Перайсці да зместу

Ветразі (1929)/IV/Праксэда

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На магілу Паўлюка Труса Праксэда
Паэма
Аўтар: Тодар Кляшторны
1929 год
Беларусь
Іншыя публікацыі гэтага твора: Праксэда.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПОЭМЫ


IV

ПРАКСЭДА

I

… Мы ня так, як тысячы другіх…
Пад цыліндрам душ не замыкаем, —
Не стаім на сьцежках крыжавых,
І ў кішэні камень ня трымаем.

Мы жывем ня толькі для красы…
Кожны крок мы дасягаем боем…
І ня сум, як восень каласы,
Точыць сэрца нам запоем.

Мы умеем чэсна ваяваць,
Мы умеем плакаць і сьмяяцца,
А ня ўмеем слабых катаваць
І законам моцных закрывацца…
............
Было так:
Я помню, як цяпер
(Хоць гады не пакідаюць сьледу),
Пакахаў дзяўчыну афіцэр,
Пакахаў прыгожую Праксэду.

Пакахаў,
Каб туманамі кроз,
Як віном, упіцца на хвіліну…
Цалаваць, як восенскі мароз
Лебяду цалуе каля тыну.

Афіцэр жаданьнем паланён,
Паланён,
Бы дарагімі снамі, —
Каб дваццатай восені півонь
Адарваць… Пакінуць пад нагамі.

II

Панічу шаленства ня купляць,
Але-ж прыдзе час і разьлічыцца…
Ня румянку белую таптаць —
Карыстаць даверлівую шчырасьць.

Не стаіць зьбянтэжана адна
З надламаным ветразем Праксэда…
У бары пахмельле бяз віна,
У бары крывавая бяседа.

Хто ня ведаў назвы „партызан“, —
Хто Сьцяпана храбрага ня ведаў!
За злачынства,
Крыўду і абман,
За Праксэду, —
Любую Праксэду,

Ён пашоў,
Каб нячуваны боль
Прамяняць на баявую зброю…
Не шкада ў рабінавую золь
Налажыць мужыцкай галавою.

Мы ня так,
Як тысячы другіх…
Пад цыліндрам душ не замыкаем…
Не стаім на сьцежках крыжавых,
І ў кішэні камень ня трымаем.

Мы умеем чэсна ваяваць,
Мы умеем плакаць і сьмяяцца,
А ня ўмеем слабых катаваць
І законам моцных закрывацца.

Зайцу дыхаць некалькі хвілін
У зубах разьюшанага зьвера…
Задыміўся злосны кокаін
У нікчэмным сэрцы афіцэра.

Ён дае увечары загад
У адказ адважным партызанам
Частаваць штыкамі і пажарам
Саламяныя шарэнгі хат.

III

А Праксэда,
Бедная Праксэда,
У каханьні бачыць забыцьцё…
Ад дарог пакрыўджанага дзеда
Адарвала дзеўчыну жыцьцё.

Заўтра — дым.
Няведамае заўтра…
Што любіць?..
Аб чым пашкадаваць?!.
Мо‘ і жыць ня трэба і ня варта?
Мо‘ ня варта сэрца надрываць?

У душы, —
Бы ў кратары вулькана —
Чалавек змагаецца і зьвер…
Ёй шкада адважнага Сьцяпана,
І ёй дораг зараз афіцэр.

І ці ёй згадаць,
Што робіцца на сьвеце.
Мары — дым,
Каханьне — алькоголь…
Пахавальнай дрожжу на плянэце
Шалясьціць рабінавая золь.

Запылалі бацькавы сядзібы…
А ў палацах пеніцца віно…
Стары сьвет становіцца на дыбы
Ў барацьбе за п‘янае „даўно“.

