Перайсці да зместу

Веснапесьні (1929)/«На прадмесьцях»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вясна „На прадмесьцях“
Верш
Аўтар: Хведар Ільяшэвіч
1929 год
⁂ (У вакно маё ноч пазірае…)
Іншыя публікацыі гэтага твора: «На прадмесьцях».

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




„НА ПРАДМЕСЬЦЯХ“.

Рух на вуліцах, гамон,
Крык вазьніцаў галасістых,
Крам, машын і шыбаў звон,
Гучны сьмех і плач серабрысты…

Дзесь катрыначны напеў,
Гоман гандлярак, грукат калёсаў,
Усё разам зьліваецца ў сьпеў,
У мільёны адгалосаў…

Тут студэнт ідзе паважна,
Там шкалярка з мінай кіслай,
Сэнс жыцьця шукаюць важна
На прадмесьцях пэсымісты…

То работнікі сьпяшаюць,
А ў падвале на завульлі
Хтосьці „Долю“ зацягае…
Усюды гоман і разгульле…

Ноч… Заціхнуць места гамы,
Ліхтары мігцяць трывожна,
Голас дзесь раздасца п‘яны,
Як з магілы, як вастрожны…

1925 г.