Востраў скарбаў (1938)/1
Частка першая. Стары пірат Раман Аўтар: Роберт Льюіс Стывенсан 1938 год Арыгінальная назва: Treasure Island (1883) |
Частка другая. Карабельны повар → |
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
СТАРЫ ПІРАТ
Раздзел І
СТАРЫ МАРСКІ ПЁС У КАРЧМЕ „АДМІРАЛ БЕНБОЎ“
Сквайр Трэлоўні, доктар Лівсі ды іншыя джентльмены папрасілі мяне напісаць усё, што я ведаю аб Востраве скарбаў. Ім хочацца, каб я расказаў усю гісторыю ад самага пачатку да канца, не утойваючы ніякіх падрабязнасцей, акрамя геаграфічнага месцазнаходжання вострава. Паказваць, дзе знаходзіцца гэты востраў, у сучасны момант яшчэ немагчыма, таму што і зараз там знаходзяцца скарбы, якіх мы не вывезлі адтуль. І вось у сучасным, 17… годзе я бяруся за пяро і вяртаюся думкамі да таго часу, калі ў майго бацькі была карчма „Адмірал Бенбоў“, а ў гэтай карчме пасяліўся стары загарэлы марак з шаблевым шрамам на шчацэ.
Я памятаю — быццам гэта было ўчора, — як, цяжка ступаючы, ён дацягнуўся да нашых дзвярэй, а яго скрынку везлі за ім на ручной каламажцы. Гэта быў высокі, дужы, важкі мужчына з каштанава-цёмным тварам. Набракшая дзёгцем касічка тырчэла над каўняром яго зашмальцаванага сіняга кафтана. Рукі ў яго былі шурпатыя, з нейкімі шрамамі і драпінамі, пазногці чорныя, паламаныя, а шаблевы шрам на шчацэ — бруднаватага, чырванавата-бялявага колеру. Памятаю, як незнаёмы, пасвістваючы, агледзеў нашу бухту і раптам заспяваў старую матроскую песню, якую потым так часта спяваў:
Пятнаццаць чалавек на скрынцы мерцвяка. |
Голас у яго быў старэчы, брынклівы, вісклівы, і скрыпеў, як рычагі кабестана[1].
І палка ў яго была, як жалезны рычаг. Ён пастукаў гэтай палкай у нашы дзверы і, калі мой бацька вышаў да яго на парог, груба патрабаваў шклянку рому.
Ром яму падалі, і ён з выглядам знаўцы прыняўся, не спяшаючыся, каштаваць кожны глыток. Піў і паглядваў то на скалы, то на карчмовую шыльду.
— Бухта зручная, — сказаў ён нарэшце. — Някепскае месца для таверны. Многа народу, прыяцель?
Бацька адказаў, што не, на жаль, зусім няшмат.
— Ну што-ж! — сказаў марак. — Гэта каюта якраз для мяне… Эй, прыяцель! — крыкнуў ён чалавеку, які вёз за ім ручную каламажку. — Пад‘язджай сюды ды памажы мне ўцягнуць скрынку… Я пажыву тут нядоўга, — працягваў ён. — Чалавек я просты. Ром, вяндліна і яешня — вось і ўсё што мне трэба. Ды вунь тая скала, з якой відаць караблі, якія праходзяць па мору… Як мяне называць? Ну што-ж, называйце мяне капітанам… Ага, я ведаю, чаго вы хочаце. Вось!
І ён кінуў на парог тры ці чатыры манеты.
— Калі гэтыя скончацца, можаце прыйсці і сказаць, — сказаў ён сурова і глянуў на бацьку, як начальнік.
І сапраўды, хоць вопратка ў яго была дрэннаватая, а мова адзначалася грубасцю, ён не быў падобны да звычайнага матроса. Хутчэй за ўсё яго можна было прыняць за штурмана або шкіпера, які прызвычаіўся, каб яму падначальваліся. Адчувалася, што ён любіць даваць волю свайму кулаку. Чалавек з каламажкай расказаў нам, што незнаёмы прыбыў учора раніцай на паштовых у „Гасцініцу караля
Георга“ і распытваў там аб усіх заезджых дамах, якія размешчаны блізка да мора. Пачуўшы аб нашай карчме добрыя водгукі і даведаўшыся, мабыць, што яна стаіць на водшыбе, у баку ад вёскі, капітан парашыў пасяліцца ў нас. Вось і ўсё, што ўдалося нам даведацца пра нашага пастаяльца.
Чалавек ён быў маўклівы. Цэлыя дні блукаў вакол бухты або ўзбіраўся на скалы з меднай падзорнай трубой. Вечарамі ён сядзеў у агульным пакоі, у самым куце каля агню, мяшаў ром з вадой, і піў гэтую моцную мешаніну. Ён не адказваў, калі з ім пачыналі гаварыць. Толькі акіне лютым поглядам і засвішча носам, як карабельная сірэна ў тумане. Неўзабаве мы і нашы наведвальнікі навучыліся не чапаць яго. Кожны дзень, вярнуўшыся з прагулкі, ён пытаўся, ці не праходзілі па нашай дарозе якія-небудзь маракі. Спачатку мы думалі, што яму нехапае кампаніі такіх-жа гуляк, як ён сам. Але нарэшце мы пачалі разумець, што ён жадае быць далей ад іх. Калі які-небудзь марак, прабіраючыся па прыбярэжнай дарозе ў Брыстоль, спыняўся ў „Адмірале Бенбоў“, капітан спачатку разглядваў яго з па-за дзвярной заслоны і толькі тады выходзіў у агульны пакой. У прысутнасці падобных людзей ён быў маўклівы, як мыш.
Я ведаў, у чым тут справа, таму што капітан расказаў мне, каго ён баіцца. Аднойчы ён адвёў мяне ўбок і абяцаў плаціць мне ў першы дзень кожнага месяца па чатыры сярэбраныя пенсы, калі буду я „вельмі пільна сачыць, ці не з'явіцца дзе марак на адной назе“, і паведамлю яму зараз-жа, як толькі ўбачу гэткага. Калі надыходзіла першае я прасіў у яго абяцаную пенсію, ён толькі трубіў носам і люта глядзеў на мяне. Але праз некалькі дзён усё-ткі прыносіў мне манетку і паўтараў загад не прапусціць „марака на адной назе“.
Гэты аднаногі марак праследаваў мяне нават у сне. Бурнымі начамі, калі вецер страсаў усе чатыры куты нашага дома, а прыбой равеў у бухце, дасягаючы да верхніх скалаў, ён сніўся мне ў самых рознастайных выглядах, страшэнны, як тысяча чарцей. Нага была адрэзана ў яго то да калена, то да самага бядра. Часамі ён здаваўся мне нейкім жудасным страшыдлам, у якога адна-адзіная нага расце ад самай сярэдзіны яго цела. На гэтай адной назе ён ганяўся за мной, пераскакваючы праз платы і канавы. Нямала каштавалі мне мае чатыры пенсы кожны месяц: я расплачваўся за іх гэтымі страшнымі снамі.
Але, як ні страшны быў для мяне аднаногі марак, самаго капітана я баяўся значна менш, чымся ўсе іншыя людзі. У іншыя вечары ён выпіваў столькі рому, што галава ў яго ішла ходырам, і тады ён доўга аставаўся ў карчме і распяваў свае старадаўнія, дзікія, жорсткія песні, не звяртаючы ўвагі ні на каго з прысутных. А здаралася і так, што ён запрашаў усіх да свайго стала і патрабаваў шклянкі. Запрошаныя дрыжэлі ад спалоху, а ён прымушаў іх або слухаць яго расказы аб марскіх прыгодах, або падпяваць яму хорам. Сцены нашага дома страсаліся тады ад „йо-хо-хо, і бутэлька рому“, таму што ўсе наведвальнікі баючыся яго шалёнага гневу, стараліся перакрычаць адзін другога і спяваць, як мага грамчэй, абы толькі капітан астаўся імі задаволены, таму што ў такі час ён быў ня стрымна грозны: то стукаў кулаком па стале, патрабуючы каб усе змоўклі; то даходзіў да шалёнай ярасці, калі хто-небудзь, перабіваючы яго словы, задаваў яму якое-небудзь пытанне; то, наадварот, рабіўся лютым, калі да яго не звярталіся з пытаннямі, таму што, па яго думцы, гэта паказвала, што слухаюць яго няўважліва. І нікога не выпускаў з карчмы: кампанія магла разыйсціся толькі тады калі ім авалодвала дрымотнасць і ён, хістаючыся, ішоў да сваёй пасцелі.
Але больш страшнымі, чым ён сам, былі яго расказы. Жудасныя расказы — аб шыбеніцах, аб катаваннях, аб штормах, аб піратах Караібскага мора, аб разбойніцкіх гнёздах і разбойніцкіх геройствах.
Мяркуючы па яго расказах, ён правёў усё сваё жыццё сярод найгоршых злачынцаў. А лаянка, якая следавала пасля кожнага слова, палохала нашых простадушных вясковых людзей не менш, чым злачынствы, аб якіх ён гаварыў.
Мой бацька заўсёды гаварыў, што нам давядзецца закрыць нашу карчму — капітан адводзіць ад нас усіх наведвальнікаў. Каму ахвота цярпець такія здзекі і дрыжэць ад жаху, ідучы дадому. Аднак, я думаю, што капітан, наадварот, хутчэй быў карысным для нас. Праўда, наведвальнікі баяліся яго, але праз дзень іх зноў цягнула да яго. У ціхае, глухое жыццё ён унёс нейкую прыемную трывогу. Сярод моладзі знайшліся нават капітанавы прыхільнікі, якія казалі, што захапляюцца ім. „Сапраўдны марскі воўк, наскрозь прасолены морам!“ — гаварылі яны.
Паводле іх слоў, якраз такія людзі, як наш капітан, зрабілі Англію гразой на марах.
Але, з другога боку, гэты чалавек сапраўды рабіў нам страты. Тыдзень праходзіў за тыднем, месяц за месяцам грошы, якія ён нам даў раней, былі ўжо даўно выдаткаваны, а новых грошай ён не плаціў. І ў бацькі нехапала духу патрабаваць у яго гэтых грошай. Варта было бацьку заікнуцца аб плаце, як ён ярасна пачынаў сапці, пасля сапенне ператваралася ў рыканне, і мой бацька ў вялікім спалоху выбягаў з пакоя. Я бачыў, як пасля падобных проб ён з адчаем ламаў сабе рукі. Я не сумняваўся, што гэтыя трывогі і страхі значна паскорылі сумную і заўчасную смерць бацькі.
