр ад рому ў Саване. Так, гэта былі прыемныя людзі, вясёлыя… Толькі дзе яны цяпер, вось пытанне!

— Што мы зробім з імі, — спытэў Дзік, — калі яны пападуцца да нас у рукі?

— Вось гэты чалавек мне да спадобы! — з захапленнем усклікнуў повар. — Не аб глупстве кажа, але аб справе. Што-ж, па-твойму, з імі зрабіць? Высадзіць іх на які-небудзь пустэльны бераг? Так паступіў-бы Інглэнд. Або зарэзаць іх усіх як свіней? Так паступіў-бы Флінт або Білі Бонс.

— Так, у Білі быў такі звычай, — сказаў Ізраэль. — „Мёртвыя не кусаюцца“, казаў ён. Цяпер ён сам мёртвы і можа праверыць сваю прыказку на вопыце. Так, Білі быў майстрам на такія справы.

— Верна, — сказаў Сільвер. — Білі быў у такіх справах малайцом. Ён не дараваў нікому. Але я чалавек добрадушны, я джэнтльмен; аднак, я бачу, што справа сур'ёзная. Абавязак важней за ўсё, хлопцы. І я галасую — забіць. Я зусім не жадаю, каб да мяне, калі я буду членам парламента і буду раз'язджаць у пазалочанай карэце, уваліўся-б, як чорт да манаха, адзін з гэтых тонканогіх стрэкулістаў. Трэба чакаць, пакуль плод паспее. Але калі ён паспее, яго трэба сарваць!

— Джон, — усклікнуў боцман, — ты герой!

— У гэтым ты пераканаешся на справе, Ізраэль, — сказаў Сільвер. — Я патрабую толькі аднаго — уступіце мне сквайра Трэлоўні. Я хачу ўласнымі рукамі адсячы яго цялячую галаву… Дзік! — дадаў ён раптам. — Будзь добрым, скокні ў бочку і дастань мне, калі ласка, яблык, — у мяне нешта як-бы горла перасохла.

Можаце сабе ўявіць мой жах! Я выскачыў-бы і кінуўся-б на ўцёк, калі-б у мяне хапіла сіл, але сэрца маё і ногі, і рукі адразу адмовіліся мне служыць. Дзік ужо ўстаў на ногі, але раптам яго спыніў голас Гэндса:

— І чаму табе хочацца смактаць гэтую гніль, Джон! Ты дай нам лепш рому.

— Дзік, — сказаў Сільвер, — я давяраю табе. Там у мяне прыхавана бочачка. Вось табе ключ. Нацадзі жбан і прынясі.

Не гледзячы на ўвесь мой страх, я ўсё-ж, у тую хвіліну падумаў: „Дык вось адкуль містэр Эроў даставаў ром, які загубіў яго!“

Як толькі Дзік адышоў, Ізраэль пачаў шаптаць нешта повару на вуха. Я пачуў усяго два-тры словы, але і гэтага было даволі.

— Ніхто з астатніх не згаджаецца, — прашаптаў Ізраэль.

Значыцца, на караблі аставаліся яшчэ верныя нам людзі!

Калі Дзік вярнуўся, усе трое па чарзе ўзялі жбан і выпілі — адзін „за шчасце“, другі „за старога Флінта“, а Сільвер нават праспяваў:

За вецер здабычы, за вецер удачы!
Каб весела й багата жылі мы, не йначай!

У бочцы пасвятлела. Глянуўшы ўверх, я ўбачыў, што ўзняўся месяц, які пасерабрыў круйсмарс і ўздуўшыся фок-зейл. І ў тую-ж хвіліну з вахты раздаўся голас: — Зямля!

Раздзел ХІI

ВАЕННАЯ НАРАДА

Палуба загрымела ад тупату. Я чуў, як людзі выбягалі з каюты і кубрыка. Выскачыўшы з бочкі, я праслізнуў за фок-зейл, два разы абагнуў карму, вышаў на адкрытую палубу і разам з Гэнтэрам і доктарам Лівсі прыбег на нос.

