Перайсці да зместу

Водгульле (1922)/Хмарка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На лузе Хмарка
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
Ноч прад навальніцай
Іншыя публікацыі гэтага твора: Хмарка (Колас, верш).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ХМАРКА.

Па небе хмарка залатая
На сівер з поўдзеня плыла
І ўздых палёў, жаданьні гаю
Ў сабе хмурыначка нясла.

А сонца горача сушыла,
І сохлі нівы на палёх,
Даўно зямля дажджу прасіла,
Але яе ня слухаў Бог.

І ўсё заціхла, ўсё чакала
Дажджу ад хмаркі паўднявой.
Хістацца краска перастала,
Прыпаўшы к долу галавой.

Глядзеў і лес, і луг з травою,
І ўсе расьліны на зямлі:
Вось, хмарка чыстаю сьлязою
Спадзе на зьніклыя палі.

І ў неба дойдзе плач з туманам,
Што сінім дымам ціха зьвіс
Над цёмным лесам і курганам,
І ліне дожджыкам наніз.

Плыве хмурынка ў Божым полі,
Як бы на моры астравок:
Яна-ж ня чуе крыку болі—
Яна схавалась за лясок.

19/VI 1910 г.