На працягу ўсёй пабыўкі ў нас капітан увесь час хадзіў у адной і той самай вопратцы, толькі набыў у разносчыка некалькі пар панчох. Адзін край яго капелюша абвіс; капітан так і пакінуў яго, хоць пры моцным ветры гэта было вельмі нязручна. Я добра памятаю, які ў яго быў падраны кафтан; колькі ён ні латаў яго наверсе, у сваім пакоі, урэшце кафтан ператварыўся ў рыззё. Ніякіх пісьмаў ён ніколі не пісаў і не атрымліваў ніадкуль. І ніколі ні з кім не размаўляў, хіба толькі, калі быў вельмі п'яны. І ніхто з нас ніколі не бачыў, каб ён адчыняў сваю скрынку.
Толькі адзін-адзіны раз капітану адважыліся пярэчыць, і то адбылося гэта ў самыя апошнія дні, калі мой няшчасны бацька быў пры смерці.
Неяк увечары да хворага прышоў доктар Лівсі. Ён агледзеў пацыента, наспех з'еў абед, якім пачаставала яго мая маці, і спусціўся ў агульны пакой выкурыць люльку, чакаючы, пакуль прывядуць яму каня. Конь астаўся наверсе ў пасёлку, таму што ў старога „Бенбоў“ не было для яго памяшкання.
У агульны пакой увёў яго я, і памятаю, як гэты прыгожы, франтавата апрануты, доктар, у беласнежным парыку, чорнавокі, надзвычай добра выхаваны, здзівіў мяне сваёй непадобнасцю да вясковых гуляк, наведваўшых нашу карчму. Асабліва рэзка адрозніваўся ён ад нашага варонава пудзіла, бруднага, панурага, важкага пірата, які насцябаўся рому і сядзеў, наваліўшыся локцямі на стол.
Раптам капітан заспяваў сваю вечную песню:
Пятнаццаць чалавек на скрынцы мерцвяка. |
Спачатку я думаў, што „скрынка мерцвяка“ — гэта тая самая скрынка, якая стаіць наверсе, у капітанавым пакоі.
У маіх страшных снах гэтая скрынка не раз узнікала перада мной разам з аднаногім мараком. Але паволі мы
так прызвычаіліся да гэтай песні, што перасталі звяртаць на яе ўвагу. У гэты вечар яна была навіной толькі для доктара Лівсі, і, як я заўважыў, не выклікала ў яго прыемнага ўражання. Ён сярдзіта паглядзеў на капітана, перад тым як зноў пачаць гутарку са старым садоўнікам Тэйлорам аб новым спосабе лячэння рэўматызма. А між тым капітан, паволі разгарачыўшыся ад сваіх уласных спеваў, ударыў кулаком па стале. Гэта азначала, што ён патрабуе цішыні.
Усе галасы змоўклі ўраз; адзін толькі доктар Лівсі працягваў сваю добрадушную і гучную размову, пыхкаючы люлькай пасля кожнага слова. Капітан прарэзліва глянуў на яго, пасля зноў ударыў кулаком па стале, пасля глянуў яшчэ больш прарэзліва і раптам загарланіў, суправаджаючы свае словы непрыстойнай лаянкай:
— Эй, там, на палубе, маўчаць!
— Вы да мяне звяртаецеся, сэр? — спытаў доктар.
Той сказаў, што менавіта да яго, і пры гэтым вылаяўся зноў.
— У такім разе, сэр, я скажу вам адно, — адказаў доктар, — калі вы не пакінеце п'янстваваць, вы хутка пазбавіце свет ад аднаго з самых агідных нягоднікаў!
Капітан ашалеў ад злосці. Ён ускочыў на ногі, выхапіў і адкрыў свой матроскі складаны ножык і, гойдаючы яго на далоні, прыгразіў доктару, што прыгвоздзіць яго да сцяны.
Доктар нават не варухнуўся. Ён гаварыў з ім не абарочваючыся, праз плячо, тым-жа голасам. Магчыма, толькі крыху грамчэй, каб усе ў пакоі пачулі… Спакойна і цвёрда ён вымавіў:
— Калі вы зараз-жа не схаваеце гэты ножык у кішэню, я клянуся вам чэсцю, што вы будзеце баўтацца на шыбеніцы пасля першай сесіі нашага раз'язнога суда.
Між іх вачыма пачаўся паядынак. Але капітан хутка здаўся. Ён схаваў свой ножык і апусціўся на крэсла, бармочачы, як пабіты пёс.
— А цяпер, сэр, — казаў далей доктар, — паколькі мне стала вядома, што ў маёй акрузе знаходзіцца падобны суб'ект, я буду мець над вамі самы пільны нагляд удзень і ўноч. Я не толькі доктар, я тутэйшы суддзя. І калі да мяне дойдзе хоць адна самая найменшая скарга, — хоць-бы толькі на тое, што вы нагрубілі каму-небудзь… вось як зараз, — я прыму рашучыя меры, каб вы былі адпаведна пакараны.
Неўзабаве доктару Лівсі падалі каня, і ён ад'ехаў. Але капітан увесь вечар быў ціхі і спакойны і астаўся такім ва ўсе наступныя вечары.
Раздзел II
ЧОРНЫ ПЁС З‘ЯЎЛЯЕЦЦА І ЗНІКАЕ
Неўзабаве адбылося першае з тых загадкавых здарэнняў, дзякуючы якім мы пазбавіліся, нарэшце, ад капітана. Але, пазбавіўшыся ад яго самаго, мы не пазбавіліся, як вы самі ўбачыце, ад яго спадчыны.
Стаяла сцюдзёная зіма з доўгімі траскучымі марозамі ды бурнымі вятрамі. Ужо спачатку было ясна, што мой бедны бацька наўрад ці ўбачыць вясну. З кожным днём яму рабілася горш. Гаспадарыць у карчме давялося мне і маёй маці. У нас было спраў не абабраць, і мы аддавалі вельмі мала ўвагі нашаму непрыемнаму пастаяльцу.
Пачыналася студзеньская марозная раніца. Бухта была ўся сівая ад намаразі. Дробныя хвалі ласкава лізалі ўзбярэжныя каменні. Сонца яшчэ не паспела ўзняцца і толькі кранула сваімі праменнямі верхавіны ўзгоркаў і марскую далячынь. Капітан прачнуўся раней звычайнага і накіраваўся да мора. Пад шырокімі поламі яго падранага сіняга кафтана калыхалася тонкая шабля. Падпахай у яго была падзорная труба. Капялюш ён ссунуў на патыліцу. Я памятаю, што з рота ў яго выляталі клубкі пару і кружыліся ў паветры, як дым. Я чуў, як злосна ён чмыхаў, знікаючы за вялікай скалой — відаць, усё яшчэ не мог забыць аб сваёй сутычцы з доктарам Лівсі.
Маці была наверсе, у бацькі, а я накрываў стол для снедання да прыходу капітана. Раптам дзверы адчыніліся, і ў пакой увайшоў чалавек, якога раней я ніколі не бачыў.
Ён быў бледны, і твар у яго блішчэў, быццам намазаны салам. На левай руцэ ў яго нехапала двух пальцаў. Нічога ваяўнічага не было ў ім, хоць у яго на поясе вісела шабля. Я заўсёды пільна сачыў за кожным мараком, будзь ён на адной назе ці на двух, і памятаю, што гэты чалавек вельмі мяне азадачыў. На марака ён быў мала падобны, і ўсё-ж я адчуваў, што ён з маракоў.
Я спытаў, чаго ён хоча, і ён патрабаваў рому. Я памкнуўся ісці з пакоя, каб выканаць яго даручэнне, але ён сеў за стол і зноў паклікаў мяне да сябе. Я спыніўся з сурвэткай у руцэ.
— Хадзі-тка сюды, сынок, — сказаў ён. — Падыйдзі бліжэй.
Я падышоў.
— Гэты стол накрыты для майго таварыша, штурмана Білі? — запытаў ён, усміхаючыся.
Я адказаў, што не ведаю ніякага штурмана Білі і што стол накрыты для аднаго нашага пастаяльца, якога мы завем капітанам.
— Ну што-ж, — сказаў ён, — майго таварыша, штурмана Білі, таксама можна называць капітанам. Гэта справы не змяняе. У яго шрам на шчацэ і вельмі прыемнае абыходжанне, асабліва калі ён нап'ецца. Вось які ён, мой штурман Білі. У вашага капітана таксама шрам на шчацэ. І якраз на правай шчацэ. Значыць, усё ў парадку, хіба не так? Дык вось, я хацеў-бы ведаць, ці знаходзіцца ён тут, у гэтым доме, мой мілы таварыш Білі?
Я адказаў, што ён пайшоў пагуляць.
— А па якой дарозе, сынок? Па якой дарозе ён пайшоў.
Я паказаў яму скалу, на якой штодня бываў капітан, і сказаў, што ён, напэўна, хутка вернецца.
— А як хутка? Праз гадзіну? Праз дзве?
І, задаўшы мне яшчэ некалькі розных пытанняў, ён сказаў нарэшце:
— Так, мой таварыш Білі ўзрадуецца мне, як выпіўцы.
Аднак, твар у яго пры гэтых словах быў пануры, і я меў усе падставы думаць, што капітан будзе не надта радавацца сустрэчы з ім. Але я тут-жа сказаў сабе, што гэта не мае да мяне дачынення. І, акрамя таго, цяжка было зрабіць якія-небудзь захады пры такіх абставінах. Незнаёмы ўважліва сачыў за дзвярыма, прытоіўшыся каля ўвахода, нібы кот, падсочваючы мыш. Я хацеў было выйсці на двор, але ён зараз-жа аклікнуў мяне. Я не адразу паслухаў яго, і ягоны сальны твар раптам сказіўся такім гневам, ён выбухнуў такой лаянкай, што я ў спалоху адскочыў назад. Але як толькі я вярнуўся, ён пачаў размаўляць са мной па-ранейшаму, не то лісліва, не то насмешліва, пахлопаў мяне па плячы, сказаў, што я слаўны хлопчык і што я яму адразу спадабаўся.
— У мяне ёсць сынок, — сказаў ён, — і ты падобны да яго, як дзве кроплі вады. Ён — гордасць майго бацькаўскага сэрца. Але для хлопчыкаў галоўнае — паслухмянасць. Так, сынок, паслухмянасць. Вось калі-б ты паплаваў з Білі, цябе не давялося-б аклікаць два разы. Білі ніколі не паўтараў загадаў. Не, у яго былі іншыя парадкі… А вось і ён, мілы штурман Білі, з падзорнай трубой падпахай, благаславі яго бог! Давай, схаваемся за дзвярыма, сынок, і наладзім Білі сюрпрыз, парадуем Білі, благаславі яго бог!
З гэтымі словамі ён загнаў мяне ў агульны пакой, у кут, і схаваў у сябе за плячыма. Мы абодва былі заслонены адчыненымі дзвярыма. Мне было і непрыемна і ледзь-ледзь страшнавата, асабліва калі я заўважыў, што незнаёмы трусіць і сам. Ён вызваліў рукаятку сваёй шаблі, ледзь-ледзь выцягнуў яе з ножнаў і ўвесь час рабіў такія рухі, як быццам ён глытаў нейкі кавалак, што захраснуў у яго ў горле.