Тут ужо сабралася ўся каманда. Туман са з'яўленнем месяца адразу рассеяўся. Воддаль на паўднёвым захадзе мы ўбачылі два нізкія ўзгоркі, а за імі трэці, вышэйшы, яшчэ ахутаныя шэрым туманам. Усе тры былі правільнай канічнай формы.

Я глядзеў на іх, як скрозь сон, — я не паспеў яшчэ апамятацца ад нядаўняга жаху. Пасля я пачуў голас капітана Смолета, аддаваўшага загады. „Іспан'ёла” павярнулася больш крута да ветру і ішла да вострава з усходняга боку.

— Хлопцы, — сказаў капітан, калі ўсе яго загады былі выкананы, — ці бачыў хто-небудзь з вас гэтую зямлю раней.

— Я бачыў, сэр, — сказаў Сільвер. — Мы бралі тут прэсную ваду, калі я служыў поварам на гандлёвым судне.

— Здаецца, стаць на якар найбольш зручна з поўдня, за гэтым маленькім астраўком? — спытаў капітан.

— Так, сэр. Гэты астравок назывзецца Востраў шкілета. Раней тут заўсёды спыняліся піраты, і адзін матрос з нашага карабля ведаў усе назвы, якія далі піраты тутэйшым месцам. Вось тая гара, на поўначы, называецца Фок-мачтай. З поўначы на поўдзень тут тры гары: Фок-мачта, Грот-мачта і Бізань-мачта, сэр. Але Грот-мачту — тую высокую гару, якая пакрыта туманам, — часцей называюць Падзорнай Трубой, таму што піраты ўстрайвалі там назіральны пост, калі стаялі тут на якары і папраўлялі свае караблі. Яны тут звычайна папраўлялі свае караблі, прашу прабачэння, сэр.

У мяне ёсць карта, — сказаў капітан Смолет. — Паглядзіце, ці той гэта востраў?

Вочы Доўгага Джона забліскалі агнём, калі карта папала яму ў рукі. Але адразу-ж расчараванне затуманіла іх. Гэта была не тая карта, якую мы знайшлі ў скрынцы Білі Бонса, гэта была яе дакладная копія — з назвамі, з азначэннямі мелей і глыбінь, але без трох чырвоных крыжыкаў і рукапісных заўваг. Аднак, не гледзячы на ўсю адчутую прыкрасць, Сільвер стрымаўся, і не выдаў сябе.

— Так, сэр, — сказаў ён. — Ён вельмі добра нарысаваны. Цікава было-б даведацца, хто мог нарысаваць гэтую карту. Піраты — людзі невучоныя. А, вось і стаянка капітана Кіда — так называў яе і мой таварыш матрос. Тут моцнае цячэнне на поўдзень. Потым каля заходняга берага яно заварочвае на поўнач. Вы правільна зрабілі, сэр, — працягваў ён, — што пачалі трымаць больш крута да ветру. Калі вы хочаце зайсці ў бухту і кінуць якар, лепшага месца для стаянкі вам тут не знайсці.

— Дзякую, — сказаў капітан Смолет. — Калі мне патрэбна будзе дапамога, я эноў звярнуся да вас. Можаце ісці.

Я быў здзіўлен тым, як стрымна Джон выявіў сваё знаёмства з востравам. Прызнацца, я спалохаўся калі ўбачыў, што ён падыходзіць да мяне. Зразумела, ён не ведаў, што я сядзеў у бочцы і ўсё чуў. І ўсё-ж ён наводзіў на мяне такі жах сваёй жорсткасцю, сваёй двулічнасцю, сваёй велізарнай уладай над карабельнай камандай, што я ледзь утрымаўся, каб не ўздрыгануцца, калі ён паклаў руку мне на плячо.

— Някепскае месца гэты востраў, — сказаў ён. — Някепскае месца для хлопчыка. Ты будзеш купацца, ты будзеш узлазіць на дрэвы, ты будзеш паляваць за дзікімі козамі. І сам, быццам каза, будзеш скакаць па горах. Сапраўды, гледзячы на гэты востраў, я і сам раблюся малады і забываю пра сваю драўляную нагу. Добра быць хлопчыкам і мець на нагах дзесяць пальцаў. Калі ты захочаш пайсці і пазнаёміцца з востравам, скажы старому Джону, і ён прырыхтуе табе закуску на дарогу.

