Я не артысты
Я не артысты Верш Аўтар: Тодар Кляшторны 3.VIII.1929 Крыніца: http://rv-blr.com/verse/show/41433 |
…Я ж не артысты… Я паэт…
Ды я й ня браў такое ролі…
На вочы дымныя твае
Не прамяняю рытму волі.
З тваіх вачэй глядзіцца боль
І кволасьць восеньскае далі…
Яны укралі мой спакой,
Душу і сэрца абакралі.
А можа сам, а можа сам
Не зачыніў акна сьвятліцы…
…У кожнай шчыліне аса…
Душа ня ўмела бараніцца…
Хоць не бяда… Заўсёды тлум
Мінае, чэзьне і праходзіць…
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Зачым ты молішся Хрысту,
Зачым кранаеш пыл стагоддзяў?
Там толькі холад, толькі дым,
Ды попел скрышаных скрыжаляў…
Зачым кранаць магільны грым
У тым архіве пахавальным?!
Я адчыню табе душу,
У ёй ты знойдзеш фарбы веку,
Азёрны шум, жыцьцёвы шум,
Любоў і праўду чалавека.
Ты з рук маіх ад поўных чар,
Дзе многа праўды, сонца многа,
Адпі хоць мудрасьці жыцьця,
А пакахай сабе другога.
Заўсёды мусіць быць у нас
Запал пагоджаны з развагай…
Людская роўнасьць — ёсьць паказ
Бязьсільля, нізкасьці, зьнявагі.
Раўнуюць там, дзе любяць «я»,
І там, дзе людскасьці бракуе…
Да здані, прозьвішча, імя
Я не раўную, не раўную…
А вось да холаду крыжоў,
Да пустаты глыбінь надхмарных
Я раўнаваць цябе гатоў,
Як Дэман колісьці Тамару…
Ты часта ходзіш да імшы,
А я, стрымаўшы боль рыданьня,
Гляджу на труп твае душы
У тым архіве пахавальным.
І здэцца, там, дзе пустата
Вартуе воцат і бальзамы,
Трымціць труна твайго Хрыста
З плябейскім болем і сьлязамі.
Пусьці на лес магільны сум —
Тужыць і плакаць сёньня годзе!..
І не маліся ты Хрысту,
Навошта кратаць пыл стагоддзяў?
Я адчыню табе душу,
У ёй ты знойдзеш рытмы веку,
Там служыць творчую імшу
Любоў і праўда чалавека.
Ты з рук маіх ад поўных чар,
Дзе многа праўды, сонца многа,
Адпі хоць мудрасьці жыцьця,
А пакахай сабе другога.
(3.VIII.1929 г.)