Нарэшце, у пакой уваліўся капітан, ляснуў дзвярыма і, не гледзячы па баках, накіраваўся проста да стала, дзе яго чакала снеданне.
— Білі! — прамовіў незнаёмы, стараючыся надаць свайму голасу цвёрдасць і смеласць.
Капітан раптоўна аглянуўся і апынуўся проста перад намі. Загар як-бы знік з яго твара, нават нос яго зрабіўся сінім. У яго быў выгляд чалавека, які сустрэўся са зданню. І, прызнаюся вам, мне зрабілася шкада яго — такім ён адразу зрабіўся старым і друзлым.
— Хіба ты не пазнаеш мяне, Білі? Няўжо ты не пазнаеш свайго старога карабельнага таварыша, Білі? — сказаў незнаёмы.
Капітан адкрыў рот, быццам у яго нехапала подыху.
— Чорны Пёс! — прамовіў ён, нарэшце.
— Акурат ён, — адказаў незнаёмы, некалькі падбадзёрыўшыся. — Чорны Пёс прышоў наведаць свайго старога карабельнага прыяцеля, свайго мілага Білі, што жыве ў карчме „Адмірал Бенбоў“. Ах, Білі, Білі! Колькі часу прайшло ад той пары, як я страціў два сваіх кіпцюры! — усклікнуў ён, узняўшы сваю скалечаную руку.
— Ладна, — сказаў капітан. — Ты высачыў мяне, і я перад табой. Кажы, чаго прышоў?
— Пазнаю цябе, Білі, — адказаў Чорны Пёс. — Ты правы, Білі. Гэты слаўны хлапчына, які мне так спадабаўся, прынясе мне шкляначку рому. Мы пасядзім з табой, калі хочаш, і пагутарым без хітрыкаў, проста, як старыя прыяцелі. Хіба не так?
Калі я вярнуўся з бутэлькай, яны ўжо сядзелі за сталом.
Чорны Пёс сядзеў бліжэй да дзвярэй, на самым канцы лаўкі, і адным вокам пазіраў на свайго старога прыяцеля, а другім — на дзверы, каб той не мог уцячы.
Ён загадаў мне выйсці і пакінуць дзверы адчыненымі насцеж.
— Каб ты, сынок, не паглядваў у дзірку ад ключа, — вытлумачыў ён.
Я пакінуў іх удвух і вярнуўся да стойкі.
Доўгі час, не гледзячы на ўсе старанні, я не чуў нічога, акрамя невыразнага гоману. Але паволі галасы рабіліся ўсё больш гучнымі, і, нарэшце, мне ўдалося злавіць некалькі слоў, галоўным чынам лаянку, якая выходзіла з капітанавых вуснаў.
Нарэшце, капітан закрычаў:
— Не, не, не, не! І досыць аб гэтым! Чуеш?
І пасля зноў:
— Калі справа дойдзе да шыбеніцы, дык хай на ёй баўтаюцца ўсе!
Пасля раптоўна страшэнны выбух лаянкі, стол і лаўкі з грукатам перакуліліся на падлогу, бразнула сталь клінкоў, нехта ўскрыкнуў ад болю, і праз хвіліну я ўбачыў Чорнага Пса, які што было сілы бег да дзвярэй. Капітан гнаўся за ім. Шаблі іх былі аголены. У Чорнага Пса з левага пляча цякла кроў. Каля самых дзвярэй капітан замахнуўся шабляй, і хацеў нанесці ўцякаючаму яшчэ адзін, самы страшэнны ўдар, які, несумненна разрубіў-бы яго папалам, але шабля зачапілася за вялікую шыльду нашага „Адмірала Бенбоў“. На шыльдзе, унізе, на самой раме, дагэтуль можна бачыць ад яе след.
На гэтым бойка скончылася.
Выскачыўшы на дарогу, Чорны Пёс, не гледзячы на сваю рану, памчаўся з такой здзіўляючай хуткасцю, што праз поўхвіліны знік за ўзгоркам. Капітан стаяў і глядзеў на шыльду, як звар'яцелы. Затым некалькі разоў правёў рукой па вачах і вярнуўся дадому.
— Джым, — загадаў ён, — рому!
Ён крыху пахіснуўся пры гэтых словах і абапёрся рукой аб сцяну.
— Вы ранены? — усклікнуў я.
— Рому! — паўтарыў ён. — Я павінен уцякаць адсюль. Рому! Рому!
Я пабег па ром, але ад хвалявання разбіў шклянку і запэцкаў граззю кран ад бочкі. І пакуль я наладжваў парадак і наліваў другую шклянку, раптам я пачуў, як у агульным пакоі нешта важка звалілася на падлогу. Я прыбег і ўбачыў капітана, які ва ўсю даўжыню выцягнуўся на падлозе. Маці, устрывожаная крыкамі і калатнёй, збегла ўніз мне на дапамогу. Мы прыпаднялі капітанаву галаву. Ён дыхаў вельмі гучна і цяжка. Вочы яго былі заплюшчаны, твар пачырванеў.
— Божа мой! — усклікнула маці. — Які сорам для нашай карчмы! А твой бедны бацька, быццам знарок, ляжыць хворы!
Мы не ведалі, як дапамагчы капітану, і былі ўпэўнены, што ён смяротна ранены ў часе паядынка з незнаёмым. Я прынёс рому і спрабаваў уліць яму ў рот. Але моцныя сківіцы яго былі сцяты, як жалезныя.
На шчасце, дзверы адчыніліся і ўвайшоў доктар Лівсі, які прыехаў наведаць майго хворага бацьку.
— Доктар, памажыце! — усклікнулі мы. — Што нам рабіць. Куды ён ранены?
— Ранены? — сказаў доктар. — Ён гэтак-жа ранены, як ты ці я. У яго проста ўдар. Што рабіць, я папераджаў яго. Ну, місіс Гоўкінс, вяртайцеся наверх да мужа і, калі можна, нічога не кажыце яму. А я паспрабую адратаваць гэтае, тройчы непатрэбнае жыццё. Джым, прынясі мне таз.
Калі я вярнуўся з тазам, доктар ужо закасаў у капітана рукаў і агаліў яго вялікую мускулістую руку. Рука была татуіравана ва многіх месцах. Паміж плячом і локцем сінелі надпісы: „На шчасце“, „Спадарожнага ветру" і „Хай спраўдзяцца мары Білі Бонса“.
Каля самага пляча была нарысавана шыбеніца, на якой боўтаўся чалавек. Гэты рысунак, як мне здалося, быў зроблены з пэўным веданнем справы.
— Прароцкі малюнак, — заўважыў доктар, кратаючы пальцам рысунак шыбеніцы. — А цяпер, судар Білі Бонс калі вас сапраўды так завуць, мы пабачым, якога колеру ваша кроў. Джым, — звярнуўся ён да мяне, — ты не баішся крыві?
— Не, сэр, — сказаў я.
— Вельмі добра, — праказаў доктар. — Тады трымай таз.
Ён узяў ланцэт і ўскрыў вену.
Многа выцякла ў капітана крыві, перш чым ён адкрыў вочы і абвёў нас цмяным позіркам. Ён пазнаў доктара і нахмурыў бровы. Пасля заўважыў мяне і як быццам крыху супакоіўся. Пасля раптам пачырванеў і, прабуючы ўстаць, закрычаў:
— Дзе Чорны Пёс?
— Тут няма ніякага пса, акрамя вас, — сказаў доктар. — Вы пілі занадта многа рому, і вось вас схапіў удар, як я вам праракаў. І мне, супроць майго жадання, давялося выцягваць вас з магілы. Ну, містэр Бонс…
— Я не Бонс, — перапыніў капітан.
— Няважна, — сказаў доктар. — У мяне ёсць знаёмы пірат, якога, завуць Бонсам, і я даў вам гэта імя для сцісласці. Запамятайце, што я вам скажу: адна шклянка рому вас, канешне, не заб'е, але калі вы вып'еце адну шклянку, вам захочацца выпіць яшчэ і яшчэ. І клянуся вам маім парыком: калі вы не пакінеце піць, вы і сапраўды вельмі хутка памрыцё. Зразумела? Вернецеся на неба, як сказана ў бібліі. Ну, паспрабуйце ўстаць. Я дапамагу вам дабрацца да вашай пасцелі.
З вялікімі намаганнямі мы ўсцягнулі капітана наверх і паклалі ў пасцель. Галава яго ў знясіленасці ўпала на падушку. Ён быў амаль што непрытомны.
— Дык памятайце, — сказаў доктар, — я сумленна раю вам: слова ром і слова смерць для вас азначаюць адно і тое-ж самае.
Узяўшы мяне за руку, ён накіраваўся да майго хворага бацькі.
— Глупства, — сказаў ён, як мы толькі зачынілі за сабой дзверы. — Я выпусціў з яго столькі крыві, што ён надоўга супакоіцца. Тыдзень пракачаецца ў пасцелі, а гэта карысна і для яго і для вас. Але другога ўдару яму не перажыць.
Раздзел III
ЧОРНЫ ЗНАК
Каля поўдня я зайшоў да капітана з ахаладжальным напіткам і лякарствам. Ён ляжаў у тым-жа палажэнні, як мы яго пакінулі, толькі крыху вышэй. Ён здаўся мне вельмі слабым і ў той-жа час вельмі ўзрушаным.
— Джым, — сказаў ён, — ты адзін тут чаго-небудзь варты. І ты ведаеш: я заўсёды быў добры да цябе. Кожны месяц я даваў табе чатыры пенсы серабром. Бачыш, друг, — мне кепска, я хворы і ўсімі пакінуты. І, Джым, ты прынясеш мне кружачку рому, ці не праўда?
— Доктар… — пачаў я.
Але ён пачаў лаяць доктара — слабым голасам, але вельмі злосна.
— Усе дактары — швабры, — сказаў ён. — А гэты ваш тутэйшы доктар, ну, што ён разумее ў мараках? Я бываў у такіх краінах, дзе горача, як у кіпячай смале, дзе людзі так і падалі ад жоўтага джэка[2], а землетрасенні хісталі сушу, як марскую хвалю. Што ведае ваш доктар аб гэтых месцах? І я жыў толькі ромам, так! Ром быў для мяне і мясам, і вадой, і жонкай, і прыяцелем. І калі я зараз не вып'ю рому, я буду, як стары карабль, выкінуты на бераг штормам. І мая кроў будзе на табе, Джым, і на гэтай швабры, на доктары.
І ён зноў выбухнуў лаянкай.
