З-за цёмнага бору узьняўся туман,
Трывожна гарцуе расійскі улан.
Ангельская зброя, шынэль і штаны…
Ня смачны улану чужыя бліны.
Дзесь піша Калчак за загадам загад:
„Вярнуць у Расіі дваранскі урад!“
А дзесьці далёка між гор і бароў
Улана сям‘я паджыдала дамоў.
Пад першыя сьвечы вячэрняй зары
Дзесь плачуць аб ім над ракой хутары.
Дзесь маці старая у тэй старане
Сіберную долю і белых кляне.
Дзесь бацька працуе на панскай зямлі…
…Адвечную песьню пяюць тапалі…
Ангельская зброя, францускі шынэль…
Пужае улана далёкая мель.
З-за цёмнага бору узьняўся туман…
З трывожнаю думкай гарцуе улан,
Бо хмары навісьлі, нябачна дарог,
І коньнік чырвоны гарцуе ў палёх… Парваныя боты, расхрыстан шынэль,
Ня страшна чырвонаму дальняя мель…
…Далёка, далёка зарніцы гараць…
Ня страшна за справу ў баі паміраць, —
Бо там за кардонам, між рэк і гаёў,
Кляне дзесьці маці нікчэмных паноў.
Нябачна дарогі, туман і туман…
Спаткаўся з чырвоным расійскі улан.
Заплакала куля ў начной цішыні…
Ня ўседзеў расійскі улан на кані:
Зваліўся параненым, — раненым паў,
І роднага брата ў чырвоным пазнаў…
Далёка, далёка ў тумане зямлі
З сьмяртэльнае балі вароны плылі.
А дзесь партызаны між гор і між скал
Вялі да чырвоных тады Калчака.
|