Водгульле (1922)/Пад новы год

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На чужыне Пад новы год
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
Хто нам скажа…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пад Новы год (Ноч глухая, цьма, завея…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАД НОВЫ ГОД
(1914 ы).

Ноч глухая, цемнь, завея,
Ня відно і сьвету;
Толькі сьнег адзін бялее,
Ў іней лес адзеты.

Ні праезду, ні праходу;
Белы віхар ў полі,
Як бы тут дарожак зроду
Ня было ніколі.

Сьвішча, плача і галосіць
Завіруха злая,
Хаты, гумны,—ўсё заносіць,
Сьнегам задзімае.

Цісьне, крэпіць халадзішча,
Проста ліпнуць вочы,
Божа! што тут за ігрышча
Ў полі сярод ночы!

А хто ходзіць полем-логам
Ў сьнезе па калені?
На пакуту, бачна, Богам
Выгнаны дзьве цені.

Чаго ходзяць? што шукаюць
Сярод цьмы - нягоды?
Гэта ходзяць, азіраюць
Божы сьвет два годы.

У Старога за плячамі
Мех пусты трасецца,
Малады Год пад дарамі
Крэхкае і гнецца.

—Фу! мароз які пякучы,
Аж ў вачох іскрыцца!
Мерзнуць ногі праз анучы,
Нос гатоў зваліцца!—

Кажа Новы Год Старому:
— Ты спыні шум буры!
Мо‘ пляцецца хто да дому;
Да свае пячуры,

Каб спаткаць мяне пачэсна,
Як вядзецца ў родзе:
З жонкай, з дзеткамі сумесна
У ладу і згодзе.

Цяжка бедным і пахілым,
Зжалься над народам!
Я хачу быць для ўсіх мілым,
Добрым Новым Годам.

Усьмяхнуўся, ўзьняўшы плечы,
Год Стары на гэта:
—Ты гаворыш недарэчы,
Бо ня знаеш сьвета.

Слухай, дружа, і вучыся!
Я ўжо—госьць на сьвеце
І хаджу, вось, трасучыся,
Ня жыхар я—сьмецьце.

Перабыў свой час і—квіта,
Ды я выпыт маю,
І ў апошні час пабыту
Слухай, што параю:

Калі хочаш, ягамосьцю,
Ў памяці застацца,
Ўецшся людзям добра ў косьці—
Хоць злым будзеш звацца…—

—Што пляцеш, пустапарожны?!
Проста слухаць нудна:
Добры Год больш помніць кожны!…
—Гм! згадзіцца трудна!—

І заспорылі, як дзеці,
Блазані Старое,
Што жыве даўжэй на сьвеце—
Добрае ці злое?

Спрэчка, крык, бы зьвёў ліхі іх,
Проста чуць ня б‘юцца,
Толькі торбы і мяхі іх
І кіі трасуцца:

—Ша!—сказаў Стары:—даволі!
Ты да спрэчак ласы,
Мы ня згодзімся ніколі,
Запытаем часы.—

Змоўк. Йдуць. Вось лес рад імі
Ўстаў сьцяной магутнай,
Хвоі лапамі старымі
Б‘юцца ў песьні смутнай.

І гудуць дубы нястройна,
Грозна жараламі;
Лес трасецца неспакойна;
Ходзіць ўвесь камлямі.

І чым далей, ўсё дзічэе,
Неба закрывае,
Нават вецер там ня вее,
Пушча—страх якая!

—Станьма тут!—Стары гаворыць.
Глуха на палянцы.
Ціха дрэвы штось гутораць,
Веку выхаванцы.

Ціха ходзяць іх макушхі
Над палянкай з краю.
—Эй, вы, часы, Божы служкі!
Я вас выклікаю!—

Крыкнуў год стары, і дзіва:
З-за камлёў драўляных,
Нібы дым, ўстае маўкліва
Рад цянёў нязнаных.

