Задыміўся імжою сыр-бор,
Дробны дожджык — туман заімжыўся…
Мне прысьніўся квяцісты прастор,
Мне наш край беларускі прысьніўся.
Бачу сон:
Дзе у цемры вякоў
Смуткавалі рачныя затоны, —
Зьняты палкія душы з крыжоў,
І няма ні жальбы, ні праклёнаў.
І вось тут, дзе ня рускую Русь
Прадавала паном Кацярына,
Прамяняў селянін-беларус
Сашнікі і саху на машыну.
У вячэрнюю цемру і стынь
Ня пылае лучына у хаце, —
Прамяняў беларус-селянін
Сінявую страху на палацы.
І пад новай жалезнай страхой,
Дзе спляліся сьвітальныя цені,
Нарадзіўся Шэксьпір і Талстой, —
Засьпяваў беларускі Есенін…
............
Мы ідзем не плятні апяваць,
Мы складаем поэмы машынам…
О, краіна — азёрная гладзь,
О, мая дарагая краіна…
1927 г.
|