— Паглядзі, Джым, як дрыжаць мае пальцы, — працягваў ён жаласлівым голасам. — Я не магу спыніць іх, каб яны не дрыжэлі. У мяне сёння не было ні каплі ў роце. Гэты доктар — дурань, запэўняю цябе. Калі я не вып'ю рому, Джым, мне будуць мроіцца розныя жахі. Сёе-тое я ўжо бачыў, далібог. Я ўбачыў старога Флінта, вунь там у куце, у сябе за плячыма. Бачыў яго выразна, як жывога. А калі мне мрояцца жахі, я раблюся зверам. Ваш доктар сам сказаў, што адна шкляначка мяне не заб'е. Я дам табе залатую гінею[3] за адну кружачку, Джым.
Ён выпрашваў усё больш настойліва і быў так узбуджаны, што я спалохаўся, каб яго не пачуў бацька. Бацьку ў той дзень было асабліва дрэнна, і яму была неабходна поўная цішыня. Да таго-ж мяне ўмацоўвалі словы доктара, што адна шклянка не пашкодзіць капітану.
— Не патрэбны мне вашы грошы, — адказаў я, таму што прапанова хабару вельмі абразіла мяне. — Заплаціце лепш тое, што вы павінны майму бацьку. Я прынясу вам шклянку, але гэта будзе апошняя.
Я прынёс шклянку рому. Ён прагна схапіў яе і выпіў да дна.
— Вось і добра, — сказаў ён, — мне адразу зрабілася лепш. Паслухай, друг, доктар не казаў, колькі мне ляжаць на гэтым ложку?
— Прынамсі тыдзень, — сказаў я. — Не менш.
— А бадай цябе маланка! — закрычаў капітан. — Тыдзень! Калі я буду ляжаць тыдзень, яны паспеюць прыслаць мне чорны знак. Гэтыя людзі ўжо пранюхалі, дзе я, — жулікі і гультаі, якія не здолелі зберагчы свайго і квапяцца зараз на чужое. Хіба сапраўдныя маракі так абыходзяцца? Вось я, напрыклад: я чалавек ашчадны, ніколі не сыпаў грашыма і не жадаю траціць нажытога. Я зноў ашукаю гэтых людзей. Я адплыву ад гэтага рыфа ды зноў пакіну іх усіх у дурнях.
З гэтымі словамі ён пачаў павольна ўзнімацца з пасцелі, апіраючыся на маё плячо з такою сілай, што я амаль не закрычаў ад болю. Цяжка, як мёртвыя калоды, апусціліся яго ногі на падлогу. Яго палкая гутарка была ў поўнай неадпаведнасці з яго ледзь чутным голасам.
Пасля таго, як ён сеў на ложку, ён доўга не мог вымавіць ні слова, і, нарэшце, сказаў:
— Даканаў мяне гэты доктар… Вушы мае так і пяюць. Памажы мне легчы…
Але, перш чым я працягнуў да яго руку, ён зноў паваліўся ў пасцель і некаторы час ляжаў моўчкі.
— Джым, — сказаў ён нарэшце, — ты бачыў сёння таго марака?
— Чорнага Пса? — спытаўся я.
— Так, Чорнага Пса, — сказаў ён. — Ён вельмі нядобры чалавек, але тыя, што паслалі яго, яшчэ горш, чым ён. Слухай: калі мне не ўдасца адсюль выбрацца і яны прышлюць мне чорны знак, ведай, што яны квапяцца на скрынку. Тады сядай на каня — да рэчы, ты ездзіш конна, не праўда? — Тады сядай на каня і скачы што ёсць сілы… Цяпер мне ўжо ўсёроўна… Скачы хоць да гэтага праклятага доктара, да швабры, і скажы яму, каб ён свіснуў усіх матросаў на палубу — усякіх там прысяжных і суддзяў — і злавіў-бы маіх гасцей на борце „Адмірала Бенбоў“, усю старую шайку Флінта, усіх да аднаго, колькі іх яшчэ асталося жывых. Я быў першым штурманам, так, першым штурманам старога Флінта, і я адзін ведаю, дзе знаходзіцца тое месца. Ён сам усё мне перадаў у Саванне, калі паміраў, вось як я зараз ляжу, бачыш? Але ты нічога не рабі, пакуль яны не прышлюць мне чорны знак або пакуль ты зноў не ўбачыш Чорнага Пса ці марака на адной назе. За гэтым аднаногім, Джым, сачы больш за ўсё.
— А які гэта чорны знак, капітан? — спытаўся я.
— Гэта выклік, прыяцель. Накшталт павесткі: запрашэнне ў суд. Калі яны прышлюць, я табе скажу. Ты толькі не праваронь іх, мілы Джым, я падзялю з табой усё папалам, даю табе слова гонару.
Ён пачаў збівацца ў гаворцы, і яго голас усё слабеў. Я даў яму лякарства, і ён прыняў яго, як дзіцё.
— Ні адзін марак яшчэ не адчуваў такой патрэбы ў лякарстве, як я.
Хутка ён заняпаў у цяжкае забыццё, і я пакінуў яго аднаго.
Не ведаю, што-бы зрабіў, калі-б усё ішло добра. Магчыма, я расказаў-бы аб усім доктару, таму што я да смерці баяўся, каб капітан не пашкадаваў аб сваёй шчырасці і не забіў-бы мяне. Але абставіны склаліся інакш. У вечары раптам памёр мой бедны бацька, і мы забылі на ўсё астатняе. Я так быў ахоплены нашай бядою, наведваннем суседзяў, наладжваннем пахавання і працай у карчме, што ў мяне не было часу ні думаць аб капітане, ні баяцца яго.
У наступную раніцу ён зышоў уніз, як быццам нічога не здарылася. Еў у звычайны час, але без усякага апетыту, і, баюся, выпіў больш звычайнага, таму што сам частаваўся каля стойкі. Прытым ён пырхаў і сапеў так сярдзіта, што ніхто не адважыўся-б забараніць яму лішнюю выпіўку. Увечары напярэдадні пахавання ён быў п'яны, як звычайна. Агідна было чуць яго разбэшчаную, дзікую песню ў нашым агорнутым жалобай доме. І, хоць ён быў вельмі слабы, мы да смерці баяліся яго. Адзіны чалавек, які мог-бы закрыць яму глотку, — доктар — быў далёка; доктара выклікалі за некалькі міль да аднаго хворага, і пасля бацькавай смерці ён ні разу не паказваўся каля нашага дому.
Я сказаў, што капітан быў слабы. І сапраўды, яму не толькі не паляпшала, але як быццам усё пагаршала. Ён ледзь-ледзь узыходзіў на сходках і, хістаючыся, кандыбаў да нашай стойкі, часам ён высоўваў нос за дзверы падыхаць морам, але хапаўся пры гэтым за сцяну. Дыхаў ён цяжка і хутка, як чалавек, узыходзячы на стромкую гару.
Ён больш не заводзіў гутаркі са мной і, відаць, забыў аб сваёй нядаўняй шчырасці, але зрабіўся яшчэ больш успыльчывы, раздражлівы, не гледзячы на ўсю сваю слабасць. Напіўшыся, ён выцягваў шаблю і клаў яе перад сабой на стол і пры гэтым бадай што не заўважаў людзей, як быццам увесь захлынены сваімі думкамі ды брэдавымі зданнямі.
Аднойчы неяк, што вельмі дзівіла нас, ён нават пачаў насвістваць нейкую вясковую любоўную песеньку, якую, відаць, спяваў у юнацтве, перад тым як адправіцца ў мора.
У такім становішчы былі справы, калі на другі дзень насля пахавання — дзень быў пахмурны, імглісты і марозны, — у тры гадзіны пасля поўдня, я вышаў за дзверы і спыніўся на парозе. Мяне прыгнятала туга.
Раптам я заўважыў чалавека, які павольна цягнуўся па дарозе. Відавочна, ён быў сляпы, таму што дарогу перад сабой намацваў палкай. Над яго вачыма і носам вісеў зялёны шчыток. Згорблены старасцю ці хваробай, ён быў увесь захутаны ў стары, падраны матроскі плашч з капюшонам, які хаваў абрысы яго цела. Ніколі ў сваім жыцці не бачыў я такога страшнага чалавека. Ён спыніўся недалёка ад карчмы і гучна прамовіў на распеў дзіўным гугнявым голасам, звяртаючыся ў пусты прастор:
— Ці не скажа які-небудзь дабрадзей беднаму сляпому чалавеку, страціўшаму дарагі зрок у часе адважнай абароны сваёй радзімы, у якой мясцовасці ён знаходзіцца зараз?
— Вы знаходзіцеся каля карчмы „Адмірал Бенбоў“, у бухце Чорнага Ўзгорка, добры чалавек, — сказаў я.
— Я чую голас, — прыгугнявіў стары, — і малады голас. Дайце мне руку, добры малады чалавек, і правядзіце мяне ў гэты дом!
Я падаў яму руку, і гэтая жудасная бязвокая істота з такім саладкаватым голасам схапіла яе, быццам абцугамі.
Я так спалохаўся, што хацеў уцячы. Але сляпы прыцягнуў мяне да сябе.
— А цяпер, хлопчык, — сказаў ён, — вядзі мяне да капітана.
— Сэр, — сказаў я, — я, слова гонару, не адважуся.
— Не адважышся? — усміхнуўся ён. — Ах, вось як! Не адважышся! Вядзі мяне зараз-жа, а то я зламлю табе руку.
І ён так павярнуў маю руку, што я закрычаў.
— Сэр, — сказаў я, — я баяўся не за сябе, а за вас. Капітан цяпер не такі, як заўсёды. Ён сядзіць з аголенай шабляй. Адзін джэнтльмен ужо прыходзіў да яго і…
— Жвава, марш! — перапыніў ён мяне.
Ніколі я яшчэ не чуў такога лютага, халоднага і паганага голаса. Гэты голас напалохаў мяне мацней, чым боль. Я зразумеў, што павінен падначаліцца, і павёў яго ў агульны пакой, дзе сядзеў наш хворы пірат, адурманены ромам. Сляпы ўчапіўся за мяне жалезнымі пальцамі. Ён націскаў на мяне ўсім сваім цяжарам, я ледзь трымаўся на нагах…
— Вядзі мяне проста да яго і, калі ён мяне ўбачыць, крыкні: „Вось ваш друг, Білі“. Калі ты не крыкнеш, я вось што зраблю.
І ён так сціснуў маю руку, што я ледзь не страціў прытомнасць. Я так баяўся сляпога жабрака, што забыў мой жах перад капітанам, і, адчыніўшы дзверы агульнага пакоя, дрыготлівым голасам пракрычаў тыя словы, якія сляпы загадаў мне пракрычаць.
Бедны капітан узняў вочы ўверх і адразу працвярозіўся. Яго твар паказваў не спалох, а праўдзівей смяротную муку. Ён паспрабаваў устаць, але ў яго, відаць, нехапала сілы.
— Нічога, Білі, сядзі дзе сядзіш, — сказаў жабрак. — Я не магу цябе бачыць, але я чую як дрыжаць твае пальцы. Справа ёсць справа. Выцягні сваю правую руку. Хлопчык, вазьмі яго правую руку і паднясі да маёй правай рукі.
