Перайсці да зместу

Ветразі (1929)/IV/Беларусь

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Праксэда Беларусь
Паэма
Аўтар: Тодар Кляшторны
1929 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Беларусь (Кляшторны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БЕЛАРУСЬ

УСТУП

— Паслухай, дзядуля, — пытае Міхась, —
Куды мы прыехалі?
— Ў горад.
— А што там, а што там бяжыць без каня
Рупліва, магутна і горда?..
— Машына, Міхаська, аўтобусам зваць
(Я стар, а ты зелен гадамі),
Ня нам яго хітрыку, брат, разгадаць,
А вырасьцеш — сам разгадаеш.
І голас старога надрыўна дрыжыць,
Як мляўкая здань „алілюя“…
— Дзядуля, а што там будуюць, скажы?
— Вялікае нешта будуюць…
— Ўсё нешта ды нешта, а што, адкажы?!
Чаму ты ня кажаш нічога?!.
Ты-ж многа, дзядуля, на сьвеце пажыў,
А ведаеш менш ад малога.
Унукавы словы на твары старым
Жалезны дакор напісалі.
Нячутна душа зарыдала у дым,
А вусны спагадна сказалі:
— Нас вечна хвалюе загадка падзей,
Так, мусіць, спрадвеку, так, мусіць;
А рыбы ня возьмеш раней ад сяцей,
На дрэве арэх не раскусіш.
Хай вашыя душы імкнённа гараць,
А нашая гра адыграна…
Нас доля вучыла жыцьцё пазнаваць,
Нас гора з бядой гадавала.
А ўсё-ж на абрыве апошніх гадоў,
На фоне апошняе квадры,
Убачыў я тое, аб чым не гадаў, —
Аб чым і ня сьніў, і ня марыў.
У нашай краіне, пад нашай зарой,
Дзе гора з бядою блудзілі,
Мужыцкую праўду мячом і крывёй
З адвечнай маной раскумілі.
Прыпомніш старое — і нейкім агнём
Штось сэрца балюча запаліць…
Сваімі рукамі, сваім мазалём
Мы ўсё на зямлі будавалі.
А што да чаго, да чаго і к чаму?
Ня нам зразумець нашу працу…
Сабе будавалі мы толькі турму,
Камусьці дварцы і палацы.
— Паслухай, дзядуля, прысядзем пад клён, —
А ты раскажы аб мінулым,
Скажы, як у нашых палёх і гаёх
Зьвінелі варожыя кулі,
Памернымі крокамі сунуўся змрок, —
Трымцелі агні — заміралі…
І так вось пачаў стогадовы дзядок
Поэму жыцьця і змаганьня.

I

Калісьці даўно генэрал Мураўёў
Мячамі, агнём і прымусам
На тонкай сасьне беларускіх гаёў
Павесіў душу Беларусі.
І з гэтага часу між сёл і далін
Нібыта між зорак комэта,
Пашоў беларускі мужык-селянін
Шукаць сваю долю па сьвеце,
Пашоў беларус у чужую зямлю —
Ні клеці сваёй, ні павеці,
Праз шэрую сьвітку на чорным гарбе
Сіберны разгуліваў вецер.
Шукаў сваю долю і там беларус,
Дзе вецер, тайга і шакалы
Халоднай зімой пад халодную гру
Сібірскую шыр апявалі.
І там, дзе Амэрыкі дальняя даль,
Дзе вечна шалёным галёпам
Політыка Янкаў чужы ураджай
Зьбірае на ніве Эўропы.
Ішоў беларус, а куды і к чаму?
Ня нам зразумець нашу працу…
Сабе будаваў ён царкву і турму, —
Камусьці дварцы і палацы.
Нярэдка суседзі казалі усяк
(Суседзі дзяржаўнай Расіі) —
Адны запэўнялі, што гэта паляк,
Другія казалі: расіец…
І ўсе невядома зачым, для чаго
(Напэўна з дзяржаўніцкіх рацый)
Высьмейвалі мову і звычай яго,
Высьмейвалі беднасьць і працу.
І многа тады рэнэгатаў-сыноў
Рашылі адкінуць, адрынуць
І родную мову, і брата свайго
Прадаць за чужую скарынку…
Гады за гадамі ішлі чарадой,
Мяняла убраньне каліна,
А тут па-старому пад чорнай страхой
Мякіна зьмяняла мякіну…
За веру, за панства на грэшнай зямлі
Вайну завязала Эўропа;
І сталі, як колісьці, нашы палі
Адзіным сусьветным акопам.
Забіты салдацік ня рад, а гатоў
Пайсьці і на роднага брата;
Ня шкода Міколку расійскіх палкоў,
Вільгельм не шкадуе гарматаў.
Ня думаў, напэўна, расійскі барон,
Ня думаў і пан з Мікалаем,
Што ў цёмнай Расіі асьвістаны трон
Апошнія дні дажывае.
Забіты салдат непакорлівым стаў, —
Убачыў і зьлева, і справа,
Што мёртвае імя, што імя хрыста
Звычайна-гандлёвая справа.
Пакінуў акопы расійскі салдат,
Нахмурыўшы грозныя бровы, —
Панёс у Маскву, Петраград і Кранштадт
Магутна-ваяцкую зброю.

