Перайсці да зместу

Вершы (Трус, 1925)/Хараство прыроды/Ой, люблю

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На сенажаці Ой, люблю
Верш
Аўтар: Паўлюк Трус
1925 год
Вее вецер
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ой, люблю… (Трус).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ОЙ, ЛЮБЛЮ…

У блакітнай высі, цёмна-сінім моры,
Дагаралі зоры —
Зоры залатыя.
А ў ружовых далях, ой, з-за бору,
бору…
Калыхала песьня паплавы-прасторы.

Калыхала песьня небасхіл імглісты,
Калыхала сьвістам
Пад гарою гай.
Ой, люблю сьпяваць я, на мяжы гарыстай
Дзе ў зары празрыстай
Топіцца імгла.

Калыхала песьня, вольнае бязьмежжа,
А ў грудзёх сярмяжных,
Ой, вішнёвіць жар!
Эх,
Люблю я ў полі, на жытнёвых межах
Упівацца сьвежым,
Вінным сокам яру.

І тады на крыльлях вольна-сакаліных
Поглядам арліным
Мераю прасьцяг.
Дый люблю-ж я ў полі на прыпол даліны
Сыпаць цьвет малінны —
Новага жыцьця!.. —

О, цябе я ўспомню, маладая вёска!..
Дзе ў вясновых ўсплёсках
Смутак утапіў,
Дзе з касою вострай, раніцаю роснай
На мурог пракосах
Хмель я шклянкай піў.

У блакітнай высі, цёмна-сінім моры
Пагасалі зоры,
Зоры ды міганьні.
А ў ружовых далях, ой з-за лесу-
бору.
Растапіла сонца мклівасьць сочна-раньнем.