Мы абодва паслухалі яго. І я ўбачыў, як ён пералажыў нешта з сваёй рукі, у якой трымаў палку, на далонь капітана, якая адразу сціснулася ў кулак.
— Справа зроблена, — сказаў сляпы.
Пры гэтых словах ён выпусціў сваю руку і са спрытнасцю, неўласцівай для калекі, выскачыў з агульнага пакоя на дарогу. Я ўсё яшчэ стаяў нерухома і прыслухоўваўся, як аддаляўся стук яго палкі.
Прайшло шмат часу, пакуль мы з капітанам апамяталіся. Тут толькі я заўважыў, што ўсё яшчэ трымаю яго за руку. Раптам ён вырваў руку і глянуў на далонь.
— У дзесяць гадзін! — усклікнуў ён. — Асталося шэсць гадзін. Яшчэ ёсць час.
І ўскочыў на ногі, але зараз-жа пахіснуўся і схапіўся за горла. Так стаяў ён, хістаючыся, некалькі хвілін, потым з якімсьці дзіўным гукам усім цяжарам грымнуўся на падлогу, тварам уніз.
Я адразу рынуўся да яго і паклікаў маці. Але было позна. Капітан раптоўна памёр ад апаплексіі. І дзіўна, мне сапраўды, ніколі не падабаўся гэты чалавек, хоць у апошні час я пачаў шкадаваць яго, — але, убачыўшы яго мёртвым, я заплакаў. Я плакаў доўга, я заліваўся слязмі. Гэта была другая смерць, якая адбылася перад маімі вачыма, і гора, якое было прычынена мне першай, было яшчэ надзвычай свежа ў маім сэрцы.
Раздзел IV
МАТРОСКАЯ СКРЫНКА
Я, вядома, адразу-ж расказаў маці ўсё, што ведаў. Магчыма, мне варта было расказаць ёй аб гэтым раней. Мы апынуліся ў цяжкім, небяспечным становішчы.
Частка грошай, што асталіся пасля капітана, — калі толькі ў яго былі грошы, — безумоўна павінна была належаць нам. Але наўрад яго таварышы, накшталт Чорнага Пса і сляпога жабрака, згадзіліся-б адмовіцца ад сваёй здабычы дзеля аплаты даўгоў нябожчыка. Загад капітана сесці на каня і скакаць па доктара Лівсі я выканаць не мог: нельга было пакінуць маці адну, без усякай абароны. Аб гэтым няварта было і думаць. Мы не адважваліся далей аставацца дома: мы ўздрыгвалі нават тады, калі вугалле ў нашым камінку падала на жалезныя краткі; мы баяліся нават цікання гадзінніка. Усюды нам чуліся чыесьці крокі, быццам хто набліжаўся да нас.
Пры думцы аб тым, што на падлозе ляжыць мёртвае цела і што недзе блізка бадзяецца агідны сляпы жабрак, у мяне валасы ўзнімаліся на галаве. Марудзіць нельга было ні хвіліны. Трэба было нешта пачаць. І мы рашылі накіравацца разам у бліжэйшы пасёлак прасіць дапамогу. Сказана — зроблена. З непакрытымі галовамі кінуліся мы бегчы скрозь марозны туман. Ужо пачынала цямнець.
Пасёлка ад нас не было відаць, але знаходзіўся ён недалёка, за некалькі сот ярдаў ад нас, на процілеглым беразе суседняй бухты. Мяне вельмі падбадзёрвала адчуванне, што сляпы жабрак, калі вышаў з нашага дому, накіраваўся ў другі бок. Ішлі мы нядоўга, хоць часам спыняліся, прыслухоўваліся. Але навокал былі звыклыя гукі: гудзеў прыбой, ды кракалі ў лесе вароны.
У пасёлку ўжо запалілі свечы, і іх жаўтаватае святло ў дзвярах і вокнах супакоіла нас. Але толькі ў гэтым і была ўся дапамога, якой нам давялося там дабіцца. На сорам ім, ні адзін з жыхароў вёскі не згадзіўся пайсці з намі ў „Адмірал Бенбоў“.
Чым больш гаварылі мы аб нашых трывогах, тым мацней гэтыя людзі туліліся да сваіх кутоў. Імя капітана Флінта, мне да таго часу незнаёмае, было добра вядома шмат каму з іх і наводзіла на іх жах. Некаторыя ўспомнілі, як аднойчы, працуючы ў полі недалёка ад „Адмірала Бенбоў“, убачылі на дарозе нейкіх падазроных людзей. Незнаёмыя здаліся ім кантрабандыстамі, і яны паспяшаліся дадому, каб мацней зачыніць свае дзверы. Нехта нават бачыў невялічкі карабль у бухце, што называлася Логава Кіта. Таму адно спамінанне аб капітанавых прыяцелях прымушала іх дрыжэць. Знаходзіліся смельчакі, якія згаджаліся з'ездзіць па доктара Лівсі, які жыў у другім баку, але ніхто не хацеў прыняць удзелу ў ахове карчмы.
Кажуць, што баязлівасць заразліва. Але спрэчкі і пярэчанні, наадварот, могуць надаць чалавеку храбрасці. Калі ўсе адмовіліся ісці разам з намі, маці заявіла, што ні ў якім разе не хоча страціць грошы, якія належаць яе асірацеўшаму сыну.
— Вы можаце палохацца колькі вам падабаецца, — сказала яна, — мы з Джымам не баязлівага дзесятка. Мы вернемся той-жа дарогай, якой прышлі. Мала гонару вам, дужым і шырокаплечым мужчынам з душамі, як у куранят. Мы адчынім гэтую скрынку, хоць-бы давялося памерці праз яе. Я буду вельмі ўдзячна, місіс Крослі, калі вы дазволіце мне ўзяць вашу торбачку, каб прынесці ў ёй грошы, што належаць мне паводле закона.
Я, вядома, заявіў, што пайду з маткай, і, вядома, усе закрычалі, што гэта вар'яцтва. Аднак ніхто з мужчын не ўзяўся нас праводзіць. Дапамога іх абмежавалася тым, што яны далі мне набіты пісталет калі на нас зробяць напад і абяцалі трымаць напагатове асядланых коней, каб мы маглі ўцячы, калі разбойнікі будуць гнацца за намі. А адзін малады чалавек паскакаў да доктара па ўзброенае падмацаванне.
Шалёна білася маё сэрца, калі мы адправіліся ў нашу небяспечную дарогу. Вечар быў сцюдзёны. Узыходзіў поўны месяц. Ён ужо ўзняўся над кругавідам і чырванеў у імгле, з кожнай хвілінай ззяючы ўсё ярчэй. Мы зразумелі, што хутка пасвятлее, як днём, і нас няцяжка будзе заўважыць пры нашым звароце. Мы прытойваліся каля платоў, бясшумна і хутка, і, не сустрэўшы на дарозе нічога страшнага, дабраліся, нарэшце, да „Адмірала Бенбоў“.
Увайшоўшы ў дом, я адразу-ж зачыніў дзверы на засаўку. Цяжка дыхаючы, мы стаялі ў цемры, адны ў пустым доме, дзе ляжаў нябожчык. Пасля маці прынесла свечку і, трымаючыся за рукі, мы ўвайшлі ў агульны пакой. Капітан ляжаў у тым-жа палажэнні, як мы яго пакінўлі, — на спіне, з адкрытымі вачыма, адкінуўшы адну руку.
— Спусці шторы, Джым, — прашаптала маці. — Яны могуць сачыць за намі праз акно… А цяпер, — сказала яна, калі я спусціў шторы, — трэба адшукаць ключ ад скрынкі. Але хацела-б я ведаць, хто адважыцца дакрануцца да нябожчыка.
І яна ледзь-ледзь усхліпнула пры гэтых словах.
Я апусціўся на калены. На падлозе, каля капітанавай рукі, ляжаў маленькі папяровы кружок, выпацканы з аднаго боку чымсьці чорным. Я не сумняваўся, што гэта і ёсць чорны знак. Я схапіў яго і заўважыў, што на другім баку напісана прыгожым выразным почыркам: „Даем табе тэрмін да дзесяці вечара“.
— Яны прыдуць у дзесяць, маці, — сказаў я.
І ў тую-ж хвіліну наш стары гадзіннік пачаў біць. Гэты нечаканы гук прымусіў нас уздрыгануцца, але ён і абрадаваў нас, таму што было толькі шэсць гадзін.
— Ну, Джым, — сказала маці, — шукай ключ.
Я абшукаў капітанавы кішэні адзін за другім. Некалькі дробных манет, напарстак, ніткі ды тоўстая ігла, кавалак табакі, надкушаны з краю, нож з крывой ручкай, кішэнны компас, крэсіва — вось і ўсё, што я там знайшоў. Мяне ўжо ахоплівала роспач.
— Магчыма на шыі? — сказала маці.
Перамогшы агіднасць, я разарваў каўнер яго кашулі. І сапраўды, на прасмоленай вяроўцы, якую я зараз-жа перарэзаў уласным капітанавым нажом, вісеў ключ.
Гэтая ўдача абнадзеіла нашы сэрцы, і мы паспяшаліся наверх, у той цесны пакой, дзе так доўга жыў капітан і дзе ад дня яго прыезда стаяла яго скрынка.
Звонку гэта была самая звычайная матроская скрынка. На вечку відаць была літара Б, выпаленая гарачым жалезам. Куты былі абцёрты і збіты, быццам гэтая скрынка адслужыла доўгую і цяжкую службу.
— Дай мне ключ, — сказала маці.
Замок паддаваўся туга, аднак, ёй удалося адчыніць яго, і яна ў адну хвіліну адкінула вечка.
На нас патыхнула моцным пахам табакі і дзёгцю. Перш за ўсё мы ўбачылі новы, старанна вычышчаны і адпрасаваны касцюм, вельмі добры і, па думцы маці, яшчэ ні разу не адзяваны. Падняўшы касцюм, мы знайшлі кучу самых рознастайных рэчаў: квадрант[4], бляшаную кружку, некалькі кавалкаў табакі, дзве пары прыгожых пісталетаў, злітак серабра, старадаўні іспанскі гадзіннік, некалькі, не надта каштоўных, дробязей, пераважна замежнай вытворчасці, пару компасаў у мядзянай аправе ды пяць або шэсць дзівосных ракавін з Вест-Індыі. Потым я часта думаў, навошта капітан, які жыў такім непаседлівым, небяспечным злачынным жыццём, цягаў з сабой гэтыя ракавіны.
Але нічога каштоўнага, акрамя злітка серабра, ды дробязей, мы не знайшлі. Нам патрэбны былі грошы, толькі грошы. На самым сподзе ляжаў стары марскі плашч, пабялеўшы ад салёнай вады. Маці нецярпліва адкінула яго, і мы ўбачылі апошнія рэчы, што ляжалі ў скрынцы: заверчаны ў кляёнку пакет, накшталт пачкі папер, і палатняны мяшок, у якім, мяркуючы па звону, было золата.