І, хлопнуўшы мяне па-прыяцельску па плячы, ён закульгаў прэч.

Капітан Смолет, сквайр і доктар Лівсі размаўлялі аб чымсьці на шканцах. Я хацеў як мага хутчэй перадаць ім усё, пра што мне ўдалося даведацца. Але я баяўся пры ўсіх перарваць іх гутарку. Я хадзіў навакол, вышукваючы спосабы загаварыць, як раптам доктар Лівсі паклікаў мяне да сябе. Ён забыў унізе сваю люльку і хацеў паслаць мяне за ёй, таму што не мог доўга абыходзіцца без таго, каб не закурыць. Але, падышоўшы да яго нагэтулькі блізка, што ніхто не мог мяне паслухаць, я прашаптаў:

— Доктар, мне трэба з вамі пагаварыць. Няхай капітан і сквайр спусцяцца ў каюту, а пасля, з якога-небудзь поваду вы паклічаце мяне. Я паведамлю вам жахлівыя навіны.

Доктар крыху змяніўся ў твары, але зараз-жа авалодаў сабой.

— Дзякую, Джым, гэта ўсё, пра што я хацеў даведацца, — сказаў ён, робячы выгляд, быццам толькі што запытаў мяне аб чымсьці.

Пасля павярнуўся да сквайра і капітана. Яны працягвалі гутарку зусім спакойна, не ўзнімаючы голасу, але я зразумеў, што доктар Лівсі перадаў ім маю просьбу. Затым капітан загадаў Джобу Эндэрсону выклікаць усю каманду на палубу.

— Хлопцы, — сказаў капітан Смолет, звяртаючыся да матросаў, — я хачу пагаварыць з вамі. Вы бачыце перад сабой зямлю. Гэтая зямля — той востраў, да якога мы плылі. Усе мы ведаем, які шчодры чалавек містэр Трэлоўні. Ён спытаў у мяне, ці добра працавала каманда ў часе плавання. І я адказаў, што кожны матрос старанна выконваў свой абавязак і што мне ніколі не даводзілася жадаць, каб вы працавалі лепш. Містэр Трэлоўні, я і доктар, мы ідзем у каюту выпіць за ваша здароўе і за вашую ўдачу, а вам тут дадуць грогу, каб вы маглі выпіць за наша здароўе і за нашую ўдачу. Калі вы хочаце ведаць маю думку, я скажу, што сквайр, частуючы нас, паступіў вельмі прыязна. Прапаную крыкнуць у гонар яго „ура“.

Нічога не было дзіўнага ў тым, што ўсе закрычалі „ура“. Але прагучэла яно так сардэчна і дружна, што, прызнаюся, я ледзь мог у тую хвіліну паверыць, што гэтыя самыя людзі рыхтуюцца ўсіх нас забіць.

— Ура капітану Смолету! — крыкнуў Доўгі Джон, калі першае „ура“ змоўкла.

І зараз „ура“ было дружна падхоплена ўсімі.

Калі агульная вясёласць была ў поўным разгары, тры джэнтльмены спусціліся ў каюту.

Крыху пачакаўшы яны паслалі паклікаць Джыма Гоўкінса.

Калі я ўвайшоў, яны сядзелі навокал стала. Перад імі стаяла бутэлька іспанскага віна і талерка з ізюмам.

Доктар курыў, трымаючы свой парык на каленах, а гэта, як я ведаў, азначала, што ён вельмі хвалюецца. Кармавое акно было адчынена, таму што ноч была цёплая. Паласа месячнага святла ляжала ззаду карабля.

— Ну, Гоўкінс, — сказаў сквайр, — ты хацеў нам нешта паведаміць. Кажы.

Я коратка перадаў ім усё, што чуў, седзячы ў бочцы. Яны не перабівалі мяне, пакуль я не скончыў; яны не варушыліся, яны не адрывалі вачэй ад майго твара.