II

Вые воўк галодны,
Вые;
Ходзіць люд пануры,
Ходзіць;
Блудзіць сьмерць па сьвеце,
Блудзіць,
А ў віхры шалёным расійскіх падзей
Керэнскі бароніць айчыну…
— Вайна да канца, да апошняга дня,
Вайна — да апошняе кулі.
Да бою, да бою, хто сэрцам гарыць
За справу вялікай Расіі.
Вые воўк галодны,
Вые;
Ходзіць люд пануры,
Ходзіць;
Дзе ты, сонца,
Дзе ты
Пахавала праўду, —
Долю?!.
Грукоча па рэйках нямецкі цягнік.
У глуха-забітым вагоне
Кагосьці дазволіў політык-Вільгельм
Правесьці на межы Расіі.
Вільгельм не аднойчы пра Леніна чуў,
І зараз ён проста мяркуе:
Што міну у сэрца Расіі паслаў
У гэтым маленькім вагоне.
І хітры політык здаволен сабой,
І хітрыкай тонкай здаволен, —
Дае Фалькэнгайну вайсковы загад
Павесьці палкі на Расію;
Вые воўк галодны,
Вые;
Плача восень,
Плача;
Ходзіць пан пануры,
Ходзіць.
А белы рысак на расійскіх палёх
Зламаў непакорную шыю,
Згубіў сваю шапку, згубіў і портфэль
Керэнскі на вежы сталіцы.
Кастрычнік, Саветы… і Ленінскі крок
Шляхі паказалі краіне…
У Бэрліне тонкі політык-Вільгельм
Кусае ад роспачы пальцы.
Мяняюцца пляны, зьмяняецца лёс,
Зьмяняюцца раптам падзеі…
А ўсё-ж загадаў Фалькэнгайну Вільгэльм
Павесьці палкі на Расію.

III

На чорных руінах патруль і кулік
Бяздомную долю вартуюць…
Сьпявай, калі можаш скрозь сьлёзы сьпяваць,
Заплач, калі можаш заплакаць.
На дымных руінах бяздомная ціш,
І цені крывавае помсты…
А ў Менску, а ў Менску чыясьці рука
На біржы гандлюе краінай…
...............
Задумаў штось бацька, кудысьці пашоў,
Пад поўнач прышоў з грамадою…
І зноўку пашоў, а зачым і куды —
І вецер, напэўна, ня ведаў.
Заплакала маці ў бяздомную даль,
Заплакала неба на ростань,
Заплакалі ветры, заплакала ноч,
І скрыпкі у панскім палацы,
Увечары маці ў пасьцелю зьлягла,
Ня помню, праз дзень, а мо‘ болей
Твой першы дзянёк запісала зара
Пад сонцам, бядой і навалай.

