Дзень добры вам, лясы і далі,
Прасторы ціхія зямлі!
Я зноў срэдзь вас, пагоркі-хвалі,
Палоскі цьмянае ральлі!
Вітаю вас, як блізкіх, родных,
Старыя хвоі на палёх,
І вас, красёнцы сьцежак згодных,
Сьляды нялічаных дарог!
І гэты жоўценькі пясочак,
Дзе хвойкі зелена растуць,
Бярозы тыя, што ў шнурочак
За рубяжы зямлі бягуць;
Ўдоўж рэчкі гэты луг муражны,
Дубоў разьвіслых цэлы рад
І буслаў дом, стары, заможны,
Як той пасэсарскі пасад.
То тут, то там лясок сінее,
Ў лагчынах рэчачкі блішчаць,
Ад усюль пакоем Божым вее,
На ўсім адна ляжыць пячаць —
Развагі ціхай, задуменьня
І нейкай смутнае красы,
І чуеш ў гэтым лятуценьні
Адвечнай песьні галасы.
А хмарка ў небе, ў Божым полі,
Плыве шчасьліва, як дзіця,
І забываеш мімаволі
Ўвесь клопат буднага жыцьця.
Куды ні гляне маё вока, —
Ўсё поўна згоды, дабраты…
Ты маеш выгляды прарока,
Наш край пакуты, край сьвяты!
|