…Я-ж не артысты… Я поэт…
Ды я й ня браў такое ролі…
На вочы дымныя твае
Не прамяняю рытму волі.
З тваіх вачэй глядзіцца боль
І кволасьць восенскае далі…
Яны укралі мой спакой, —
Душу і сэрца абакралі.
А можа сам, а можа сам
Не зачыніў акна сьвятліцы…
…У кожнай шчыліне асва…
Душа ня ўмела бараніцца…
Хоць не бяда… Заўсёды тлум
Мінае, чэзьне і праходзіць…
...........
Зачым ты молішся хрысту, —
Зачым кранаеш пыл стагодзьдзя?
Там толькі холад, толькі дым,
Ды попел скрышаных скрыжаляй…
Зачым кранаць магільны грым
У тым архіве пахавальным?!
Я адчыню табе душу,
У ёй ты знойдзеш фарбы веку, —
Азёрны шум, жыцьцёвы шум,
Любоў і праўду чалавека.
Ты з рук маіх ад поўных чар,
Дзе многа праўды, сонца многа,
Адпі хоць мудрасьці жыцьця,
А пакахай сабе другога.
Заўсёды мусіць быць у нас
Запал пагоджаны з развагай…
Людзкая рэўнасьць — ёсьць паказ
Бясьсільля, нізкасьці, зьнявагі.
Рэўнуюць там, дзе любяць „я“,
І там, дзе людзкасьці бракуе…
Да здані, прозьвішча, імя
Я не рэўную, не рэўную…
А вось да холаду крыжоў,
Да пустаты глыбінь надхмарных
Я рэўнаваць цябе гатоў,
Як Дэман колісьці Тамару…
Ты часта ходзіш да імшы,
А я, стрымаўшы боль рыданьня,
Гляджу на труп тваёй душы
У тым архіве пахавальным.
І здэцца, там, дзе пустата
Вартуе воцат і бальзамы,
Трымціць труна твайго хрыста
З плябейскім болем і сьлязамі.
Пусьці на лес магільны сум
Тужыць і плакаць сёньня годзе!..
І не маліся ты хрысту, —
Навошта кратаць пыл стагодзьдзяў?
Я адчыню табе душу,
У ёй ты знойдзеш рытмы веку,
Там служыць творчую імшу
Любоў і праўда чалавека.
Ты з рук маіх ад поўных чар,
Дзе многа праўды, сонца многа,
Адпі хоць мудрасьці жыцьця,
А пакахай сабе другога.
3-VIII—29 г.
|