Водгульле (1922)/Журба па вясьне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вярба Журба па вясьне
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
Год за годам уцякае
Іншыя публікацыі гэтага твора: Журба па вясьне.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЖУРБА ПА ВЯСЬНЕ.

Шкода мне прыгоды Божай,
Маладой вясны прыгожай,
Шкода мне вясны!

Мне дзянькоў вясёлых шкода,
Жыцьця радаснага ўсходу,
Неба глыбіны.

Залатога блеску сонца,
Што скрозь хмарак валаконцы
Кідала лучы.

Грозна хмары падымалісь
І грамамі адклікапісь,
Ў небе плывучы.

Змоўклі песьні веснавыя,
Зьбеглі хмары грамавыя
Ў невядомы край.

Зсохлі травы, зьвялі кветкі,
Зьніклі пташкі ўнезаметкі,
Глухне, ціхне гай!

Шкода жыцьця маладога,
І так смутна, так убога
Праняслось яно!

І паніклі ў сэрцы мары,
Як ў блакітным стэпе хмары
Белае руно.

Ох, прайшлі дзянькі любыя,
Немяцежныя, сьвятыя,
Іх няма, няма!

І на душу смуткам ляжа,
Смуткам сэрца апіража
Горкая дума.

Тускна, моладасьць, прашла ты!
Сагнаў віхар злы, пракляты
Маю весну ў даль.

І прашла ты незаметна
У змрок ночы беспрасьветнай…
Жаль вясны мне, жаль!

26/VII 1910 г.