— Я пакажу гэтым разбойнікам, што я сумленная жанчына, — сказала маці. — Я вазьму толькі тое, што ён мне быў павінен, і ні фарцінга[5] больш. Трымай торбачку!
І яна пачала адлічваць грошы, перакладваючы іх з мяшка ў торбачку, якую я трымаў. Гэта была цяжкая справа, узяўшая шмат часу. Тут былі сабраны і памяшаны манеты самых рознастайных чэканак і краін: і дублоны, і луідоры, і гінеі, і піястры[6], і яшчэ нейкія мне невядомыя. Гіней было менш за ўсё, а маці мая ўмела лічыць толькі гінеі.
Калі яна адлічыла ўжо палову таго, што быў павінен нам капітан, я раптам схапіў яе за руку. У ціхім марозным паветры пранёсся гук, ад якога кроў застыла ў мяне ў жылах, — пастукванне палкай па мёрзлай дарозе. Гук набліжаўся, і мы прыслухоўваліся да яго, затоіўшы подых. Затым па'чуўся гучны ўдар у дзверы карчмы, пасля гэтага ручка дзвярэй заварушылася і заляскатала засаўка — нехта спрабаваў зайсці. Настала цішыня ўнутры і знадворку. І, нарэшце, зноў пачулася пастукванне палкай. Да нашай нязмернай радасці, яно цяпер аддалялася і хутка замерла.
— Маці, — сказаў я, — бяры ўсё, ды пабяжым хутчэй.
Я быў упэўнен, што зачыненыя на засаўку дзверы паказаліся сляпому падазронымі і пабаяўся, што ён прывядзе сюды ўсё сваё асінае гняздо.
І ўсё-ж як добра, што я здагадаўся зачыніць дзверы на засаўку!
Але маці, не гледзячы на ўвесь свой страх, не згаджалася ўзяць ні адной манеты больш таго, што ёй належала. І ў той-жа час упарта не згаджалася ўзяць менш. Яна казала, што яшчэ няма сямі гадзін, што ў нас яшчэ безліч часу. І яна ведае ўсе свае правы і нікому не ўступіць іх. Упарта спрачалася яна са мной да той пары, пакуль мы раптам не пачулі працяжны ціхі свіст, што раздаўся недзе ў воддалі, на ўзгорку.
Мы адразу перасталі спрачацца.
— Я вазьму тое, што паспела адлічыць, — сказала яна ускакваючы на ногі.
— А я прыхаплю і гэта для круглай лічбы, — сказаў я, бяручы пачку заверчаных у кляёнку папер.
Праз хвіліну мы ўжо былі ўнізе. Свечка асталася каля пустой скрынкі. Я адчыніў дзверы, і мы вышлі на дарогу. Нельга было траціць ні хвіліны. Імгла хутка рассейвалася. Месяц вельмі яскрава ззяў, толькі ў глыбіні лагчыны ды каля дзвярэй карчмы была накінута зыбкая заслона імглы, як быццам для таго, каб схаваць першыя крокі нашага ўцёку. Але ўжо на палове дарогі, ледзь вышэй, каля падножжа ўзгорка, мы павінны былі няўхільна папасці ў паласу месячнага святла.
У воддалі мы пачулі нечыя крокі, якія хутка набліжаліся.
Мы азірнуліся і ўбачылі скачучы агеньчык: нехта нёс ліхтар.
— Даражэчькі, — раптам сказала маці, — бяры грошы і бяжы. Я адчуваю, што зараз абамлею.
„Мы загінулі абодва“, рашыў я. Як праклінаў я трусасць нашых суседзяў! Як злаваў я на сваю бедную маці і за яе сумленнасць, і за яе скромнасць, і за яе цяперашнюю слабасць!
На шчасце, мы праходзілі каля нейкага мосціка. Я дапамог ёй зысці ўніз. Яна ўздыхнула і ўпала мне на плячо. Не ведаю, як я набраўся сілы, але я пацягнуў яе ўніз, да ручая. Непакоюся, што гэта было зроблена даволі груба. Мосцік быў нізенькі, і рухацца пад ім можна было толькі на карачках. Я папоўз далей, пад скляпенне, а маці асталася бадай уся на віду. Гэта было за некалькі крокаў ад карчмы.
Раздзел V
КАНЕЦ СЛЯПОГА
Аказалася, што мая цікавасць была мацней за страх. Я не мог пасядзець на месцы. Асцярожна вылез я ў лагчынку і схаваўся за кустом дрока. Адсюль я выразна бачыў дарогу перад дзвярыма карчмы.
Ледзь я заняў свой назіральны пост, як з'явіліся ворагі. Іх было чалавек сем ці восем. Яны хутка набліжаліся, гучна і бязладна стукаючы ботамі. Чалавек з ліхтаром бег наперадзе ўсіх. За ім ішлі трое, трымаючыся за рукі. Не гледзячы на туман, я разгледзеў, што сярэдні ў гэтым трыё — сляпы жабрак. Потым я пачуў яго голас і пераканаўся, што не памыліўся.
— Да чорта дзверы! — крыкнуў ён.
— Ёсць, сэр! — адклікнуліся двое ці трое.
І яны рынуліся ў атаку на дзверы „Адмірала Бенбоў“. Каля самых дзвярэй яны спыніліся і пачалі раіцца шэптам. Відаць, іх здзівіла, што дзверы не зачынены. Потым зноў пачуліся загады сляпога. Нецярплівы люты яго голас рабіўся ўсё грамчэйшым і больш пісклівым.
— У дом! У дом! У дом! — крычаў ён, праклінаючы іх за маруднасць.
Чацвёра ці пяцёра ўвайшлі ў дом, двое асталіся на дарозе, разам з жахлівым жабраком. Потым, пасля некалькіх хвілін цішыні, пачуўся крык здзіўлення, і нечый голас залямантаваў з сярэдзіны:
— Білі — мёртвы!
Але сляпы зноў вылаяў іх за тое, што яны так важдаюцца.
— Абшукайце яго, подлыя гультаі! Астатнія наверх, па скрынку! — загадаў ён.
Яны застукалі ботамі па нашых старых сходках, і ўвесь дом задрыжэў ад іх тупату. Потым зноў раздаліся здзіўленыя галасы. Акно ў капітанавым пакоі расчынілася насцеж, і ўніз са звонам пасыпаліся аскелкі разбітага шкла. З акна высунуўся чалавек. Галава яго і плечы былі добра відаць пры месячным святле. Ён крыкнуў сляпому жабраку, што стаяў унізе на дарозе:
— П'ю, тут ужо паспелі пабыць раней нас!.. Нехта перарыў усю скрынку знізу ўверх!
— А тое, што мы шукаем, на месцы? — крычаў П'ю.
— Грошы тут.
— Да чорта грошы! — закрычаў сляпы. — Я кажу аб Флінтавых паперах.
— Папер не відаць, — адклікнуўся чалавек.
— Эй, вы, там, унізе, паглядзіце, ці няма іх пры нябожчыку! — зноў крыкнуў сляпы.
Другі разбойнік, відаць адзін з тых, што астаўся ўнізе абшукваць труп капітана, з'явіўся ў дзвярах карчмы.
— Білі паспелі абшукаць да нас, — сказаў ён, — нам нічога не пакінулі.
— Нас абрабавалі тутэйшыя людзі. Гэта тое шчанё! — рыкнуў П'ю. — Шкада, што я не выкалаў яму вочы… Яны былі тут зусім нядаўна. Калі я хацеў зайсці, дзверы былі зачынены на засоўку. Шукайце іх, хлопцы. Шукайце ва ўсіх кутках.
— Так, яны былі тут. Яны пакінулі запаленую свечку, — сказаў чалавек у акне.
— Шукайце! Шукайце! Ператрасіце ўвесь дом! — паўтараў П'ю, стукаючы палкай.
І вось у нашай старой карчме пачаўся страшэнны гармідар. Цяжкія крокі загрымелі ўсюды. Пасыпаліся аскепкі разбітай мэблі, захлопалі дзверы ўверсе і ўнізе, так што нават навакольныя скалы падхапілі гэты шалёны грукат. Але ўсё дарма — людзі, адзін за другім, выходзілі на дарогу і паведамлялі, што не знайшлі нас нідзе.
У гэтую хвіліну ўводдалі зноў раздаўся той самы свіст, які так напалохаў маю маці і мяне, калі мы лічылі манеты нябожчыка. На гэты раз прасвісталі два разы. Раней я думаў, што гэтым свістам сляпы склікае сваіх таварышоў на штурм. Але цяпер я заўважыў, што свіст раздаўся з боку пасёлка, і дагадаўся, што гэта сігнал, папярэджваючы бандытаў аб небяспецы.
— Гэта Дэрк, — сказаў адзін, — чуеце: ён свішча два разы. Трэба ўцякаць, хлопцы.
— Уцякаць?! — крыкнуў П'ю. — Ах, вы, дурні! Дэрк заўсёды быў дурань і трус. Няма чаго слухаць Дэрка. Яны недзе тут, блізка. Яны не маглі ўцячы далёка. Вы павінны іх знайсці. Шукайце-ж, псы! Шукайце! Шукайце ва ўсіх закутках. О, чорт, — ускрыкнуў ён, — каб былі-б у мяне вочы!
Гэты крык крыху падбадзёрваў разбойнікаў. Двое з іх пачалі бегаць паміж дрэвамі ў гаі, але неахвотна, ледзь рухаючыся. Яны, як мне здалося, больш думалі аб уцёку, чымся аб пошуках. Астатнія збянтэжана стаялі пасярод дарогі.
— У вас у руках тысячы, а вы марудзіце, як ідыёты. Калі вы знойдзеце гэтую паперу, вы зробіцеся багацей за караля. Папера гэтая тут, за два крокі, а вы ўхіляецеся і мяркуеце ўцячы. Сярод вас не знайшлося ніводнага смельчака, які рызыкнуў-бы схадзіць да Біля і даць яму чорны знак. Гэта зрабіў я, сляпы! Праз вас я губляю сваё шчасце. Я павінен поўзаць у жабрацтве і выпрашваць капейкі на шкляначку, тады як я мог-бы раз'язджаць у карэтах.
— Дык-жа грошы ў нас, — прабурчэў адзін.
— А паперу яны, мабыць, прыхавалі, — дадаў другі. — Бяры грошы, П'ю, і перастань шалець.
П'ю, і сапраўды, быў як шалёны. Апошнія пярэчанні разбойнікаў канчаткова раз'ярылі яго. У прыпадку лютай злосці ён падняў сваю качарэжку і, кінуўшыся ўсляпую на таварышоў, пачаў частаваць іх ударамі.