IV

Мікіта Пашковіч (твой бацька, Міхась)
Быў храбрым чырвонагвардзейцам,
Яго мо‘ і зараз пад купалам хат
Аплаквае кожнае сэрца.
Дзе кожная жыла замрэ ад жуды,
Мікіта там першым, там першым заўжды,
Дзе штось хвалявала адважных байцоў,
Мікіта там быў маладзец-малайцом.
Ён ведае месца, дзе можна ступіць,
Ён ведае кожны бадай-што тупік,
А ў гэту часіну, — як я ўжо казаў, —
Хтось нашу краіну навек прадаваў.
У Менску Іюды палоннай зямлі
Гандлёвую справу з Вільгельмам вялі,
Ім часта спагадваў тады Фалькэнгайн,
Ды ўсё гаварыў: — пачакайце, няхай!..
Ён ведаў, напэўна (хоць часта маніў),
Што выйдзе пузыр з політычнай гульні,
У сьмешным бясьсільлі падпанак і пан
Камусь прадаваў беларускі туман,
К нямецкай кароне, як вецер траву,
Падпанак і пан нахіліў галаву.
А там між расійскіх савецкіх раўнін
Хварэе душой беларус-селянін.
Краіну акопаў агнём і крывёй
Ён хоча і зробіць Савецкай зямлёй.
Аднойчы, як цень праз выгары балот,
Мікіта Пашковіч прышоў у сяло.
Ён чуў, што нямецкі салдат-селянін
Ня хоча быць зброяй крывавай гульні,
Ён чуў, што рабочы ня кіне штылет,
Пакуль не абвесьціць вайну ды вайне.
Прышоў ён адведаць настроі салдат,
А заўтра ледзь золак вярнуцца назад.
Абгледзеў будынак, авец і кароў,
У хаце і зьмены нібыта нашоў…
Убачыў калыску, якой не чакаў,
І хворую жонку з маленькім „ку-га“.
Табе тады сьніліся ціхія сны,
Ня ведаў, дзіцятка, крывавай гульні.
Ты ціханька штосьці ў калысцы бубніў,
І месячык ручкай за коскі лавіў.

V

Мінае дзень, другі мінае, —
Нячутна ходзіць дзень за днём,
І ўсё-ж ніяк не дачакае
Мікіту зброя і рэўком,
Чацьверты дзень на небасхіле…
Ужо трывожыцца рэўком,
Ужо у сьпісах мерцьвякоў
Сябры Мікіту залічылі.
Што ў сэрцы сьпела і жыло —
Ніхто ня ведае аб гэтым
Мікіта блудзіць за сялом
Без усялякай, здэцца, мэты.
Заўсёды стрымана маўчыць,
Ды сусьліць горкую махорку,
І рэгулярна уначы
Ідзе адведваць двор і жонку.
Чаму?.. Хто ведае — чаму
Ён ходзіць з выглядам бандыта?!
Ад хаты ў хату па сяле
Пабеглі чуткі пра Мікіту.
Загаманіла ўсё сяло…
Ахвота-ж бабам байкі баяць.
Праз тыдзень пану на яго
Данесьлі панскія сабакі.
Прыехаў прыстаў на кані,
Прыехаў з ротаю германцаў;
Злавіць Пашковіча, злавіць, —
Зьвязаць заклятага паганца.
Ці трэба мераных дарог
Пытацца зайцу ў пагоды?!.
Злавеце вецер у палёх, —
Прыдбайце трасцу ў нагароду.
Ражна, саколікі, ражна
Вам залучыць у сеці зайца…
За чаркай панскага віна
Паліцыянт кусае пальцы…
— Ня трэба шмат і гаварыць, —
За чаркай раіць пан Катоўскі:
— Ледзь золак роту разбудзіць
І зноўку выехаць у вёску.
Калі ім дорагі вуглы,
Калі ня хочаць панскай злосьці, —
Хай к пану зьявіцца бандыт,
І сам пятлю сабе папросіць.
А не, — хай ведае „псякрэў“,
Што нам ня страшна і няцяжка
Пусьціць на вецер ток і хлеў
І небам крытыя трухляшкі.

VI

Тры здані,
Тры бандыткі,
Тры вострых тапары
Замерлі…
Анямелі…
І зноў кудысь пашлі…
Спакой аледзянелы
І цемра… і туга…
Сасна з сасной гавораць, —
З душой чыясь душа.
А там,
За шырмай лесу
У соннай цішыні
Дакурывае ночка
Сялянскія вуглы.
І хтосьці дзіка, дзіка,
Нібы сама жуда,
У дым, у ноч, у холад
Бясьсільна зарыдаў.
Дзе пазаўчора вёска
Сваім жыцьцём жыла —
На вугалькох сядзібы
Хтось ціха замярзаў…
Тры здані…
Тры бандыткі…
Тры вострых тапары
Кудысь панеслі помсту.
— Каму?!.
— Хто ведае каму…
Нямераны дарогі…
Вакол туман, туман…
Усіх прытуліць ночка,
На ўсё парады дасьць,
Спакой аледзянелы.
І месяц, і патруль
Халодна вартавалі
Сялянскую бяду…
Тры здані…
Тры бандыткі…
Тры вострых тапары
Чуць золак у рэўкоме
Дакладвалі аб тым,
Як загадаў Катоўскі
Спаліць паўсотні стрэх.


