Водгульле (1922)/Марава

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Усьміхнулась, праясьнілась Марава
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
Успаміны
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мара (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАРАВА.

Шоў дарожны адзінока.
Поле голае шырока
Гладзьдзю роўнаю лягло.

Ні дзярэўца, ні кусточка;
Апроч жоўтага пясочку
Нічагутка ня было;

Сонца варам аблівала
І бяз жалю апаляла
Грудзі цьвёрдыя зямлі.

Уміраў бядак ад смагі,
А па твары поту рагі
За каўнер яму цякло.

Пуста, ціха і маркотна…
Кідаў вочы ён гаротна,
Ці ня блісьне дзе вада.

За далёкай сіняй граньню
Мельканула гожай зданьню,
Пышных росьлін чарада.

Падарожны ажывіўся,
Блеск надзеі засьвяціўся
Ў яго стомленых вачах.

І цьвярдзей ступаюць ногі;
Цяжкасьць труднае дарогі,
Сьпёка, вар яму ня страх.

А дзярэўцы ўсё здалёка
Так і цягнуць яго вока,
У цянёк яны завуць.

Падарожнаму здаецца,
Што крыніца там ліецца,
Хвалі ў радасьці пяюць.

Вось бліжэй, бліжэй расьліны;
Купы лозак і капіны
Акружаюць беражок;

А з зялёненькіх галінак,
З розных красак і травінак:
Гожы сплецены вянок.

Скрозь лісточкі і галінкі
Ўлоньне ямы-азярынкі
Прасьвячае дзе-ня-дзе;

Ды з яе шоў пах нядобры,
А на дне тырчалі робры
Нейкай падалі. Ў нудзе

Галавой панік дарожны.
Вар паўднёвы, жар бязбожны
Горай стаў яго сьпякаць…

Тая-ж трудная дарога
Між пяскоў ідзе убога,
Тая-ж вымершая гладзь.

30/XII 1910 г.