Тыя, у свой чарод, адказалі паганцу лаянкай, праваджаючы яе жудаснымі пагрозамі. Абкружыўшы яго, яны спрабавалі расшчаміць яго пальцы, каб вырваць качарэжку з яго кулака.
Гэтая сварка была ратункам для нас.
Пакуль яны біліся і лаяліся, з узгоркаў з боку пасёлка пачуўся конскі тупат. Бадай у тую-ж хвіліну дзесьці за плотам грымнуў пісталетны стрэл і бліснуў агеньчык. Гэта быў апошні сігнал. Ён азначаў, што небяспека блізка. Разбойнікі рынуліся ў розныя бакі — адны да мора, па беразе бухты, іншыя ўверх, па адкосу ўзгорка. Праз поўхвіліны на дарозе астаўся адзін П'ю. Яны кінулі яго аднаго, — магчыма, забылі аб ім з перапугу, а магчыма, знарок, каб помсціць за лаянку і біццё. Астаўшыся адзін, ён у шаленстве стукаў палкай па дарозе і, выцягваючы рукі, клікаў таварышоў, але канчаткова збіўся з дарогі і, замест таго, каб бегчы да мора, пабег у напрамку да пасёлка.
Ён праімчаўся за некалькі крокаў ад мяне, прымаўляючы плаксівым голасам:
— Джонні, Чорны Пёс, Дэрк! Дык вы-ж не пакінеце старога П'ю, дарагія таварышы, сапраўды вы не пакінеце старога П'ю!
Конскі тупат між тым набліжаўся. Ужо можна было распазнаць пяць ці шэсць коннікаў, асветленых месяцам. Яны несліся наўскачкі ўніз па склону ўзгорка.
Тут сляпы сцяміў, што ідзе не туды, куды трэба. Ускрыкнуўшы, ён павярнуўся, пабег проста да прыдарожнай канавы і зваліўся ў яе. Але зараз-жа ўзняўся і, звар'яцеўшы, выкарабкаўся зноў на дарогу, якраз пад ногі бліжэйшаму каню, што скакаў наперадзе ўсіх.
Коннік хацеў ратаваць яго, але было позна. Роспачлівы крык сляпога, здавалася, разарваў начную цемру. Чатыры конскія капыты змялі і расціснулі яго. Ён паваліўся на бок, павольна перавярнуўся нічком і больш не варушыўся.
Я ўскочыў на ногі і аклікнуў коннікаў. Яны таўпіліся вакол сляпога, перапалоханыя здарыўшымся няшчасцем. Я адразу-ж пазнаў іх. Той, што скакаў ззаду ўсіх, быў той самы юнак, які ўзяўся з'ездзіць з пасёлка па доктара Лівсі. Астатнія былі стражнікамі мытніцы, якіх ён сустрэў на дарозе. У яго хапіла розуму паклікаць іх на дапамогу. Чуткі аб нейкім караблі ў Логаве Кіта і раней даходзілі да начальніка мытніцы, місцера Дэнса. Дарога да Логава Кіта ішла міма нашай карчмы, і Дэнс зараз-жа паскакаў туды са сваім атрадам. Дзякуючы гэтай шчаслівай выпадковасці мы з маткай выратаваліся ад немінучай смерці. П'ю быў адразу забіты. Матку маю мы аднеслі ў вёску. Там далі ёй панюхаць араматычнай солі, аблілі яе зімнай вадой, і яна ачуняла. Не гледзячы на ўсе перажытыя страхі, яна ўсё скардзілася, што не паспела ўзяць з капітанавых грошай усю суму, якая належала ёй па закону.
Тым часам начальнік мытніцы Дэнс паскакаў са сваім атрадам у Логава Кіта. Але паколькі стражнікі асцерагаліся засады, яны спусціліся да берага, спяшыліся і павялі коней на поваду. І, натуральна, да таго часу, пакуль яны дабраліся, нарэшце, да бухты, карабль ужо паспеў падняць якар, хоць і знаходзіўся недалёка ад берага. Дэнс аклікнуў яго. У адказ пачуўся голас, які раіў яму не выходзіць на асветленае месяцам месца, калі ён не хоча атрымаць у сваё тулава добрую порцыю волава. І зараз-жа каля яго пляча прасвісцела куля.
Неўзабаве карабль падвоіў ход і знік. Містэр Дэнс, паводле яго ўласных слоў, стаяў на беразе, быццам, „рыба, выкінутая з вады“. Ён адразу паслаў чалавека ў Б…, каб выслалі ў мора катэр.
— Але ўсё гэта дарэмна, — сказаў ён. — Яны ўцяклі і іх не дагоніш. Я рады і таму, што наступіў пану П'ю на мазоль.
Я вярнуўся разам з ім у „Адмірал Бенбоў“. Цяжка пераказаць, якое там было разбурэнне. Бандыты, шукаючы мяне і маці, сарвалі са сцяны нават гадзіннік. І, хоць яны нічога не панеслі з сабой, апрача торбачкі з грашыма, што належалі капітану, і некалькіх сярэбраных манет з нашай касы, я адразу зразумеў, што мы зруйнаваны.
Містэр Дэнс доўга нічога не мог зразумець.
— Ты кажаш, што яны ўзялі грошы? Растлумач мне, Гоўкінс, што-ж ім яшчэ было патрэбна? Яны яшчэ якіх-небудзь грошай шукалі?
— Не, сэр, не грошай, — адказаў я. — Тое, што яны шукалі, ляжыць у мяне тут, у бакавой кішэні. Кажучы праўду, я хацеў-бы пакласці гэтую рэч у больш бяспечнае месца.
— Правільна, хлопчык, правільна, — сказаў ён. — Дай яе мне, калі хочаш.
— Я думаў даць яе доктару Лівсі… — пачаў я.
— Правільна! — палка перабіў ён мяне. — Правільна. Доктар Лівсі — джэнтльмен і суддзя. Бадай, што і мне самому варта-бы з'ездзіць да яго ці да сквайра і паведаміць аб здарэнні. Дык як ні як, а здарылася забойства. Я ніколькі не шкадую аб гэтым, але могуць знайсціся людзі, якія абвінавацяць мяне, начальніка каралеўскай мытніцы. Ведаеш што, Гоўкінс: паедзем са мной. Я вазьму цябе з сабой, калі хочаш.
Я падзякаваў яго, і мы пайшлі ў пасёлак, дзе стаялі коні. Пакуль я развітваўся з маткай, усе ўжо селі ў сёдлы.
— Догер, — сказаў містэр Дэнс, — у цябе добры конь. Пасадзі гэтага малайца да сябе за плечы.
Як толькі я ўсеўся ззаду Догера і ўзяўся за яго пояс, начальнік мытніцы загадаў рушыцца ў дарогу, і атрад трушком паскакаў па дарозе да дома доктара Лівсі.
Раздзел VI
КАПІТАНАВЫ ПАПЕРЫ
Мы імчаліся наўскачкі і, нарэшце, спыніліся перад дзвярыма доктара Лівсі. Увесь фасад быў ахутаны цемрай.
Містэр Дэнс загадаў мне саскочыць з каня і пастукаць. Догер падставіў стрэмя, каб мне было зручней зыйсці. На стук вышла служанка.
— Доктар Лівсі дома? — спытаў я.
— Не, — адказала яна. — Ён вярнуўся пасля полудня дадому, а зараз пайшоў у сядзібу паабедаць і правесці вечар са сквайрам.
— У такім разе мы едзем туды, — сказаў містэр Дэнс.
Да сядзібы было недалёка. Я нават не садзіўся ў сядло, а пабег побач з канём, трымаючыся за Догерава стрэмя.
Мільганула брама парка. Доўгая, бязлістая, асветленая месяцам прысада вяла да бялеўшага воддаль панскага дома, акружанага прасторным старым садам. Містэр Дэнс саскочыў з каня і павёў мяне ў дом. Нас зараз-жа ўпусцілі туды.
Па доўгаму карыдору, падлога якога была заслана дываном, слуга павёў нас у габінет гаспадара. Сцены габінета былі застаўлены кніжнымі шафамі. На кожнай шафе стаяў бюст. Сквайр і доктар Лівсі сядзелі каля яркага агню і курылі.
Я ніколі не бачыў сквайра так блізка. Гэта быў высокі мужчына, больш шасці футаў ростам, дародны, з тоўстым суровым тварам, агрубеўшым і засівералым у часе доўгіх вандраванняў. У яго былі чорныя рухавыя бровы, якія паказвалі не злы, але ганарысты і запальчывы нораў.
— Зайдзіце, містэр Дэнс, — сказаў ён высокамерна і ласкава. — Добры вечар!
— Добры вечар, Дэнс, — сказаў доктар і кіўнуў галавой: — добры вечар, друг Джым. Які спадарожны вецер занёс вас сюды?
Начальнік мытніцы выпрастаўся, рукі па швах, і расказаў пра ўсе нашы прыгоды, як вывучаны ўрок. Пабачылі-б вы, як шматзначна пераглядваліся гэтыя два джэнтльмены ў часе яго расказу. Яны слухалі з такой цікавасцю, што нават перасталі курыць. А калі яны пачулі, як мая маці пайшла ноччу назад у наш дом, доктар Лівсі хлопнуў сябе па бядры, а сквайр крыкнуў „брава“ і разбіў сваю доўгую люльку аб рашотку каміна. Містэр Трэлоўні (так, калі вы памятаеце, называлі сквайра) даўно ўжо пакінуў сваё крэсла і пахаджваў па пакою, а доктар, каб лепш чуць, сцягнуў з галавы свой напудраны парык. Дзіўна было бачыць яго без парыка, з каротка падстрыжанымі чорнымі валасамі.
Нарэшце, містэр Дэнс скончыў свой расказ.
— Містэр Дэнс, — сказаў сквайр, — вы шляхетны чалавек. Вы зрабілі мужны ўчынак, расціснуўшы аднаго з самых крыважэрных злачынцаў. Такіх трэба ціскаць, як прусакоў. Гоўкінс, я бачу, таксама хлопец кемлівы. Пазвані ў гэты званочак, Гоўкінс. Містэр Дэнс павінен выпіць піва.
— Значыцца, Джым, — сказаў доктар, — тое, што яны шукалі, знаходзіцца тут, у цябе?
— Вось яно, — сказаў я і падаў яму завінуты ў цырату пакет.
Доктар агледзеў пакет з усіх бакоў. Як відаць, яму рупіла распакаваць яго. Але ён перамог сябе і спакойна паклаў пакет у кішэнь.
— Сквайр, — сказаў ён, — калі Дэнс вып'е піва, яму прыдзецца вярнуцца да сваіх службовых абавязкаў. А Джым Гоўкінс будзе начаваць у мяне. Калі дазволіце, я папрашу зараз падаць яму халоднага паштэта на вячэру.
— Чаму-ж не, калі ласка, Лівсі! — адклікнуўся сквайр. — Гоўкінс сёння заслужыў чагосьці большага.