∗     ∗

А ў гэты час у Бэрлін
Навала надышла:
Растоптана карона,
Кудысь уцёк Вільгельм.


∗     ∗

Падмазаўшы пяты, бяжыць Фалькэнгайн,
Чамусьці ня кажа: — чакайце, — няхай!..
Кудысь уцякае падпанак і пан.
Ніхто ня купіў беларускі туман.
Даволі, панове, даволі маніць,
Бо вышаў „пузыр“ з політычнай гульні.
Ачысьціце месца, абломкі вякоў,
Пара разьлічыцца за зьдзекі і кроў.
З усходу крывёй пунсавее зара, —
Ў краіну сапраўдны ідзе уладар.

VI

Пабітая карта, навалай памята,
Паны да Варшавы намазалі пяты,
Насьмешліва гнуцца бярозы і клёны,
Ад раньня скрыпяць на шляхох фурагоны.
На чорных руінах бунтуецца вёска…
Баржджэй свае скарбы зьбірае Катоўскі.
Хутчэй загадаў рысакоў запрагаць.
— Сягоньня-ж ад‘ехаць, няможна чакаць.


∗     ∗

Чатыры нечых здані,
Чатыры тапары
Замерлі…
Анямелі…
Між бэзавых кустоў…
Нахмураны дзядзінец
Нібы чагось чакаў…
А ў гэты час пад пана
Падалі рысакоў.
Кароткая бандытка,
Як помсты чорны крыж,
Халодна анямела
Ў Мікітавых руках…
І раптам, раптам выстрал…
Пабег бялявы дым…
Вось гэта за пажары
Табе, вяльможны пан!..

VIII

Мікіта Пашковіч (твой бацька, Міхась)
Быў храбрым чырвонаармейцам.
Яго мо‘ і зараз пад купалам хат
Аплаквае кожнае сэрца,
Ён ведае заўжды, дзе можна ступіць,
І ведае кожны бадай-што тупік.
Такіх і ня бачна цяпер малайцоў, —
Ды куля, Міхаська, забрала жыцьцё.
Было гэта, браце… даўно ўжо было,
Калі без протэсту, бяз скаргі і слоў
Ішоў славянін на франты паміраць,
Каб лепшую долю пад сонцам спаткаць.
Юдзеніч, Дзянікін, Пятлюра, Калчак
І шмат яшчэ іншых дзяржаўных сабак
Сьмяртэльным туманам адзелі зару, —
Хацелі карону Расіі вярнуць.
А ў панскай Варшаве падпанак і пан
Францускай рукою падпісываў плян —
Як лепш пад вяльможнай пятою паноў
Зьяднаць беларускія шыры палёў…
Вандруе па сьвеце зьбянтэжаны жах…
І Вільня, і Менск у варожых руках.
У панскай Варшаве бяскрылы „арол“
Смаленскую вежу любуе даўно.
— Абы толькі дзюбай умеў уладаць,
А крыльлі няцяжка з Парыжу прыдбаць.
Дык здолее, здолее „белы арол“
Прынесьці на крэсы турму і касьцёл.
Так штодзень, так штодзень падпанак і пан
Зьбянтэжана марыў у шызы туман…
...............

