Перайсці да зместу

Вечна жывая паэзія

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вечна жывая паэзія
Прамова
Аўтар: Янка Купала
26 лістапада 1940
Крыніца: Адам Міцкевіч і Беларусь = Adam Mickiewicz a Bia³oruœ. / Уклад. В. Грышкевіч, навук. рэд. А. Мальдзіс, Т. Нягодзіш. - Мн.: ННАЦ імя Ф.Скарыны, 1997 - с. 102-103

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




На ўсе шматлікія мовы народаў Савецкага Саюза перакладаюцца вечна жывыя і вечна свежыя яго творы. З асаблівым хваляваннем у гэтыя дні разгортваюць старонкі Міцкевічавай паэзіі чытачы Савецкай Беларусі, чытачы той зямлі, на каторай нарадзіўся, рос і пачынаў сваю працу Адам Міцкевіч. І ў сувязі з гэтым кожнаму міжвольна прыходзяць на думку радкі, прысвечаныя Адаму Міцкевічу яго сучаснікам, геніем рускага народа Аляксандрам Сяргеевічам Пушкіным:

Он между нами жил
Средь племени ему чужого; злобы
В душе своей к нам не питал, и мы
Его любили. Мирный, благосклонный,
Он посещал беседы наши. С ним
Делились мы и чистыми мечтами
И песнями....

І сапраўды, у самым літаральным сэнсе гэтага слова, беларускі народ дзяліўся з Адамам Міцкевічам сваімі песнямі-марамі, легендамі, песнямі і казкамі. Нямала бліскучых старонак у паэзіі Адама Міцкевіча напісана пад самым непасрэдным уплывам беларускай народнай творчасці. Як бы ў адплату за гэты шчодры дар Міцкевіч заўсёды з велізарнай павагай і любасцю ставіўся да беларускага народа, яго жыцця і творчасці. У сваіх лепшых лекцыях па гісторыі славянскіх літаратур ён называе беларускую мову самай багатай і чыстай гаворкай, поўнай урачыстасці і непасрэднасці. У сваіх творах, асабліва ў паэме “Пан Тадэуш”, ён з вялікім замілаваннем і вялікай сілай малюе хараство і багацце беларускай прыроды. Гэтыя старонкі ў творчасці Адама Міцкевіча такжа дорагі беларускаму савецкаму чытачу, як дорага яму ўся паэзія Міцкевіча, у якой ён з велізарнай сілай гневу ганьбіў царызм і дэспатыю, у якой ён горача з трыбуны клікаў на змаганне за волю, у якой пасведчыў словы Пушкіна:

Он говорил о временах грядущих,
Когда народы, распри позабыв,
В велиикую семью соединятся.

Надзеі Міцкевіча здзейсніліся. Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік аб’яднаў у сваёй сям’і сотні нацыянальнасцей прагрэсіўных працоўных усяго свету. Да гэтай сям’і год таму назад была далучана Заходняя Беларусь і радзіма Адама Міцкевіча. У гэтую сям’ю, як роўная паміж роўных, увайшла і Літва, неаднойчы апетая Адамам Міцкевічам. Волю роўных гэтым землям прынёс савецкі народ і яго гераічная Чырвоная Армія... І польскі, і беларускі, і літоўскі народы разам з народамі ўсяго нашага Савецкага Саюза пойдуць да новых вышынь у жыцці і ў паэзіі, несучы ў сваіх сэрцах цудоўныя песні Адама Міцкевіча і шануючы яго светлую памяць.