Вечарам (Жылка)
Jump to navigation
Jump to search
Вечарам Верш Аўтар: Уладзімір Жылка |
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/6652 |
Вось і паў ужо змрок,
Ды заціх дзённы рух,
А агонь ў аблакох
Дагарэў і патух.
На лістох, на траве
Заблішчала раса,
І ўзышла, і жыве
Ў небе зораў краса.
Ціха ночка брыдзе –
Поўна чараў і сноў;
Сьмех чутны ў грамадзе,
Што вяртае з палёў.
Пасьля працы цяжкой,
Дзень правёўшы ў касьбе,
Песьняй сумнай такой
Нехта цешыць сябе.
І плыве яна ўдаль
Над разлогам палёў,
Чуцен гора ў ёй жаль
І надзея без слоў.
А ў адказ на яе
То цішэй, то мацней
Пяе песьні свае
У гаі салавей.
Іх пачуеш, і ўраз
Дзіўны сум агарне,
І згадаеш ў той час
Аб сваёй ты вясьне.
(1921)