IX

Глуха страляюць вінтоўкі.
Цемра!.. Сьнягі!.. Пустата!..
— Алё!..
…Мікітаву жонку?!.
Так?!.
Зараз прывесьці да штабу!
Чуеце?!. Зараз!.. Загад!..
..........
Крокі палкоўніка — вецер, —
Рэха сусьветнай тугі…
............
— Панку, завошта скажэце?!
Панку, панок дарагі!
— Годзе!..
Скажы, дзе Мікіта?!
— Панку, зьлітуйся, няма!..
— Знойдзем!..
Скажы лепш сама!?
— Па-анку!..
— Скажы, дзе Мікіта?!
— Ня-а-а-м-а-а!..
............
Клікнуў палкоўнік капраля:
— Слухай!.. Аб чым гаварыць?!
Альба да плоту прыставіць,
Альба ў турму пасадзіць!..
Зараз!..
Здаў комэнданту жанчыну, —
Здаў пад расьпіску капраль…
Імя… віна… і прычына
Цёмна, як цёмная даль…
...........
Глуха трашчаць кулямёты…
Сёньня вялікі паход…
Сеў камісар за работу:
Лапцем падвязываць бот…
…У захапленьні вялікім
Праўда і вера імжыць…
Грозны Калчак і Дзянікін
Выбіты з „белых байніц“.
Кожная дзея і справа
Здэцца — вялікі зарок:
„Альба ў чырвоных Варшава,
Альба магільны пясок!“
Людзі… гарматы… і коні
Сталі магутнай сьцяной…
...........
— Алё!..
Прыгналі палонных?!
Два афіцэры?!
Сюдой!..
— Зараз жаўнераў адвесьці
Ў тыл… і хутчэй, не чакаць!..
А з афіцэраў адзеньне…
…Зьняць!..
Расстраляць!..
...........
— Вось што, таварыш Пашковіч, —
Цьвёрда сказаў камандзір, —
Зараз да штабу падойдзеш,
Польскі адзенеш мундзір,
Пройдзеш там польскую варту…
…Ведаеш сам, што узяць…
Трэба сягоньня ці заўтра
Польскія склады ўзарваць…
Ўсё зразумела?! Падумай!..
Так!.. А пакуль-што усё…
Толькі падумай, падумай!..
Ты рызыкуеш жыцьцём!..
— Згодзен!.. За нашую справу, —
Згодзен магілу прыдбаць…
Альба ў чырвоных Варшава…
Альба ў зямлі спачываць!..
І цо-то бэндзе?! нашыя бягуць,
О, цо-то бэндзе, цо-то бэндзе?!
Бягуць!..
Дрыжыць зямля!..
Грымяць гарматы!..
Ўзарвалі склады:
Грррр… Гурррраа!..
Ля кожнай, кожнай,
Кожнай хаты
Блукае чорны,
Чорны жах…
У залі белых лятуценьняў
Даўно парваная струна
Аб тонкіх крозах лятуцела:
Мілыя, добрыя, мілыя,
Белыя крозы жыцьця!..
Хто над халоднай магілаю
Будзе спакой вартаваць?!
— Хто?!
— Калі?!
Шчасьце з далёкімі марамі,
Тонкія цені і жаль
Ў гамах апошняе арыі
Зьніклі у змрочную даль…
— Дым!..
— Пустата!..
— О, цо-то бэндзе — нашыя бягуць!?.
Ламае рукі жонка комэнданта…
Падбіты конь нага ды за нагу
Вязе паноў і панскія манаткі.
— Вакола сьмерць і выбухі гармат,
Хоць ты жывой у яму паваліся…
Які ты муж?!. Які ты комэндант?
Калі і сам ня маеш выйсьця…
А ў небе плыў халодны маладзік, —
Спакойна кратаў цьвіліну старога…
— Знайдзі мне мамку, —
Мамку мне знайдзі!..
Я не магу карміць малога!..
— Ну, супакойся, мілая, ня трэ‘,
Ня трэба так, ня трэба хвалявацца!..
Наш абавязак помстаю гарэць, —
Змагацца!..
Чаму ты голаў вешаеш, чаму?!.
Пан сьвенты бог нас грэшных не пакіне?!.
Вось к нам учора, здэцца, у турму
Адзін капраль прывёў жанчыну,
Яе павінны сёньня расстраляць,
Але цяпер у галаве ня гэта,
Дык мо‘ жаўнеру загадаць —
Да нас прывесьці гэтую кабету?..
Яна, напэўна, лепш, чым у труну,
За мамку згодзіцца…
…Напэўна…

XI

Замкнула роспач дзень
І браму сьмерці адамкнула…
Вандруе цень,
Блукае цень
У дзікім гуле.


∗     ∗

Засьні, сынок,
Засьні, каток,
Засьні!..
І мой Міхаська
Недзе там
Заснуў даўно, даўно.
Засьні, сынок,
Засьні, каток,
Засьні!..
Майго калышыць
Вецер там,
І дзед,
Нядужы дзед,
А чорны бор,
З мільёнам зор
Там гутарку вядзе.
У тым бары
Ня першы год
Блукае сьмерць і жах.
Туды панёс,
Панёс народ
І помсту за пажар.
Засьні, сынок,
Засьні, каток,
Засьні!…
............
Паволі гасьне сонная сьвяча,
А за сьцяною з тонкае фанэры
На нейкі сход сышліся афіцэры,
Сышліся штось такое вырашаць.