— Джым, — сказаў доктар Лівсі, — сядай.

Яны пасадзілі мяне за стол, далі мне шклянку віна, насыпалі мне ў далонь ізюму, і ўсе трое, па чарзе, з паклонам выпілі за маё здароўе, за маё шчасце і за маю адвагу.

— Так, капітан, — сказаў сквайр. — Вы былі правы, а я памыляўся. Прызнаю сябе аслом і чакаю вашых распараджэнняў.

— Я такі-ж асёл, сэр, — запярэчыў капітан. — Першы раз я бачу каманду, якая рыхтуецца да бунту, а захоўвае сябе паслухмяна і прыкладна. З другой каманды я даўно аб

усім дагадаўся-бы і прыняў-бы меры перасцярогі. Але гэтая перахітрыла мяне.

— Капітан, — сказаў доктар, — перахітрыў вас Джон Сільвер, ён надзвычайны чалавек.

— Ён быў-бы яшчэ больш надзвычайны, калі-б боўтаўся на рэе, — запярэчыў капітан. — Але ўсе гэтыя размовы цяпер ні навошта. З усяго сказанага я зрабіў сякія-такія вывады і, калі містэр Трэлоўні дазволіць, далажу іх вам.

— Вы тут капітан, сэр, распараджайцеся! — велічыва сказаў містэр Трэлоўні.

— Па-першае, — заявіў містэр Смолет, — мы павінны працягваць усё, што пачалі, таму што адступленне нам адрэзана. Калі я толькі спамяну аб звароце, яны ўзбунтуюцца зараз-жа. Па-другое, у нас яшчэ ёсць час — хоць-бы да той пары, пакуль мы адшукаем скарб. Па-трэцяе, сярод каманды асталіся яшчэ верныя людзі. Рана або позна, а нам давядзецца ўступіць з гэтай шайкай у бой. Я прапаную не паказваць ім выгляду, што мы ведаем аб іх замыслах, а напасці на іх першымі, знянацку, калі яны менш за ўсё чакаюць гэтага. Мне здаецца, мы можам пакладацца на вашых слуг, містэр Трэлоўні.

— Як на мяне самога, — заявіў сквайр.

— Іх трое, — сказаў капітан. — Ды нас трое, ды Гоўкінс — вось ужо сем чалавек. А на каго можна пакладацца з каманды.

— Напэўна, на тых, каго Трэлоўні наняў сам, без дапамогі Сільвера, — сказаў доктар.

— Не, — пярэчыў Трэлоўні. — Я і Гэндса наняў сам, а між тым…

— Я таксама не зусім давяраў Гэндсу, — прызнаўся капітан.

— І толькі падумаць, што ўсе яны англічане! — усклікнуў сквайр. — Сапраўды, сэр, мне хочацца ўзарваць увесь карабль у паветра.

— Такім чынам, джэнтльмены, — працягваў капітан, — вось усё, што я магу прапанаваць. Мы павінны быць напагатове, чакаючы зручнага выпадку. Згодзен, што гэта не зусім лёгка. Больш прыемна было-б напасці на іх зараз-жа. Але мы не можам рабіць ніякіх захадаў, пакуль не даведаемся, хто з каманды нам верны. Захоўваць асцярожнасць і чакаць — вось усё, што я магу прапанаваць.

— Больш за ўсё карысці ў сучасны момант можа прынесці нам Джым, — сказаў доктар. — Матросы не звяртаюць на яго ўвагі, а Джым — пільны хлопчык.

— Гоўкінс, я цалкам на цябе пакладаюся, — дадаў сквайр.

Прызнацца, я вельмі баяўся, што не апраўдаю іх давер'я. Але абставіны склаліся так, што мне сапраўды давялося выратаваць іх жыццё.

З дваццаці шасці чалавек мы пакуль маглі пакладацца толькі на семярых. І адзін з гэтых семярых быў я, хлопчык. Калі лічыць толькі дарослых, нас было шасцёра супроць дзевятнаццаці.


  1. Дадатак да ліста (пасля подпісу).
  2. Джэнтльмены ўдачы“ — прозвішча піратаў.