Восень (Жылка — Глухой, таёмнай сцежкай…)
Перайсці да навігацыі
Перайсці да пошуку
Восень Верш Аўтар: Уладзімір Жылка |
Крыніца: http://old.knihi.com/bk/zylka/zylka1.html |
Глухой, таёмнай сцежкай
Падкралася за летам,
Уселася на ўзмежку
І занудзіла светам.
Няўпынна, безнадзейна,
Слязьмі, як мак, драбнютка
Заплакала нявейна,
Маркотна і няхутка.
І з ёю разам хмары
Заплакалі дажджамі,
Навіслі шопай1 чмархнай
Над вёскамі, палямі.
І то ж бо: неласкава,
Пустэльна поле, гола,
Ў стагах стаіць атава,
І пушча жоўта-квола.
Ў паветры мятульжыцца
Убор вясны раскошні,
Кружляючы, лажыцца
Бясшумны ліст апошні.
Рабіна ўжо чырвона,
Не чуць птушых спяванняў, -
І ў мяккіх шэрых тонах
Настрой ціхі канання.
І на кустах, на руні,
На йржанні-павуценні;
І за гумном, за пуняй
Дрыжаць даўжэй суцені.
І сонца слаба ўсмешка, -
Як хмара, небарача,
Бо восень вось на ўзмежку,
Бо восень плача, плача...
(1924)