Комэндант

Панове, сядайце, панове,
Даволі спрачацца і ныць…
На сёнешнім сходзе, панове,
Пілсудзкага ёсьць прадстаўнік.
Ён кажа, трымацца, трымацца,
Ні кроку, панове, назад…
А тут замаўчалі гарматы, —
Учора узорваны склад,
І пуць на палову адсечан, —
Ўзарвалі масты на рацэ…
Між іншым, ёсьць пэўныя весткі,
Што склад узарваў афіцэр.

Прадстаўнік

Да плоту такіх афіцэраў, —
Няма чаго доўга глядзець…
Ці ёсьць яшчэ у рэзэрве
Агнёвыя базы і дзе?
..........
Засьні, сынок,
Засьні, каток,
Засьні!..
І мой Міхаська
Недзе там
Заснуў даўно, даўно.
Засьні, сынок,
Засьні, каток,
Засьні!..
Міхаськаў бацька
Недзе там,
Дзе блудзіць сьмерць,
Дзе ходзіць сьмерць.
Засьні, сынок,
Засьні, каток,
Засьні!..
............
Паволі гасьне сонная сьвяча,
А за сьцяною з тонкае фанэры
Знаёмы голас нібыта чуваць
Між галасамі польскіх афіцэраў.
Міжвольны сполах дзіка на сьцяне
Узварушыў азмрочаныя цені…
Яна з трывогай нейкай пазнае
Знаёмай гутаркі адценьне.
Балючы гест — парыў аледзянеў,
Як нярухомы мармур над калыскай.
— Няўжо Мікіта раптам ашалеў?
Няўжо Мікіта здраднікам зрабіўся?
Няўжо Мікітаў голас за сьцяной?
Няўжо баец зрабіўся рэнэгатам?..
Яна ідзе нячутнаю хадой,
Як судны дзень пад дзьверы комэнданта.
— Мікіта!
..............
Так!?. Ты здрадзіў?!. Ты прадаў
Сьвятую справу нашынскага люду?!.
Ты сьцень агіды!.. Скнара ты, удаў!..
Ты тройчы срэбранік-Іюда!..
..............
— Трымай, трымай!
…Трымай прадстаўніка!..
Хтось аглушыў азмрочаную залю
І раптам куля меткага стралка
Назаўсягды Мікіту затрымала…
............

XII

Мікіта Пашковіч (твой бацька, Міхась)
Быў храбрым чырвонаармейцам,
Яго мо‘ і зараз пад купалам хат
Аплаквае кожнае сэрца.
Такіх і нябачна цяпер малайцоў,
Ды куля, Міхаська, забрала жыцьцё.
І вырас маленькі курганчык зямлі
На дальняй чужыне між брацкіх магіл.
Як нейкую тайну, былое імя
Ў халодных пяскох пахавала зямля.
Ні дрэва, ні камень, ні чорны курган
Ня скажа, ня скажа, дзе сьпіць вэтэран,
Далёкіх змаганьняў жывую любоў,
І мёртвыя косьці адважных байцоў
Ня кіне зара вартаваць і зарэць,
Ім помнікам будзе імя Б.С.С.Р.


∗     ∗

Калісьці даўно генэрал Мураўёў
На тонкай сасьне беларускіх гаёў,
Пад нечыя стогны, пад дальняе плі,
Павесіў душу беларускай зямлі.
Аж з гэнага часу, падумай, Міхась,
Мужыцкую праўду тапталі у гразь.
Аж з гэнага часу мужык-селянін
Шукаў сваю долю ў чужацкай зямлі.
Умеў небаскробы людзям будаваць,
Умеў і пад плотам чужым паміраць.
Заўсёды прытулкам мужыцкім былі
Сусьветныя краты, лясы і палі.
І вось, на абрыне апошніх гадоў
Убачыў я тое, аб чым не гадаў.
У нашай краіне, пад нашай зарой,
Дзе гора з бядою блудзілі,
Мужыцкую праўду мячом і крывёй
З адвечнай маной раскумілі.
Дзе мёртвыя цені адвечнай жуды
Па чорных руінах паснулі,
Там горда, магутна рука маладых
Вялікае нешта будуе.
А што, да чаго там, ня мне адказаць…
За дзеда адкажуць унукі.
З муроў гэтых тысячы ў сьвет панясуць
Змаганьне жыцьцё і навуку.
Я скора, Міхаська, як бачна, памру,
А жыць-бы хацелася болей…
Там знойдзе, там знойдзе мужык-беларус
Сваю незнаходную долю.

2-XII—28 г.
Менск