IV

Ня віном залечываюць раны, —
А душу атручваюць віном…
…І Праксэда піша да Сьцяпана
Уначы трагічнае пісьмо:

Любы дружа!
Дымам і пажарам
Рушаць сьвет за нейкія грахі…
Што рабіць?!
Аб шчасьці я ня мару, —
Абарваны дальнія шляхі…

Дзе шукаць чароўную заранку?..
…Нейкім хмелем кружыць галаву…
Дарагі…
Я зараз паланянкай
У палацах Генрыха жыву…

Тут цяпер
За п‘янымі сталамі
Прапіваюць нейчае жыцьцё…
…Шчасьце — сон, —
Зьявілася гасьцём
І згарэла дзесьці па-за намі…

Што любіць?!
Чаму цяпер паверыць?..
Мо‘ да тэй заранкі не дайсьці…
Ад папа, ксяндза да афіцэра —
„Сволачы, брадзягі, падляцы!..“

Ня віна нап‘юся — політуры,
На грудзёх павешу КІМ…
…Толькі ты, мой дружа, на хаўтурах
Не кажы аб дальнім дарагім.
Не кажы, што я цябе кахала,
Не кажы, мой дружа,
Не кажы!..
Нашы дні — крывавая навала,
А каханьне — толькі міражы.

Загубіла доля пуцявіну
Між абвалаў чорных і трывог…
Я хачу ў трагічную часіну
Хоць загінуць з Кімам на грудзёх.

У душы, —
Бы ў кратары вулькана, —
Чалавек змагаецца і зьвер…
Я люблю адважнага Сьпяпана,
І мне дораг зараз афіцэр.

Я калісьці аднаго кахала,
Толькі ты пра гэта не кажы!
Калі сьвішча лютая навала,
То каханьне — толькі міражы…

V

Панічу дзяўчыны ня купіць
Ні віном,
Ні адсьпяваным сьпевам…
…Ня румянку белую касіць —
Абрываць юнацкую няпэўнасьць
.............
У палацы пеніла віно,
У палацы плакалі гітары…
Неяк дзіка месяц за вакном
Дагараў, — бы дымная сігара…

Хто там?!.
Хто там?!.
Хто там, адкажы!?.
Хто там ходзіць, —
Блудзіць за сьцянамі?!.
Хто там точыць вострыя нажы?..
Адкажы!
Ці то здані там,
Ці міражы?

…Зарасьлі дарогі туманамі…
Цемра!..
Ноч!..
І слота,
І жуда!..

Неяк дзіка чокаюць бокалы…
Раптам:
— Стой!..
— Страляем!..
— Стой!
— Брыда!..
— Стой!
— А то ня будзе міла!..
............
І застыла ўсё, бы маўзолей,
Ад жуды заледзянелі дзьверы…
Толькі нехта… ціха… з-за плячэй
Замахнуў штылет на афіцэра.
— Ай!..
І кроў запляміла паркет…

У палацы скончана бяседа…
І трагічна у руках Праксэды
Анямеў надломаны штылет…
...........
Панічу Праксэду ня купіць
Кокаінам палу бяз трывогі…
…Ня румянку белую касіць —
Абрываць юнацкія дарогі…

Усё прайшло…
І з гэтае пары
Многа казак ходзіць па айчыне
Пра гаі і цёмныя бары,
Пра імя адважнае дзяўчыны…

V

Ня шумеце, ветры, за вакном, —
За сталом вясёлая бяседа…
За сяброўскім радасным віном
Успомніў я прыгожую Праксэду…

Помню я,
Я помню, як цяпер
(хоць гады не пакідаюць сьледу),
Як загінуў польскі афіцэр
Ад рукі адважнае Праксэды.

Ня згубіла дзеўчыне жыцьцё
Тых гадоў навала-навальніца,
Ня цьвіла калі у цемры дзён, —
Ня цьвіла над краем зараніца…

Мы жанчын, як тысячы другіх,
Ня трымаем толькі для пасьцелі…
…Крыўдна мне,
Што звычаяў старых
Туманы ў сталецьцях не датлелі.

Мы ня ўмеем туманамі кроз
Упівацца палка на хвіліну, —
Цалаваць, як восенскі мароз
Лебяду цалуе каля тыну.

Мы жывем ня толькі для красы…
Кожны крок мы дасягаем боем…
Нейчы сум, як восень каласы,
Точыць сэрца мне запоем.

Менск, 26-X—26 г.