Вышлі цені на палянку,
Ўсе пад нумарамі,
Ў беласьнежную катанку
Ўлезшы з галавамі.

На адных, як кроў, гарэлі
Знакі агнявыя,
А з другіх чуць-чуць глядзелі
Напісы сьляпыя.

Год Старэчы стаў прад імі
І сказаў уладарна:
—Станьце, злыя годы, з злымі,
Хто ня згінуў марна!

І вы, добрыя гадочкі,
Вечнай праўды стража!
Станьце бліжай усе ў радочкі,
Няхай кожны скажа,

Ці зьвялася, ці пануе
Аб вас памяць ў сьвеце,
Як кахае, як шануе
Вас патомства—дзеці!—

Так сказаў Стары, і Годы,
Добрыя і злыя,
Ўзварухнулісь, як ў нягоду
Лісьці маладыя.

Годы з напісам Чырвоным
Ўсе асобна сталі,
Мноствам страшным, нязьлічоным
Пушчу запаўнялі;

А іх напісы гарэлі
Слупам агнявістым,
Аж ў іх неба чырванела,
Пушча з сьнегам чыстым.

Годы добрыя нясьметна
Сталі ўсе па чыну,
Цьмяна, бледна, чуць прыметна,
Зьліўшыся ў раўніну.

І выходзіць цень бясшумна,
Глуха дакладае:
—Я напоўніў людзям гумны,
Я—Год Ураджаю.

Людзі трохі падабрэлі,
Ураджай хвалілі,
А як хлеб мой яны зьелі,
Дык мяне забылі.

Паліняла і зьвялася
Памяць між народу.—
Так сказаўшы, адыйцілася
Цень Ураджаю Году.

—А я голадам вядомы,
Я—Год Галадоўлі.
Я спустошыў людзям домы,
Гумны, ўсе будоўлі.

Мерлі людзі і жывёла,
Як з атруты мухі,
Шчысьціў я ім ўсё да гола,
Нарабіў разрухі,

А мяне дагэтуль людзі
Часта ўспамінаюць;
Так было і гэтак будзе:
Зла не забываюць!—

Так сказала цень з крывавым,
Агнявістым знакам.
—Я быў згодай, быў, ласкавым,
Рассыпаўся макам,

Каб ўсе людзі жылі ў згодзе:
Згода панавала,
Быў парадак, лад ў народзе,
Царствы сябравалі.

А прайшоў мой час, як сьмецьце,
Зьнішчылась і памяць.
Ці я быў, ці не—на сьвеце;
Нават і ня ўцямяць!—

—Я прынёс раздор народу,
Здраду, меч, пажары,
Я забраў яго свабоду—
Я—Год Помсты, Кары!

Я растрос зямлю дазваньня,
Я быў год няшчасны,
Аба мне ж апавяданьні
Сьвежы, чоткі, ясны!—

—А я сеяў зерні знаньня.
Праўды разуменьне,
Волі, радасьці жаданьне,
Я—Год Прасьвятленьня.

Мой агонь гарыць і зэяе,
Сэрцы людзям грэе.
Аба мне слых ня ўмірае,
Памяць пламянее!—

—А я сеяў мрок ў народзе,
Зацямняў галовы!..—
—Сьціхні, голас часаў! Годзі!—
Год прамовіў Новы.

І ўсё змоўкла, ціха стала,
Цені ўсе застылі,
Толькі пушча задрыжала
Хвоі ўзгаманілі.

І Стары Год стаўся ценем,
Поўнач падступала
І пячаці задуменьня
На ўсіх накладала

Цені, згіньце! Я ўладарны
Гаспадар над вамі!
Мой прышоў, час!—Цені марна
Зьніклі між камлямі.

Змоўкла пушча, сьціхла бура,
Зоры замігалі.
І зямля і лес пануры
Новы Год віталі.

І ўсё поглядам пытае
Маладога Году:
„Што нясе нам, чым спаткае
Новая прыгода?“

31/XII 1913 г.