Перайсці да зместу

Ветры буйныя (1927)/IV/Ня шумеце ў полі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ня шумеце ў полі
Верш
Аўтар: Паўлюк Трус
1927 год
Трыпціх

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НЯ ШУМЕЦЕ Ў ПОЛІ…

Ня шумеце ў полі,
Шумныя яліны!..
Ой, ды ня шумеце
Ў полі на марозе!..

Бо я сам ня знаю,
Ці па тэй дзяўчыне,
Ці па тэй чарнявай
Сэрца замарозіў?

Выйду рана… рана…
Выйду гляну… гляну…
Ой, ды выйду гляну,
Дзе віюцца сьцежкі!

Дзе ў асеньніх зорах
Сэрца я параніў…
Ды параніў сэрца…
Ветлаю усьмешкай!..

Сьцежкі разышліся,
Разышліся сьцежкі!...
Ой, ды ўюцца ў лузе
Сьцежкі ў жоўталісьці!..

Можа сёньня стрэне,
Можа сэрца ўцешыць
Ды разьвее думы
Сьмехам, як калісьці?

Ня шумеце ў полі,
Шумныя яліны!..
Ой, ды ня шумеце
Ў полі на марозе!..

Бо я сам ня знаю,
Ці па тэй дзяўчыне,
Ці па тэй чарнявай
Сэрца замарозіў?!.

1926 г.