Перайсці да зместу

Вершы (Трус, 1925)/Першае каханьне/Я спаткаўся з табой

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Астрожнік Я спаткаўся з табой
Верш
Аўтар: Паўлюк Трус
1925 год
У купальскую ноч
Іншыя публікацыі гэтага твора: Я спаткаўся з табой…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Прысьвячаецца комсамольцы Ніне

Я СПАТКАЎСЯ З ТАБОЙ…

У купальскую ноч, у зялёным бары —
У бары пад кудравымі соснамі,
Я спаткаўся з табой… Месяц долу дарыў
Пацалункі-дары
буйна-росныя.

Я спаткаўся з табой руту-мяту дарыць,
Руту-мяту дарыць зарунелую.
Сосны сьлёзы-расу асыпалі ў бары
Ой, на грудзі твае
сочна-белыя.

Сосны сьлёзы-расу асыпалі з галін
І крапілі твае вочы ясныя.
А ў далі небасхіл над прасьцягам далін
Усьміхаўся ўспамінамі
шчаснымі.

А ў далі небасхіл ў пазалоце тануў,
Сыпаў чары на дол, чары мятныя.
Я схіліўся к табе, ой, на грудзі вясны,
Ой, на грудзі вясны
не памятыя.

Я схіліўся бліжэй да гарачых грудзей,
Да грудзей з залатымі каралямі,
А ў далі небасхіл задумённа глядзеў,
Сыпаў іскры на дол
чырвань-хвалямі.