Перайсці да зместу

Вершы (Трус, 1925)/Першае каханьне/У купальскую ноч

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Я спаткаўся з табой У купальскую ноч
Верш
Аўтар: Паўлюк Трус
1925 год
Ой, у полі за гарою
Іншыя публікацыі гэтага твора: У купальскую ноч (Трус).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У КУПАЛЬСКУЮ НОЧ…

У купальскую ноч,
Над прасторамі вод
Цалаваліся явар з калінаю.
Як драмалі палі,
Засынаў небазвод, —
Я спаткаўся з чароўнай дзяўчынаю.

Як драмалі палі,
А ў палёх ды туман,
Ой, туман-малачай серабрысты,
Жыта-рунь паліваў
І кудзеліў твой стан, —
Мы ступалі далінай імглістаю.

А ў даліне, ў цішы
Зельле-кветкі цьвілі —
Ты вяночкі віла прамяністыя,
Залаціўся агнём
Золак раньні ў далі —
Як мінулі даліну імглістую.

І пашлі,
і пашлі
Мы на вольны прасьцяг —
У прасторы палёў сінявокія.
Толькі сьпевы жніва,
Перазвоны жыцьця
Усплывалі
далёка,
далёка.

Не разьвесісты гай
Гаманіў пад гарой,
Не зязюля ў гаі кукавала, —
У купальскую ноч,
Пры спатканьні з табой,
Ты аб шчасьці з запалам сьпявала.