Перада мной на адным з маленькіх столікаў паставілі вялікую порцыю галубінага паштэта. Я быў галодны, як воўк, і павячэраў з вялікім здавальненнем. А тым часам Дэнс, выслухаўшы некалькі новых пахвал, адышоў.
— Ну, сквайр, — сказаў доктар.
— Ну, доктар, — сказаў сквайр.
— У адно слова! — засмяяўся доктар Лівсі. — Спадзяюся, вы чулі пра гэтага Флінта?
— Ці чуў я аб Флінце? — усклікнуў сквайр. — Вы пытаецеся, ці чуў я аб Флінце? Гэта быў самы крыважэрны пірат з усіх, якія калі-небудзь плавалі па мору. Чорная Барада перад Флінтам дзіцянё. Іспанцы так баяліся яго, што, прызнаюся вам, сэр, я часам ганарыўся, што ён англічанін. Аднойчы каля Трынідада я бачыў у водлалі верхавінкі яго парусаў, але наш капітан струсіў і зараз-жа павярнуў назад, сэр, у Порт-Оф-Спэн[7].
— Я чуў пра яго тут, у Англіі, — сказаў доктар. — Але вось пытанне: ці былі ў яго грошы?
— Грошы! — ускрыкнуў сквайр. — Хіба вы не чулі, аб чым расказваў Дэнс? Чаго маглі шукаць гэтыя злачынцы, калі не грошай? Што ім патрэбна, апрача грошай? Дзеля чаго, апрача грошай, яны рызыкавалі-б сваёй шкурай?
— Мы хутка ўбачым дзеля чаго яны рызыкавалі шкурай, — адказаў доктар. — Вы так гарачыцеся, што не даеце мне слова сказаць. Вось што я хацеў-бы высветліць: дапусцім, тут, у мяне ў кішэні, знаходзіцца ключ, з дапамогай якога можна даведацца дзе Флінт схаваў свае скарбы. Ці варта дабірацца да гэтых скарбаў.
— Дабірацца! сэр! — закрычаў сквайр. — Ці варта дабірацца? Дык слухайце! Калі толькі сапраўды ў нашых руках знаходзіцца ключ, аб якім вы кажаце, я безадкладна ў брыстольскіх доках прырыхтую адпаведны карабль, бяру з сабой вас і Гоўкінса і еду дабываць гэты скарб, хоць-бы нам давялося шукаць яго цэлы год.
— Вельмі добра, — сказаў доктар. — У такім разе, калі Джым згодзен, давайце распакуем пакет.
І ён паклаў пакет перад сабой на стол.
Пакет быў моцна зашыты ніткамі. Доктар дастаў сваю скрыначку з інструментамі і разрэзаў ніткі хірургічнымі ножніцамі. У пакеце аказаліся дзве рэчы — сшытак і запячатаны канверт.
— Перш за ўсё паглядзім сшытак, — запрапанаваў доктар. Ён ласкава паклікаў мяне да сябе ад століка, дзе я вячэраў, каб і я мог прыняць удзел у разгадванні таямніцы і пачаў перагортваць сшытак. Сквайр і я з цікавасцю глядзелі праз яго плячо.
На першай старонцы сшытка былі выведзены ўсялякія крывулі. Было падобна на тое, што іх выводзілі так сабе або для пробы пяра. Між іншым тут быў і той надпіс, які капітан вытатуіраваў у сябе на руцэ: „Хай спраўдзяцца мары Білі Бонса“, ды іншыя накшталт гэтага, напрыклад: „Містэр Б. Бонс, штурман“, „Досыць рому“, „На пальмавай наберажнай ён атрымаў усё, што яму належала“. Былі іншыя надпісы, зусім незразумелыя, якія складаліся большай часткай з аднаго слова. Мяне вельмі зацікавіла, хто быў той, які атрымаў, „што яму належала“, і што менавіта яму належала, магчыма, удар нажом у спіну?
— Ну, з гэтай старонкі не многа высветліш, — сказаў доктар Лівсі.
Дзесяць або дванаццаць наступных старонак былі запоўмены дзіўнымі бухгалтэрскімі запісамі. На адным канцы радка стаяла дата, а на другім грашовае падсумаванне, як звычайна ў бухгалтэрскіх кнігах. Але замест усякіх тлумачэйнняў у прамежку стаяла толькі розная колькасць крыжыкаў. Дванаццатым чэрвеня 1746 года, напрыклад, была азначана сума ў семдзесят фунтаў стэрлінгаў, але ўсе тлумачэнні, адкуль яна ўзялася, замянялі сабой шэсць крыжыкаў. Часам, такі, дадавалася назва мясцовасці, напрыклад: „супроць Каракаса“, або проста азначалася шырата і даўгата, напрыклад: „62° 17′ 20″, 19° 2′ 40″“.
Запісы рабіліся на працягу амаль дваццаці год. Запрыбыткаваныя сумы ўсё буйнелі. І ў самым канцы, пасля
пяці ці шасці памылковых закрэсленых падлікаў, было зроблена падсумаванне, і ў нізе падпісана: „Доля Бонса“.
— Я нічога не магу зразумець, — сказаў доктар Лівсі.
— А між тым усё ясна, як дзень! — усклікнуў сквайр. — Перад намі прыбытковая кніга гэтага гнуснага пса. Крыжыкамі замяняюцца назвы патопленых караблёў і абрабаваных гарадоў. Лічбы адзначаюць долю гэтага душагуба з агульнага здабытка. Там, дзе ён унікаў недакладнасці, ён устаўляў некаторыя тлумачэнні. „Насупраць Каракаса“, напрыклад. Гэта значыць, што насупраць Каракаса было абрабавана нейкае няшчаснае судна. Бедныя маракі, што плылі на ім, даўно ўжо гніюць сярод каралаў.
— Правільна! — сказаў доктар. — Вось што значыць быць вандроўцам. Правільна! І доля яго ўзрастала ў той меры, як ён павышаўся ў чыне.
Нічога больш у гэтым сшытку не было, акрамя назвы некаторых мясцовасцей, запісаных на чыстых старонках, ды табліцы для перавода англійскіх, іспанскіх і французскіх грошай у хадзячую манету.
— Эканомны чалавек! — усклікнуў доктар. — Яго не аблічыш.
— А зараз, — сказаў сквайр, — паглядзім, што тут.
Канверт быў запячатаны ў некалькіх месцах. Пячаткай быў напарстак — відаць, той самы напарстак, які я знайшоў у капітанавай кішэні. Доктар асцярожна зламаў пячаткі, і на стол вывалілася карта нейкага вострава, з шыратой і даўгатой, з азначэннем глыбіні мора каля берагоў, з назвамі ўзгоркаў, заток і мысаў. Наогул тут было ўсё, што можа спатрэбіцца, каб без усякай рызыкі падыйсці да невядомага вострава і кінуць якар.
Востраў меў дзевяць міль у даўжыню, і пяць у шырыню. Ён нагадваў тлустага дракона, устаўшага на дыбкі. Мы заўважылі дзве гавані, добра ўкрытыя ад бур, і ўзгорак пасярэдзіне, названы „Падзорная труба“.
На карце было шмат дадаткаў, зробленых пазней. Больш за ўсё кідалася ў вочы тры крыжыкі, зробленыя чырвоным чарнілам, — два ў паўночнай частцы вострава і адзін у паўднёва-заходняй. Каля гэтага апошняга крыжыка тым-жа чырвоным чарнілам дробным выразным почыркам, зусім не падобным на капітанавы крывулі, было напісана:
„Галоўная частка скарба тут”.
На адваротным баку карты былі тлумачэнні, напісаныя тым-жа почыркам. Вось яны:
„Вялікае дрэва на плячы Падзорнай Трубы, напрамак да Поўн. ад Поўн.-Поўн.-Усх.
Востраў шкілета Усх.-Поўдз.-Усх. і на Усх.
Дзесяць футаў.
Зліткі серабра ў паўночнай яме. Адшукаеш яе на спадзе ўсходняга ўзвышша, за дзесяць сажняў на поўдзень ад чорнай скалы, калі стаць да яе тварам.
Зброю знайсці лёгка, яна ў пясчаным узгорку, на Поўн. канцы паўночнага мыса, трымаючыся на Ўсх. і на чвэрць румба да Поўн.
Д. Ф“.
І ўсё. Гэтыя запісы паказаліся мне зусім незразумелымі. Але не гледзячы на сваю кароткасць, яны выклікалі захапленне ў сквайра і доктара Лівсі.
— Лівсі, — сказаў сквайр, — вы павінны неадклална пакінуць вашу мізэрную практыку. Заўтра я еду ў Брыстоль. Праз тры тыдні… Не, праз два тыдні!.. Не, праз дзесяць дзён у нас будуць лепшы карабль, сэр, і самая адборная каманда ва ўсёй Англіі. Гоўкінс паедзе юнгам. З цябе выйдзе выдатны юнга, Гоўкінс. Вы, Лівсі, — карабельны доктар. Я — адмірал. Мы возьмем з сабой Рэдрэта, Джойса і Гэнтэра. Спадарожны вецер хутка данясе нас да вострава. Адшукаць там скарбы будзе вельмі лёгка. У нас будзе столькі манет, што мы зможам есці іх, купацца ў іх, шпурляць іх рыкашэтам у ваду.
— Трэлоўні, — сказаў доктар, — я паеду з вамі. Ручаюся, што мы з Джымам апраўдаем ваша давер'е. Але ёсць адзін чалавек, на якога я баюся пакладацца.
— Хто ён? — усклікнуў сквайр, — назавіце гэтага пса, сэр!
— Вы, — адказаў доктар, — таму што вы не ўмееце трымаць язык за зубамі. Не мы адны ведаем аб гэтых паперах. Тыя разбойнікі, што сёння ўвечары разграмілі карчму, як бачыце, шалёна смелы народ, — і тыя разбойнікі, якія асталіся на судне, зробяць, зразумела, усё магчымае, каб авалодаць скарбам. Мы нідзе не павінны паказвацца па адным, пакуль не адплывем ад берага. Я астануся тут разам з Джымам да ад'езду. Вы вазьміце Джойса і Гэнтэра і адпраўляйцеся з імі ў Брыстоль. І — самае галоўнае — мы нікому не павінны казаць ні слова аб нашай знаходцы.
— Лівсі, — адказаў сквайр, — вы заўсёды правы. Я буду маўчаць, як магіла.
- ↑ Кабестан — прылада для падымання карабельнага якара.
- ↑ Жоўты джэк — трасца.
- ↑ Гінея — англійская манета (каля дзесяці рублёў золатам).
- ↑ Квадрант — старадаўняя прылада для вымервання вышыні нябесных цел.
- ↑ Фарцінг — англійская манета.
- ↑ Піястр і дублон — старадаўнія іспанскія манеты. Луідор — французская манета.
- ↑ Порт-Оф-Спэн — сталіца вострава Трынідад.